Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ISAIAH
Prev Up Next
Chapter 40
Isai Bela 40:1  Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
Isai Bela 40:2  кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
Isai Bela 40:3  Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сцежкі Богу нашаму;
Isai Bela 40:4  кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
Isai Bela 40:5  і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае ; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
Isai Bela 40:6  Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць — трава і ўся краса яе — нібы кветка польная.
Isai Bela 40:7  Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ — трава.
Isai Bela 40:8  Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
Isai Bela 40:9  Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось — Бог ваш!
Isai Bela 40:10  Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
Isai Bela 40:11  Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
Isai Bela 40:12  Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
Isai Bela 40:13  Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
Isai Bela 40:14  З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
Isai Bela 40:15  Вось народы — як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
Isai Bela 40:16  І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім — на цэласпаленьне.
Isai Bela 40:17  Усе народы перад Ім як нішто, — менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
Isai Bela 40:18  Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога?І якое падабенства знойдзеце Яму?
Isai Bela 40:19  Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
Isai Bela 40:20  А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
Isai Bela 40:21  Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам ня казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
Isai Bela 40:22  Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім ; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
Isai Bela 40:23  Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
Isai Bela 40:24  Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
Isai Bela 40:25  Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
Isai Bela 40:26  Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
Isai Bela 40:27  Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: "дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго"?
Isai Bela 40:28  Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
Isai Bela 40:29  Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
Isai Bela 40:30  Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
Isai Bela 40:31  а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.