Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
TITUS
Up
1 2 3
Toggle notes
Chapter 1
Titu Bela 1:1  Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
Titu Bela 1:2  у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
Titu Bela 1:3  а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога,
Titu Bela 1:4  Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
Titu Bela 1:5  На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
Titu Bela 1:6  калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
Titu Bela 1:7  Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
Titu Bela 1:8  а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
Titu Bela 1:9  павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
Titu Bela 1:10  Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
Titu Bela 1:11  якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
Titu Bela 1:12  Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: "Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя".
Titu Bela 1:13  Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
Titu Bela 1:14  ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
Titu Bela 1:15  У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
Titu Bela 1:16  Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
Chapter 2
Titu Bela 2:1  А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:
Titu Bela 2:2  каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;
Titu Bela 2:3  каб старыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п’янству, вучылі дабру,
Titu Bela 2:4  каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,
Titu Bela 2:5  быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.
Titu Bela 2:6  Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.
Titu Bela 2:7  Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,
Titu Bela 2:8  слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.
Titu Bela 2:9  Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,
Titu Bela 2:10  ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.
Titu Bela 2:11  Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
Titu Bela 2:12  якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
Titu Bela 2:13  чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
Titu Bela 2:14  Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.
Titu Bela 2:15  Гэта кажы, умаўляй і выкрывай з усёю ўладаю, каб ніхто не пагарджаў табою.
Chapter 3
Titu Bela 3:1  Нагадвай ім скарацца і ўпакорвацца начальству і ўладам, быць гатовымі на ўсякія добрыя дзеі,
Titu Bela 3:2  нікога ня бэсьціць, быць не сварлівымі, а ціхмянымі, і паказваць поўную лагоду да ўсіх людзей.
Titu Bela 3:3  Бо і мы былі колісь немысьлі, неслухі, заблуды, былі рабы юру і розных асалодаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі гнюсныя, ненавідзелі адно аднаго.
Titu Bela 3:4  Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога,
Titu Bela 3:5  Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,
Titu Bela 3:6  Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
Titu Bela 3:7  каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага.
Titu Bela 3:8  Слова гэта слушнае; і я жадаю, каб ты пацьвярджаў яго, каб тыя, што ўверавалі ў Бога, стараліся быць дбайнымі ў добрых учынках: гэта добра і карысна людзям.
Titu Bela 3:9  А дурных перагаворстваў і радаслоўных звадаў, і спрэчак і калатні вакол закону пазьбягай, бо яны бескарысныя і марныя.
Titu Bela 3:10  Ад ератыка, пасьля першага і другога настаўленьня на розум, цурайся,
Titu Bela 3:11  ведаючы, што ён разбэсьціўся і грэшыць, і асуджаны сам сабою.
Titu Bela 3:12  Калі прышлю да цябе Артэму або Тыхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь; бо я пастанавіў там зазімаваць.
Titu Bela 3:13  Зіну-законьніка і Апалоса паклапаціся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы.
Titu Bela 3:14  Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў добрых учынках, у задавольваньні неабходных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя.
Titu Bela 3:15  Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Мілата з усімі вамі. Амін.