Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
II SAMUEL
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 6
II S Bela 6:1  І сабраў зноў Давід усіх выбраных з Ізраіля, трыццаць тысяч.
II S Bela 6:2  І ўстаў і пайшоў Давід і ўвесь народ, які быў зь ім, з Ваала Юдавага, каб перанесьці адтуль каўчэг Божы, на якім называецца імя Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах.
II S Bela 6:3  І паставілі каўчэг Божы на новую калясьніцу і вывезьлі яго з дома Амінадававага, што на пагорку. А сыны Амінадава, Оза і Ахіо, вялі новую калясьніцу.
II S Bela 6:4  І павезьлі яе з каўчэгам Божым з дома Амінадава, што на пагорку; і Ахіо ішоў перад каўчэгам.
II S Bela 6:5  І Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі перад Госпадам на ўсякіх музычных інструментах з кіпарысавага дрэва, і на цытрах і на псалтырах, і на тымпанах і на сістрах і на кімвалах.
II S Bela 6:6  І калі дайшлі да гумна Нахонавага, Оза працягнуў руку сваю да каўчэга Божага і ўзяўся за яго, бо валы нахілілі яго.
II S Bela 6:7  Але Гасподзь угневаўся на Озу, і забіў яго Бог там жа за дзёрзкасьць, і памёр ён там каля каўчэга Божага.
II S Bela 6:8  І засмуціўся Давід, што Гасподзь забіў забіў Озу. Месца гэта дагэтуль называецца: пагібель Озы.
II S Bela 6:9  І спалохаўся Давід ў той дзень Госпада і сказаў: як увайсьці да мяне каўчэгу Гасподняму?
II S Bela 6:10  І не захацеў Давід везьці каўчэг Гасподні да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго ў дом Авэдара Гэцяніна.
II S Bela 6:11  І заставаўся каўчэг Гасподні ў доме Авэдара Гэцяніна тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь Авэдара і ўвесь дом ягоны.
II S Bela 6:12  Калі данесьлі цару Давіду, кажучы: "Гасподзь дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага", дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў.
II S Bela 6:13  І калі тыя, якія несьлі каўчэг Божы, праходзілі па шэсьць крокаў, ён прыносіў у ахвяру цяля і барана.
II S Bela 6:14  Давід скакаў з усёй моцы перад Госпадам; а апрануты быў Давід у льняны наплечнік.
II S Bela 6:15  Так Давід і ўвесь дом Ізраілеў несьлі каўчэг Гасподні з крыкамі і трубнымі гукамі.
II S Bela 6:16  Калі ўваходзіў каўчэг Гасподні ў горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўла, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і танцаваў перад Госпадам, прынізіла яго ў сэрцы сваім.
II S Bela 6:17  І прынесьлі каўчэг Гасподні і паставілі яго на сваім месцы пасярод скініі, якую зладзіў для яго Давід; і прынёс Давід цэласпаленьні перад Госпадам і ахвяры мірныя.
II S Bela 6:18  Калі Давід закончыў прынясеньне цэласпаленьняў і ахвяраў мірных, дык дабраславіў ён народ імем Госпада Саваофа;
II S Bela 6:19  і раздаў усяму народу, усяму мноству Ізраільцянаў, як мужчынам, так і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку смажанага мяса і па адной ляпёшцы кожнаму. І пайшоў увесь народ кожны ў дом свой.
II S Bela 6:20  Калі Давід вярнуўся, каб дабраславіць дом свой, дык Мэлхола, дачка Саўла, выйшла яму насустрач і сказала: як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек?
II S Bela 6:21  І сказаў Давід Мэлхоле: перад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Гасподняга Ізраіля, перад Госпадам іграць і скакаць буду;
II S Bela 6:22  і я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны.
II S Bela 6:23  І ў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, ня было дзяцей да дня сьмерці яе.