Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ISAIAH
Prev Up Next
Chapter 63
Isai Bela 63:1  Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? — "Я — Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць".
Isai Bela 63:2  Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе — як у таптальніка ў чавільні?
Isai Bela 63:3  "Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё;
Isai Bela 63:4  бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў.
Isai Bela 63:5  Я глядзеў, — і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая — яна падтрымала Мяне:
Isai Bela 63:6  і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю".
Isai Bela 63:7  Узгадаю міласьці Гасподнія і славу Гасподнюю за ўсё, што Гасподзь дараваў нам, і вялікую даброць Ягоную дому Ізраілеваму, якую ўзычыў Ён яму зь міласэрнасьці Сваёй і ад мноства шчадротаў Сваіх.
Isai Bela 63:8  Ён сказаў: "сапраўды яны — народ Мой, дзеці, якія ня зманяць", — і Ён ім Збаўца.
Isai Bela 63:9  У любым смутку іхнім Ён не пакідаў іх, і анёл аблічча Ягонага ратаваў іх; зь любові Сваёй і добрасардэчнасьці Сваёй Ён адкупіў іх, узяў і насіў іх усе дні старадаўнія.
Isai Bela 63:10  Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.
Isai Bela 63:11  Тады народ Ягоны ўспомніў даўнія дні Майсеевыя: дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? дзе Той, Які ўклаў у сэрца ягонае Сьвятога Духа Свайго,
Isai Bela 63:12  Які вёў Майсея за правую руку велічнаю мышцаю Сваёю, разьдзяліў перад ім воды, каб зрабіць сабе вечнае імя;
Isai Bela 63:13  Які вёў іх церазь бездані, як каня па стэпе, і яны не спатыкаліся?
Isai Bela 63:14  Як статак сыходзіць у даліну, — Дух Гасподні вёў іх да спакою. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе славутае імя.
Isai Bela 63:15  Прыгледзься зь нябёсаў і паглядзі з жытлішча сьвятыні Тваёй і славы Тваёй: дзе руплівасьць Твая і магутнасьць Твая? — узрушэньне нутробы Тваёй і міласьці Твае да мяне затрыманы.
Isai Bela 63:16  Толькі Ты — Айцец наш; бо Абрагам не пазнае нас, і Ізраіль не прызнае нас за сваіх; Ты, Госпадзе,— Айцец наш, ад веку імя Тваё: "Адкупнік наш".
Isai Bela 63:17  Навошта, Госпадзе, Ты дапусьціў нам зьбіцца з дарог Тваіх, зжарсьцьвець сэрцу нашаму, каб не баяцца Цябе? Зьвярніся дзеля рабоў Тваіх, дзеля родаў спадчыны Тваёй.
Isai Bela 63:18  Нядоўгі час валодаў ім народ сьвятыні Тваёй: ворагі нашыя патапталі сьвяцілішча Тваё.
Isai Bela 63:19  Мы зрабіліся такімі, над якімі Ты як бы ніколі не валадарыў, і над якімі не называлася імя Тваё.