Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
I SAMUEL
Prev Up Next
Chapter 2
I Sa Bela 2:1  І малілася Ганна і казала: зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе; узьнёсься рог мой у Богу маім; шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё.
I Sa Bela 2:2  Няма такога сьвятога, як Гасподзь, бо няма іншага, апрача цябе; і няма цьвярдыні, як Бог наш.
I Sa Bela 2:3  Ня множце прамоваў пыхлівых; дзёрзкія словы няхай ня выходзяць з вуснаў вашых; бо Гасподзь ёсьць Бог веданьня, і дзеі ў Яго ўзважаныя.
I Sa Bela 2:4  Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю;
I Sa Bela 2:5  сытыя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць; нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае.
I Sa Bela 2:6  Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць;
I Sa Bela 2:7  Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.
I Sa Bela 2:8  З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на іх сусьвет.
I Sa Bela 2:9  Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконныя ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек.
I Sa Bela 2:10  Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго.
I Sa Bela 2:11  І пайшоў Элкана ў Раму ў дом свой, а хлопчык застаўся служыць Госпаду пры Іліі сьвятары.
I Sa Bela 2:12  А сыны Іліі былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада
I Sa Bela 2:13  і абавязку сьвятароў перад народам. Калі хто прыносіў ахвяру, хлопчык сьвятарскі, калі гатавалася мяса, прыходзіў зь відэльцам у руцэ сваёй
I Sa Bela 2:14  і апускаў яго ў кацёл, альбо ў каструлю, альбо на патэльню, альбо ў горшчык, і што выме відэлец, тое браў сабе сьвятар. Так рабілі яны з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі туды ў Сілом.
I Sa Bela 2:15  Нават раней, чым спальвалі тлушч, прыходзіў хлопчык сьвятарскі і казаў ахвяравальніку: давай мяса на смажанку сьвятару; ён ня возьме ў цябе гатаванага мяса, а дай сырога.
I Sa Bela 2:16  І калі хто казаў яму: "хай спаляць раней тлушч, як павінна быць, і потым вазьмі сабе, колькі захоча душа твая", дык ён казаў: не, цяпер дай, а калі не, дык вазьму сілком.
I Sa Bela 2:17  І грэх гэтых маладых людзей быў даволі вялікі перад Госпадам, бо яны ўхіляліся ад ахвяраваньняў Госпаду.
I Sa Bela 2:18  А хлопчык Самуіл служыў перад Госпадам, надзяваючы ільняны эфод.
I Sa Bela 2:19  Верхнюю вопратку малую рабіла яму маці ягоная і прыносіла яму штогоду, калі прыходзіла з мужам сваім дзеля належнага ахвярапрынашэньня.
I Sa Bela 2:20  І дабраславіў Ілій Элкану і жонку ягоную і сказаў: хай дасьць табе Гасподзь дзяцей ад жонкі гэтай, замест гэтага, якога ты аддаў Госпаду! І пайшлі яны ў месца сваё.
I Sa Bela 2:21  І наведаў Гасподзь Ганну, і зачала Яна і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзве дачкі; а хлопчык Самуіл падрастаў у Госпада.
I Sa Bela 2:22  А Ілій быў вельмі стары і чуў усё, як учыняюць сыны ягоныя з усімі Ізраільцянамі, і што яны сьпяць з жанчынамі, што зьбіраліся каля ўваходу ў скінію сходу.
I Sa Bela 2:23  І сказаў ім: навошта вы робіце такія ўчынкі? бо я чую благія словы пра вас ад усяго народу,
I Sa Bela 2:24  не, дзеці мае, нядобрая пагудка, якую я чую; вы разбэшчваеце народ Гасподні;
I Sa Bela 2:25  калі згрэшыць чалавек супроць чалавека, дык памоляцца за яго Богу; а калі чалавек згрэшыць супроць Госпада, дык хто будзе хадайнікам за яго? Але яны ня слухалі голасу бацькі свайго, бо Гасподзь вырашыў ужо аддаць іх сьмерці.
I Sa Bela 2:26  А хлопчык Самуіл усё больш і больш набіраў узросту і ўпадабаньня ў Госпада і ў людзей.
I Sa Bela 2:27  І прыйшоў чалавек Божы да Ілія і сказаў яму: так кажа Гасподзь: ці ж не адкрыўся Я дому бацькі твайго, калі яны былі яшчэ ў Егіпце, у доме фараона?
I Sa Bela 2:28  і ці ж ня выбраў яго з усіх каленаў Ізраілевых Сабе ў сьвятары, каб ён падымаўся да ахвярніка Майго, каб дыміў фіміямам, каб насіў эфод перад Мною? і ці ж ня даў Я дому бацькі твайго ад усіх паленых агнём ахвяр сыноў Ізраілевых?
I Sa Bela 2:29  навошта ж вы топчаце нагамі ахвяры Мае і хлебныя прынашэньні Мае, якія запавядаў Я жытлішчу Майму , і навошта ты аддаеш перавагу сынам сваім перад Мною, раскормліваючы сябе пачаткамі прынашэньняў народу Майго Ізраіля?
I Sa Bela 2:30  Таму так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я сказаў тады : дом твой і дом бацькі твайго будуць хадзіць перад абліччам Маім вавек; а цяпер кажа Гасподзь: хай ня будзе так, бо Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне, а тыя, што няславяць Мяне, будуць паганьбаваныя.
I Sa Bela 2:31  Вось, настаюць дні, калі я падсяку мышцу тваю і мышцу дома бацькі твайго, так што ня будзе старца ў доме тваім ніколі;
I Sa Bela 2:32  і ты будзеш бачыць бедства жытлішча Майго, пры ўсім тым, што Гасподзь дабрачыніць Ізраілю, і ня будзе ў доме тваім старца праз усе дні.
I Sa Bela 2:33  Я не адхілю ў цябе ўсіх ад ахвярніка Майго, каб таміць вочы твае і мучыць душу тваю; але ўсе нашчадкі дома твайго будуць паміраць у сярэдніх гадах.
I Sa Bela 2:34  І вось табе азнака, якая будзе з двума сынамі тваімі, Офні і Фінээсам: абодва яны памруць у адзін дзень.
I Sa Bela 2:35  І пастаўлю Сабе сьвятара вернага; ён будзе рабіць па сэрцы Маім і па душы Маёй; і дом яго зраблю цьвёрдым, і ён будзе хадзіць перад памазанцам Маім праз усе дні;
I Sa Bela 2:36  І кожны, хто застаўся з дома твайго, прыйдзе кланяцца яму за геру срэбра і кавалак хлеба і скажа: далучы мяне да якой-небудзь лявіцкай пасады, каб мець пракорм.