Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ISAIAH
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 1
Isai Bela 1:1  Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі — цароў Юдэйскіх.
Isai Bela 1:2  Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне .
Isai Bela 1:3  Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.
Isai Bela 1:4  О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, — павярнуліся назад.
Isai Bela 1:5  Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.
Isai Bela 1:6  Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.
Isai Bela 1:7  Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.
Isai Bela 1:8  І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.
Isai Bela 1:9  Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.
Isai Bela 1:10  Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!
Isai Bela 1:11  Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.
Isai Bela 1:12  Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
Isai Bela 1:13  Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне — і сьвяткаваньне!
Isai Bela 1:14  Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
Isai Bela 1:15  І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
Isai Bela 1:16  Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
Isai Bela 1:17  навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
Isai Bela 1:18  Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, — як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, — як воўну адбялю.
Isai Bela 1:19  Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
Isai Bela 1:20  Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
Isai Bela 1:21  Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
Isai Bela 1:22  Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
Isai Bela 1:23  Князі твае — законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і угоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
Isai Bela 1:24  Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
Isai Bela 1:25  І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае
Isai Bela 1:26  і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: "горад праўды, сталіца веры".
Isai Bela 1:27  Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго — справядлівасьцю.
Isai Bela 1:28  А ўсім адступнікам і грэшнікам — пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.
Isai Bela 1:29  Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.
Isai Bela 1:30  Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.
Isai Bela 1:31  І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная — іскраю; і будуць паліцца разам, — і ніхто не патушыць.