Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
JONAH
1 2 3 4
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 1
Jona Bela 1:1  І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:
Jona Bela 1:2  "устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне".
Jona Bela 1:3  І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
Jona Bela 1:4  Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.
Jona Bela 1:5  І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
Jona Bela 1:6  І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: "чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем".
Jona Bela 1:7  І сказалі адзін аднаму: "хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда". І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.
Jona Bela 1:8  Тады сказалі яму: "скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?"
Jona Bela 1:9  І ён сказаў ім: "я — Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу".
Jona Bela 1:10  І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: "дзеля чаго ты гэта зрабіў", бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.
Jona Bela 1:11  І сказалі яму: "што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?", бо мора не пераставала хвалявацца.
Jona Bela 1:12  Тады ён сказаў ім: "вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура".
Jona Bela 1:13  Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.
Jona Bela 1:14  Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: "молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!"
Jona Bela 1:15  І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.
Jona Bela 1:16  І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.