Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ISAIAH
Prev Up Next
Chapter 9
Isai Bela 9:1  Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую.
Isai Bela 9:2  Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.
Isai Bela 9:3  Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы.
Isai Bela 9:4  Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка — Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма.
Isai Bela 9:5  Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню.
Isai Bela 9:6  Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру.
Isai Bela 9:7  Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.
Isai Bela 9:8  Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля,
Isai Bela 9:9  каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць:
Isai Bela 9:10  "цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі".
Isai Bela 9:11  І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць:
Isai Bela 9:12  Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Isai Bela 9:13  Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б’е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае.
Isai Bela 9:14  І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень:
Isai Bela 9:15  старац і знакаміты, — гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост.
Isai Bela 9:16  І правадыры гэтага народу ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць.
Isai Bela 9:17  Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны — крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Isai Bela 9:18  Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, — і шугаюць слупы дыму.
Isai Bela 9:19  Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго.
Isai Bela 9:20  І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй:
Isai Bela 9:21  Манасія — Яфрэма і Яфрэм — Манасію, абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.