Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
GALATIANS
1 2 3 4 5 6
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 3
Gala Bela 3:1  О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?
Gala Bela 3:2  Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закону вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?
Gala Bela 3:3  Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?
Gala Bela 3:4  Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!
Gala Bela 3:5  Той, Хто падаў вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закону робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?
Gala Bela 3:6  Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
Gala Bela 3:7  Уведайце ж, што вернікі — сыны Абрагамавыя.
Gala Bela 3:8  І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: "у табе дабраславяцца ўсе народы".
Gala Bela 3:9  Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.
Gala Bela 3:10  А ўсе, хто сьцвярджаецца на дзеях закону, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: "пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закону".
Gala Bela 3:11  А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо "праведны вераю жыць будзе".
Gala Bela 3:12  А закон не ад веры; "а хто выконвае яго, той жыць будзе ім".
Gala Bela 3:13  Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закону, зрабіўшыся за нас пракляцьцем — бо напісана: "пракляты кожны, хто вісіць на дрэве",
Gala Bela 3:14  каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.
Gala Bela 3:15  Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.
Gala Bela 3:16  Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: "і нашчадкам", як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: "і насеньню твайму", якое ёсьць Хрыстос.
Gala Bela 3:17  Я кажу тое, што запавету пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.
Gala Bela 3:18  Бо калі паводле закону спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.
Gala Bela 3:19  Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.
Gala Bela 3:20  Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.
Gala Bela 3:21  Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закону;
Gala Bela 3:22  але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.
Gala Bela 3:23  Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закону да таго часу , як мела адкрыцца вера.
Gala Bela 3:24  Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
Gala Bela 3:25  а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
Gala Bela 3:26  Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
Gala Bela 3:27  усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
Gala Bela 3:28  Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
Gala Bela 3:29  Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.