Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
MARK
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
Prev Up Next
Chapter 3
Mark Bela 3:1  І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою.
Mark Bela 3:2  І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго.
Mark Bela 3:3  А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне.
Mark Bela 3:4  А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі.
Mark Bela 3:5  І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.
Mark Bela 3:6  Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго.
Mark Bela 3:7  Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі,
Mark Bela 3:8  Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве.
Mark Bela 3:9  І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго.
Mark Bela 3:10  Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
Mark Bela 3:11  І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты - Сын Божы.
Mark Bela 3:12  Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго.
Mark Bela 3:13  Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго.
Mark Bela 3:14  І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць,
Mark Bela 3:15  і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў:
Mark Bela 3:16  паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр;
Mark Bela 3:17  Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, "сыны громавыя";
Mark Bela 3:18  Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта
Mark Bela 3:19  і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго.
Mark Bela 3:20  Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці.
Mark Bela 3:21  І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе.
Mark Bela 3:22  А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя.
Mark Bela 3:23  І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану?
Mark Bela 3:24  Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое;
Mark Bela 3:25  і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той;
Mark Bela 3:26  і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны.
Mark Bela 3:27  Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны.
Mark Bela 3:28  Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі;
Mark Bela 3:29  але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе.
Mark Bela 3:30  Гэта сказаў Ён , бо казалі: у Ім нячысты дух.
Mark Bela 3:31  І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
Mark Bela 3:32  Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе.
Mark Bela 3:33  І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае?
Mark Bela 3:34  І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
Mark Bela 3:35  бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.