Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ACTS
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 28
Acts Bela 28:1  А калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт.
Acts Bela 28:2  Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас.
Acts Bela 28:3  Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго.
Acts Bela 28:4  Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты — забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця.
Acts Bela 28:5  Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды.
Acts Bela 28:6  Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён — Бог.
Acts Bela 28:7  Навакол той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў.
Acts Bela 28:8  Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго.
Acts Bela 28:9  Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны.
Acts Bela 28:10  І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае.
Acts Bela 28:11  Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве,
Acts Bela 28:12  і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні;
Acts Bela 28:13  адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол,
Acts Bela 28:14  дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым.
Acts Bela 28:15  Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам.
Acts Bela 28:16  А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго.
Acts Bela 28:17  Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы братове! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам;
Acts Bela 28:18  яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці;
Acts Bela 28:19  але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты , ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой;
Acts Bela 28:20  з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі , бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі.
Acts Bela 28:21  А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога.
Acts Bela 28:22  Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца.
Acts Bela 28:23  І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закону Майсеевага і прарокаў.
Acts Bela 28:24  І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі.
Acts Bela 28:25  Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю:
Acts Bela 28:26  "ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце;
Acts Bela 28:27  агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх".
Acts Bela 28:28  Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць.
Acts Bela 28:29  Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою.
Acts Bela 28:30  І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
Acts Bela 28:31  прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.