Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
MATTHEW
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 25
Matt Bela 25:1  Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.
Matt Bela 25:2  Пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;
Matt Bela 25:3  неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;
Matt Bela 25:4  а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;
Matt Bela 25:5  і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
Matt Bela 25:6  Але апоўначы крык пачуўся: "вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму".
Matt Bela 25:7  Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.
Matt Bela 25:8  А неразумныя мудрым сказалі: "дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць".
Matt Bela 25:9  А мудрыя сказалі ў адказ: "каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе".
Matt Bela 25:10  Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.
Matt Bela 25:11  Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: "спадару! спадару! адчыні нам".
Matt Bela 25:12  Ён жа сказаў ім у адказ: "праўду кажу вам: ня ведаю вас".
Matt Bela 25:13  Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
Matt Bela 25:14  Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:
Matt Bela 25:15  і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.
Matt Bela 25:16  Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;
Matt Bela 25:17  гэтак сама і той з двума набыў другія два;
Matt Bela 25:18  а той, хто атрымаў адзін талянт , пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
Matt Bela 25:19  Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.
Matt Bela 25:20  І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: "Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх".
Matt Bela 25:21  Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
Matt Bela 25:22  Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: "гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх".
Matt Bela 25:23  Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
Matt Bela 25:24  Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў;
Matt Bela 25:25  і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё".
Matt Bela 25:26  Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў;
Matt Bela 25:27  таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
Matt Bela 25:28  Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,
Matt Bela 25:29  бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
Matt Bela 25:30  а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў". (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).
Matt Bela 25:31  Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,
Matt Bela 25:32  і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
Matt Bela 25:33  і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
Matt Bela 25:34  Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:
Matt Bela 25:35  бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
Matt Bela 25:36  быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
Matt Bela 25:37  Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
Matt Bela 25:38  калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
Matt Bela 25:39  калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?".
Matt Bela 25:40  І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне".
Matt Bela 25:41  Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: "ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным:
Matt Bela 25:42  бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;
Matt Bela 25:43  быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".
Matt Bela 25:44  Тады і яны скажуць яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?"
Matt Bela 25:45  Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне".
Matt Bela 25:46  І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.