Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
I SAMUEL
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 13
I Sa Bela 13:1  Год быў з пачатку цараваньня Саўла, і другі год цараваў ён над Ізраілем, як выбраў сабе Саўл тры тысячы зь Ізраільцянаў:
I Sa Bela 13:2  дзве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Вэтыльскай, а тысяча была зь Ёнатанам у Гіве Веньямінавай; а астатні люд адпусьціў ён па дамах сваіх.
I Sa Bela 13:3  І разьбіў Ёнатан ахоўны атрад Філістымскі, які быў у Гіве; і пачулі пра гэта Філістымляне, а Саўл пратрубіў у трубу па ўсёй краіне, абвяшчаючы: няхай пачуюць Габрэі!
I Sa Bela 13:4  Калі ўвесь Ізраіль пачуў, што разьбіў Саўл ахоўны атрад Філістымскі і што Ізраіль зрабіўся ненавісны Філістымлянам, дык люд сабраўся да Саўла ў Галгал.
I Sa Bela 13:5  І сабраліся Філістымляне на вайну супроць Ізраіля: трыццаць тысяч калясьніц і шэсьць тысяч коньніцы, і люду мноства, як пясок на беразе мора; і прыйшлі і разьмясьціліся табарам у Міхмасе, з усходняга боку Бэт-Авэна.
I Sa Bela 13:6  Ізраільцяне, бачачы, што яны ў небясьпецы, бо народ быў уціснуты, хаваліся ў пячорах і ў цясьнінах і ў скалах, і ў вежах і ў равах;
I Sa Bela 13:7  а некаторыя з Габрэяў пераправіліся за Ярдан у краіну Гадаву і Галаадскую; а Саўл быў яшчэ ў Галгале, і ўвесь люд, які быў зь ім, быў у страху.
I Sa Bela 13:8  І чакаў ён сем дзён, да тэрміну, вызначанага Самуілам, а Самуіл ня прыходзіў у Галгал. І пачаў люд разьбягацца ад яго.
I Sa Bela 13:9  І сказаў Саўл: прывядзеце да мяне, што вызначана ў ахвяру цэласпаленьня і ў ахвяры мірныя. І ўчыніў цэласпаленьне.
I Sa Bela 13:10  Але ледзь толькі закончыў ён цэласпаленьне, вось, прыходзіць Самуіл. І выйшаў Саўл насустрач яму, каб вітаць яго.
I Sa Bela 13:11  Але Самуіл сказаў: што ты зрабіў? Саўл адказаў: я бачыў, што люд разьбягаецца ад мяне, а ты ня прыходзіў у назначаны час, а Філістымляне сабраліся ў Міхмасе;
I Sa Bela 13:12  тады падумаў я: "цяпер прыйдуць на мяне Філістымляне ў Галгал, а я яшчэ не заклікаў да Госпада", і таму рашыўся ўчыніць цэласпаленьне.
I Sa Bela 13:13  І сказаў Самуіл Саўлу: кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Гасподзь цараваньне тваё над Ізраілем назаўсёды;
I Sa Bela 13:14  але цяпер ня выстаяць царству твайму: Гасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам.
I Sa Bela 13:15  І ўстаў Самуіл і пайшоў з Галгала ў Гіву Веньямінаву; а Саўл пералічыў людзей, якія былі зь ім, да шасьцісот чалавек.
I Sa Bela 13:16  Саўл з сынам сваім Ёнатанам і людзьмі, якія былі пры іх, заселі ў Гіве Веньямінавай; а Філістымляне стаялі табарам у Міхмасе.
I Sa Bela 13:17  І выйшлі з табара Філістымскага тры атрады для спусташэньня зямлі: адзін скіраваўся па дарозе да Офры, у акругу Саўлавую,
I Sa Bela 13:18  другі атрад выправіўся па дарозе Вэтаронскай, а трэці скіраваўся па дарозе да мяжы даліны Цэваім, да пустыні.
I Sa Bela 13:19  Кавалёў ня было ва ўсёй зямлі Ізраільскай, бо Філістымляне апасаліся, каб Габрэі не зрабілі меча альбо дзіды.
I Sa Bela 13:20  І павінны былі хадзіць усе Ізраільцяне да Філістымлянаў мянціць свае сашнікі і свае рыдлёўкі, і свае сякеры і свае матыкі,
I Sa Bela 13:21  калі зробіцца шчарбіна на лязе ў сашніках і ў рыдлёўках, і ў вілах і ў сякерах, альбо калі трэба ражон паправіць.
I Sa Bela 13:22  Таму ў час вайны ня было ні меча, ні дзіды ва ўсяго народу, які быў з Саўлам і Ёнатанам, а толькі знайшліся яны ў Саўла і Ёнатана, сына ягонага.
I Sa Bela 13:23  І выйшаў перадавы атрад Філістымскі да пераправы Міхмаскай.