Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ISAIAH
Prev Up Next
Chapter 65
Isai Bela 65:1  Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: "вось Я! вось Я!" казаў Я народу, які не называўся імем Маім.
Isai Bela 65:2  Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,
Isai Bela 65:3  народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,
Isai Bela 65:4  сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;
Isai Bela 65:5  які кажа: "спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе". Яны — дым у нос Мой,— агонь, што гарыць кожны дзень.
Isai Bela 65:6  Вось, што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,
Isai Bela 65:7  беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.
Isai Bela 65:8  Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.
Isai Bela 65:9  Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды — спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.
Isai Bela 65:10  І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор — месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.
Isai Bela 65:11  А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,
Isai Bela 65:12  вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў — і вы не адказвалі, казаў — і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.
Isai Bela 65:13  Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;
Isai Bela 65:14  рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.
Isai Bela 65:15  І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб’е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,
Isai Bela 65:16  якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны,— бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.
Isai Bela 65:17  Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.
Isai Bela 65:18  А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.
Isai Bela 65:19  І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.
Isai Bela 65:20  Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.
Isai Bela 65:21  І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.
Isai Bela 65:22  Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народу Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.
Isai Bela 65:23  Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.
Isai Bela 65:24  І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.
Isai Bela 65:25  Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.