Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
JOHN
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21
Prev Up Next
Chapter 12
John Bela 12:1  За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
John Bela 12:2  Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ляжаў зь Ім.
John Bela 12:3  А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
John Bela 12:4  Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
John Bela 12:5  Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
John Bela 12:6  А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
John Bela 12:7  А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
John Bela 12:8  убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды.
John Bela 12:9  Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
John Bela 12:10  А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
John Bela 12:11  бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
John Bela 12:12  На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
John Bela 12:13  узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
John Bela 12:14  А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
John Bela 12:15  "ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці".
John Bela 12:16  Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
John Bela 12:17  Людзі, якія былі зь ім раней , сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
John Bela 12:18  таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
John Bela 12:19  А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
John Bela 12:20  Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
John Bela 12:21  яны падышлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
John Bela 12:22  Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
John Bela 12:23  А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
John Bela 12:24  Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
John Bela 12:25  Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
John Bela 12:26  Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой .
John Bela 12:27  Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;
John Bela 12:28  Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.
John Bela 12:29  А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.
John Bela 12:30  Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;
John Bela 12:31  сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.
John Bela 12:32  І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.
John Bela 12:33  Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
John Bela 12:34  Народ адказваў Яму: мы чулі з закону, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?
John Bela 12:35  Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;
John Bela 12:36  пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адышоў і зьнік ад іх.
John Bela 12:37  Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
John Bela 12:38  хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
John Bela 12:39  Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
John Bela 12:40  "народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх".
John Bela 12:41  Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
John Bela 12:42  Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
John Bela 12:43  бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
John Bela 12:44  А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
John Bela 12:45  і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
John Bela 12:46  Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
John Bela 12:47  І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.
John Bela 12:48  Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
John Bela 12:49  Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.
John Bela 12:50  І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.