Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
I CHRONICLES
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 21
I Ch Bela 21:1  І паўстаў сатана на Ізраіля, і падбіў Давіда зрабіць пералік Ізраільцянаў.
I Ch Bela 21:2  І сказаў Давід Ёаву і начальнікам у народзе: ідзеце пералічэце Ізраільцянаў, ад Вірсавіі да Дана і прадстаўце мне, каб я ведаў лік іх.
I Ch Bela 21:3  І сказаў Ёаў: хай памножыць Гасподзь народ Свой у сто разоў да таго, колькі ёсьць яго. Ці ня ўсе яны, спадару мой цар, рабы гаспадара майго? Навошта ж патрабуе гэтага гаспадар мой? Каб залічылася гэта ў віну Ізраілю?
I Ch Bela 21:4  Але царскае слова пераважыла Ёава. І пайшоў Ёаў і абышоў усяго Ізраіля, і прыйшоў у Ерусалім.
I Ch Bela 21:5  І падаў Ёаў Давіду сьпіс народнага перапісу, і было ўсіх Ізраільцянаў тысяча тысяч, і сто тысяч мужоў, якія агаляюць меч, і Юдэяў — чатырыста семдзесят тысяч, якія агаляюць меч.
I Ch Bela 21:6  А лявітаў і Веньямінянаў ён ня лічыў сярод іх, бо царскае слова было агіднае Ёаву.
I Ch Bela 21:7  І незаўгодная была ў вачах Божых дзея гэтая. І Ён пабіў Ізраіля.
I Ch Bela 21:8  І сказаў Давід Богу: вельмі зграшыў я, што зрабіў гэта. І цяпер даруй віну раба Твайго, бо я ўчыніў вельмі неразумна.
I Ch Bela 21:9  І гаварыў Гасподзь Гаду, празарліўцу Давідаваму, і сказаў:
I Ch Bela 21:10  ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары я прапаную табе, выберы сабе адну зь іх,— і Я пашлю яе на цябе.
I Ch Bela 21:11  І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: выбірай сабе:
I Ch Bela 21:12  альбо тры гады — голад, альбо тры месяцы будуць цябе перасьледаваць ворагі твае і меч ворагаў тваіх будзе даставаць да цябе ; альбо тры дні — меч Гасподні і пошасьць на зямлі і анёл Гасподні знішчальны ва ўсіх межах Ізраіля. Дык вось, разгледзь, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне са словам.
I Ch Bela 21:13  І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі, але хай лепш упаду ў рукі Госпада, бо вельмі вялікая мілажальнасьць Ягоная, толькі б ня ўпасьці мне ў рукі чалавечыя.
I Ch Bela 21:14  І паслаў Гасподзь пошасьць на Ізраіля і памерла Ізраільцянаў семдзесят тысяч чалавек.
I Ch Bela 21:15  І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб вынішчаць яго. І калі ён пачаў вынішчаць, убачыў Гасподзь і пашкадаваў за гэта бедства, і сказаў анёлу-знішчальніку: годзе! цяпер апусьці руку тваю. А анёл Гасподні стаяў тады над гумном Орны Евусэяніна.
I Ch Bela 21:16  І падняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла Гасподняга, які стаяў паміж зямлёю і небам, з аголеным у руцэ ягонай мечам, працягнутым на Ерусалім; і ўпаў Давід і старэйшыны, пакрытыя вярэтай, на абліччы свае.
I Ch Bela 21:17  І сказаў Давід Богу: ці ж ня я загадаў палічыць народ? я зграшыў, я ўчыніў ліха, а гэтыя авечкі што зрабілі? Госпадзе, Божа мой! хай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а не на народзе Тваім, каб загубіць яго .
I Ch Bela 21:18  І анёл Гасподні сказаў Гаду, каб той сказаў Давіду: хай Давід прыйдзе і паставіць ахвярнік Госпаду на гумне Орны Евусэяніна.
I Ch Bela 21:19  І пайшоў Давід, па слове Гада, якое ён казаў ад імя Госпада.
I Ch Bela 21:20  Орна абярнуўся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго зь ім зьніклі. Орна малаціў тады пшаніцу.
I Ch Bela 21:21  І прыйшоў Давід да Орны. Орна зірнуў, і ўбачыўшы Давіда, выйшаў з гумна, і пакланіўся Давіду тварам да зямлі.
I Ch Bela 21:22  І сказаў Давід Орну: аддай мне месца пад гумном, я пабудую на ім ахвярнік Госпаду; за сапраўдную цану аддай мне яго, каб спынілася вынішчэньне народу.
I Ch Bela 21:23  І сказаў Орна Давіду: вазьмі сабе; хай робіць гаспадар мой цар, што яму заўгодна; вось я аддаю і валоў на цэласпаленьне, і малацільныя прылады на дровы, і пшаніцу на прынашэньне; усё гэта аддаю дарам.
I Ch Bela 21:24  І сказаў цар Давід Орну: не, я хачу купіць у цябе за сапраўдную цану, бо ня буду прыносіць я тваёй уласнасьці Госпаду, і ня буду прыносіць на цэласпаленьнеўзятае дарам.
I Ch Bela 21:25  І даў Давід Орну за гэта месца шасьцьсот сікляў золата.
I Ch Bela 21:26  І спарудзіў там Давід ахвярнік Госпаду і ўзьнёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры; і заклікаў Госпада, і Ён пачуў яго, паслаўшы агонь зь неба на ахвярнік цэласпаленьня.
I Ch Bela 21:27  І сказаў Гасподзь анёлу: вярні меч твой у похвы яго.
I Ch Bela 21:28  У гэты час Давід, бачачы, што Гасподзь пачуў яго на гумне Орны Евусэяніна, прынёс там ахвяру.
I Ch Bela 21:29  А скінія Гасподняя, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на вышыні ў Гаваоне.
I Ch Bela 21:30  І ня мог Давід пайсьці туды, каб ісьціць Бога, бо напалоханы быў мечам анёла Гасподняга.