Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
EXODUS
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 1
Exod Bela 1:1  Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія ўвайшлі ў Егіпет зь Якавам, увайшлі кожны з домам сваім:
Exod Bela 1:2  Рувім, Сымон, Лявій і Юда,
Exod Bela 1:3  Ісахар, Завулон і Веньямін,
Exod Bela 1:4  Дан і Нэфталім, Гад і Асір.
Exod Bela 1:5  А ўсіх душаў, што выйшлі са сьцёгнаў Якава, было семдзесят (пяць), а Язэп быў ужо ў Егіпце.
Exod Bela 1:6  І памёр Язэп і ўсе браты ягоныя і ўвесь род іхні;
Exod Bela 1:7  а сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя і напоўнілася тая зямля імі.
Exod Bela 1:8  І паўстаў у Егіпце новы цар, які ня ведаў Язэпа,
Exod Bela 1:9  і сказаў народу свайму: вось, народ сыноў Ізраілевых шматлікі і дужэйшы за нас;
Exod Bela 1:10  перахітрым жа яго, каб ён ня множыўся; інакш, калі здарыцца вайна, злучыцца ён з нашымі няпрыяцелямі, і ўзброіцца супроць нас, і выйдзе зь зямлі.
Exod Bela 1:11  І паставіў над ім упраўцаў працы. І ён пабудаваў фараону Пітом і Раамсэс, гарады пад склады.
Exod Bela 1:12  Але чым болей тамілі яго, тым болей ён множыўся і тым болей пашыраўся, так што пабойваліся сыноў Ізраілевых.
Exod Bela 1:13  І таму Егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраілевых да працы,
Exod Bela 1:14  і рабілі жыцьцё іхняе горкім ад цяжкай працы над глінаю і цэглаю і ад усякай працы польнай, ад усякай працы, да якое прымушалі іх жорстка.
Exod Bela 1:15  Цар Егіпецкі загадаў бабкам-павітухам Габрэек, імя адной зь якіх Шыфра, а другое Фуа,
Exod Bela 1:16  і сказаў: калі вы будзеце спавіваць у Габрэек, дык назірайце пры родах: калі будзе сын, дык аддавайце яго сьмерці, а калі дачка, дык няхай жыве.
Exod Bela 1:17  Але бабкі-павітухі баяліся Бога і не рабілі так, як казаў ім цар Егіпецкі, і пакідалі дзяцей жывых.
Exod Bela 1:18  Цар Егіпецкі паклікаў бабак-павітух і сказаў ім: навошта вы робіце такую справу, што пакідаеце дзяцей жывых?
Exod Bela 1:19  Бабкі-павітухі сказалі фараону: Габрэйскія жанчыны не такія, як Егіпецкія: яны здаровыя, бо перш чым прыйдзе да іх бабка-павітуха, яны ўжо родзяць.
Exod Bela 1:20  За гэта Бог рабіў дабро бабкам-павітухам, а народ множыўся і вельмі памацняўся.
Exod Bela 1:21  І як што бабкі-павітухі баяліся Бога, дык ён уладжваў дамы іхнія.
Exod Bela 1:22  Тады фараон усяму народу свайму загадаў, кажучы: кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою.