Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
II CHRONICLES
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 17
II C Bela 17:1  І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроць Ізраільцян.
II C Bela 17:2  І паставіў ён войска ва ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і расставіў ахоўнае войска па зямлі Юдэйскай і па гарадах Яфрэмавых, якімі авалодаў Аса, бацька ягоны.
II C Bela 17:3  І быў Гасподзь зь Ёсафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня шукаў Ваалаў,
II C Bela 17:4  а шукаў ён Бога бацькі свайго і рабіў паводле запаведзяў Ягоных, а не па ўчынках Ізраільцянаў.
II C Bela 17:5  І ўцьвердзіў Гасподзь царства ў руцэ ягонай, і давалі ўсе Юдэі дары Ёсафату, і было ў яго многа багацьця і славы.
II C Bela 17:6  І ўзвысілася сэрца ягонае на шляхах Гасподніх; прытым і вышыні адмяніў ён і дубровы ў Юдэі.
II C Bela 17:7  І на трэцім годзе цараваньня свайго ён паслаў князёў сваіх Бэнхаіла і Авадыю, і Захара і Натанаіла і Міхея, каб вучылі па гарадах Юдавых народ,
II C Bela 17:8  і зь імі лявітаў: Шэмаю і Нэтанію, і Зэвадыю і Азаіла, і Шэмірамота і Ёнатана, і Аданію і Товію і Тоў-Аданію, і зь імі Элэшаму і Ёрама, сьвятароў.
II C Bela 17:9  І яны вучылі ў Юдэі, маючы з сабою кнігу закона Гасподняга: і абыходзілі ўсе гарады Юдэі і вучылі народ.
II C Bela 17:10  І быў страх Гасподні на ўсіх царствах земляў, якія вакол Юдэі, і не ваявалі зь Ёсафатам.
II C Bela 17:11  А ад Філістымлянаў прыносілі Ёсафату дарункі, і ў даніну срэбра; таксама Аравіцяне прыганялі яму дробнае быдла: бараноў сем тысяч сямсот і казлоў сем тысяч сямсот.
II C Bela 17:12  І ўзвышаўся Ёсафат усё больш і больш і пабудаваў у Юдэі крэпасьці і гарады пад запасы.
II C Bela 17:13  Многа было ў яго запасаў у гарадах Юдэйскіх, а ў Ерусаліме людзей ваенных, адважных.
II C Bela 17:14  І вось сьпіс іх па пакаленьнях іхніх: у Юды начальнікі тысяч: Адна начальнік і ў яго выдатных воінаў трыста тысяч;
II C Bela 17:15  за ім Ёханан начальнік, і ў яго дзвесьце восемдзесят тысяч;
II C Bela 17:16  за ім Амасія, сын Зімхры, які прысьвяціў сябе Госпаду, і ў яго дзвесьце тысяч воінаў выдатных.
II C Bela 17:17  У Веньяміна: выдатны воін Эліяда, і ў яго ўзброеных лукам і шчытом дзвесьце тысяч;
II C Bela 17:18  за ім Егазавад, і ў яго сто восемдзесят тысяч узброеных воінаў.
II C Bela 17:19  Вось тыя, што служылі цару, звыш тых, якіх расставіў цар ва ўмацаваных гарадах па ўсёй Юдэі.