Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
HAGGAI
Up
1 2
Toggle notes
Chapter 1
Hagg Bela 1:1  На другім годзе цара Дарыя, на шостым месяцы, у першы дзень месяца было слова Гасподняе праз Агея прарока Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю.
Hagg Bela 1:2  Так сказаў Гасподзь Саваоф: народ гэты кажа: "ня прыйшоў яшчэ час — будаваць дом Гасподні".
Hagg Bela 1:3  І было слова Гасподняе праз Агея прарока:
Hagg Bela 1:4  а вам самім час — жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як Дом гэты ў запусьценьні?
Hagg Bela 1:5  Таму сёньня так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.
Hagg Bela 1:6  Вы сееце многа, а зьбіраеце мала: ясьце, але ўнядосыць; п'яце, але не напіваецеся; апранаецеся, але не саграваецеся; заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк.
Hagg Bela 1:7  Так кажа Гасподзь Саваоф: павярнеце сэрца ваша на дарогі вашыя.
Hagg Bela 1:8  Узыдзеце на гару і насеце дрэвы і будуйце храм: і Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Гасподзь.
Hagg Bela 1:9  Чакаеце шмат, а выходзіць мала, і што прынесяце дамоў, тое Я разьвею. За што кажа Гасподзь Саваоф: за Мой дом, які ў запусьценьні, тым часам як вы бяжыце — кожны да свайго дома.
Hagg Bela 1:10  Якраз таму неба і зачынілася і не дае вам расы, і зямля не дае сваіх утвораў.
Hagg Bela 1:11  І я паклікаў суш на зямлю, на горы, на хлеб, на вінаградны сок, на алей і на ўсё, што родзіць зямля, і на чалавека і на быдла і на ўсякую ручную працу.
Hagg Bela 1:12  І паслухаліся Зарававэль, сын Салафіілеў, і Ісус, сын Ясэдэкаў, і ўвесь астатні люд голасу Госпада Бога свайго і слоў Агея прарока, як пасланага Госпадам Богам іхнім, і люд убаяўся Госпада.
Hagg Bela 1:13  Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: "Я з вамі! кажа Гасподзь".
Hagg Bela 1:14  І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей — і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго,
Hagg Bela 1:15  на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе цара Дарыя.
Chapter 2
Hagg Bela 2:1  На сёмым месяцы, у дваццаць першы дзень месяца, было слова Гасподняе праз Агея прарока:
Hagg Bela 2:2  скажы цяпер Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю, і рэшце народу:
Hagg Bela 2:3  хто застаўся паміж вамі, які бачыў гэты Дом у ранейшай ягонай славе, і якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вашых вачах як бы нічым?
Hagg Bela 2:4  Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Гасподзь, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Гасподзь, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Гасподзь Саваоф.
Hagg Bela 2:5  Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага зь Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: ня бойцеся!
Hagg Bela 2:6  Бо так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ раз,— і гэта будзе неўзабаве,— Я патрасу неба і зямлю, мора і сушу,
Hagg Bela 2:7  і патрасу ўсе народы — і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню Дом гэты славаю, кажа Гасподзь Саваоф.
Hagg Bela 2:8  Маё срэбра і Маё золата, кажа Гасподзь Саваоф.
Hagg Bela 2:9  Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Гасподзь Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Гасподзь Саваоф.
Hagg Bela 2:10  На дваццаць чацьвёрты дзень дзявятага месяца, на другім годзе Дарыя, было слова Гасподняе праз Агея прарока:
Hagg Bela 2:11  так кажа Гасподзь Саваоф: спытайся ў сьвятароў пра закон і скажы:
Hagg Bela 2:12  калі хто нёс сьвяшчэннае мяса ў крысе вопраткі сваёй і крысом сваім дакрануўся да хлеба, альбо да чаго-небудзь гатаванага, альбо да алею, альбо якой-небудзь ежы,— ці зробіцца гэта сьвяшчэнным? І адказвалі сьвятары і сказалі: не.
Hagg Bela 2:13  Потым сказаў Агей: а калі дакранецца да ўсяго гэтага хто-небудзь апаганены ад дакрананьня да мерцьвяка, ці зробіцца гэта нячыстым? І адказвалі сьвятары і сказалі: будзе нячыстае.
Hagg Bela 2:14  Тады адказваў Агей і сказаў: такі гэты народ, такое племя перад Мною, кажа Гасподзь, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае.
Hagg Bela 2:15  Цяпер павярнеце сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у храме Гасподнім.
Hagg Bela 2:16  Прыходзілі, бывала, да капіцы, якая можа прыносіць дваццаць мераў, і аказвалася толькі дзесяць; прыходзілі да чавільні, каб начэрпаць пяцьдзясят мераў з чавільні, а аказвалася толькі дваццаць.
Hagg Bela 2:17  Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Гасподзь.
Hagg Bela 2:18  Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Гасподні; адвярнеце сэрца ваша:
Hagg Bela 2:19  ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду; а з гэтага дня я дабраслаўляю іх.
Hagg Bela 2:20  І было слова Гасподняе да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана:
Hagg Bela 2:21  скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: патрасу Я неба і зямлю;
Hagg Bela 2:22  і скіну троны царстваў і вынішчу сілу царстваў язычніцкіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога.
Hagg Bela 2:23  У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілеў, раб Мой, кажа Гасподзь, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Гасподзь Саваоф.