Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ESTHER
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 4
Esth Bela 4:1  Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што рабілася, падраў вопратку на сабе і надзеў на сябе вярэту ў попеле, і выйшаў на сярэдзіну горада і клікаў з лямантам вялікім і горкім: зьнішчаецца народ, ні ў чым не вінаваты!
Esth Bela 4:2  І дайшоў да царскае брамы і спыніўся, бо нельга было ўваходзіць у царскую браму ў вярэце.
Esth Bela 4:3  Гэтак сама і ў любой вобласьці і мясьціне, куды толькі даходзіў загад цара і ўказ ягоны, было вялікае нараканьне ў Юдэяў і пост і плач і лямант; вярэта і попел служылі за пасьцель многім.
Esth Bela 4:4  І прыйшлі служанкі Эстэры і еўнухі яе і расказалі ёй, і моцна затрывожылася царыца. І паслала вопратку, каб Мардахэй надзеў яе і зьняў з сябе вярэту сваю. Але ён не прыняў.
Esth Bela 4:5  Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго зь еўнухаў цара, якога ён прыставіў да яе, і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і чаму гэта?
Esth Bela 4:6  І пайшоў Гатах да Мардахэя на гарадскі пляц, які перад царскаю брамаю.
Esth Bela 4:7  І расказаў яму Мардахэй пра ўсё, што зь ім здарылася, і пра пэўную колькасьць срэбра, якое абяцаў Аман наважыць у скарбніцу царскую за Юдэяў, каб вынішчыць іх;
Esth Bela 4:8  і ўручыў яму сьпіс указа, абнародаванага ў Сузах, пра зьнішчэньне іх, каб паказаць Эстэры і даць ёй знак пра ўсё ; прытым наказваў ёй, каб яна пайшла да цара і маліла яго пра памілаваньне і прасіла яго за народ свой;
Esth Bela 4:9  І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэры словы Мардахэя.
Esth Bela 4:10  І сказала Эстэр Гатаху і паслала яго сказаць Мардахэю:
Esth Bela 4:11  усе служкі пры цары і народы ў вобласьцях царскіх ведаюць, што кожнаму і мужчыну і жанчыне, хто ўвойдзе да цара ва ўнутраны двор, калі яго не паклікалі, адзін суд — сьмерць; толькі той, каму падасьць цар свой залаты скіпетр, застанецца жывы. А я ня клікана да цара вось ужо трыццаць дзён.
Esth Bela 4:12  І пераказалі Мардахэю словы Эстэры.
Esth Bela 4:13  І сказаў Мардахэй у адказ Эстэры: ня думай, што ты адна выратуешся ў доме царскім з усіх Юдэяў.
Esth Bela 4:14  Калі ты прамаўчыш у гэты час, дык свабода і збавеньне прыйдзе Юдэям з іншай мясьціны, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці не для такога часу ты і дасягнула годнасьці царскай?
Esth Bela 4:15  І сказала Эстэр у адказ Мардахэю:
Esth Bela 4:16  ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія ў Сузах, і пасьцецеся дзеля мяне, і ня ежце і ня пеце тры дні ні ўдзень, ні ўначы, і я з служанкамі маімі буду таксама пасьціцца і потым пайду да цара, хоць гэта супроць закона, і калі загінуць — загіну.
Esth Bela 4:17  І пайшоў Мардахэй і зрабіў, Як сказала яму Эстэр.