Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
EZEKIEL
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 16
Ezek Bela 16:1  І было мне слова Гасподняе:
Ezek Bela 16:2  сыне чалавечы! выкажы Ерусаліму гідоты ягоныя
Ezek Bela 16:3  і скажы: так кажа Гасподзь Бог дачцэ Ерусаліма: твой корань і твая радзіма — у зямлі Ханаанскай; бацька твой — Амарэй, і маці твая — Хэтэянка;
Ezek Bela 16:4  пры нараджэньні тваім — у дзень, калі ты нарадзілася, — пупа твайго не адрэзалі, і вадою ты ня была абмыта дзеля ачышчэньня і сольлю ня была асолена і пялюшкамі не спавіта.
Ezek Bela 16:5  Нічыё вока не ўмілажалілася зь цябе, каб зь літасьці да цябе зрабіць табе што-небудзь з гэтага; але ты выкінута была на поле, паводле пагарды да жыцьця твайго, у дзень нараджэньня твайго.
Ezek Bela 16:6  І праходзіў Я міма цябе і ўгледзеў цябе, кінутую на патаптаньне ў крыві тваёй, і сказаў табе: "у крыві тваёй жыві!" Так Я сказаў табе: "у крыві тваёй жыві!"
Ezek Bela 16:7  Памножыў цябе як польныя расьліны; ты вырасла і зрабілася вялікая, і дасягнула найвыдатнейшай прыгажосьці; падняліся грудзі, і валасы ў цябе вырасьлі; але ты была голая і ненакрытая.
Ezek Bela 16:8  І праходзіў Я міма цябе, і вось, гэта быў час твой, час любові; і раскінуў Я раскрыльле шатаў Маіх на цябе і накрыў галізну тваю; і прысягнуў табе і ўступіў у спрымірэнства з табою, кажа Гасподзь Бог, — і ты стала Маёю.
Ezek Bela 16:9  Абмыў Я цябе вадою і змыў зь цябе кроў тваю і памазаў цябе алеем.
Ezek Bela 16:10  І надзеў на цябе ўзорыстую сукенку і абуў цябе ў сафэянавыя сандалі, і аперазаў цябе вісонам і накрыў цябе шаўковым пакрывалам.
Ezek Bela 16:11  І ўбраў цябе ў строі і паклаў на рукі твае запясьці і на шыю тваю — пацеркі.
Ezek Bela 16:12  І даў табе колца на твой нос і завушніцы — да вушэй тваіх і на галаву тваю — цудоўны вянок.
Ezek Bela 16:13  Так упрыгожвалася ты золатам і срэбрам, і вопратка твая была вісон і шоўк і ўзорыстая тканіна; кармілася ты хлебам з найлепшай пшанічнай мукі, мёдам і алеем, і была вельмі-вельмі прыгожая і дасягнула царскай велічы.
Ezek Bela 16:14  І пранеслася па народах слава твая дзеля прыгажосьці тваёй, бо яна была цалкам дасканалая пры тых цудоўных строях, якія Я ўсклаў на цябе, кажа Гасподзь Бог.
Ezek Bela 16:15  Але ты паспадзявалася на прыгажосьць тваю і, карыстаючыся славаю тваёю, пачала блудадзейнічаць і накідала блудадзейства тваё на кожнага, хто праходзіў міма, аддаючыся яму.
Ezek Bela 16:16  І ўзяла з вопраткі тваёй і зрабіла сабе каляровыя ўзвышэньні і блудадзеяла на іх, як ніколі ня здарыцца і ня будзе.
Ezek Bela 16:17  І ўзяла строевыя твае рэчы з Майго золата і з Майго срэбра, якія Я даў табе, і зрабіла сабе мужчынскія выявы і блудадзейнічала зь імі.
Ezek Bela 16:18  І ўзяла ўзорыстыя сукенкі твае і апранула іх у іх, і ставіла перад імі алей Мой і фіміям Мой,
Ezek Bela 16:19  і хлеб Мой, які Я даваў табе, пшанічную муку і алей і мёд, якімі Я карміў цябе, ты ставіла перад імі ў прыемныя пахошчы; і гэта было, кажа Гасподзь Бог.
Ezek Bela 16:20  І ўзяла сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх ты нарадзіла Мне, і прыносіла ў ахвяру, каб яны іх зьелі. Ці мала было табе блудадзейнічаць?
Ezek Bela 16:21  Але ты і сыноў Маіх заколвала і аддавала ім, праводзячы іх праз агонь.
Ezek Bela 16:22  І пры ўсіх тваіх гідотах і блудадзействах тваіх ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй, калі ты была голая і ненакрытая і кінутая ў крыві тваёй на патаптаньне.
Ezek Bela 16:23  І пасьля ўсіх зладзействаў тваіх, — гора, гора табе! кажа Гасподзь Бог,
Ezek Bela 16:24  ты збудавала сабе блудзільні і нарабіла сабе ўзвышэньняў на кожнай плошчы;
Ezek Bela 16:25  на пачатку кожнай дарогі нарабіла сабе ўзвышэньняў, ганьбіла прыгажосьць тваю і раскідвала ногі твае кожнаму, хто праходзіў міма, і памножыла блудадзействы твае.
Ezek Bela 16:26  Блудадзеяла з сынамі Егіпта — суседзямі тваімі, людзьмі рослымі — і памножыла блудадзействы твае, гневаючы Мяне.
Ezek Bela 16:27  І вось, Я працягнуў на цябе руку Маю і паменшыў назначанае табе і аддаў цябе сваволі дачок Філістымскіх, якія ненавідзяць цябе і пасаромеліся саромных паводзінаў тваіх.
Ezek Bela 16:28  І блудадзеяла ты з сынамі Асура — і не насыцілася, блудадзеяла зь імі, але тым не задаволілася;
Ezek Bela 16:29  і памножыла блудадзействы твае ў зямлі Ханаанскай да Халдэі, але і там не задаволілася.
Ezek Bela 16:30  Як стомлена павінна быць сэрца тваё, кажа Гасподзь Бог, калі ты ўсё гэта рабіла, бы неакілзаная блудадзейка!
Ezek Bela 16:31  Калі ты будавала сабе блудзільні на пачатку кожнай дарогі і рабіла сабе ўзвышэньні на кожнай плошчы, ты была не як блудадзейка, бо ты адхіляла дарункі,
Ezek Bela 16:32  а як жанчына-пералюбніца, якая прымае замест свайго мужа чужых.
Ezek Bela 16:33  Усім блудадзейкам даюць дарункі, а ты сама давала дарункі ўсім палюбоўнікам тваім і падкупляла іх, каб яны з усіх бакоў прыходзілі да цябе блудадзеяць з табою.
Ezek Bela 16:34  У цябе ў блудадзействах тваіх было супраціўнае таму, што бывае з жанчынамі: не за табою ганяліся, а ты давала дарункі, а табе не давалі дарункаў; і таму ты рабіла супраціўна іншым.
Ezek Bela 16:35  Таму паслухай, блудадзейка, слова Гасподняе!
Ezek Bela 16:36  Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ты так сыпала грошы твае і ў блудадзействах тваіх адкрывалася галізна твая перад палюбоўнікамі тваімі і перад усімі мярзотнымі ідаламі тваімі, і за кроў сыноў тваіх, якіх ты аддавала ім,
Ezek Bela 16:37  за тое вось, Я зьбяру ўсіх палюбоўнікаў тваіх, якімі ты распацешвалася і якіх ты кахала, з усімі тымі, якіх ненавідзела, і зьбяру іх адусюль супроць цябе і адкрыю перад імі галізну тваю — і ўбачаць усю сарамату тваю.
Ezek Bela 16:38  Я буду судзіць цябе судом пералюбніц і тых, што праліваюць кроў, — і аддам цябе крывавай лютасьці і рэўнасьці;
Ezek Bela 16:39  аддам цябе ў рукі іх, — і яны разбураць блудзільні твае, і раскідаюць узвышэньні твае, і сарвуць зь цябе вопратку тваю, і возьмуць уборы твае, і пакінуць цябе голую і ненакрытую.
Ezek Bela 16:40  І склічуць на цябе сход і пабэюць цябе камянямі і перасякуць цябе мечамі сваімі,
Ezek Bela 16:41  спаляць дамы твае агнём і ўчыняць над табою суд на вачах у многіх жанчын; і пакладу канец блудадзейству твайму, і ня будзеш ужо даваць дарункаў.
Ezek Bela 16:42  І спатолю табою гнеў Мой, і адступіць ад цябе абурэньне Маё, і супакоюся і ўжо ня буду гневацца.
Ezek Bela 16:43  За тое, што ты не ўзгадала пра дні маладосьці тваёй і ўсім гэтым раздражняла Мяне, вось, і Я паводзіны твае абярну на галаву тваю, кажа Гасподзь Бог, каб ты не аддавалася болей распусьце пасьля ўсіх тваіх мярзотаў.
Ezek Bela 16:44  Вось, кожны, хто гаворыць выслоўямі, можа сказаць пра цябе: "якая маці, такая і дачка".
Ezek Bela 16:45  Ты — дачка ў маці твае, якая кінула мужа свайго і дзяцей сваіх, і ты — сястра ў сёстраў тваіх, якія кінулі мужоў сваіх. Маці ваша Хэтэянка, і бацька ваш Амарэй.
Ezek Bela 16:46  А большая сястра твая — Самарыя, якая з дочкамі сваімі жыве зьлева ад цябе; а меншая сястра твая, якая жыве справа ад цябе, ёсьць Садома з дочкамі яе.
Ezek Bela 16:47  Але ты і ня іхнімі шляхамі хадзіла і не паводле іхніх мярзотаў чыніла; гэтага было мала; ты паводзілася распусьней за іх на ўсіх шляхах тваіх.
Ezek Bela 16:48  Жыву Я, кажа Гасподзь Бог; Садома, сястра твая, не рабіла таго сама і яе дочкі, што рабіла ты і дочкі твае.
Ezek Bela 16:49  Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дочак яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала,
Ezek Bela 16:50  І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх.
Ezek Bela 16:51  І Самарыя палавіны грахоў тваіх не награшыла; ты пераўзышла іх мярзотамі тваімі, і праз твае мярзоты, якія рабіла ты, сёстры твае апынуліся справядлівейшыя за цябе.
Ezek Bela 16:52  Нясі ж пасаромленьне тваё і ты, якая асуджала сёстраў тваіх; паводле грахоў тваіх, якімі ты зганьбіла сябе больш за іх, яны справядлівейшыя за цябе. Чырваней жа ад сораму і ты, і нясі пасарамленьне тваё, як апраўданьне сёстраў тваіх.
Ezek Bela 16:53  Але Я вярну іхні палон, палон Садомы і дочак яе, палон Самарыі і дочак яе, і паміж імі палон паланёных тваіх,
Ezek Bela 16:54  каб ты несла пасарамленьне тваё і саромелася ўсяго таго, што рабіла, служачы ім суцяшэньнем.
Ezek Bela 16:55  І сёстры твае, Садома і дочкі яе, вернуцца ў ранейшы свой стан; і Самарыя і дочкі яе вернуцца ў ранейшы стан свой, і ты і дочкі твае вернецеся ў ранейшы стан ваш.
Ezek Bela 16:56  Пра сястру тваю Садому і згадкі ня было ў вуснах тваіх у дні ганарлівасьці тваёй,
Ezek Bela 16:57  пакуль не адкрыта была бязбожнасьць твая, як у час пасарамленьня ад дочак Сірыі і ўсіх навакольных яе, ад дочак Філістымы, якія глядзелі на цябе з пагардай з усіх бакоў.
Ezek Bela 16:58  За распусту тваю і за мярзоты твае церпіш ты, кажа Гасподзь.
Ezek Bela 16:59  Бо так кажа Гасподзь Бог: Я зраблю з табою, як рабіла ты, патаптаўшы прысягу парушэньнем спрымірэнства.
Ezek Bela 16:60  Але Я прыгадаю спрымірэнства Маё з табою ў дні маладосьці тваёй, і аднаўлю з табою вечнае спрымірэнства.
Ezek Bela 16:61  І ты ўзгадаеш пра шляхі твае, і будзе сорамна табе, калі пачнеш прымаць да сябе сёстраў тваіх, большых за цябе, як і меншых за цябе, і калі Я буду даваць табе іх у дочкі, а не ад твайго спрымірэнства.
Ezek Bela 16:62  Я аднаўлю спрымірэнства Маё з табою, і ўведаеш, што Я — Гасподзь,
Ezek Bela 16:63  дзеля таго, каб ты памятала і саромелася, і каб наперад нельга было табе і рота разьзявіць ад сораму, калі Я дарую табе ўсё, што ты рабіла, кажа Гасподзь Бог.