Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
II CHRONICLES
Prev Up Next
Chapter 26
II C Bela 26:1  І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азію, якому было шаснаццаць гадоў, і паставіў яго царом на месца бацькі ягонага Амасіі.
II C Bela 26:2  Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як спачыў цар з бацькамі сваімі.
II C Bela 26:3  Шаснаццаць гадоў было Азіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ехолія зь Ерусаліма.
II C Bela 26:4  І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Амасія, бацька ягоны;
II C Bela 26:5  і прыходзіў ён да Бога ў дні Захара, які вучыў страху Божаму; і ў тыя дні, калі ён прыходзіў да Госпада, даваў яму Бог посьпех.
II C Bela 26:6  І ён выйшаў і біўся зь Філістымлянамі, і разбурыў сьцены Гэта і сьцены Яўнэі і сьцены Азота; і пабудаваў гарады ў вобласьці Азоцкай і ў Філістымлянаў.
II C Bela 26:7  І памагаў яму Бог супроць Філістымлянаў і супроць Аравіцянаў, якія жылі ў Гур-Ваале, і супроць Мэўніцянаў;
II C Bela 26:8  і давалі Аманіцяне даніну Азіі, і дайшло імя яго да межаў Егіпта, таму што ён быў даволі моцны.
II C Bela 26:9  І пабудаваў Азія вежы ў Ерусаліме над брамамі вуглавымі і над брамамі даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
II C Bela 26:10  І пабудаваў вежы ў пустыні, і зрабіў многа вадаёмаў, бо меў шмат быдла, і ў нізіне і на раўніне, і землеўладальнікаў і садоўнікаў на гарах і на Карміле, бо ён любіў земляробства.
II C Bela 26:11  Было ў Азіі і войска, якое выходзіла на вайну атрадамі, і па ліку ў сьпісе іх, складзеным рукою Еэла пісца і Маасэі нагладчыка, пад кіраўніцтвам Хананіі, аднаго з галоўных саноўнікаў царскіх.
II C Bela 26:12  Уся лічба ўзначальцаў пакаленьняў, з адважных воінаў, была дзьве тысячы шэсьцьсот,
II C Bela 26:13  і пад рукою ў іх ваеннай сілы трыста сем тысяч пяцьсот, што ўступалі ў бітву з воінскай мужнасьцю, на дапамогу цару супроць непрыяцеля.
II C Bela 26:14  І падрыхтаваў для іх Азія, для ўсяго войска, шчыты і дзіды і шаломы і латы, і лукі і прашчныя камяні.
II C Bela 26:15  І зрабіў ён у Ерусаліме вынаходліва прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах і на вуглах для кіданьня стрэл і вялікіх камянёў. І пранеслася імя яго далёка, бо ён дзівосна асланіў сябе і зрабіўся моцны.
II C Bela 26:16  Але калі ён зрабіўся моцны, заганарылася сэрца ягонае на пагібель яго , і ён зрабіўся злачынцам перад Госпадам Богам сваім, бо ўвайшоў у храм Гасподні, каб задыміць фіміям на алтары кадзільным.
II C Bela 26:17  І пайшоў за ім Азарыя сьвятар, і зь ім восемдзесят сьвятароў Гасподніх, людзей выдатных,
II C Bela 26:18  і ўсупрацівіліся Азію цару і сказалі яму: не табе, Азія, кадзіць Госпаду; гэта сьвятарам, сынам Ааронавым, пасьвечаным для каджэньня; выйдзі са сьвятыні, бо ты зрабіў беззаконна, і ня будзе табе гэта ў гонар у Госпада Бога.
II C Bela 26:19  І разгневаўся Азія,— а ў руцэ ў яго кадзільніца для каджэньня; і калі разгневаўся ён на сьвятароў, праказа явілася на лобе ў яго, перад абліччам сьвятароў, у доме Гасподнім, каля алтара кадзільнага.
II C Bela 26:20  І зірнуў на яго Азарыя першасьвятар і ўсе сьвятары; і вось у яго праказа на лобе ягоным. І змушалі яго выйсьці адтуль, ды і сам ён сьпяшаўся выйсьці, бо пакараў яго Гасподзь.
II C Bela 26:21  І быў цар Азія пракажоны да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме і адлучаны быў ад дома Гасподняга. А Ёатам, сын ягоны, начальнічаў над домам царскім і кіраваў народам зямлі.
II C Bela 26:22  Астатнія дзеі Азіі, першыя і апошнія, апісаў Ісая, сын Амоса прарок.
II C Bela 26:23  І спачыў Азія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі царскіх магільніц, бо казалі: ён пракажоны. І зацараваў Ёатам, сын ягоны, замест яго.