Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
DEUTERONOMY
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 2
Deut Bela 2:1  І павярнуліся мы і выправіліся ў пустыню да Чэрмнага мора, як казаў мне Гасподзь, і многа часу хадзілі вакол гары Сэіра.
Deut Bela 2:2  І сказаў мне Гасподзь, кажучы:
Deut Bela 2:3  годзе вам хадзіць вакол гэтай гары, павярнецеся на поўнач;
Deut Bela 2:4  і дай народу загад і скажы, вы будзеце праходзіць межы братоў вашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, і яны збаяцца вас; але сьцеражэцеся
Deut Bela 2:5  пачынаць зь імі вайну, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на ступак нагі, бо гару Сэір Я даў у валоданьне Ісаву;
Deut Bela 2:6  ежу купляйце ў іх за срэбра і ежце; і ваду купляйце ў іх за срэбра і пеце;
Deut Bela 2:7  бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ў любой дзеі рук тваіх, спрыяў табе ў час падарожжа твайго па вялікай пустыні гэтай; вось, сорак гадоў Гасподзь, Бог твой, з табою; ты ні ў чым ня меў нястачы.
Deut Bela 2:8  І йшлі мы міма братоў нашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, дарогаю раўніны, ад Элата і Эцыён-Гавэра, і павярнуліся, і йшлі да пустыні Маава.
Deut Bela 2:9  І сказаў мне Гасподзь: ня ўступай у варожасьць з Маавам і не пачынай зь ім вайны; бо Я ня дам табе нічога зь зямлі ягонай у валоданьне, бо Ар аддаў я ў валоданьне сынам Лотавым;
Deut Bela 2:10  раней жылі там Эмімы, народ вялікі, шматлікі й высокі, яксыны Энакавыя,
Deut Bela 2:11  і яны лічыліся паміж Рэфаімамі, яксыны Энакавыя; а Маавіцяне іх называюць Эмімамі;
Deut Bela 2:12  а на Сэіры жылі раней Харэі; але сыны Ісававыя прагналі іх і зьнішчылі іх ад аблічча свайго і пасяліліся замест іх — так, як зрабіў Ізраіль зь зямлёю спадчыны сваёй, якую даў ім Гасподзь;
Deut Bela 2:13  дык вось, устаньце і прайдзеце даліну Зарэд. І прайшлі мы даліну Зарэд.
Deut Bela 2:14  З таго часу, як мы пайшлі ў Кадэс-Варні і як прайшлі даліну Зарэд, мінула трыццаць восем гадоў, і ў нас у табары перавёўся ўвесь род тых, што ходзяць на вайну, як запрысягаўся ім Гасподзь;
Deut Bela 2:15  ды і рука Гасподняя была на іх, каб вынішчаць іх з табару, пакуль ня вымерлі.
Deut Bela 2:16  А калі перавяліся ўсе тыя, што ходзяць на вайну і вымерлі з асяродзьдзя народу,
Deut Bela 2:17  тады сказаў мне Гасподзь, кажучы:
Deut Bela 2:18  ты праходзіш сёньня міма межаў Маава, міма Ара,
Deut Bela 2:19  і наблізіўся да Аманіцянаў; ня ўступай зь імі ў варожасьць і не пачынай зь імі вайны, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амонавых у валоданьне, бо Я аддаў яе ў валоданьне сынам Лотавым;
Deut Bela 2:20  і яна лічылася зямлёю Рэфаімаў; раней жылі на ёй Рэфаімы; а Аманіцяне называюць іх Замзумімамі;
Deut Bela 2:21  народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя, і зьнішчыў іх Гасподзь перад абліччам іх, і выгналі яны іх і пасяліліся на іх месцы,
Deut Bela 2:22  як Ён зрабіў сынам Ісававым, што жылі на Сэіры, зьнішчыўшы перад абліччам іхнім Харэяў, і яны прагналі іх, і пасяліліся на іх месцы, і жывуць да сёньня;
Deut Bela 2:23  і Авэяў, што жылі ў селішчах да самай Газы, Кафтарымы, выйшаўшы з Кафтора, зьнішчылі й пасяліліся на іх месцы.
Deut Bela 2:24  Устаньце, выпраўцеся і перайдзеце паток Арнон; вось, Я аддаю ў руку тваю Сігона, цара Эсэвонскага, Амарэяніна, і зямлю ягоную; пачынай авалодваць ёю і вядзі зь ім вайну;
Deut Bela 2:25  ад сёньня Я пачну пашыраць страх і жудасьць перад табою на народы пад усім небам; тыя, якія пачуюць пра цябе, задрыжаць і жахнуцца цябе.
Deut Bela 2:26  І паслаў я паслоў з пустыні Кедэмот да Сігона, цара Эсэвонскага, са словамі мірнымі, каб сказаць:
Deut Bela 2:27  дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; я пайду дарогаю, ня сыду ні направа, ні налева;
Deut Bela 2:28  ежу прадавай мне за срэбра, і я буду есьці, і ваду піць давай мне за срэбра, і я буду піць, толькі нагамі маімі прайду —
Deut Bela 2:29  так, як зрабілі мне сыны Ісава, што жывуць на Сэіры, і Маавіцяне, што жывуць у Ары, пакуль не перайду празь Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.
Deut Bela 2:30  Але Сігон, цар Эсэвонскі, не згадзіўся дазволіць нам прайсьці празь ягоную зямлю , бо Гасподзь, Бог твой, ажарсьцьвіў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў упартым, каб аддаць яго ў руку тваю, як гэта відно сёньня.
Deut Bela 2:31  І сказаў мне Гасподзь: вось, я пачынаю перадаваць табе Сігона і зямлю ягоную; пачынай авалодваць зямлёй ягонай.
Deut Bela 2:32  І Сігон з усім народам сваім выступіў супроць нас на бітву да Яаца;
Deut Bela 2:33  і перадаў яго Гасподзь, Бог наш, і мы пабілі яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны,
Deut Bela 2:34  і ўзялі ў той час усе гарады ягоныя і выклялі ўсе гарады, мужчын і жанчын і дзяцей, не пакінулі нікога жывога;
Deut Bela 2:35  толькі ўзялі мы сабе здабычаю быдла іхняе і захопленае ва ўзятых намі гарадах.
Deut Bela 2:36  Ад Араіра, які на беразе патока Арнона, і ад горада, які ў даліне, да Галаада ня было горада, які быў бы няпрыступны нам: усё перадаў Гасподзь, Бог наш.
Deut Bela 2:37  Толькі да зямлі Аманіцянаў ты не падыходзіў, ні да мясьцінаў паблізу патока Явока, ні да гарадоў на гары, ні да ўсяго, да чаго не загадаў Гасподзь, Бог наш.