Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
EXODUS
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 37
Exod Bela 37:1  І зрабіў Вэсэлііл каўчэг з дрэва сітым: даўжыня яго два локці з палавінаю, шырыня яго паўтара локця і вышыня Яго паўтара локця;
Exod Bela 37:2  і абклаў яго чыстым золатам зь сярэдзіны і звонку і зрабіў вакол яго залаты вянок;
Exod Bela 37:3  і выліў для яго чатыры колцы залатыя, на чатырох ніжніх кутках яго: па два колцы з аднаго боку яго, і два колцы з другога боку яго.
Exod Bela 37:4  І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам;
Exod Bela 37:5  і ўклаў жэрдкі ў колцы, па баках каўчэга, каб насіць каўчэг.
Exod Bela 37:6  і зрабіў века з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня паўтара локця.
Exod Bela 37:7  і зрабіў двух херувімаў з золата: чаканнага вырабу зрабіў іх на абодвух канцах века,
Exod Bela 37:8  аднаго херувіма з аднаго канца, а другога херувіма з другога канца: пукатымі зь века зрабіў херувімаў з абодвух канцоў яго;
Exod Bela 37:9  і былі херувімы раскрыленыя ўгору і пакрывалі крыламі сваімі века, а тварамі сваімі былі павернутыя адзін да аднаго; херувімы былі тварамі да века.
Exod Bela 37:10  І зрабіў стол з дрэва сітым даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць і вышынёю ў паўтара локця,
Exod Bela 37:11  і абклаў яго золатам чыстым, і зрабіў вакол яго залаты вянок;
Exod Bela 37:12  і зрабіў вакол яго сьценкі ў далоню і зрабіў залаты вянок каля сьценак яго;
Exod Bela 37:13  і выліў для яго чатыры колцы залатыя і ўмацаваў колцы на чатырох кутах, каля чатырох ножак яго:
Exod Bela 37:14  пры сьценках былі колцы, каб укладваць жэрдкі і насіць стол;
Exod Bela 37:15  і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам, каб насіць стол.
Exod Bela 37:16  Потым зрабіў посуд да стала: міскі, кадзільніцы, кубкі і чары, каб паліваць зь іх, з чыстага золата.
Exod Bela 37:17  І зрабіў сьвяцільню з золата чыстага, чаканную зрабіў сьвяцільню; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе выходзілі зь яе;
Exod Bela 37:18  шэсьць галін выходзіла з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны сьвяцільні з другога боку яе;
Exod Bela 37:19  тры чарачкі былі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на адной галінцы, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на другой галінцы: так наўсіх шасьці галінках, што выходзяць зь сьвяцільні;
Exod Bela 37:20  а на сьцябле сьвяцільні было чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;
Exod Bela 37:21  у шасьці галінак, што выходзяць зь яе, яблык пад першымі дзьвюма галінкамі, і яблык пад другімі дзьвюма галінкамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінкамі;
Exod Bela 37:22  яблыкі і галінкі іх выходзілі зь яе; уся яна была чаканная, цэльная, з чыстага золата.
Exod Bela 37:23  І зрабіў да яе сем лампад, і абцужкі да яе і латкі да яе, з чыстага золата;
Exod Bela 37:24  з таланту чыстага золата зрабіў яе з усімі прыладамі яе.
Exod Bela 37:25  І зрабіў ахвярнік дымленьня з дрэва сітым; даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць, чатырохкутны, вышыня яго два локці; зь яго выходзілі рогі яго;
Exod Bela 37:26  і абклаў яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго, і зрабіў да яго залаты вянок вакол;
Exod Bela 37:27  пад вянком яго на двух кутах яго зрабіў два колцы залатыя, абапал яго зрабіў іх, каб укладваць у іх жэрдкі і насіць яго;
Exod Bela 37:28  жэрдкі зрабіў з дрэва сітым і абклаў іх золатам.
Exod Bela 37:29  І зрабіў міра на сьвяшчэннае памазаньне і дымленьне пахучае, чыстае, ад умельства таго, хто складвае масьці.