Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
SONG OF SOLOMON
Up
1 2 3 4 5 6 7 8
Chapter 1
Song Bela 1:1  Найвышэйшая песьня Саламонава.
Song Bela 1:2  Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.
Song Bela 1:3  Ад водару мазяў тваіх, імя тваё — як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.
Song Bela 1:4  Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; — цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; — больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!
Song Bela 1:5  Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.
Song Bela 1:6  Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, — вінаграднікі вартаваць мне казалі, — свайго вінаградніка я не ўпільнавала.
Song Bela 1:7  Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?
Song Bela 1:8  Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.
Song Bela 1:9  З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.
Song Bela 1:10  Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;
Song Bela 1:11  зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.
Song Bela 1:12  Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.
Song Bela 1:13  Мне мой мілы — як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,
Song Bela 1:14  мне мой мілы — як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.
Song Bela 1:15  Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы — дзьве галубіцы!
Song Bela 1:16  Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш — зелень; стрэхі дамоў нашых — кедры, столі іх — кіпарысы.
Chapter 2
Song Bela 2:1  Я — раўнінны нарцыс Саронскі, я — лілея з даліны!
Song Bela 2:2  Як лілея сярод бадзякоў — каханая сярод сябровак!
Song Bela 2:3  Як яблыня сярод лясных дрэў — каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.
Song Bela 2:4  Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг — каханьне!
Song Bela 2:5  Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.
Song Bela 2:6  Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
Song Bela 2:7  Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
Song Bela 2:8  Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, —
Song Bela 2:9  мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.
Song Bela 2:10  Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!
Song Bela 2:11  Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;
Song Bela 2:12  кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,
Song Bela 2:13  налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!
Song Bela 2:14  Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас — салодкі, бо мне тварык твой вабны!
Song Bela 2:15  Лавеце нам лісянятак і лісак лавеце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!
Song Bela 2:16  Каханы аддадзены мне, я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
Song Bela 2:17  Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой ілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.
Chapter 3
Song Bela 3:1  Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.
Song Bela 3:2  Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.
Song Bela 3:3  Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: "Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?"
Song Bela 3:4  Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; ухапілася за яго, не адпусціла яго, прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй, у харомы той, што мяне нарадзіла.
Song Bela 3:5  Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
Song Bela 3:6  Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?
Song Bela 3:7  Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.
Song Bela 3:8  І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.
Song Bela 3:9  Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,
Song Bela 3:10  слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.
Song Bela 3:11  Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.
Chapter 4
Song Bela 4:1  Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае — галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,
Song Bela 4:2  твае зубы — як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;
Song Bela 4:3  як чырвоная стужка — губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната — шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;
Song Bela 4:4  як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых.
Song Bela 4:5  Грудзі твае — як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.
Song Bela 4:6  Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.
Song Bela 4:7  Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!
Song Bela 4:8  Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!
Song Bela 4:9  Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.
Song Bela 4:10  Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!
Song Bela 4:11  Сотавы мёд цякучы — губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.
Song Bela 4:12  Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:
Song Bela 4:13  зарасьнікі твае — гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,
Song Bela 4:14  нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;
Song Bela 4:15  калодзеж садоў — крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!
Song Bela 4:16  Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! — Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.
Chapter 5
Song Bela 5:1  Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!
Song Bela 5:2  Я сплю, а сэрца маё чувае; вось , голас каханага, які стукаецца: "Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая — абрасілася, мае кучары — ў начной вільгаці".
Song Bela 5:3  Я хітон свой зьняла — як жа зноў надзяваць мне яго? Я вымыла ногі мае;Як жа мне пэцкаць іх!
Song Bela 5:4  Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.
Song Bela 5:5  Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.
Song Bela 5:6  Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала — ён не азваўся.
Song Bela 5:7  Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.
Song Bela 5:8  Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.
Song Bela 5:9  Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?
Song Bela 5:10  Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.
Song Bela 5:11  Галава ў яго — чыстае золата; яго кучары — гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,
Song Bela 5:12  вочы ў яго — галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,
Song Bela 5:13  шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго — лілеі, зь якіх цячэ міра;
Song Bela 5:14  рукі ў яго — жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго — як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,
Song Bela 5:15  ногі ў яго — слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы — Ліван, велічны, нібыта кедры.
Song Bela 5:16  Вусны ў яго — гэта слодыч, і ўвесь ён — уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!
Chapter 6
Song Bela 6:1  Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, — пашукаем яго з табою!
Song Bela 6:2  Мой каханы ў сад свой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.
Song Bela 6:3  Адданы мой любы мне, а я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
Song Bela 6:4  Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!
Song Bela 6:5  Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.
Song Bela 6:6  Твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы — як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,
Song Bela 6:7  як палавінкі граната, шчочкі твае — пад кудзеркамі тваімі.
Song Bela 6:8  Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч — дзяўчат;
Song Bela 6:9  ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна — дачка ясная ў мацеркі роднай — пазначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы — і пахвалілі яе.
Song Bela 6:10  Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?
Song Bela 6:11  Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?
Song Bela 6:12  Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.
Chapter 7
Song Bela 7:1  Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад — дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?
Song Bela 7:2  Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;
Song Bela 7:3  твой пупок — нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот — гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;
Song Bela 7:4  твае грудзі — два казьляняткі, блізьняткі сарны;
Song Bela 7:5  твая шыя — вежа з слановае косьці; твае вочы — Эсэвонскія сажалкі каля брамы Батрабім; твой нос — як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;
Song Bela 7:6  твая галава — як гара Карміл, і пасмачкі валасоў — як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.
Song Bela 7:7  Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!
Song Bela 7:8  Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі — да вінаградных гронак.
Song Bela 7:9  Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе — хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе — як яблыкі;
Song Bela 7:10  і вусны твае — як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.
Song Bela 7:11  Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.
Song Bela 7:12  Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;
Song Bela 7:13  выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.
Song Bela 7:14  Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.
Chapter 8
Song Bela 8:1  О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
Song Bela 8:2  Прывяла б я цябе з сабою у дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
Song Bela 8:3  Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
Song Bela 8:4  Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
Song Bela 8:5  Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
Song Bela 8:6  Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае.
Song Bela 8:7  Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за каханьне, іх адхілілі б з пагардай.
Song Bela 8:8  Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
Song Bela 8:9  А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі.
Song Bela 8:10  Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы; і грудкі ' мяне, як вежы; таму ён ува мне знойдзе апору.
Song Bela 8:11  Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
Song Bela 8:12  А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым.
Song Bela 8:13  О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
Song Bela 8:14  Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!