Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
EZEKIEL
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 10
Ezek Bela 10:1  І бачыў я: і вось на скляпеньні, якое над галовамі ў херувімаў, як бы камень сапфір, як бы нешта падобнае на прастол відаць было над імі.
Ezek Bela 10:2  І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад; і ён увайшоў на маіх вачах.
Ezek Bela 10:3  А херувімы стаялі па правы бок Дома, калі ўвайшоў той чалавек, і воблака напаўняла ўнутраны двор.
Ezek Bela 10:4  І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада.
Ezek Bela 10:5  І шум ад крылаў херувімаў чутны быў нават на зьнешнім двары, як бы голас Бога ў семагутнага, калі Ён гаворыць.
Ezek Bela 10:6  І калі Ён даў загад чалавеку, апранутаму ў ільняную вопратку, сказаўшы: "вазьмі агню паміж коламі, паміж херувімамі", і калі ён увайшоў і стаяў каля кола,
Ezek Bela 10:7  тады спасярод херувімаў адзін херувім працягнуў руку сваю да агню, які паміж херувімамі, і ўзяў і даў у прыгаршчы апранутаму ў ільняную вопратку. Ён узяў, і выйшаў.
Ezek Bela 10:8  І відаць было ў херувімаў падабенства рук чалавечых пад крыламі іхнімі.
Ezek Bela 10:9  І бачыў я: вось чатыры колы каля херувімаў, па адным коле каля кожнага херувіма, і колы з выгляду — як бы з каменя тапаза.
Ezek Bela 10:10  І з выгляду ўсе чатыры падобныя, быццам кола было ў коле.
Ezek Bela 10:11  Калі ішлі яны, дык ішлі па чатыры свае бакі; падчас шэсьця свайго не азіраліся, але да таго месца, куды павернута была галава, і яны туды ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.
Ezek Bela 10:12  І ўсё цела іх і сьпіна іх, і рукі іх і крылы іх, і колы навокал былі поўныя вачэй, — усе чатыры колы іхнія.
Ezek Bela 10:13  Колы гэтыя, як я чуў, былі названы: "галгал";.
Ezek Bela 10:14  І ў кожнае жывёліны чатыры твары: першы твар — твар херувімавы, другі твар — твар чалавечы, трэці твар — ільвіны і чацьвёрты — твар арліны.
Ezek Bela 10:15  Херувімы падняліся. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля ракі Хавар.
Ezek Bela 10:16  І калі ішлі херувімы, тады ішлі каля іх і колы; і калі херувімы падымалі крылы свае, каб падняцца ад зямлі, і колы не аддзяляліся, а былі каля іх.
Ezek Bela 10:17  Калі тыя стаялі, стаялі і яны; калі тыя падымаліся, падымаліся і яны, бо ў іх быў дух жывёлін.
Ezek Bela 10:18  І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі.
Ezek Bela 10:19  І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі; калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх; і сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму Дома Гасподняга, і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.
Ezek Bela 10:20  Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля падножжа Бога Ізраілевага каля ракі Хавар. І я пазнаў, што гэта — херувімы.
Ezek Bela 10:21  У кожнага — па чатыры твары, і ў кожнага — па чатыры крылы, і пад крыламі ў іх падабенства рук чалавечых.
Ezek Bela 10:22  А падабенства твараў іхніх — тое самае, якія твары бачыў я каля ракі Хавар, — і выгляд у іх, і самыя яны. Кожны ішоў проста ў той бок, які быў перад абліччам ягоным.