Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
HEBREWS
Up
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13
Chapter 1
Hebr Bela 1:1  Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
Hebr Bela 1:2  у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
Hebr Bela 1:3  Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
Hebr Bela 1:4  будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
Hebr Bela 1:5  Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: "Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе"? І яшчэ: "Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам"?
Hebr Bela 1:6  Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: "Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя".
Hebr Bela 1:7  Пра анёлаў сказана: "Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь".
Hebr Bela 1:8  А пра Сына: "трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго — жазло праўды.
Hebr Bela 1:9  Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх";
Hebr Bela 1:10  І: "у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзеля рук Тваіх;
Hebr Bela 1:11  яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
Hebr Bela 1:12  і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца".
Hebr Bela 1:13  Каму калі з анёлаў сказаў Бог: "сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім"?
Hebr Bela 1:14  Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?
Chapter 2
Hebr Bela 2:1  Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
Hebr Bela 2:2  бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
Hebr Bela 2:3  дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чуліад Яго,
Hebr Bela 2:4  што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?
Hebr Bela 2:5  Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;
Hebr Bela 2:6  наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: "што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
Hebr Bela 2:7  Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;
Hebr Bela 2:8  усё пакарыў пад ногі ягоныя". Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;
Hebr Bela 2:9  але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.
Hebr Bela 2:10  Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.
Hebr Bela 2:11  Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
Hebr Bela 2:12  "абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе".
Hebr Bela 2:13  І яшчэ: "Я буду спадзявацца на Яго". І яшчэ: "вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог".
Hebr Bela 2:14  А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,
Hebr Bela 2:15  і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
Hebr Bela 2:16  Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
Hebr Bela 2:17  Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
Hebr Bela 2:18  Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.
Chapter 3
Hebr Bela 3:1  Таму, браты сьвятыя, супольнікі нябеснага пакліканьня, уразумейце Пасланца і Першасьвятара вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
Hebr Bela 3:2  Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Майсей ва ўсім доме Ягоным.
Hebr Bela 3:3  Ён бо варты тым большае славы перад Майсеем, чым большы гонар мае ў параўнаньні з домам той, хто ўладкаваў яго;
Hebr Bela 3:4  бо кожны дом ладкуецца некім; а Хто ўладкаваў усё, ёсьць Бог.
Hebr Bela 3:5  І Майсей верны ўва ўсім доме Ягоным, як службіт, на сьведчаньне таго, што трэба было абвясьціць.
Hebr Bela 3:6  А Хрыстос — як Сын у доме Ягоным; а дом Ягоны — мы, калі толькі адвагу і спадзяваньне, якімі хвалімся, цьвёрда захаваем да канца.
Hebr Bela 3:7  Чаму, як кажа Дух Сьвяты, "сёньня, як пачуеце голас Ягоны,
Hebr Bela 3:8  не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты, у дзень спакушэньня ў пустыні,
Hebr Bela 3:9  дзе спакушалі мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі дзеі Мае сорак гадоў.
Hebr Bela 3:10  Таму Я і ўгневаўся на той род, і сказаў: "няспынна блукаюць сэрцам, ня зьведалі яны пуцявінаў Маіх;
Hebr Bela 3:11  таму я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой".
Hebr Bela 3:12  Глядзеце, браты, каб ня было ў кім у вас сэрца ліхога і нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
Hebr Bela 3:13  А настаўляйце адно аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць "сёньня", каб хто з вас не зжарсьцьвеў, зьвёўшыся грэхам;
Hebr Bela 3:14  Бо мы зрабіліся супольнікамі Хрысту, калі толькі пачатае жыцьцё цьвёрда ўтрымаем да канца,
Hebr Bela 3:15  пакуль гаворыцца: "сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых, як у час смуты".
Hebr Bela 3:16  Бо некаторыя, што чулі, пачалі абурацца; але ня ўсе, што выйшлі зь Егіпта з Майсеем.
Hebr Bela 3:17  На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што зграшылі, чые косьці засталіся ў пустыні?
Hebr Bela 3:18  Супроць каго прысягаў, што ня ўвойдуць у спачын Ягоны, калі ня супроць непакорлівых?
Hebr Bela 3:19  І вось, бачым, што яны не маглі ўвайсьці за няверства.
Chapter 4
Hebr Bela 4:1  А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
Hebr Bela 4:2  Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
Hebr Bela 4:3  А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: "Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой", хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
Hebr Bela 4:4  Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: "і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх".
Hebr Bela 4:5  І яшчэ тут: "ня ўвойдуць у спачын Мой".
Hebr Bela 4:6  І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
Hebr Bela 4:7  дык яшчэ вызначае пэўны дзень, "сёньня", кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: "сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых".
Hebr Bela 4:8  Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
Hebr Bela 4:9  Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
Hebr Bela 4:10  Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
Hebr Bela 4:11  Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
Hebr Bela 4:12  Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
Hebr Bela 4:13  І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.
Hebr Bela 4:14  І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
Hebr Bela 4:15  Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
Hebr Bela 4:16  Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.
Chapter 5
Hebr Bela 5:1  Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
Hebr Bela 5:2  каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,
Hebr Bela 5:3  і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
Hebr Bela 5:4  І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
Hebr Bela 5:5  Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: "Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе";
Hebr Bela 5:6  як і ў іншым месцы кажа: "Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка".
Hebr Bela 5:7  Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;
Hebr Bela 5:8  хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;
Hebr Bela 5:9  і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,
Hebr Bela 5:10  і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.
Hebr Bela 5:11  Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.
Hebr Bela 5:12  Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.
Hebr Bela 5:13  Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;
Hebr Bela 5:14  а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.
Chapter 6
Hebr Bela 6:1  Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
Hebr Bela 6:2  вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
Hebr Bela 6:3  І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
Hebr Bela 6:4  Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
Hebr Bela 6:5  і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
Hebr Bela 6:6  і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
Hebr Bela 6:7  Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
Hebr Bela 6:8  а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
Hebr Bela 6:9  А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
Hebr Bela 6:10  Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
Hebr Bela 6:11  А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
Hebr Bela 6:12  каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
Hebr Bela 6:13  Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
Hebr Bela 6:14  кажучы: "у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе".
Hebr Bela 6:15  І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
Hebr Bela 6:16  Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
Hebr Bela 6:17  Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
Hebr Bela 6:18  каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
Hebr Bela 6:19  якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
Hebr Bela 6:20  куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
Chapter 7
Hebr Bela 7:1  Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Усявышняга, — той, які сустрэў Абрагама і дабраславіў яго, калі гэты вяртаўся пасьля паражэньня цароў,
Hebr Bela 7:2  якому і дзесяціну выдзеліў Абрагам з усяго, — па-першае, згодна са значэньнем імя — цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету,
Hebr Bela 7:3  бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, прыпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
Hebr Bela 7:4  Бачыце, які вялікі той, каму і Абрагам-патрыярх даў дзесяціну з найлепшых здабыткаў сваіх.
Hebr Bela 7:5  Тыя з сыноў Левііных, што прымаюць сьвятарства, маюць запаведзь — браць па законе дзесяціну з народу, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і гэтыя паходзяць са сьцёгнаў Абрагамавых.
Hebr Bela 7:6  Але гэты, які не паходзіць з роду іхняга, узяў дзесяціну з Абрагама і дабараславіў таго, хто меў абяцаньні.
Hebr Bela 7:7  Бяз усякага супраціву меншага дабраслаўляе большы.
Hebr Bela 7:8  І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там той, хто мае пра сябе сьведчаньне, што ён жыве.
Hebr Bela 7:9  І, можна сказаць, сам Левій, які бярэ дзесяціну, у асобе Абрагама даў дзесяціну:
Hebr Bela 7:10  бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах у бацькі, калі Мелхісэдэк спаткаў яго.
Hebr Bela 7:11  І вось, калі б дасканаласьць дасягалася празь лявіцкае сьвятарства, — бо зь ім спалучаны закон народу, — дык якая яшчэ была б патрэба зьяўляцца іншаму сьвятару па чыне Мелхісэдэка, а не па чыне Абрагамавым звацца?
Hebr Bela 7:12  Бо зь пераменаю сьвятарства павінен перамяніцца і закон,
Hebr Bela 7:13  бо Той, пра Якога гаворыцца гэта, належаў да іншага роду, зь якога ніхто ня служыў каля ахвярніка;
Hebr Bela 7:14  бо вядома, што Гасподзь наш зазьзяў з роду Юдавага, пра які Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
Hebr Bela 7:15  І гэта яшчэ ясьней відаць з таго, калі ў падабенстве Мелхісэдэкавым паўстае сьвятар іншы,
Hebr Bela 7:16  які стаўся такім не паводле закону запаведзі цялеснай, а з моцы жыцьця няспыннага.
Hebr Bela 7:17  Бо засьведчана: "Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка".
Hebr Bela 7:18  А скасаваньне ранейшай запаведзі бывае з прычыны яе нямоцнасьці і непатрэбнасьці,
Hebr Bela 7:19  бо закон нічога не давёў да дасканаласьці; але ўводзіцца лепшая надзея, празь якую мы набліжаемся да Бога.
Hebr Bela 7:20  А як гэта было не бяз прысягі,—
Hebr Bela 7:21  бо тыя былі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю, бо пра яго сказана: "прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты сьвятар навекі па чыне Мелхісэдэка",
Hebr Bela 7:22  дык і лепшага запавету заручнікам стаўся Ісус.
Hebr Bela 7:23  Прытым тых сьвятароў было многа, бо сьмерць не дапускала быць аднаму;
Hebr Bela 7:24  а Гэты, як што жыве вечна, мае і сьвятарства непрамінушчае,
Hebr Bela 7:25  таму і можа заўсёды ратаваць тых, якія прыходзяць празь Яго да Бога, Які заўсёды жывы, каб хадайнічаць за іх.
Hebr Bela 7:26  Такі і павінен быць у нас Першасьвятар: сьвяты, несаўдзельны злу, беззаганны, далёкі ад грэшнікаў і ўзьнесены вышэй за нябёсы,
Hebr Bela 7:27  Які ня мае патрэбы, як тыя першасьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а потым за грахі народу; бо Ён гэта зрабіў аднаго разу, ахвяраваўшы Самім Сабою.
Hebr Bela 7:28  Бо закон устаноўлівае першасьвятарамі людзей немачных; а слова прысяжнае, пасьля закону, паставіла Сына, навек дасканалага.
Chapter 8
Hebr Bela 8:1  А галоўнае ў тым, пра што кажам, вось што: мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона велічы на нябёсах
Hebr Bela 8:2  і ёсьць Сьвяшчэнадзейнік сьвяцілішча і скініі сапраўднай, якую ўзьёў Гасподзь, а не чалавек.
Hebr Bela 8:3  Кожны першасьвятар пастаўляецца прыносіць дары і ахвяры; а таму трэба было, каб і Гэты таксама меў, што ахвяраваць.
Hebr Bela 8:4  Колькі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы і сьвятаром; бо тут такія сьвятары, якія па законе прыносяць дары,
Hebr Bela 8:5  якія служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён пачынаў ставіць скінію: глядзі, сказана, зрабі ўсё па ўзоры, паказаным табе на гары.
Hebr Bela 8:6  але Гэты Першасьвятар атрымаў служэньне тым больш выдатнае, чым лепшага Ён заступнік запавету, які ўгрунтаваны на самых лепшых абяцаньнях.
Hebr Bela 8:7  Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.
Hebr Bela 8:8  Але прарок, дакараючы іх, кажа: "вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
Hebr Bela 8:9  не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.
Hebr Bela 8:10  Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
Hebr Bela 8:11  І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
Hebr Bela 8:12  Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей".
Hebr Bela 8:13  Кажучы "новы", паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.
Chapter 9
Hebr Bela 9:1  І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
Hebr Bela 9:2  бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца "сьвятое".
Hebr Bela 9:3  А за другою заслонаю была скінія, называная "сьвятое сьвятых",
Hebr Bela 9:4  у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавету, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавету,
Hebr Bela 9:5  а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
Hebr Bela 9:6  Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
Hebr Bela 9:7  а ў другую — адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.
Hebr Bela 9:8  Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
Hebr Bela 9:9  Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,
Hebr Bela 9:10  і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.
Hebr Bela 9:11  Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
Hebr Bela 9:12  і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
Hebr Bela 9:13  Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
Hebr Bela 9:14  дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
Hebr Bela 9:15  І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавету, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.
Hebr Bela 9:16  Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,
Hebr Bela 9:17  бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
Hebr Bela 9:18  Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,
Hebr Bela 9:19  бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закону перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,
Hebr Bela 9:20  кажучы: "гэта кроў запавету, які запавядаў вам Бог".
Hebr Bela 9:21  Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.
Hebr Bela 9:22  Ды і ўсё амаль паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.
Hebr Bela 9:23  Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.
Hebr Bela 9:24  Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
Hebr Bela 9:25  і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
Hebr Bela 9:26  інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
Hebr Bela 9:27  І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
Hebr Bela 9:28  так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
Chapter 10
Hebr Bela 10:1  Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
Hebr Bela 10:2  Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
Hebr Bela 10:3  Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
Hebr Bela 10:4  бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
Hebr Bela 10:5  Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: "ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
Hebr Bela 10:6  Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
Hebr Bela 10:7  Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа";
Hebr Bela 10:8  сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні цэласпаленьняў, ні ахвяры за грэх, — якія прыносяцца паводле закону, — Ты не захацеў і не ўпадабаў,
Hebr Bela 10:9  потым дадаў: "вось, іду выканаць волю тваю, Божа". Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
Hebr Bela 10:10  Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
Hebr Bela 10:11  І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
Hebr Bela 10:12  А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
Hebr Bela 10:13  чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены "падножжам ног Ягоных".
Hebr Bela 10:14  Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
Hebr Bela 10:15  Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
Hebr Bela 10:16  "вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
Hebr Bela 10:17  і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш".
Hebr Bela 10:18  А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.
Hebr Bela 10:19  І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,
Hebr Bela 10:20  які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,
Hebr Bela 10:21  і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
Hebr Bela 10:22  прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,
Hebr Bela 10:23  будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;
Hebr Bela 10:24  будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;
Hebr Bela 10:25  ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.
Hebr Bela 10:26  Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,
Hebr Bela 10:27  а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.
Hebr Bela 10:28  Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,
Hebr Bela 10:29  дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавету, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?
Hebr Bela 10:30  Мы ведаем Таго, Хто сказаў: "у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь". І яшчэ: "Гасподзь будзе судзіць народ Свой".
Hebr Bela 10:31  Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
Hebr Bela 10:32  Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,
Hebr Bela 10:33  то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;
Hebr Bela 10:34  бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.
Hebr Bela 10:35  Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мае атрымаць вялікую аддзяку.
Hebr Bela 10:36  Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;
Hebr Bela 10:37  "яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.
Hebr Bela 10:38  Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая".
Hebr Bela 10:39  А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.
Chapter 11
Hebr Bela 11:1  А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.
Hebr Bela 11:3  Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.
Hebr Bela 11:4  Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.
Hebr Bela 11:5  Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
Hebr Bela 11:6  А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.
Hebr Bela 11:7  Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.
Hebr Bela 11:8  Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
Hebr Bela 11:9  Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;
Hebr Bela 11:10  бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.
Hebr Bela 11:11  Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.
Hebr Bela 11:12  І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.
Hebr Bela 11:13  Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
Hebr Bela 11:14  бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
Hebr Bela 11:15  І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
Hebr Bela 11:16  але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.
Hebr Bela 11:17  Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
Hebr Bela 11:18  пра якога было сказана: "у Ісааку табе семя";
Hebr Bela 11:19  бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
Hebr Bela 11:20  Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
Hebr Bela 11:21  Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
Hebr Bela 11:22  Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
Hebr Bela 11:23  Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
Hebr Bela 11:24  Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай,
Hebr Bela 11:25  і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду,
Hebr Bela 11:26  і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.
Hebr Bela 11:27  Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.
Hebr Bela 11:28  Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.
Hebr Bela 11:29  Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, — на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.
Hebr Bela 11:30  Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.
Hebr Bela 11:31  Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.
Hebr Bela 11:32  І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,
Hebr Bela 11:33  якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
Hebr Bela 11:34  тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
Hebr Bela 11:35  жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
Hebr Bela 11:36  іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
Hebr Bela 11:37  Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
Hebr Bela 11:38  тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
Hebr Bela 11:39  І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
Hebr Bela 11:40  таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
Chapter 12
Hebr Bela 12:1  Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
Hebr Bela 12:2  гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
Hebr Bela 12:3  Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
Hebr Bela 12:4  Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
Hebr Bela 12:5  і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: "Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
Hebr Bela 12:6  Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае".
Hebr Bela 12:7  Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
Hebr Bela 12:8  Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы — няпраўныя дзеці, а ня сыны.
Hebr Bela 12:9  Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
Hebr Bela 12:10  Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты — дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
Hebr Bela 12:11  Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
Hebr Bela 12:12  Таму "ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені"
Hebr Bela 12:13  і "хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася".
Hebr Bela 12:14  Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
Hebr Bela 12:15  Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які "горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды", і каб ім не апаганіліся многія";
Hebr Bela 12:16  каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
Hebr Bela 12:17  Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
Hebr Bela 12:18  Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
Hebr Bela 12:19  не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
Hebr Bela 12:20  бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: "калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
Hebr Bela 12:21  і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: "я ў страху і ў трымценьні".
Hebr Bela 12:22  Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
Hebr Bela 12:23  да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
Hebr Bela 12:24  і да Заступніка новага запавету Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
Hebr Bela 12:25  Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
Hebr Bela 12:26  чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: "яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба".
Hebr Bela 12:27  Словы "яшчэ раз" азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
Hebr Bela 12:28  І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
Hebr Bela 12:29  таму што Бог наш ёсьць "вагонь, які паядае".
Chapter 13
Hebr Bela 13:1  Браталюбства, між вамі няхай будзе.
Hebr Bela 13:2  Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
Hebr Bela 13:3  Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
Hebr Bela 13:4  Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
Hebr Bela 13:5  Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: "не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе",
Hebr Bela 13:6  так што мы кажам адважна: "Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?"
Hebr Bela 13:7  Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
Hebr Bela 13:8  Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
Hebr Bela 13:9  Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
Hebr Bela 13:10  Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
Hebr Bela 13:11  Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, —
Hebr Bela 13:12  дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
Hebr Bela 13:13  Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
Hebr Bela 13:14  бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
Hebr Bela 13:15  Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
Hebr Bela 13:16  Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
Hebr Bela 13:17  Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.
Hebr Bela 13:18  Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.
Hebr Bela 13:19  Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.
Hebr Bela 13:20  А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавету вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),
Hebr Bela 13:21  хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.
Hebr Bela 13:22  Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.
Hebr Bela 13:23  Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.
Hebr Bela 13:24  Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.