Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ECCLESIASTES
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 4
Eccl Bela 4:1  І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх — сіла, а суцешніка ў іх няма.
Eccl Bela 4:2  І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;
Eccl Bela 4:3  а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.
Eccl Bela 4:4  І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
Eccl Bela 4:5  Неразумны сядзіць , склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.
Eccl Bela 4:6  Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.
Eccl Bela 4:7  І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:
Eccl Bela 4:8  самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. "На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?" І гэта — марнасьць і прапашчая справа!
Eccl Bela 4:9  Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.
Eccl Bela 4:10  Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.
Eccl Bela 4:11  Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?
Eccl Bela 4:12  І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.
Eccl Bela 4:13  Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.
Eccl Bela 4:14  Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным
Eccl Bela 4:15  Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнком, які зойме месца таго.
Eccl Bela 4:16  Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
Eccl Bela 4:17  Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.