Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
II CORINTHIANS
Up
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13
Toggle notes
Chapter 1
II C Bela 1:1  Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:
II C Bela 1:2  мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
II C Bela 1:3  Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,
II C Bela 1:4  Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!
II C Bela 1:5  Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.
II C Bela 1:6  Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;
II C Bela 1:7  і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.
II C Bela 1:8  Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.
II C Bela 1:9  Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
II C Bela 1:10  Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,
II C Bela 1:11  калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.
II C Bela 1:12  Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас.
II C Bela 1:13  І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце,
II C Bela 1:14  як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста,
II C Bela 1:15  і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату,
II C Bela 1:16  і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю.
II C Bela 1:17  Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то "так-так", то "не-не"?
II C Bela 1:18  Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то "так", то "не".
II C Bela 1:19  Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў "так" і "не"; а ў Ім было "так",
II C Bela 1:20  бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім "так" і ў Ім "амін" на славу Божую праз нас.
II C Bela 1:21  А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
II C Bela 1:22  Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.
II C Bela 1:23  Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,
II C Bela 1:24  не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.
Chapter 2
II C Bela 2:1  І вось разважыў я сам сабе ня ісьці да вас зноў з засмучэньнем;
II C Bela 2:2  бо калі я засмучаю вас, дык хто ж парадуе мяне, як ня той, хто засмучаны мною?
II C Bela 2:3  Гэта самае і пісаў я вам, каб, прыйшоўшы, ня мець засмучэньня ад тых, за каго мне сьлед было радавацца; бо я за ўсіх вас пэўны, што мая радасьць ёсьць радасьць і ўсім вам.
II C Bela 2:4  Ад вялікае скрухі і прыгнечанага сэрца я пісаў вам зь вялікімі сьлязьмі не на тое, каб засмуціць вас, а каб вы спазналі любоў, якое я маю багата да вас!
II C Bela 2:5  А калі хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, а часткова — каб не сказаць многа — і ўсіх вас.
II C Bela 2:6  Такому досыць і гэтае кары ад многіх,
II C Bela 2:7  так што вам лепей ужо дараваць яму і пашкадаваць яго, каб не апанаваў яго надта вялікі смутак,
II C Bela 2:8  і таму прашу вас не абысьці яго любоўю.
II C Bela 2:9  На тое бо я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
II C Bela 2:10  А каму вы ў чым даруеце, таму і я; бо і я, калі каму ў чым дараваў, дараваў дзеля вас у імя Хрыстовае,
II C Bela 2:11  каб не зрабіў нам шкоды сатана; бо нам вядомы ягоныя намыслы.
II C Bela 2:12  Прыйшоўшы ў Трааду для зьвеставаньня пра Хрыста, хоць мне і адчынены дзьверы былі Госпадам,
II C Bela 2:13  я ня меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; а разьвітаўшыся зь імі, я пайшоў у Македонію.
II C Bela 2:14  Але дзякаваць Богу, Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце і духмянасьць ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожнай мясьціне.
II C Bela 2:15  Бо мы Хрыстовая духмянасьць Богу ў тых, што ратуюцца і што гінуць.
II C Bela 2:16  Адным — водар сьмертаносны на сьмерць, а другім — водар жыўнасны на жыцьцё! І хто здольны на гэта?
II C Bela 2:17  Мы не прадаём слова Божага, як многія, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.
Chapter 3
II C Bela 3:1  Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?
II C Bela 3:2  Вы — нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;
II C Bela 3:3  вы паказваеце сабою, што вы — пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.
II C Bela 3:4  Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,
II C Bela 3:5  не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;
II C Bela 3:6  Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.
II C Bela 3:7  Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,
II C Bela 3:8  дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!
II C Bela 3:9  Бо калі служэньне асуджэньня — слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.
II C Bela 3:10  Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.
II C Bela 3:11  Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.
II C Bela 3:12  Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,
II C Bela 3:13  а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.
II C Bela 3:14  Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.
II C Bela 3:15  Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;
II C Bela 3:16  але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.
II C Bela 3:17  Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.
II C Bela 3:18  А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.
Chapter 4
II C Bela 4:1  Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;
II C Bela 4:2  але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
II C Bela 4:3  Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,
II C Bela 4:4  нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.
II C Bela 4:5  Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,
II C Bela 4:6  таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
II C Bela 4:7  Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;
II C Bela 4:8  нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;
II C Bela 4:9  нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;
II C Bela 4:10  заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.
II C Bela 4:11  Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,
II C Bela 4:12  так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
II C Bela 4:13  Але, маючы той самы дух веры, як напісана: "я вераваў і таму гаварыў", і мы веруем, таму і гаворым,
II C Bela 4:14  ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
II C Bela 4:15  Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.
II C Bela 4:16  Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны — дзень у дзень абнаўляецца,
II C Bela 4:17  бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,
II C Bela 4:18  калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае!
Chapter 5
II C Bela 5:1  Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
II C Bela 5:2  Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча;
II C Bela 5:3  толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі.
II C Bela 5:4  Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.
II C Bela 5:5  На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
II C Bela 5:6  Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада"
II C Bela 5:7  бо ходзім вераю, а ня бачаньнем,
II C Bela 5:8  дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе,
II C Bela 5:9  і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму;
II C Bela 5:10  бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое.
II C Bela 5:11  І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням.
II C Bela 5:12  Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
II C Bela 5:13  Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас.
II C Bela 5:14  Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
II C Bela 5:15  А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
II C Bela 5:16  Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.
II C Bela 5:17  Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.
II C Bela 5:18  А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
II C Bela 5:19  таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.
II C Bela 5:20  Вось мы — пасланцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!
II C Bela 5:21  Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.
Chapter 6
II C Bela 6:1  А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі.
II C Bela 6:2  Бо сказана: "у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе". Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня.
II C Bela 6:3  Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне,
II C Bela 6:4  а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках,
II C Bela 6:5  пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах,
II C Bela 6:6  у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
II C Bela 6:7  у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ,
II C Bela 6:8  у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя;
II C Bela 6:9  мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы караныя, але мы не паміраем;
II C Bela 6:10  нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем.
II C Bela 6:11  Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана.
II C Bela 6:12  Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна.
II C Bela 6:13  Такою ж роўнаю мераю — кажу вам, як дзецям, — зрабеце і вашае сэрца шырокім!
II C Bela 6:14  Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю?
II C Bela 6:15  Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным?
II C Bela 6:16  Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: "усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам".
II C Bela 6:17  І таму выйдзіце зь іхняга асяродзьдзя і аддзялецеся, — кажа Гасподзь, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас
II C Bela 6:18  і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны".
Chapter 7
II C Bela 7:1  І вось, любасныя, маючы такія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усякае паганасьці плоці і духу, творачы сьвятыню ў страху Божым.
II C Bela 7:2  Дайце месца нам: мы нікога не пакрыўдзілі, і нікому не нашкодзілі, ні ад кога не дамагаліся карысьці.
II C Bela 7:3  Не на асуду кажу; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, так каб разам і памерці і жыць.
II C Bela 7:4  Я шмат спадзяюся на вас, шмат хвалюся вамі; я поўны ўцехі, узбагачаюся радасьцю пры ўсёй журбе нашай.
II C Bela 7:5  Бо, калі прыйшлі мы ў Македонію, цела наша ня мела ніякага спакою, а мы былі ўціснутыя адусюль: звонку — напады, усярэдзіне — страхі.
II C Bela 7:6  Але Бог, суцешнік пакорлівых, суцешыў нас Цітавым прыходам
II C Bela 7:7  і ня толькі прыходам яго, але і ўцехаю, якою ён суцяшаўся за вас, расказваючы нам пра вашую руплівасьць, пра ваш плач, пра вашае дбаньне за мяне, так што радасьць мая яшчэ збольшылася.
II C Bela 7:8  А таму, калі я засмуціў вас пасланьнем, не шкадую, хоць і пашкадаваў быў; бачу, што пасланьне тое засмуціла вас, хоць і часова.
II C Bela 7:9  Цяпер я радуюся не таму, што вы засмуціліся, а таму, што вы засмуціліся на пакаяньне; бо засмуціліся дзеля Бога, так што зусім ня зьведалі праз нас шкоды.
II C Bela 7:10  Бо смутак дзеля Бога прыносіць нязьменнае пакаяньне на збавеньне; а смутак зямны чыніць сьмерць.
II C Bela 7:11  Бо тое, што вы засмуціліся дзеля Бога, глядзеце, якую абудзіла ў вас руплівасьць, якія перапросіны, якую абуранасьць вінаватымі, які страх, якое жаданьне, якую дбайнасьць, якое спагнаньне! І ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
II C Bela 7:12  Дык вось, калі я пісаў вам, дык ня дзеля зьняважніка і ня дзеля зьняважанага, а каб вам адкрыўся наш пільны клопат пра вас перад Богам.
II C Bela 7:13  Таму мы суцешыліся ўцехаю вашай; а яшчэ болей узрадаваныя мы Цітавай радасьцю, што вы ўсе супакоілі дух ягоны;
II C Bela 7:14  і вось, я не застаўся пасаромлены, калі трохі пахваліўся вамі перад ім; але як што вам мы гаварылі ўсю праўду, так і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю;
II C Bela 7:15  і сэрца ягонае вельмі прыхільнае да вас, калі згадвае ён пакорлівасьць вашу, як вы яго прынялі былі са страхам і трымценьнем.
II C Bela 7:16  І вось радуюся, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.
Chapter 8
II C Bela 8:1  Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
II C Bela 8:2  бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
II C Bela 8:3  бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі — я сьведка:
II C Bela 8:4  яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
II C Bela 8:5  і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;
II C Bela 8:6  таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.
II C Bela 8:7  А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, — дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.
II C Bela 8:8  Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
II C Bela 8:9  Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
II C Bela 8:10  Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
II C Bela 8:11  Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
II C Bela 8:12  Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
II C Bela 8:13  Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
II C Bela 8:14  Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
II C Bela 8:15  як напісана: "хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў нястачы".
II C Bela 8:16  Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;
II C Bela 8:17  бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.
II C Bela 8:18  Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,
II C Bela 8:19  і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,
II C Bela 8:20  асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;
II C Bela 8:21  бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
II C Bela 8:22  Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.
II C Bela 8:23  Што да Ціта, гэта — мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта — пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
II C Bela 8:24  Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.
Chapter 9
II C Bela 9:1  Мне, зрэшты, лішне пісаць вам пра службу сьвятым,
II C Bela 9:2  бо я ведаю руплівасьць вашую, і хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія гатовая яшчэ зь леташняга году; а стараннасьць вашая падахвоціла многіх.
II C Bela 9:3  А братоў паслаў я на тое, каб пахвала мая вам не прапала марна ў гэтым выпадку, а каб вы, як я казаў, былі падрыхтаваныя,
II C Bela 9:4  і каб, калі прыйдуць са мною Македонцы і застануць вас негатовых, не пасаромлены былі мы, — не кажу "вы", — пахваліўшыся так упэўнена.
II C Bela 9:5  Вось чаму я палічыў патрэбным упрасіць братоў, каб яны першыя пайшлі да вас і папярэдне паклапаціліся, каб абвешчанае ўжо дабраславеньне ваша было гатовае, як дабраславеньне, а не як прымусовая даніна.
II C Bela 9:6  Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
II C Bela 9:7  Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.
II C Bela 9:8  А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,
II C Bela 9:9  як напісана: "рассыпаў, раздаў убогім; праўда ягоная трывае вавекі".
II C Bela 9:10  А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб на ежу, дасьць і шчодрасьць пасеянаму вамі і памножыць плады праведнасьці вашай,
II C Bela 9:11  так, каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчадроту, якая праз нас узносіць падзяку Богу.
II C Bela 9:12  Бо справа служэньня гэтага ня толькі дапаўняе ўбогасьць сьвятых, але нараджае ў многіх удзячнасьць Богу;
II C Bela 9:13  бо, бачачы досьвед у гэтым служэньні, яны славяць Бога за пакору вызнаванаму вамі Дабравесьцю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць зь імі і з усімі,
II C Bela 9:14  молячыся за вас, па прыхільнасьці да вас, за шчодра сутную ў вас мілату Божую.
II C Bela 9:15  Дзякуй Богу за нявымоўны дар Ягоны!
Chapter 10
II C Bela 10:1  А сам я, Павал, асабіста сьціплы сярод вас, а здалёку супроць вас адважны, пераконваю вас лагодаю і мілажальнасьцю Хрыстовай.
II C Bela 10:2  Прашу вас, каб, калі прыйду да вас, не давялося мне адважна ўжываць тую цьвёрдую адвагу, якую думаю ўжыць супроць некаторых, якія думаюць пра нас, быццам мы ўчыняем па плоці.
II C Bela 10:3  Бо мы, ходзячы ў плоці, не па плоці змагаемся.
II C Bela 10:4  Зброя нашага змаганьня ня плоцкая, а моцная Богам на руйнаваньне цьвярдыняў: імі мы абвяргаем намыслы
II C Bela 10:5  і ўсякую ганарлівасьць, што паўстае супроць пазнаньня Божага, і палонім усякія задумы на паслушнасьць Хрысту;
II C Bela 10:6  і гатовыя пакараць любую непаслушнасьць, калі вашая паслушнасьць зьдзейсьніцца.
II C Bela 10:7  Ці на асобу зважаеце? Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той сам па сабе хай мяркуе, што, калі ён Хрыстовы, дык і мы Хрыстовыя.
II C Bela 10:8  Бо, калі б я пачаў занадта хваліцца нашай уладай, якую Гасподзь даў нам на станаўленьне, а не на разладзьдзе нашае, дык я ня быў бы пасаромлены.
II C Bela 10:9  Зрэшты, хай ня здасца, што я палохаю вас толькі пасланьнямі.
II C Bela 10:10  Бо як нехта кажа: "у пасланьнях ён строгі і моцны, а ў асабістай прысутнасьці слабы, і мова ягоная нязначная",
II C Bela 10:11  дык няхай ведаюць, што, якія мы на словах у пасланьнях завочна, такія і ў дзеі асабіста.
II C Bela 10:12  Бо мы не адважваемся мерацца альбо параўноўваць сябе з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: яны мераюць сябе самімі сабою і параўноўваюць сябе з сабою неразумна.
II C Bela 10:13  А мы не хваліцца будзем бязь меры, а мераю долі, якую нам вызначыў Бог і такою мераю, каб дасягнуць і да вас.
II C Bela 10:14  Бо мы ня высільваемся, як тыя, што не дасяглі да вас, бо дасягнулі і да вас зьвеставаньнем Хрыстовым;
II C Bela 10:15  мы не бязь меры хвалімся, ня чужою працаю, а спадзяёмся, што калі будзе расьці вера вашая, над меру пабольшыць у вас удзел наш,
II C Bela 10:16  (так, каб і) далей прапаведаваць вам Дабравесьце, ня хвалячыся гатовым у чужой долі.
II C Bela 10:17  "Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе".
II C Bela 10:18  Бо ня той годны, хто сам сябе хваліць, а каго хваліць Гасподзь.
Chapter 11
II C Bela 11:1  О, калі б вы хоць крыху ўмілажаліліся з маёй неразумнасьці! Але вы і мілажальныя да мяне.
II C Bela 11:2  Бо я руплюся за вас руплівасьцю Божаю, таму што я заручыў вас з адзіным мужам, каб зьявіць Хрысту чыстаю дзевай.
II C Bela 11:3  Але баючыся, каб, як зьмей хітрасьцю сваёй змусьціў Еву, так і вашыя думкі каб не панесьлі шкоды і вы ня збочылі ад прастаты і чысьціні ў Хрысьце.
II C Bela 11:4  Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымалі, альбо іншае Дабравесьце, якога ня прымалі, — дык вы былі б вельмі мілажальныя да таго.
II C Bela 11:5  Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад тых "вышэйшых апосталаў":
II C Bela 11:6  хоць я і невук у слове, але не ў спазнаньні. Урэшце, мы ва ўсім дасканала вядомыя вам.
II C Bela 11:7  Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас: бо без узнагароды вам прапаведаваў Дабравесьце Божае?
II C Bela 11:8  Другім цэрквам я нарабіў выдаткаў, бяручы зь іх утрыманьне на служэньне вам; і, калі быў у вас, хоць і трываў нястачу, нікому не дакучаў,
II C Bela 11:9  бо нястачы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і пастараюся ня быць вам цяжарам.
II C Bela 11:10  Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што пахвала гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.
II C Bela 11:11  Чаму ж так раблю? Ці таму, што ня люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,
II C Bela 11:12  каб ня даць прычыны тым, якія шукаюць поваду, каб яны, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі самымі, як і мы.
II C Bela 11:13  Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць зь сябе апосталаў Хрыстовых.
II C Bela 11:14  І якое тут дзіва: бо сам сатана строіць зь сябе анёла сьвятла,
II C Bela 11:15  а таму не вялікая справа, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх.
II C Bela 11:16  Яшчэ скажу: хай не палічыць хто-небудзь мяне неразумным; а калі ня так, дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага, каб і мне хоць крыху пахваліцца.
II C Bela 11:17  Што скажу, тое скажу ня ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасьці, якая дадае мне адвагі хваліцца.
II C Bela 11:18  Як многія хваляцца з прычыны цялеснай, так і я буду хваліцца.
II C Bela 11:19  Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных,
II C Bela 11:20  вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасьць мае, калі хто б’е вас па твары.
II C Bela 11:21  На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.
II C Bela 11:22  Яны Габрэі? і я. Ізраільцяне? і я. Насеньне Абрагамавае? і я.
II C Bela 11:23  Хрыстовыя слугі? у неразуменьні кажу: я больш. Я намнога больш быў у працы, бязьмерна больш у ранах, больш у цямніцах і шмат разоў пры сьмерці.
II C Bela 11:24  Ад Юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго.
II C Bela 11:25  тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской;
II C Bela 11:26  шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў,
II C Bela 11:27  у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы.
II C Bela 11:28  Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы.
II C Bela 11:29  Хто зьнемагае, з кім бы і я не зьнемагаў? Хто ўпадае ў змусты, за каго б я не ўспалымняўся?
II C Bela 11:30  Калі мусова мне хваліцца, дык буду хваліцца нямогласьцю маёю.
II C Bela 11:31  Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.
II C Bela 11:32  У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.
Chapter 12
II C Bela 12:1  Няма карысьці хваліцца мне; бо я прыйду да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
II C Bela 12:2  Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, — ці ў целе, ня ведаю, ці ня ў целе, ня ведаю: Бог ведае, — захоплены быў да трэцяга неба.
II C Bela 12:3  І ведаю пра такога чалавека, — толькі ня ведаю — у целе, ці па-за целам: Бог ведае, -
II C Bela 12:4  што ён быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга пераказаць.
II C Bela 12:5  Такім чалавекам магу хваліцца; а сабою не пахвалюся, хіба што немачамі маімі.
II C Bela 12:6  Урэшце, калі захачу хваліцца, ня буду неразумны, бо скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым колькі ўва мне бачыць, альбо чуе ад мяне.
II C Bela 12:7  І каб я не заганарыўся нязвычайнасьцю адкрыцьцяў, дадзена мне джала ў плоць, пасланец сатаны, тлуміць мяне, каб я не ганарыўся.
II C Bela 12:8  Тройчы маліў я Госпада за тое, каб адвёў яго ад мяне.
II C Bela 12:9  Але Гасподзь сказаў мне: "досыць табе мілаты Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы". І таму я найболш ахвоча буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстовая.
II C Bela 12:10  Таму і любасна мне ў немачах, у крыўдах, у нястачах, у ганеньнях, ва ўцісках за Хрыста: бо калі я нямоглы, тады моцны.
II C Bela 12:11  Я дайшоў да неразумнасьці, хвалячыся: вы мяне да гэтага змусілі. Вам бы сьлед было хваліць мяне, бо я нічым ня горшы за тых "вышэйшых апосталаў", хоць я і нішто:
II C Bela 12:12  прыкметы апостала зьявіліся перад вамі ўсякім цярпеньнем, азнакамі, цудамі і сіламі.
II C Bela 12:13  Бо чаго вам нестае перад іншымі цэрквамі, дык хіба толькі таго, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мне такую віну.
II C Bela 12:14  Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас, і ня буду вам цяжарам, бо я шукаю ня вашага, а вас. Ня дзеці павінны зьбіраць маёмасьць бацькам, а бацькі дзецям.
II C Bela 12:15  Я ахвотна буду траціць сваё і зьнемагаць сябе за душы вашыя, нягледзячы на тое, што, вельмі моцна любячы вас, я меней любімы вамі.
II C Bela 12:16  Але няхай будзе, што сам я ня вельмі вас абцяжарваў, але, як што я хітры, дык хітрасьцю браў вас,
II C Bela 12:17  але ці карыстаўся чым ад вас праз каго-небудзь з тых, каго пасылаў да вас?
II C Bela 12:18  Я ўпрасіў Ціта, і паслаў зь ім аднаго брата: ці ж пакарыстаўся Ціт чым-небудзь вашым? Ці не ў адным духу мы дзейнічалі? Ці не адною дарогай хадзілі?
II C Bela 12:19  Ці ня думаеце яшчэ, што мы толькі апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам, у Хрысьце, і ўсё гэта, любасныя, вам у навуку.
II C Bela 12:20  Бо я маю боязь, каб мне, калі я прыйду, не застаць вас такіх, якіх не хачу, а таксама каб і вы ня ўбачылі мяне такога, якога ня хочаце: каб не знайсьці ў вас нязгодзіц, зайздрасьці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, ганарыстасьці, беспарадкаў,
II C Bela 12:21  каб зноў, калі прыйду, ня прынізіў мяне ў вас Бог мой, і каб не аплакваць мне многіх, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасьці і непатрэбстве, якое рабілі.
Chapter 13
II C Bela 13:1  Трэйці ўжо раз іду да вас: "пры вуснах двух альбо трох сьведкаў будзе цьвёрдае кожнае слова".
II C Bela 13:2  Я запабягаў і запабягаю, як бы ў маёй другой прысутнасьці ў вас, і цяпер у адсутнасьці, пішу тым, што раней зграшылі, і ўсім астатнім, што, калі зноў прыйду, не пашкадую.
II C Bela 13:3  Вы шукаеце доказу, што Хрыстос гаворыць ува мне: Ён супроць вас не бясьсілы, а моцны ў вас.
II C Bela 13:4  Бо, хоць Ён і ўкрыжаваны ў немачы, але жывы сілаю Божаю; і мы таксама, хоць нямоглыя ў Ім, але будзем жывыя зь Ім сілаю Божаю ў вас.
II C Bela 13:5  Выпрабоўвайце саміх сябе, ці ў веры вы? саміх сябе дасьледуйце. Альбо вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы ня тое, чым павінны быць.
II C Bela 13:6  А пра нас, спадзяюся, даведаецеся, што мы тое, чым быць павінны.
II C Bela 13:7  Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага ліха, не на тое, каб нам здацца, чым павінны быць; а каб вы рабілі дабро, хоць бы мы здаваліся і ня тым, чым павінны быць.
II C Bela 13:8  Бо мы ня моцныя супроць праўды, а моцныя за праўду.
II C Bela 13:9  Мы радуемся, калі мы нямоглыя, а вы моцныя; за гэта якраз і молімся, за вашую дасканаласьць.
II C Bela 13:10  На тое я і пішу гэта ў адсутнасьці, каб у прысутнасьці ня ўжыць строгасьці ўлады, дадзенай мне Госпадам на збудаваньне, а не на руйнаваньне.
II C Bela 13:11  Аднак жа, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднамысныя, мірныя, — і Бог любові і міру будзе з вамі.
II C Bela 13:12  Вітайце адзін аднаго цалаваньнем сьвятым. Вітаюць вас усе сьвятыя.
II C Bela 13:13  Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.