Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
MICAH
Up
1 2 3 4 5 6 7
Toggle notes
Chapter 1
Mica Bela 1:1  Слова Гасподняе, якое было Міхею Марастыціну ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх, і якое адкрыта яму ў Самарыі і Ерусаліме.
Mica Bela 1:2  Слухайце ўсе народы, уважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе! Хай будзе Гасподзь Бог сьведка супроць вас, Госпадзе зь сьвятога храма Свайго!
Mica Bela 1:3  Бо вось, Гасподзь выходзіць зь месца Свайго, сыдзе і наступіць на вышыні зямлі,
Mica Bela 1:4  і горы растануць пад Ім, даліны распадуцца, як воск ад агню, як воды, што льюцца з урвішча.
Mica Bela 1:5  Усё гэта — за грэшнасьць Якава, за грэх дому Ізраілевага. Ад каго грэшнасьць Якава? ці не ад Самарыі? Хто зладзіў вышыні ў Юдэі? ці не Ерусалім?
Mica Bela 1:6  За што зраблю Самарыю грудай руінаў у полі, месцам пад разьвядзеньне вінаграду; скіну ў даліну каменьне яе і агалю асновы яе.
Mica Bela 1:7  Усе балваны яе будуць разьбіты і ўсе любадзейныя дары яе спалены будуць агнём, і ўсіх ідалаў яе аддам на разбурэньне, бо зь любадзейных дароў яна рабіла іх; на любадзейныя дары яны і будуць абернуты.
Mica Bela 1:8  За гэта я буду плакаць і галасіць, буду хадзіць як абрабаваны і аголены, выць, як шакалы, і плакаць, як страўсы,
Mica Bela 1:9  бо балючае паражэньне яе, дайшло да Юды, дасягнула нават да брамы народу майго, да Ерусаліма.
Mica Bela 1:10  Не абвяшчайце пра гэта ў Гэце, ня плачце там уголас; а ў селішчы Офра пакрый сябе попелам.
Mica Bela 1:11  Перасяляйцеся, жыхаркі Шафіра, сорамна аголеныя; не ўцячэ і тая, што жыве ў Цаане; плач у селішчы Эцаль ня дасьць вам спыніцца ў ім.
Mica Bela 1:12  Бядуе па сваім дабры жыхарка Мароты, бо сышло бедства ад Госпада да брамы Ерусаліма.
Mica Bela 1:13  Запрагай у калясьніцу борздых, жыхарка Лахіса; ты — пачатак грэху дачкі Сіёнавай, бо ў цябе паявіліся злачынствы Ізраіля.
Mica Bela 1:14  Таму ты пасылаць будзеш дары ў Марэшэт-Гэт; але селішчы Ахзіва будуць падманам царам Ізраілевым.
Mica Bela 1:15  Яшчэ нашчадка прывядуць да цябе, жыхарка Марэша; ён пройдзе да Адалама, славы Ізраіля.
Mica Bela 1:16  Здымі зь сябе валасы, астрыжыся, смуткуючы па пяшчотналюбасных сынах тваіх; пашыры дзеля іх лысіну, як у лінялага арла, бо яны пераселены будуць ад цябе.
Chapter 2
Mica Bela 2:1  Гора тым, якія намышляюць беззаконьне і на ложках сваіх прыдумваюць зладзействы, якія ўчыняюць раніцай на сьвітаньні, бо ёсьць у руцэ ў іх сіла!
Mica Bela 2:2  Захочуць палёў, і бяруць іх сілаю, дамоў — і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і яго дом, мужа і яго спадчыну.
Mica Bela 2:3  Таму так кажа Гасподзь: вось, я намышляю навесьці на гэты род такое бедства, якога вы ня скінеце з шыі вашай, і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся; бо гэта час ліхі.
Mica Bela 2:4  У той дзень скажуць пра вас прытчу, і будуць плакаць горкімі сьлязьмі і казаць: "мы зусім спустошаныя! доля народу майго аддадзена іншым; як вернецца да мяне! палі нашыя ўжо разьдзелены іншапляменцамі".
Mica Bela 2:5  Таму ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў бы жэрабя для вымярэньня на сходзе перад Госпадам.
Mica Bela 2:6  Не прарочце, прарокі; не прарочце ім, каб не спасьцігла вас няслава.
Mica Bela 2:7  О, той, хто называе сябе домам Якава! Хіба ж паменшыўся дух Гасподні? ці такія дзеяньні Яго? ці не дабратворныя словы мае таму, хто дзее справядліва?
Mica Bela 2:8  А народ, які быў раней Маім, паўстаў як вораг, і вы адбіраеце як верхнюю так і споднюю вопратку ў тых, што праходзяць мірна, хто адварочваецца ад вайны.
Mica Bela 2:9  Жанчын народу Майго вы выганяеце з прыёмных дамоў іхніх; у дзяцей іхніх вы назаўсёды адбіраеце акрасу Маю.
Mica Bela 2:10  Устаньце і адыдзеце, бо краіна гэтая ня ёсьць месца спакою; за нячыстасьць яна будзе спустошана і пры тым жорсткім спусташэньнем.
Mica Bela 2:11  Калі б які-небудзь ветрагон выдумаў ману і сказаў: "я буду прапаведаваць табе пра віно і сікеру", дык ён і быў бы заўгодным прапеведнікам гэтаму народу.
Mica Bela 2:12  Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якаве, абавязкова злучу рэшткі Ізраіля, спалучу іх у адно, як авечак у Васоры, як статак у авечай кашары; зашумяць яны ад шматлюдства.
Mica Bela 2:13  Перад імі пойдзе разбуральнік муроў; яны зьнішчаць перашкоды, увойдуць праз браму і выйдуць празь яе, і цар іхні пойдзе перад імі, а на чале іх — Гасподзь.
Chapter 3
Mica Bela 3:1  І сказаў я: слухайце, галовы Якава і князі дома Ізраілевага: ці ж ня вам трэба ведаць праўду?
Mica Bela 3:2  А вы ненавідзіце добрае і любіце ліхое; лупіце зь іх скуру іхнюю і плоць з касьцей іхніх,
Mica Bela 3:3  ясьце плод народу Майго і лупіце зь іх скуру іхнюю, а косьці іх ламаеце і крышыце як бы ў горшчык, і плоць — як бы ў кацёл.
Mica Bela 3:4  І будуць яны заклікаць да Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, як яны зладзейнічаюць.
Mica Bela 3:5  Так казаў Гасподзь на прарокаў, якія ўводзяць у аблуду народ Мой, якія грызуць зубамі сваімі — і прапаведуюць мір, а хто нічога не кладзе ім у рот, супроць таго абвяшчаюць вайну.
Mica Bela 3:6  Таму ноч будзе вам замест уявы і цемра — замест прадказаньняў; зойдзе сонца над прарокамі і пацямнее дзень над імі.
Mica Bela 3:7  І пасаромеюцца празорліўцы, і пасаромленыя будуць варажбіты, і замкнуць вусны свае ўсе яны, таму што ня будзе адказу ад Бога.
Mica Bela 3:8  А я напоўнены сілаю Духа Гасподняга, праўды і цьвёрдасьці, каб выказаць Якаву злачынства яго і Ізраілю — грэх ягоны.
Mica Bela 3:9  Слухайце ж гэта, галовы дому Якаўлевага і князі дому Ізраілевага, якія грэбуюць правасудзьдзем і скрыўляюць усё простае,
Mica Bela 3:10  будуюць Сіён крывёю і Ерусалім — няпраўдаю!
Mica Bela 3:11  Галовы яго судзяць за дарункі і сьвятары яго вучаць за плату і прарокі яго прадказваюць за грошы, а тым часам абапіраюцца на Госпада, кажучы: "ці не сярод вас Гасподзь? Не спасьцігне нас бяда!"
Mica Bela 3:12  Таму за вас Сіён узараны будзе як поле, і Ерусалім зробіцца грудай руінаў, і гара дома гэтага будзе лясістым пагоркам.
Chapter 4
Mica Bela 4:1  І будзе ў апошнія дні: гара дома Гасподняга пастаўлена будзе на чале гор і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе народы.
Mica Bela 4:2  І пойдуць многія народы і скажуць: "прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Гасподнюю і ў дом Бога Якаўлевага, — і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных; бо ад Сіёна выйдзе закон і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.
Mica Bela 4:3  І будзе Ён судзіць многія народы і выкрые многія плямёны ў далёкіх краінах; і перакуюць яны мечы свае на аралы і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць,
Mica Bela 4:4  але кожны будзе сядзець пад сваёю вінаграднаю лазою і пад сваёю смакоўніцай, і ніхто ня будзе палохаць іх, бо вусны Госпада Саваофа вымавілі гэта.
Mica Bela 4:5  Бо ўсе народы ходзяць, кожны — у імя свайго бога; а мы будзем хадзіць у імя Госпада Бога нашага вавек".
Mica Bela 4:6  У той дзень, кажа Гасподзь, зьбяру кульгавае і спалучу разагнанае і тых, на каго я навёў бедства.
Mica Bela 4:7  І зраблю кульгавае астаткам і далёка расьсеянае моцным народам, і Гасподзь будзе валадарыць над імі на гары Сіёне ад сёньня і давеку.
Mica Bela 4:8  А ты, вежа статку, пагорак дачкі Сіёна! да цябе прыйдзе і вернецца ранейшае ўладарства, царства — да дачок Ерусаліма.
Mica Bela 4:9  Дзеля чаго ж ты сёньня так голасна лямантуеш? Хіба няма ў цябе цара? Альбо ня стала ў цябе дарадцы, што цябе схапілі пакуты, як парадзіху?
Mica Bela 4:10  Пакутуй і ўбольвайся мукамі, дачка Сіёна, як парадзіха, бо сёньня ты выйдзеш з горада і будзеш жыць у полі і дойдзеш да Вавілона. Ты будзеш выратавана, там адкупіць цябе Гасподзь ад рукі ворагаў тваіх.
Mica Bela 4:11  А цяпер сабраліся супроць цябе многія народы і кажуць: "хай будзе яна апаганена, і хай нагледзіцца вока нашае на Сіён!"
Mica Bela 4:12  Але яны ня ведаюць думак Гасподніх і не разумеюць парады Ягонай, што Ён сабраў іх як снапы на гумно.
Mica Bela 4:13  Устань і малаці, дачка Сіёна; бо Я зраблю рог твой жалезным і капыты твае зраблю меднымі, — і скрышыш многія народы і прысьвеціш Госпаду здабыткі іхнія і багацці іхнія Уладару ўсёй зямлі.
Chapter 5
Mica Bela 5:1  Цяпер узбурся, дачка полчышчаў: абкладзі нас аблогаю, трысьцінаю біцьмуць па шчацэ судзьдзю Ізраілевага.
Mica Bela 5:2  І ты, Віфляеме — Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных.
Mica Bela 5:3  Таму Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернуцца да сыноў Ізраіля і пазасталыя браты іхнія.
Mica Bela 5:4  І стане Ён, і будзе пасьвіць у сіле Гасподняй, у велічы імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бясьпечна, бо тады Ён будзе вялікі да краёў зямлі.
Mica Bela 5:5  І будзе Ён — мір. Калі Асур прыйдзе ў нашую зямлю і ўступіць у нашыя харомы, мы выставім супроць яго сем пастыраў і восем князёў.
Mica Bela 5:6  І будуць яны пасьвіць зямлю Асура мячом і зямлю Нэмврода ў самай браме яе, і вось Ён выбавіць ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі ўступіць у межы нашыя.
Mica Bela 5:7  І будзе астатак Якава сярод многіх народаў як раса ад Госпада, як зьліва на траву, і ён ня будзе залежаць ад чалавека і пакладацца на сыноў Адамавых.
Mica Bela 5:8  І будзе астатак Якаваў паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў — сярод зьвяроў лясных, як ільвяня — сярод статку авечак, які, калі выступіць, дык топча і рве, і ніхто не ўратуе ад яго.
Mica Bela 5:9  Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае будуць вынішчаны.
Mica Bela 5:10  І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь: зьнішчу коней тваіх з асяродзьдзя твайго і зьнішчу калясьніцы твае,
Mica Bela 5:11  вынішчу гарады ў зямлі тваёй, і разбуру ўсе ўмацаваньні твае;
Mica Bela 5:12  і вырву чарадзействы з рукі тваёй, і варажбітоў па аблоках ня будзе ў цябе;
Mica Bela 5:13  зьнішчу балваноў тваіх і ідалаў з асяродзьдзя твайго,- і ня будзеш больш пакланяцца вырабам рук тваіх;
Mica Bela 5:14  выкараню з асяродзьдзя твайго сьвяшчэнныя гаі твае і спустошу гарады твае.
Mica Bela 5:15  І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія будуць непаслухмяныя.
Chapter 6
Mica Bela 6:1  Слухайце, што кажа Гасподзь; устань, судзіся перад гарамі, і пагоркі няхай чуюць голас твой!
Mica Bela 6:2  Слухайце, горы, суд Гасподні, і вы, цьвёрдыя асновы зямлі, бо ў Госпада — суд з народам Сваім, і зь Ізраілем Ён спаборні-чае.
Mica Bela 6:3  Народзе мой! што зрабіў Я табе і чым абцяжарваў цябе? адказвай Мне.
Mica Bela 6:4  Я вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай і выкупіў цябе з дома рабства і паслаў перад табою Майсея, Арона і Марыям.
Mica Bela 6:5  Народзе Мой! успомні, што намышляў Валак, цар Маавіцкі, і што адказваў яму Валаам, сын Вэораў і што рабілася ад Сітыма да Галгалаў, каб спазнаць табе праведня дзеі Гасподнія.
Mica Bela 6:6  "З чым стаць мне перад Госпадам, пакланіцца перад Богам Нябесным? Ці стаць перад Ім з цэласпаленьнямі, зь цялятамі-аднагодкамі?
Mica Bela 6:7  Але ці можна дагадзіць Госпаду тысячамі бараноў альбо безьлічнымі патокамі алею? Ці ж бо дам Яму першынца майго за злачынства маё і плод чэрава майго — за грэх душы маёй?"
Mica Bela 6:8  О, чалавеча! сказана табе, што — дабро, і чаго патрабуе ад цябе Гасподзь: дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам тваім.
Mica Bela 6:9  Голас Госпада кліча да горада, і мудрасьць нямее перад імем Тваім: слухайце жазло і Таго, хто паставіў яго.
Mica Bela 6:10  Ці не знаходзяцца і цяпер у доме ў бязбожнага скарбы бязбожнасьці і паменшаная мера, агідная?
Mica Bela 6:11  Ці магу я быць чысты з вагамі няправільнымі і з падманнымі гірамі ў торбе?
Mica Bela 6:12  Так і гэтак багацеі яго поўныя няпраўды, і жыхары яго кажуць ману, і язык іхні ёсьць падман у вуснах іхніх,
Mica Bela 6:13  дык і Я нявылечна ўражу цябе спусташэньнем за грахі твае.
Mica Bela 6:14  Ты будзеш есьці — і ня будзеш сыты; пустата будзе ўсярэдзіне ў цябе; будзеш ашчаджаць, але не ашчадзіш, а што ашчадзіш, тое аддам мечу.
Mica Bela 6:15  Будзеш сеяць, а жаць ня будзеш; будзеш чавіць алівы — і ня будзеш умашчвацца алеем; начавіш вінаграднага соку, а віна піць ня будзеш.
Mica Bela 6:16  Захаваліся ў вас звычаі Аўрамія і ўсе справы дому Ахававага, і вы робіце паводле парадаў іхніх; і аддам Я цябе спусташэньню і жыхароў тваіх — пасьмяяньню, і вы панесяце нагану народу Майго.
Chapter 7
Mica Bela 7:1  Гора мне! бо са мною цяпер — як пасьля збору летніх пладоў, як пасьля збору вінаграду: ніводнай ягадзіны на ежу, ні сьпелага плоду, якога жадае душа мая.
Mica Bela 7:2  Ня стала міласэрных на зямлі, няма праўдзівых сярод людзей; усе куюць змусты, каб праліваць кроў; кожны ставіць на брата свайго сетку.
Mica Bela 7:3  Рукі іхнія павернуты на тое, каб умець рабіць ліха; начальнік патрабуе дарункаў, і судзьдзя судзіць за хабар, а вяльможы выказваюць благія хаценьні душы сваёй і перакручваюць справу.
Mica Bela 7:4  Лепшы зь іх — як цёрн і справядлівы — горшы за калючы плот. Дзень узьвяшчальнікаў Тваіх, адведзіны Твае настаюць; сёньня спасьцігне іх бянтэжа.
Mica Bela 7:5  Ня верце сябру, не пакладайцеся на прыяцеля; ад той, што ляжыць на ўлоньні тваім, ахоўвае дзьверы вуснаў тваіх.
Mica Bela 7:6  Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супроць маці, нявестка — супроць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека — хатнія ягоныя.
Mica Bela 7:7  А я буду глядзець на Госпада, спадзявацца на Бога выратаваньня майго: Бог мой пачуе мяне.
Mica Bela 7:8  Ня радуйся дзеля мяне, непрыяцелька мая! хоць я ўпаў, але ўстану; хоць я ў змроку, але Гасподзь сьвятло мне.
Mica Bela 7:9  Гнеў Гасподні я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную.
Mica Bela 7:10  І ўгледзіць гэта непрыяцелька мая, і сорам пакрые яе, якая казала мне: "дзе Гасподзь Бог твой?" Нагледзяцца на яе вочы мае, як яна будзе таптаная быццам бруд на вуліцах.
Mica Bela 7:11  У дзень збудаваньня сьценаў тваіх — у гэты дзень аддаліцца вызначэньне.
Mica Bela 7:12  У той дзень прыйдуць да цябе з Асірыі і гарадоў Егіпецкіх, і ад Егіпта да ракі Еўфрата, і ад мора да мора, і ад гары да гары.
Mica Bela 7:13  А зямля тая будзе пустыняю за віну жыхароў яе, за плады дзеяў іхніх.
Mica Bela 7:14  Пасьві народ Твой жазлом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць самотна ў лесе сярод Карміла; хай пасьвяцца яны на Васане і Галаадзе, як у дні старадаўнія!
Mica Bela 7:15  Як у дні зыходу твайго зь зямлі Егіпецкай, яўлю яму дзівосныя дзеі.
Mica Bela 7:16  Убачаць гэта народы і пасаромеюцца пры ўсёй магутнасьці сваёй: пакладуць руку на вусны, вушы іх зробяцца глухімі;
Mica Bela 7:17  будуць лізаць пыл, як зьмяя, як чэрві зямныя выпаўзуць яны з умацаваньняў сваіх; збаяцца Госпада Бога нашага, і збаяцца Цябе.
Mica Bela 7:18  Хто Бог, як Ты, Які выбачаеш беззаконьне і не залічваеш злачынствы астатку спадчыны Тваёй? ня вечна гневаецца Ён, бо любіць літаваць.
Mica Bela 7:19  Ён зноў умілажаліцца з нас, загладзіць беззаконьні нашыя. Ты ўкінеш у багну марскую ўсе грахі нашыя.
Mica Bela 7:20  Ты явіш вернасьць Якаву, літасьць Абрагаму, якую з клятваю абяцаў бацькам нашым ад дзён першых.