Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ISAIAH
Prev Up Next
Chapter 8
Isai Bela 8:1  І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз .
Isai Bela 8:2  І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,—
Isai Bela 8:3  і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
Isai Bela 8:4  бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: "бацька мой", "маці мая", багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
Isai Bela 8:5  І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
Isai Bela 8:6  за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
Isai Bela 8:7  навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія—цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
Isai Bela 8:8  і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца — дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
Isai Bela 8:9  Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
Isai Bela 8:10  Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
Isai Bela 8:11  Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народу, і сказаў:
Isai Bela 8:12  "не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
Isai Bela 8:13  Госпада Саваофа — Яго шануйце сьвята, і Ён — страх ваш, і Ён — дрыжаньне вашае!
Isai Bela 8:14  І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
Isai Bela 8:15  І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб'юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
Isai Bela 8:16  Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх".
Isai Bela 8:17  Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
Isai Bela 8:18  Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
Isai Bela 8:19  І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў,— тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
Isai Bela 8:20  Зьвяртайцеся да закону і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
Isai Bela 8:21  І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
Isai Bela 8:22  І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось — гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусціўся.