Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
DANIEL
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14
Prev Up Next Toggle notes
Chapter 3
Dani Bela 3:1  Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі,
Dani Bela 3:2  і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.
Dani Bela 3:3  І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.
Dani Bela 3:4  Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: "абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды:
Dani Bela 3:5  у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар,
Dani Bela 3:6  а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ".
Dani Bela 3:7  Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.
Dani Bela 3:8  У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў.
Dani Bela 3:9  Яны сказалі цару Навухаданосару: "цару, вавек жыві!
Dani Bela 3:10  Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу;
Dani Bela 3:11  а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ".
Dani Bela 3:12  Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца".
Dani Bela 3:13  Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.
Dani Bela 3:14  Навухаданосар сказаў ім: "ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?
Dani Bela 3:15  Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?"
Dani Bela 3:16  І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: "няма нам патрэбы адказваць табе на гэта.
Dani Bela 3:17  Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць.
Dani Bela 3:18  Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся".
Dani Bela 3:19  Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе,
Dani Bela 3:20  і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ.
Dani Bela 3:21  Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
Dani Bela 3:22  І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага.
Dani Bela 3:23  А гэтыя тры мужы — Сэдрах, Місах і Аўдэнага — упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.
Dani Bela 3:24  Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: "ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?" Яны ў адказ сказалі цару: "сапраўды так, цару!"
Dani Bela 3:25  На гэта ён сказаў: "вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага".
Dani Bela 3:26  Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: "Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Усявышняга! выйдзіце і падыдзеце!" Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.
Dani Bela 3:27  І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.
Dani Bela 3:28  Тады Навухаданосар сказаў: "дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь , абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго!
Dani Bela 3:29  І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агуднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць".
Dani Bela 3:30  Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі.
Dani Bela 3:31  "Навухаданосар цар усім народам, плямёнам і родам, якія жывуць на ўсёй зямлі: хай вам мір памножыцца!
Dani Bela 3:32  Азнакі і цуды, якія ўчыніў над мною Усявышні Бог, заўгодна мне абвясьціць вам.
Dani Bela 3:33  Якія вялікія азнакі Яго і якія магутныя цуды Яго! Царства Яго — царства вечнае, а валадарства Яго — у роды і роды".