Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
PSALMS
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 101
Psal Bela 101:1  Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.
Psal Bela 101:2  Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.
Psal Bela 101:3  Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе , адразу пачуй мяне.
Psal Bela 101:4  Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;
Psal Bela 101:5  сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;
Psal Bela 101:6  ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.
Psal Bela 101:7  Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;
Psal Bela 101:8  ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.
Psal Bela 101:9  Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.
Psal Bela 101:10  Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,
Psal Bela 101:11  ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.
Psal Bela 101:12  Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.
Psal Bela 101:13  Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.
Psal Bela 101:14  Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;
Psal Bela 101:15  бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.
Psal Bela 101:16  І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя — славы Тваёй.
Psal Bela 101:17  Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;
Psal Bela 101:18  паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.
Psal Bela 101:19  Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,
Psal Bela 101:20  бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,
Psal Bela 101:21  каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,
Psal Bela 101:22  каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму — у Ерусаліме,
Psal Bela 101:23  калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.
Psal Bela 101:24  Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.
Psal Bela 101:25  Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.
Psal Bela 101:26  На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзея рук Тваіх;
Psal Bela 101:27  яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, — і зьменяцца;
Psal Bela 101:28  але Ты — той самы, і гады Твае ня скончацца.
Psal Bela 101:29  Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.