Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
II CHRONICLES
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 36
II C Bela 36:1  І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме.
II C Bela 36:2  Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме.
II C Bela 36:3  І скінуў яго цар Егіпецкі ў Ерусаліме, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата.
II C Bela 36:4  І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет.
II C Bela 36:5  Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго.
II C Bela 36:6  Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон.
II C Bela 36:7  І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне.
II C Bela 36:8  Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.
II C Bela 36:9  Васемнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх.
II C Bela 36:10  Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.
II C Bela 36:11  Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме,
II C Bela 36:12  і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх,
II C Bela 36:13  і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога,— і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага.
II C Bela 36:14  Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганьвалі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.
II C Bela 36:15  І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча.
II C Bela 36:16  Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку.
II C Bela 36:17  І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, — і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную.
II C Bela 36:18  І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон.
II C Bela 36:19  І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі.
II C Bela 36:20  І перасяліў ён тых, што засталіся, у Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да ўцараваньня цара Персідскага,
II C Bela 36:21  пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў.
II C Bela 36:22  А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць:
II C Bela 36:23  так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас — з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.