Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
PSALMS
Prev Up Next
Chapter 43
Psal Bela 43:1  Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.
Psal Bela 43:2  Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.
Psal Bela 43:3  Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;
Psal Bela 43:4  бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.
Psal Bela 43:5  Божа, Цару мой! Ты — той самы; даруй ратунак Якаву.
Psal Bela 43:6  З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;
Psal Bela 43:7  бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;
Psal Bela 43:8  а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.
Psal Bela 43:9  Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.
Psal Bela 43:10  Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,
Psal Bela 43:11  змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;
Psal Bela 43:12  Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;
Psal Bela 43:13  бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;
Psal Bela 43:14  аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;
Psal Bela 43:15  Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.
Psal Bela 43:16  Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім
Psal Bela 43:17  ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:
Psal Bela 43:18  усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.
Psal Bela 43:19  Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,
Psal Bela 43:20  калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.
Psal Bela 43:21  Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,
Psal Bela 43:22  дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.
Psal Bela 43:23  Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных...
Psal Bela 43:24  Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.
Psal Bela 43:25  Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?
Psal Bela 43:26  бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.
Psal Bela 43:27  Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.