Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
EPHESIANS
Up
1 2 3 4 5 6
Chapter 1
Ephe Bela 1:1  Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:
Ephe Bela 1:2  мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Ephe Bela 1:3  Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах,
Ephe Bela 1:4  бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові,
Ephe Bela 1:5  наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй,
Ephe Bela 1:6  на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным,
Ephe Bela 1:7  у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай,
Ephe Bela 1:8  якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,
Ephe Bela 1:9  адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім,
Ephe Bela 1:10  на зьдзяйсьненьне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысьце;
Ephe Bela 1:11  у Ім мы і зрабіліся спадкаемцамі, і былі наперад назначаны на тое згодна з воляй Таго, Хто ўсё чыніць паводле хаценьня волі Сваёй,
Ephe Bela 1:12  каб заслужыцца на пахвалу славы Ягонай нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста;
Ephe Bela 1:13  у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, абвяшчэньне вашага выратаваньня, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаткаю абяцанага Духа Сьвятога,
Ephe Bela 1:14  Які ёсьць зарука спадчыны нашай, на адкупленьне долі Ягонай, на хвалу славы Ягонай!
Ephe Bela 1:15  Таму і я, дачуўшыся пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
Ephe Bela 1:16  не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх,
Ephe Bela 1:17  каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго,
Ephe Bela 1:18  і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых,
Ephe Bela 1:19  і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі празь дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай,
Ephe Bela 1:20  якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,
Ephe Bela 1:21  найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
Ephe Bela 1:22  і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў яго вышэй за ўсё, галавою Царквы,
Ephe Bela 1:23  якая ёсьць Цела Ягонае, поўнасьць Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Chapter 2
Ephe Bela 2:1  І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,
Ephe Bela 2:2  у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,
Ephe Bela 2:3  сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,
Ephe Bela 2:4  Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
Ephe Bela 2:5  і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, — мілатою вы ўратаваныя,
Ephe Bela 2:6  і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
Ephe Bela 2:7  каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
Ephe Bela 2:8  Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, — Божы дар:
Ephe Bela 2:9  не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
Ephe Bela 2:10  Бо мы — Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
Ephe Bela 2:11  Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі "неабрэзанымі", так званыя "рукатворна абрэзаныя на плоці",
Ephe Bela 2:12  што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
Ephe Bela 2:13  а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:
Ephe Bela 2:14  бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне,
Ephe Bela 2:15  скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, — а закон запаведзяў — вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
Ephe Bela 2:16  і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
Ephe Bela 2:17  і, прыйшоўшы, "абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім",
Ephe Bela 2:18  бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.
Ephe Bela 2:19  Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
Ephe Bela 2:20  уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
Ephe Bela 2:21  на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
Ephe Bela 2:22  на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
Chapter 3
Ephe Bela 3:1  Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
Ephe Bela 3:2  Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
Ephe Bela 3:3  таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, — пра што я і вышэй коратка пісаў, -
Ephe Bela 3:4  дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
Ephe Bela 3:5  якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
Ephe Bela 3:6  каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
Ephe Bela 3:7  слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.
Ephe Bela 3:8  Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая — зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае
Ephe Bela 3:9  і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,
Ephe Bela 3:10  каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,
Ephe Bela 3:11  паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
Ephe Bela 3:12  у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.
Ephe Bela 3:13  А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны — ваша слава.
Ephe Bela 3:14  Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Ephe Bela 3:15  ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,
Ephe Bela 3:16  хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,
Ephe Bela 3:17  каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,
Ephe Bela 3:18  каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,
Ephe Bela 3:19  і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.
Ephe Bela 3:20  А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнана болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,
Ephe Bela 3:21  Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.
Chapter 4
Ephe Bela 4:1  Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
Ephe Bela 4:2  з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
Ephe Bela 4:3  імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
Ephe Bela 4:4  Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
Ephe Bela 4:5  адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
Ephe Bela 4:6  адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.
Ephe Bela 4:7  А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
Ephe Bela 4:8  Таму і сказана: "падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям".
Ephe Bela 4:9  А "падняўся" што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
Ephe Bela 4:10  Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
Ephe Bela 4:11  І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
Ephe Bela 4:12  на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
Ephe Bela 4:13  пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
Ephe Bela 4:14  каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
Ephe Bela 4:15  А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
Ephe Bela 4:16  зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
Ephe Bela 4:17  Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
Ephe Bela 4:18  бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
Ephe Bela 4:19  яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
Ephe Bela 4:20  Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
Ephe Bela 4:21  бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, — бо ісьціна ў Ісусе, —
Ephe Bela 4:22  пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
Ephe Bela 4:23  а абнавіцца духам розуму вашага
Ephe Bela 4:24  і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
Ephe Bela 4:25  Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
Ephe Bela 4:26  Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
Ephe Bela 4:27  і не давайце месца д’яблу.
Ephe Bela 4:28  Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
Ephe Bela 4:29  Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
Ephe Bela 4:30  І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
Ephe Bela 4:31  Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
Ephe Bela 4:32  але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.
Chapter 5
Ephe Bela 5:1  Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
Ephe Bela 5:2  і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
Ephe Bela 5:3  А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
Ephe Bela 5:4  Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
Ephe Bela 5:5  бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
Ephe Bela 5:6  Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
Ephe Bela 5:7  дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
Ephe Bela 5:8  Вы былі колісь цемра, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,
Ephe Bela 5:9  бо плод Духа — ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
Ephe Bela 5:10  Шукайце таго, што да спадобы Богу,
Ephe Bela 5:11  і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
Ephe Bela 5:12  бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
Ephe Bela 5:13  А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
Ephe Bela 5:14  Таму сказана: "устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!".
Ephe Bela 5:15  Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
Ephe Bela 5:16  цэнячы дорага час, бо дні — ліхія.
Ephe Bela 5:17  Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
Ephe Bela 5:18  І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
Ephe Bela 5:19  настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
Ephe Bela 5:20  дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Ephe Bela 5:21  слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
Ephe Bela 5:22  Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
Ephe Bela 5:23  бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
Ephe Bela 5:24  Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
Ephe Bela 5:25  Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
Ephe Bela 5:26  каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
Ephe Bela 5:27  каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
Ephe Bela 5:28  Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
Ephe Bela 5:29  Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
Ephe Bela 5:30  бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
Ephe Bela 5:31  Таму "пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць".
Ephe Bela 5:32  Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
Ephe Bela 5:33  Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.
Chapter 6
Ephe Bela 6:1  Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.
Ephe Bela 6:2  Шануй бацьку твайго і маці — гэта першая запаведзь з абяцаньнем:
Ephe Bela 6:3  "Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі".
Ephe Bela 6:4  І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.
Ephe Bela 6:5  Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,
Ephe Bela 6:6  ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,
Ephe Bela 6:7  служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,
Ephe Bela 6:8  ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.
Ephe Bela 6:9  І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.
Ephe Bela 6:10  Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;
Ephe Bela 6:11  апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д’ябальскіх;
Ephe Bela 6:12  бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.
Ephe Bela 6:13  Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.
Ephe Bela 6:14  Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,
Ephe Bela 6:15  і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
Ephe Bela 6:16  а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;
Ephe Bela 6:17  і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;
Ephe Bela 6:18  усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых
Ephe Bela 6:19  і за мяне, каб мне дадзена было слова — вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,
Ephe Bela 6:20  дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.
Ephe Bela 6:21  А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,
Ephe Bela 6:22  якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
Ephe Bela 6:23  Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
Ephe Bela 6:24  Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.