Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
EXODUS
Prev Up Next
Chapter 8
Exod Bela 8:1  І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
Exod Bela 8:2  калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі:
Exod Bela 8:3  і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае.
Exod Bela 8:4  і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы.
Exod Bela 8:5  І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую.
Exod Bela 8:6  Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую.
Exod Bela 8:7  Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую.
Exod Bela 8:8  І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народІзраільскі прынесьці ахвяру Госпаду.
Exod Bela 8:9  Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ.
Exod Bela 8:10  Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш;
Exod Bela 8:11  і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца.
Exod Bela 8:12  Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона.
Exod Bela 8:13  І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях;
Exod Bela 8:14  і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля.
Exod Bela 8:15  І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
Exod Bela 8:16  І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай.
Exod Bela 8:17  Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй замлі Егіпецкай.
Exod Bela 8:18  Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле.
Exod Bela 8:19  І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
Exod Bela 8:20  І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне.
Exod Bela 8:21  а калі не адпусьціш народу Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць ;
Exod Bela 8:22  і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі:
Exod Bela 8:23  Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака.
Exod Bela 8:24  Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую: загінула зямля ад сабачых мух.
Exod Bela 8:25  І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі.
Exod Bela 8:26  Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не паб'юць яны нас камянямі?
Exod Bela 8:27  Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам.
Exod Bela 8:28  І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне.
Exod Bela 8:29  Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду.
Exod Bela 8:30  І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду.
Exod Bela 8:31  І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай.
Exod Bela 8:32  Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу.