Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
I SAMUEL
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 1
I Sa Bela 1:1  Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа,— Эфрацянін;
I Sa Bela 1:2  у яго былі дзве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.
I Sa Bela 1:3  І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і тым былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнээс, сьвятарамі Госпада.
I Sa Bela 1:4  У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;
I Sa Bela 1:5  а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.
I Sa Bela 1:6  Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.
I Sa Bela 1:7  Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.
I Sa Bela 1:8  І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?
I Sa Bela 1:9  І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.
I Sa Bela 1:10  І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка палакала,
I Sa Bela 1:11  і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.
I Sa Bela 1:12  Тым часам як яна доўга малілася перад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;
I Sa Bela 1:13  і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.
I Sa Bela 1:14  І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? Працьверазіся ад віна твайго.
I Sa Bela 1:15  І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я — жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю перад Госпадам;
I Sa Bela 1:16  ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.
I Sa Bela 1:17  І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.
I Sa Bela 1:18  А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў дарогу сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае , як раней.
I Sa Bela 1:19  І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся перад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.
I Sa Bela 1:20  Праз некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, "у Госпада я выпрасіла яго".
I Sa Bela 1:21  І пайшоў муж яе Элкана і ўся сям'я ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.
I Sa Bela 1:22  А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён явіцца перад Госпадам і застанецца там назаўсёды.
I Sa Bela 1:23  І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай сьцьвердзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.
I Sa Bela 1:24  А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.
I Sa Bela 1:25  І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Іліі,
I Sa Bela 1:26  і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я — тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;
I Sa Bela 1:27  за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;
I Sa Bela 1:28  і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага — служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.