Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
JEREMIAH
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 50
Jere Bela 50:1  Слова, якое прамовіў Гасподзь пра Вавілон і пра зямлю Халдэяў празь Ерамію прарока:
Jere Bela 50:2  абвясьцеце і распаўсюдзьце сярод народаў, і падымеце сьцяг, аб’явеце, не хавайце, кажэце: Вавілон узяты, Віл пасаромлены, Мэрадах зламаны, балваны ягоныя пасаромленыя, ідалы яго разьбітыя.
Jere Bela 50:3  Бо з поўначы падняўся супроць яго народ, які зробіць зямлю ягоную пустэльняю, і ніхто ня жыцьме там, ад чалавека да быдла, усе рушаць і сыдуць.
Jere Bela 50:4  У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, прыйдуць сыны Ізраілевыя, яны і сыны Юдавыя разам, будуць хадзіць і плакаць і знойдуць Госпада Бога свайго;
Jere Bela 50:5  будуць пытацца дарогі да Сіёна і, павярнуўшы да яго твары, будуць казаць : ідзеце і далучэцеся да Госпада спрымірэнствам вечным, якое не забудзецца.
Jere Bela 50:6  Народ Мой быў, як пагіблыя авечкі; пастухі іхнія зьвялі іх з дарогі, разагналі іх па горах; бадзяліся яны з гары на пагорак, забылі лежбішча сваё.
Jere Bela 50:7  Усе, што знаходзілі іх, пажыралі іх, і прыгнятальнікі іх казалі: "мы не вінаватыя, бо яны зграшылі перад Госпадам, перад жытлішчам праўды і перад Госпадам, надзеяй бацькоў іхніх".
Jere Bela 50:8  Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона, і сыходзьце з Халдэйскай зямлі, і будзьце, як казлы наперадзе статка авечак.
Jere Bela 50:9  Бо вось, Я падыму і прывяду на Вавілон зборню вялікіх народаў зь зямлі паўночнай, і разьмесьцяцца насупраць яго, і ён будзе ўзяты: стрэлы ў іх, як у спраўнага воіна, не вяртаюцца марна.
Jere Bela 50:10  І Халдэі зробяцца здабычаю іхняй; і спусташальнікі яе насыцяцца, кажа Гасподзь.
Jere Bela 50:11  Бо мы весяліліся, вы сьвяткавалі, рабаўнікі спадчыны Маёй; скакалі ад радасьці, як цялушка на траве, і ржалі, як баявыя коні.
Jere Bela 50:12  У вялікім сораме будзе маці ваша, пачырванее радзіцелька вашая; вось, будучыня тых народаў — пустэльня, сухая зямля і стэп.
Jere Bela 50:13  Ад гневу Госпада яна зробіцца няжылою, і ўся яна будзе пустая; кожны, хто будзе праходзіць праз Вавілон, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.
Jere Bela 50:14  Выстрайцеся ў баявы парадак вакол Вавілона; усе, хто напінае лук, страляйце па ім, не шкадуйце стрэлаў, бо ён зграшыў супроць Госпада;
Jere Bela 50:15  падымеце крык супроць яго з усіх бакоў; ён падаў руку сваю; упалі цьвярдыні ягоныя, разваліліся сьцены яго, бо гэта — адплата Госпада; помсьціце яму; як ён рабіў, так і вы рабеце зь ім;
Jere Bela 50:16  зьнішчайце ў Вавілоне і сейбіта і жняца ў часе жніва; ад страху пагібельнага меча хай кожны вернецца да народу свайго, і кожны хай бяжыць у зямлю сваю.
Jere Bela 50:17  Ізраіль — расьсеяны статак; ільвы разагналі яго; раней аб’ядаў яго цар Асірыйскі, а гэты апошні, Навухаданосар, цар Вавілонскі, і косьці яго патрушчыў.
Jere Bela 50:18  Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я наведаю цара Вавілонскага і зямлю яго, як наведаў цара Асірыйскага;
Jere Bela 50:19  і вярну Ізраіля на пашу ягоную, і будзе ён пасьвіцца на Карміле і Васане, і душа яго насыціцца на гары Яфрэмавай і ў Галаадзе.
Jere Bela 50:20  У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, будуць шукаць няпраўды Ізраілевай, і ня будзе яе, і грахоў Юды, і ня знойдзецца іх; бо дарую тым, каго пакіну жывога .
Jere Bela 50:21  Ідзі на яе, на зямлю мяцежную, і пакарай жыхароў яе; спусташай і вынішчай усё за імі, кажа Гасподзь, і зрабі ўсё, што Я загадаў табе.
Jere Bela 50:22  Шум бітвы на зямлі і вялікае разбурэньне!
Jere Bela 50:23  Як разьбіты і скрышаны молат усяе зямлі! Як Вавілон зрабіўся жахам сярод народаў!
Jere Bela 50:24  Я раскінуў сеткі на цябе, і ты злоўлены, Вавілоне, не прадбачачы таго; ты знойдзены і схоплены, бо паўстаў супроць Госпада.
Jere Bela 50:25  Гасподзь адчыніў сховішча Сваё і ўзяў зь яго посуд гневу Свайго, бо ў Госпада Бога Саваофа ёсьць справа ў зямлі Халдэйскай.
Jere Bela 50:26  Ідзеце на яе з усіх краёў, адчыняйце засекі яе, тапчэце яе як снапы, зусім зьнішчыце яе, каб нічога ад яе не засталося;
Jere Bela 50:27  забівайце ўсіх валоў яе, хай ідуць на закол; гора ім! бо прыйшоў дзень іхні, час наведваньня іх.
Jere Bela 50:28  Чуцен голас тых, што бягуць і ратуюцца зь зямлі Вавілонскай, каб узьвясьціць на Сіёне пра помсту Госпада Бога нашага, пра помсту за храм Яго.
Jere Bela 50:29  Склічце супроць Вавілона лучнікаў; усе, хто напінае лук, станьце вакол яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго, як ён учыняў, так учынеце і зь ім, бо ён узьнёсься супроць Госпада, супроць Сьвятога Ізраілевага.
Jere Bela 50:30  За тое загінуць юнакі ягоныя на вуліцах яго, і ўсе воіны яго зьнішчаны будуць у той дзень, кажа Гасподзь.
Jere Bela 50:31  Вось, Я — на цябе, гардзея, кажа Гасподзь Бог Саваоф; бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго,
Jere Bela 50:32  І спатыкнецца гардыня і ўпадзе, і ніхто не падыме яго; і распалю агонь у гарадах ягоных, — і зжарэ ўсё вакол яго.
Jere Bela 50:33  Так кажа Гасподзь Саваоф: прыгнечаны сыны Ізраіля, як і сыны Юды, і ўсе, што запаланілі іх, моцна трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.
Jere Bela 50:34  Але Адкупнік іхні дужы, Гасподзь Саваоф — імя Яго; Ён разьбярэ справу іхнюю, каб супакоіць зямлю і навесьці трымценьне на жыхароў Вавілона.
Jere Bela 50:35  Меч на Халдэяў, кажа Гасподзь, і на жыхароў Вавілона, і на князёў яго і на мудрых яго;
Jere Bela 50:36  на спакушальнікаў, і яны звар’яцеюць; меч на воінаў ягоных, і яны зьнясьмеляцца;
Jere Bela 50:37  меч на коней яго і на калясьніцы яго і на ўсе рознапляменныя народы сярод яго, і яны будуць як жанчыны; меч на скарбы яго, і яны будуць разрабаваны;
Jere Bela 50:38  суш на воды яго, і яны перасохнуць; бо гэта зямля балваноў, і яны зьнеразумяцца ад ідальскіх страшыдлаў.
Jere Bela 50:39  І паселяцца там стэпавыя зьвяры з шакаламі, і жыцьмуць на ёй страўсы, і ня будзе абжытая вавекі і заселеная ў роды родаў.
Jere Bela 50:40  Як развалены Богам Садома і Гамора і суседнія гарады іх, кажа Гасподзь, так і тут ніводзін чалавек ня жыцьме, і сын чалавечы ня будзе спыняцца.
Jere Bela 50:41  Вось, ідзе народ з поўначы, і народ вялікі, і многія цары, падымаюцца з краёў зямлі;
Jere Bela 50:42  трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя; голас іх шумны, як мора; імчацца на конях, выстраіліся як адзін чалавек, каб пабіцца з табою, дачка Вавілона!
Jere Bela 50:43  Пачуў цар Вавілонскі вестку пра іх, і рукі ў яго апусьціліся; скруха ахапіла яго, пакуты — як жанчыну пры родах.
Jere Bela 50:44  Вось, узыходзіць ён як леў з вышыняў Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але Я прымушу іх сьпешна сысьці зь яго; і хто выбраны, таму даверу яго, бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе зь Мяне адказу? І які пастух стане супроць мяне?
Jere Bela 50:45  Дык вось, выслухайце вызначэньне Госпада, якое ён пастанавіў пра Вавілон, і намеры Яго, якія Ён мае пра зямлю Халдэйскую; сапраўды самыя малыя са статкаў пацягнуць іх; сапраўды, ён спустошыць селішчы іхнія зь імі.
Jere Bela 50:46  Ад шуму ўзяцьця Вавілона затрасецца зямля, і лямант будзе чуцен сярод народаў.