Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
RUTH
Up
1 2 3 4
Chapter 1
Ruth Bela 1:1  У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, стаўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфляема Юдэйскага з сваёю жонкаю і двума сынамі жыць на палях Маавіцкіх.
Ruth Bela 1:2  Імя таго чалавека Элімэлэх, імя жонкі ягонай Наэмінь, а імя двух сыноў ягоных Махлон і Хілеон; яны былі Эфрафяне зь Віфляема Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Маавіцкія і засталіся там.
Ruth Bela 1:3  І памёр Элімэлэх, муж Наэміні, і засталася яна з двума сынамі сваімі.
Ruth Bela 1:4  Яны ўзялі сабе жонак з Маавіцянак,— імя адной Орфа, а імя другой Рут,— і жылі там каля дзесяці гадоў.
Ruth Bela 1:5  Але пасьля і абодва сыны яе , Махлон і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасля абодвух сваіх сыноў і пасьля мужа свайго.
Ruth Bela 1:6  І ўстала яна зь нявесткамі сваімі і пайшла назад з палёў Маавіцкіх, бо пачула на палях Маавіцкіх, што Бог наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
Ruth Bela 1:7  І выйшла яна з той мясьціны, у якой жыла, і абедзьве нявесткі яе з ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся ў ў зямлю Юдэйскую,
Ruth Bela 1:8  Наэмінь сказала дзьвюм нявесткам сваім: ідзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Гасподзь вам літасьць, як вы рабілі з памерлымі і са мною!
Ruth Bela 1:9  хай дасьць вам Гасподзь, каб вы знайшлі прытулак кожная ў доме ў свайго мужа! І пацалавала іх. Але яны паднялі енк і плакалі
Ruth Bela 1:10  і сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.
Ruth Bela 1:11  А Наэмінь сказала: вярнецеся, дочкі мае; навошта вам ісьці са мною? хіба ж ёсьць у мяне яшчэ сыны ў маім чэраве, якія былі б вам мужамі?
Ruth Bela 1:12  вярнецеся, дочкі мае, ідзеце, бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я і сказала: "ёсьць мне яшчэ надзея", і нават калі б я гэтую ноч была з мужам і потым нарадзіла сыноў,—
Ruth Bela 1:13  дык ці ж можна вам чакаць, пакуль яны выраслі б? ці ж можна вам марудзіць і ня выходзіць замуж? не, дочкі мае, я вельмі маркочуся за вас, бо рука Гасподняя спасьцігла мяне.
Ruth Bela 1:14  Яны паднялі енк і зноў заплакалі. І Орфа разьвіталася зь сьвякроўю сваёю, а Рут засталася з ёю.
Ruth Bela 1:15  Наэмінь сказала Руце: вось, ятроўка твая вярнулася да народу свайго і да сваіх багоў; вярніся і ты сьледам за ятроўкаю тваёю,
Ruth Bela 1:16  але Рут сказала: ня прымушай мяне пакідаць цябе і вяртацца ад цябе; а куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду; народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам;
Ruth Bela 1:17  і дзе ты памрэш, там і я памру і пахаваная буду; хай тое і тое зробіць мне Гасподзь, і яшчэ болей зробіць; адна сьмерць разьвядзе нас з табою.
Ruth Bela 1:18  Наэмінь, бачачы, што яна цьвёрда рашылася ісьці зь ёю, перастала ўгаворваць яе.
Ruth Bela 1:19  І ішлі абедзьве яны, пакуль ня прыйшлі ў Віфляем. Калі яны прыйшлі ў Віфляем, увесь горад прыйшоў у рух ад іх, і казалі: гэта Наэмінь?
Ruth Bela 1:20  Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмінь , а называйце мяне Мараю , бо Усемагутны паслаў мне вялікую гароту;
Ruth Bela 1:21  я выйшла адсюль у дастатку, а вярнуў мяне Гасподзь з пустымі рукамі; навошта называць мяне Наэміньню, калі Гасподзь прымусіў мяне пакутаваць, і Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце?
Ruth Bela 1:22  І вярнулася Наэмінь, і зь ёю нявестка яе Рут Маавіцянка, якая прыйшла з палёў Маавіцкіх, і прыйшлі яны ў Віфляем на пачатку жніва ячменю.
Chapter 2
Ruth Bela 2:1  У Наэміні быў родзіч, па мужы яе, чалавек даволі знакаміты, з племя Элімэлэхавага, імя яго Ваоз.
Ruth Bela 2:2  І сказала Рут Маавіцянка Наэміні: пайду я на поле і буду зьбіраць каласы па сьледзе таго, у каго знайду ўпадабанне. Яна сказала ёй: ідзі, дачка мая.
Ruth Bela 2:3  Яна пайшла, і прыйшла, і зьбірала ў полі каласы за жнеямі. І супала так, што тая частка поля належала Ваозу, які з племя Элімэлэхавага.
Ruth Bela 2:4  І вось, Ваоз прыйшоў зь Віфляема і сказаў жнеям: Гасподзь з вамі! Яны сказалі яму: хай дабраславіць цябе Гасподзь!
Ruth Bela 2:5  І сказаў Ваоз слузе свайму, прыстаўленаму да жнеяў: чыя гэта маладая жанчына?
Ruth Bela 2:6  Слуга, прыстаўлены да жнеяў, адказваў і сказаў: гэтая маладая жанчына — Маавіцянка, якая прыйшла з Наэміньню з палёў Маавіцкіх;
Ruth Bela 2:7  яна сказала: "буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі і за жнеямі"; і прыйшла, і тут з самае раніцы дагэтуль; яна мала бывае дома.
Ruth Bela 2:8  І сказаў Ваоз Руце: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле і не пераходзь адсюль, а будзь тут з маімі служанкамі;
Ruth Bela 2:9  хай на вачах тваіх будзе тое поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось, я загадаў слугам сваім не чапаць цябе; калі захочаш піць, ідзі да посуду і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае.
Ruth Bela 2:10  Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі і сказала яму: чым я заслужыла ў вачах тваіх міласьць, што ты прымаеш мяне, хоць я і чужаземка?
Ruth Bela 2:11  Ваоз адказваў і сказаў ёй: мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народу, якога ты ня ведала ўчора і заўчора;
Ruth Bela 2:12  хай дасьць Гасподзь за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі!
Ruth Bela 2:13  Яна сказала: хай буду я ў міласьці перад вачамі тваімі, гаспадару мой! ты суцешыў мяне і гаварыў па сэрцы рабыні тваёй, тым часам як я ня вартая ніводнае з рабыняў тваіх.
Ruth Bela 2:14  І сказаў ёй Ваоз: час полудня, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кавалак твой у воцат. І села яна каля жнеяў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося.
Ruth Bela 2:15  І ўстала, каб падбіраць. Ваоз даў загад слугам сваім, сказаўшы: хай падбірае яна і паміж снапоў, і ня крыўдзіце яе;
Ruth Bela 2:16  ды і ад снапоў адкідвайце ёй, няхай яна падбірае, і ня ганьце яе.
Ruth Bela 2:17  Так падбірала яна на полі да вечара і змалаціла сабранае, і выйшла каля эфы ячменю.
Ruth Bela 2:18  Узяўшы гэта, яна пайшла ў горад, і сьвякроў яе ўбачыла, што яна назьбірала. І дастала і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама.
Ruth Bela 2:19  І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сёньня і дзе працавала? хай будзе дабраславёны той, хто прыняў цябе! Рут абвясьціла сьвякрові сваёй, у каго яна працавала, і сказала: чалавеку таму, у якога я сёньня працавала, імя Ваоз.
Ruth Bela 2:20  І сказала Наэмінь нявестцы сваёй: дабраславёны ён у Госпада за тое, што не пазбавіў міласьці сваёй ні жывых, ні мёртвых! І сказала ёй Наэмінь: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых родзічаў.
Ruth Bela 2:21  Рут Маавіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служанкамі, пакуль яны не закончаць жніва майго.
Ruth Bela 2:22  І сказала Наэмінь нявестцы сваёй Руце: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з служанкамі ягонымі, і ня будуць зьневажаць цябе на іншым полі.
Ruth Bela 2:23  Так была яна з служанкамі Ваозавымі і падбірала, пакуль не скончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякрові сваёй.
Chapter 3
Ruth Bela 3:1  І сказала ёй Наэмінь, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прытулку, каб табе добра было?
Ruth Bela 3:2  вось, Ваоз, з служанкамі якога ты была, родзіч наш; вось, ён гэтае ночы вее ў гумне ячмень;
Ruth Bela 3:3  умыйся, памажся, надзень строі свае і пойдзеш у гумно, але не паказвайся яму, пакуль ня скончыць есьці і піць;
Ruth Bela 3:4  а калі ён ляжа спаць, даведайся пра месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і адкрыеш каля ног ягоных і ляжаш: ён скажа табе, што табе рабіць.
Ruth Bela 3:5  Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.
Ruth Bela 3:6  І пайшла ў гумно і зрабіла ўсё так, як загадвала ёй сьвякроў яе.
Ruth Bela 3:7  Ваоз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад сьціртаю. І яна прыйшла ціхенька, адкрыла каля ног ягоных і легла.
Ruth Bela 3:8  Апоўначы ён уздрыгнуў, прыўзняўся, і вось, каля ног ягоных ляжыць жанчына.
Ruth Bela 3:9  І сказаў: хто ты? Яна сказала: Я Рут, рабыня твая, ахіні крылом тваім рабыню тваю, бо ты родзіч.
Ruth Bela 3:10  Ваоз сказаў: дабраславёная ты ў Госпада, дачка мая! гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ лепей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых;
Ruth Bela 3:11  дык вось, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала; бо каля ўсіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрадзейная;
Ruth Bela 3:12  хоць і праўда, што я родзіч, але ёсьць яшчэ родзіч бліжэйшы за мяне;
Ruth Bela 3:13  заначуй гэтую ноч; а заўтра, калі ён прыме цябе, дык добра, хай прыме; а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму; жывы Гасподзь! сьпі да раніцы.
Ruth Bela 3:14  І спала яна каля ног ягоных да раніцы, і ўстала раней, чым яны маглі пазнаць адно аднаго. І сказаў Ваоз: хай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла ў гумно.
Ruth Bela 3:15  І сказаў ёй: падай вопратку, якая на табе, патрымай яе. Яна трымала, і ён намерыў шэсьць мераў ячменю, і паклаў на яе, і пайшоў у горад.
Ruth Bela 3:16  А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: што, дачка мая? Яна пераказала ёй усё, што зрабіў ёй чалавек той.
Ruth Bela 3:17  І сказала: гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня йдзі да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.
Ruth Bela 3:18  Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым усё закончыцца; бо чалавек той не застанецца спакойны, не закончыўшы дзею сёньня.
Chapter 4
Ruth Bela 4:1  Ваоз пайшоў да брамы і сядзеў там. І вось, ідзе міма родзіч, пра якога казаў Ваоз. І сказаў яму Ваоз : зайдзі сюды і сядзь тут. Той зайшоў і сеў.
Ruth Bela 4:2  Ваоз узяў дзесяць чалавек з старэйшынаў горада і сказаў: сядзьце тут. І яны селі.
Ruth Bela 4:3  І сказаў Ваоз родзічу: Наэмінь, якая вярнулася з палёў Маавіцкіх, прадае частку поля, што належыць брату нашаму Элімэлэху;
Ruth Bela 4:4  я рашыўся давесьці да вушэй тваіх і сказаць: купі пры ўсіх, што сядзяць тут, і пры старэйшынах народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупляй; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а пасьля цябе я. Той сказаў: я выкупаю.
Ruth Bela 4:5  Ваоз сказаў: калі ты купіш поле ў Наэміні, ты павінен купіць і ў Рут Маавіцянкі, жонкі памерлага, і павінен узяць яе замуж, каб узнавіць імя памерлага ў надзеле ягоным.
Ruth Bela 4:6  І сказаў той родзіч: не магу я ўзяць яе сабе, каб не парушыць свайго надзелу: прымі яе ты, бо я не магу прыняць.
Ruth Bela 4:7  Раней быў такі звычай у Ізраіля пры выкупе і пры абмене дзеля пацьвярджэньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому, і гэта было сьведчаньнем у Ізраіля.
Ruth Bela 4:8  І сказаў той родзіч Ваозу: купі сабе. І зьняў бот свой.
Ruth Bela 4:9  І сказаў Ваоз старэйшынам і ўсяму народу: вы цяпер сьведкі таго, што я купляю ў Наэміні ўсё Элімэлэхавае і ўсё Хілеонавае і Махлонавае:
Ruth Bela 4:10  таксама і Рут Маавіцянку, жонку Міхлонаву, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памерлага ў надзеле ягоным і каб ня знікла імя памерлага сярод братоў ягоных і каля брамы месца, дзе ён жыў: вы сёньня сьведкі таго.
Ruth Bela 4:11  І сказаў увесь народ, які каля брамы, і старэйшыны: мы сьведкі; хай створыць Гасподзь жонку, што ўваходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў; набывай багацьце ў Эфраце, і хай славіцца імя тваё ў Віфляеме;
Ruth Bela 4:12  і хай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога нарадзіла Тамар Юду, ад таго семя, якое дасьць табе Гасподзь ад гэтай маладзіцы.
Ruth Bela 4:13  І ўзяў Ваоз Рут, і яна зрабілася яго жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Гасподзь даў ёй цяжарнасьць, і яна нарадзіла сына.
Ruth Bela 4:14  І казалі жанчыны Наэміні: дабраславёны Гасподзь, што ён не пакінуў цябе сёньня без нашчадка! і хай славіцца імя яго ў Ізраілі!
Ruth Bela 4:15  ён будзе радасьцю і кармільцам у старасьці тваёй, бо яго нарадзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая табе лепей за семярых сыноў.
Ruth Bela 4:16  І ўзяла Наэмінь дзіця гэтае, і насіла яго ў абдымках сваіх, і была яму за няньку.
Ruth Bela 4:17  Суседкі далі яму імя і казалі: "у Наэміні нарадзіўся сын", і далі імя яму: Авід. Ён бацька Есэя, бацькі Давідавага.
Ruth Bela 4:18  І вось род Фарэсаў: Фарэс спарадзіў Эсрома;
Ruth Bela 4:19  Эсром спарадзіў Арама; Арам спарадзіў Амінадава;
Ruth Bela 4:20  Амаінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
Ruth Bela 4:21  Салмон спарадзіў Ваоза; Ваоз спарадзіў Авіда;
Ruth Bela 4:22  Авід спарадзіў Есэя; Есэй спарадзіў Давіда.