Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
II SAMUEL
Up
Toggle notes
Chapter 1
II S Bela 1:1  Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,
II S Bela 1:2  вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.
II S Bela 1:3  І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.
II S Bela 1:4  І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.
II S Bela 1:5  І сказаў Давід хлопчыку, які расказаў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?
II S Bela 1:6  і сказаў хлопчык, які расказаў яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.
II S Bela 1:7  Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.
II S Bela 1:8  І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я — Амалікіцянін.
II S Bela 1:9  Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.
II S Bela 1:10  І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.
II S Bela 1:11  Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,
II S Bela 1:12  і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.
II S Bela 1:13  І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я — сын прыхадня Амалікіцяніна.
II S Bela 1:14  Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?
II S Bela 1:15  І паклікаў Давід аднаго хлопчыка і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.
II S Bela 1:16  І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.
II S Bela 1:17  І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю
II S Bela 1:18  і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:
II S Bela 1:19  краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!
II S Bela 1:20  Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.
II S Bela 1:21  Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.
II S Bela 1:22  Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.
II S Bela 1:23  Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі .
II S Bela 1:24  Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.
II S Bela 1:25  Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.
II S Bela 1:26  Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.
II S Bela 1:27  Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!
Chapter 2
II S Bela 2:1  Пасьля гэтага Давід спытаўся ў Госпада, кажучы: ці ісьці мне ў які-небудзь горад Юдаў? І сказаў яму Гасподзь: ідзі. І сказаў Давід: куды ісьці? І сказаў Ён: у Хэўрон.
II S Bela 2:2  І пайшоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навалава, Кармэліцянка.
II S Bela 2:3  І людзей, якія былі зь ім, прывёў Давід, кожнага зь сям'ёй ягонай, і пасяліліся ў горадзе Хэўроне.
II S Bela 2:4  І прыйшлі мужы Юдавыя і памазалі там Давіда на царства над домам Юдавым. І данесьлі Давіду, што жыхары Явіса Галаадскага пахавалі Саўла.
II S Bela 2:5  І выправіў Давід паслоў да жыхароў Явіса Галаадскага, сказаць ім: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што зрабілі гэтую ласку гаспадару свайму Саўлу, і пахавалі яго;
II S Bela 2:6  І сёньня хай узычыць вам Гасподзь ласкаю і праўдаю; і я зраблю вам дабрачынства за тое, што вы гэта зрабілі;
II S Bela 2:7  сёньня хай умацуюцца рукі вашыя, і будзьце мужныя, бо гаспадар ваш Саўл памёр, а мяне памазаў дом Юдаў царом над сабою.
II S Bela 2:8  Але Авэнір, сын Ніраў, правадыр войска Саўлавага, узяў Евастэя, сына Саўлавага, і прывёў яго ў Маханаім,
II S Bela 2:9  і паставіў яго царом над Галаадам і Ашурам і Ізрэелем, і Яфрэмам і Веньямінам, і над усім Ізраілем.
II S Bela 2:10  Сорак гадоў было Евастэю, сыну Саўлаваму, калі ён уцараваўся над Ізраілем, і цараваў два гады. Толькі дом Юдаў застаўся з Давідам.
II S Bela 2:11  Усяго часу, як Давід цараваў у Хэўроне над домам Юдавым, было сем гадоў і шэсьць месяцаў.
II S Bela 2:12  І выйшаў Авэнір, сын Ніраў, і слугі Евастэя, сына Саўлавага, з Маханаіма ў Гаваон.
II S Bela 2:13  Выйшаў і Ёаў, сын Саруі, з слугамі Давідавымі, і сустрэліся каля Гаваонскай сажалкі, і заселі тыя па адзін бок сажалкі, а гэтыя па другі бок сажалкі.
II S Bela 2:14  І сказаў Авэнір Ёаву: няхай устануць маладыя хлопцы і падужаюцца перад намі. І сказаў Ёаў: няхай устануць.
II S Bela 2:15  І ўсталі і пайшлі лікам дванаццаць Веньямініцянаў з боку Евастэя, сынав Саўлавага, і дванаццаць ад слуг Давідавых.
II S Bela 2:16  Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і ўпалі разам. І было названа гэта мясьціна Хэлкат-Хацурым, што ў Гаваоне.
II S Bela 2:17  І адбылася таго дня вельмі лютая бітва, і Авэнір зь людзьмі Ізраільскімі быў пабіты слугамі Давідавымі.
II S Bela 2:18  І былі там тры сыны Саруі: Ёаў і Авэса і Асаіл. А Асаіл быў лёгкі на ногі, як сарна ў полі.
II S Bela 2:19  І пагнаўся Асаіл за Авэнірам і перасьледаваў яго, ня ўхіляючыся ні направа ні налева ад сьлядоў Авэніра.
II S Bela 2:20  І азірнуўся Авэнір назад і сказаў: ці ты гэта, Асаіл? Той сказаў: я.
II S Bela 2:21  І сказаў яму Авэнір: ухіліся направа або налева і выбяры сабе аднаго хлопчыка і вазьмі сабе ягоную зброю. Але Асаіл не захацеў адстаць ад яго.
II S Bela 2:22  І паўтарыў Авэнір яшчэ, кажучы Асаілу: адстань ад мяне, каб я не паваліў цябе на зямлю; тады зь якім тварам зьяўлюся я да Ёава, брата твайго?
II S Bela 2:23  Але той не захацеў адстаць. Тады Авэнір, павярнуўшы дзіду, ударыў яго ў жывот; дзіда прашыла яго наскрозь, і ён упаў там і памёр на месцы. Усе, хто праходзіў праз тую мясьціну, дзе ўпаў і памёр Асаіл, спыняліся
II S Bela 2:24  І перасьледавалі Ёаў і Авэса Авэніра. Сонца ўжо зайшло, калі яны прыйшлі да пагорка Ама, што насупраць Гіяха, на дарозе да пустыні Гаваонскай.
II S Bela 2:25  І сабраліся Веньямініцяне вакол Авэніра і склалі адно рушэньне, і сталі на вяршыні аднаго пагорка.
II S Bela 2:26  І зьвярнуўся Авэнір да Ёава і сказаў: ці вечна будзе пажыраць мяне меч? ці ты ня ведаеш, што наступствы будуць горасныя? і дакуль ты ня скажаш людзям, каб яны перасталі перасьледаваць братоў сваіх?
II S Bela 2:27  І сказаў Ёаў: жывы Бог! калі б ты не казаў інакш, дык яшчэ раніцай перасталі б людзі перасьледаваць братоў сваіх.
II S Bela 2:28  І затрубіў Ёаў у трубу, і спыніўся ўвесь народ і не перасьледавалі больш Ізраільцянаў; бітва спынілася.
II S Bela 2:29  А Авэнір і людзі ягоныя ішлі раўнінаю ўсю тую ноч і перайшлі Ярдан, і прайшлі ўвесь Бітрон і прыйшлі ў Маханаім.
II S Bela 2:30  І вярнуўся Ёаў ад перасьледу Авэніра і сабраў увесь народ, і не хапала з слуг Давідавых дзевятнаццаці чалавек апрача Асаіла.
II S Bela 2:31  А слугі Давідавыя пабілі Веньямініцянаў і людзей Авэніравых; загінула іх трыста шэсьцьдзесят чалавек.
II S Bela 2:32  І ўзялі Асаіла і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Віфляеме. І Ёаў зь людзьмі сваімі ішоў усю ноч і на сьвітаньні прыйшоў у Хэўрон.
Chapter 3
II S Bela 3:1  І была працяглая незлагадзь паміж домам Саўлавым і домам Давідавым. Давід усё больш і больш узмацняўся, а дом Саўлаў усё больш і больш занепадаў.
II S Bela 3:2  І нарадзіліся ў Давіда шэсьць сыноў у Хэўроне. Першынец ягоны быў Амон ад Ахінаамы Ізрэеліцянкі,
II S Bela 3:3  а другі сын ягоны — Далуя ад Авігеі, былой жонкі Навала, Кармэліцянкі; трэці — Авэсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гесурскага;
II S Bela 3:4  чацьвёрты — Аданія, сын Агіты; пяты — Сафатыя, сын Авіталы;
II S Bela 3:5  шосты — Етэраам ад Эглы, жонкі Давідавай. Яны нарадзіліся ў Давіда ў Хэўроне.
II S Bela 3:6  Калі была незлагадзь паміж домам Саўла і домам Давіда, дык Авэнір падтрымліваў дом Саўла.
II S Bela 3:7  У Саўла была наложніца, імем Рыцпа, дачка Айя. І ўвайшоў да яе Авэнір. І сказаў Евастэй Авэніру: навошта ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?
II S Bela 3:8  Авэнір моцна ўгневаўся на словы Евастэя і сказаў: хіба я — сабачая галава? Я супроць Юды зрабіў сёньня ласку дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і ня выдаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш сёньня на мне грэх праз жанчыну.
II S Bela 3:9  Тое і тое няхай зробіць Бог Авэніру і яшчэ болей зробіць яму! Як прысягаў Гасподзь Давіду, так і зраблю яму:
II S Bela 3:10  адбяру царства ў дома Саўлавага і пастаўлю трон Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дана да Вірсавіі.
II S Bela 3:11  І ня мог Евастэй запярэчыць Авэніру, бо баяўся яго.
II S Bela 3:12  І паслаў Авэнір ад сябе паслоў да Давіда сказаць: чыя гэта зямля? і яшчэ сказаць: заключы спрымірэнства са мною, і рука мая будзе з табою, каб навярнуць да цябе ўвесь народ Ізраільскі.
II S Bela 3:13  І сказаў Давід : добра, я заключу спрымірэнства з табою, толькі прашу цябе аднаго, менавіта — ты ня ўбачыш твару майго, калі не прывядзеш з сабою Мэлхолы, дачкі Саўла, калі прыйдзеш пабачыцца са мною,
II S Bela 3:14  І выправіў Давід паслоў да Евастэя, сына Саўлавага, сказаць: аддай жонку маю Мэлхолу, якую я атрымаў за сто краеабразаньняў Філістымскіх.
II S Bela 3:15  І паслаў Евастэй і ўзяў у мужа, у Фалтыя, сына Лаішавага.
II S Bela 3:16  Пайшоў зь ёю і муж яе і з плачам праводзіў яе да Бахурыма; але Авэнір сказаў яму: ідзі назад. І ён вярнуўся.
II S Bela 3:17  І звярнуўся Авэнір да старэйшынаў Ізраільскіх, кажучы: і ўчора і заўчора вы хацелі, каб Давід быў царом над вамі;
II S Bela 3:18  цяпер зрабеце гэта , бо Гасподзь сказаў Давіду: рукою раба Майго Давіда Я выратую народ Мой Ізраіля ад рукі Філістымлянаў і ад рукі ўсіх ворагаў ягоных.
II S Bela 3:19  Тое самае гаварыў Авэнір і Веньямініцянам. І пайшоў Авэнір у Хэўрон, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго хацелі Ізраіль і ўвесь дом Веньямінаў.
II S Bela 3:20  І прыйшоў Авэнір да Давіда ў Хэўрон і зь ім дваццаць чалавек, і зрабіў Давід гасьціну Авэніру і людзям, якія былі зь ім.
II S Bela 3:21  І сказаў Авэнір Давіду: я ўстану і пайду і зьбяру да гаспадара майго цара ўвесь народ Ізраільскі, і яны ўступяць у запавет з табою, і будзеш цараваць над усімі, як жадае душа твая. І адпусьціў Давід Авэніра, і ён пайшоў зь мірам.
II S Bela 3:22  І вось, слугі Давідавы зь Ёавам прыйшлі з паходу і прынесьлі з сабою багата здабычы; але Авэніра ўжо ня было з Давідам у Хэўроне, бо Давід адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.
II S Bela 3:23  Калі Ёаў і ўсё войска, якое было зь ім, прыйшлі, дык Ёаву расказалі: прыходзіў Авэнір, сын Ніраў, да цара, і той адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.
II S Bela 3:24  І прыйшоў Ёаў да цара і сказаў: што ты зрабіў? вось, прыходзіў да цябе Авэнір; навошта ты адпусьціў яго, і ён пайшоў?
II S Bela 3:25  ты ведаеш Авэніра, сына Ніравага: ён прыходзіў ашукаць цябе, выведаць выхад твой і ўваход твой і разьведаць усё, што ты робіш.
II S Bela 3:26  І выйшаў Ёаў ад Давіда і паслаў ганцоў сьледам за Авэнірам; і вярнулі яны яго ад калодзежа Сіра, бязь ведаму Давіда.
II S Bela 3:27  Калі Авэнір вярнуўся ў Хэўрон, дык Ёаў узяў яго ў браму, быццам дзеля таго, каб пагутарыць зь ім таемна, і там ударыў яго ў жывот. І памёр Авэнір за кроў Асаіла, брата Ёава.
II S Bela 3:28  І дачуўся пасьля Давід і сказаў: невінаваты я і царства маё вавек перад Госпадам за кроў Авэніра, сына Ніравага;
II S Bela 3:29  няхай упадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; хай ніколі не застаецца дом Ёава бязь семяцечнага, альбо пракажонага, альбо абапертага на кій, альбо мечам забітага, альбо таго, каму патрэбен хлеб.
II S Bela 3:30  А Ёаў і брат ягоны Авэса забілі Авэніра за тое, што ён забіў брата іхняга Асаіла ў бітве каля Гаваона.
II S Bela 3:31  І сказаў Давід Ёаву і ўсім людзям, якія былі зь ім: падзярэце вопратку вашую і апранецеся ў вярэты і плачце над Авэнірам. І цар Давід ішоў за труною ягонай .
II S Bela 3:32  Калі хавалі Авэніра ў Хэўроне, дык цар гучна плакаў над труною Авэніра; плакаў і ўвесь народ.
II S Bela 3:33  І аплакаў цар Авэніра, кажучы: ці сьмерцю подлага паміраў Авэнір?
II S Bela 3:34  рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў кайданах, і ты загінуў, як гінуць ад разбойнікаў. І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.
II S Bela 3:35  І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі яшчэ быў дзень; але Давід прысягнуў, кажучы: тое і тое хацеў зрабіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі я да захаду сонца скаштую хлеба альбо чаго-небудзь.
II S Bela 3:36  І ўвесь народ даведаўся пра гэта, і спадабалася яму гэта, як і ўсё, што зрабіў цар, падабалася ўсяму народу.
II S Bela 3:37  І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што не ад цара было забойства Авэніра, сына Ніравага.
II S Bela 3:38  І сказаў цар слугам сваім: ці ведаеце вы, што правадыр і вялікі муж загінуў у гэты дзень у Ізраіле?
II S Bela 3:39  я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на царства, і гэтыя людзі, сыны Саруі, мацнейшыя за мяне; хай жа дасьць Гасподзь таму, хто робіць ліхое па злосьці ягонай!
Chapter 4
II S Bela 4:1  І пачуў Евастэй , сын Саўлаў, што памёр Авэнір у Хэўроне, і апусьціліся рукі ў яго, і ўвесь Ізраіль сумеўся.
II S Bela 4:2  У Евастэя , сына Саўлавага, было два правадыры войска: імя аднаго — Баана і імя другога — Рыхаў, сыны Рэмона Бээрацяніна, з наступнікаў Веньямінавых, бо і Бээрот належаў да Веньяміна.
II S Bela 4:3  І ўцяклі Бээрацяне у Гітаім і засталіся там прыхаднямі да сёньня.
II S Bela 4:4  У Ёнатана, сына Саўлавага, быў сын кульгавы. Пяць гадоў было яму, калі прыйшла вестка пра Саўла і Ёнатана з Ізрэеля, і нянька, узяўшы яго, пабегла. І калі яна сьпешна бегла, дык ён упаў і стаўся кульгавы. Імя яго Мэмфівастэй.
II S Bela 4:5  І пайшлі сыны Рэмона Бээрацяніна, Рыхаў і Баана, і прыйшлі ў самую дзённую сьпёку да дома Евастэя; а ён спаў на пасьцелі аполудні.
II S Bela 4:6  Рыхаў і Баана, брат ягоны, увайшлі ў дом, як бы дзеля таго, каб узяць пшаніцы; і ўдарылі яго ў жывот і ўцяклі.
II S Bela 4:7  Калі яны ўвайшлі ў дом, Евастэй ляжаў на пасьцелі сваёй; і яны ўдарылі ў яго, і забілі яго, і адсеклі галаву ў яго, і ўзялі галаву ягоную з сабою, і ішлі пустыннаю дарогаю ўсю ноч;
II S Bela 4:8  і прынесьлі галаву Евастэя да Давіда ў Хэўрон і сказалі цару: вось галава Евастэя, сына Саўлавага, ворага твайго, які шукаў душы тваёй; сёньня Гасподзь адпомсьціў за гаспадара майго цара Саўлу і нашчадкам ягоным.
II S Bela 4:9  І адказваў Давід Рыхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рэмона Бээрацяніна, і сказаў ім: жывы Гасподзь, Які выбавіў душу маю ад усякага смутку!
II S Bela 4:10  калі таго, хто прынёс мне вестку, сказаўшы: "вось, памёр Саўл і Ёнатан ", і хто лічыў сябе радасным вестуном, я схапіў і забіў яго ў Сэкелагу, замест таго, каб даць яму ўзнагароду,
II S Bela 4:11  дык цяпер, калі нягодныя людзі забілі чалавека невінаватага ў ягоным доме на пасьцелі ягонай, няўжо я не спаганю крыві ягонай ад рукі вашай і ня вынішчу вас зь зямлі?
II S Bela 4:12  І загадаў Давід слугам, і забілі іх, і адсеклі ім рукі і ногі, і павесілі іх над сажалкай у Хэўроне. А галаву Евастэя ўзялі і пахавалі ў магіле Авэніра, у Хэўроне.
Chapter 5
II S Bela 5:1  І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы — косьці твае і плоць твая;
II S Bela 5:2  яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.
II S Bela 5:3  І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне перад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.
II S Bela 5:4  Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.
II S Bela 5:5  У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.
II S Bela 5:6  І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя,— гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.
II S Bela 5:7  Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.
II S Bela 5:8  І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідаву. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні .
II S Bela 5:9  І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і забудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.
II S Bela 5:10  І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.
II S Bela 5:11  І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.
II S Bela 5:12  І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.
II S Bela 5:13  І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.
II S Bela 5:14  І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,
II S Bela 5:15  і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,
II S Bela 5:16  і Элісама і Элідае і Эліфалэт.
II S Bela 5:17  Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.
II S Bela 5:18  А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.
II S Bela 5:19  І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.
II S Bela 5:20  І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.
II S Bela 5:21  І пакінулі там Філістымляне балванаў сваіх, а Давід з людзьмі сваімі ўзяў іх.
II S Bela 5:22  І прыйшлі зноў Філістымляне, і атабарыліся ў даліне Рэфаім.
II S Bela 5:23  І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;
II S Bela 5:24  і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вяршалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пайшоў Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.
II S Bela 5:25  І зрабіў Давід як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.
Chapter 6
II S Bela 6:1  І сабраў зноў Давід усіх выбраных з Ізраіля, трыццаць тысяч.
II S Bela 6:2  І ўстаў і пайшоў Давід і ўвесь народ, які быў зь ім, з Ваала Юдавага, каб перанесьці адтуль каўчэг Божы, на якім называецца імя Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах.
II S Bela 6:3  І паставілі каўчэг Божы на новую калясьніцу і вывезьлі яго з дома Амінадававага, што на пагорку. А сыны Амінадава, Оза і Ахіо, вялі новую калясьніцу.
II S Bela 6:4  І павезьлі яе з каўчэгам Божым з дома Амінадава, што на пагорку; і Ахіо ішоў перад каўчэгам.
II S Bela 6:5  І Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі перад Госпадам на ўсякіх музычных інструментах з кіпарысавага дрэва, і на цытрах і на псалтырах, і на тымпанах і на сістрах і на кімвалах.
II S Bela 6:6  І калі дайшлі да гумна Нахонавага, Оза працягнуў руку сваю да каўчэга Божага і ўзяўся за яго, бо валы нахілілі яго.
II S Bela 6:7  Але Гасподзь угневаўся на Озу, і забіў яго Бог там жа за дзёрзкасьць, і памёр ён там каля каўчэга Божага.
II S Bela 6:8  І засмуціўся Давід, што Гасподзь забіў забіў Озу. Месца гэта дагэтуль называецца: пагібель Озы.
II S Bela 6:9  І спалохаўся Давід ў той дзень Госпада і сказаў: як увайсьці да мяне каўчэгу Гасподняму?
II S Bela 6:10  І не захацеў Давід везьці каўчэг Гасподні да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго ў дом Авэдара Гэцяніна.
II S Bela 6:11  І заставаўся каўчэг Гасподні ў доме Авэдара Гэцяніна тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь Авэдара і ўвесь дом ягоны.
II S Bela 6:12  Калі данесьлі цару Давіду, кажучы: "Гасподзь дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага", дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў.
II S Bela 6:13  І калі тыя, якія несьлі каўчэг Божы, праходзілі па шэсьць крокаў, ён прыносіў у ахвяру цяля і барана.
II S Bela 6:14  Давід скакаў з усёй моцы перад Госпадам; а апрануты быў Давід у льняны наплечнік.
II S Bela 6:15  Так Давід і ўвесь дом Ізраілеў несьлі каўчэг Гасподні з крыкамі і трубнымі гукамі.
II S Bela 6:16  Калі ўваходзіў каўчэг Гасподні ў горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўла, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і танцаваў перад Госпадам, прынізіла яго ў сэрцы сваім.
II S Bela 6:17  І прынесьлі каўчэг Гасподні і паставілі яго на сваім месцы пасярод скініі, якую зладзіў для яго Давід; і прынёс Давід цэласпаленьні перад Госпадам і ахвяры мірныя.
II S Bela 6:18  Калі Давід закончыў прынясеньне цэласпаленьняў і ахвяраў мірных, дык дабраславіў ён народ імем Госпада Саваофа;
II S Bela 6:19  і раздаў усяму народу, усяму мноству Ізраільцянаў, як мужчынам, так і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку смажанага мяса і па адной ляпёшцы кожнаму. І пайшоў увесь народ кожны ў дом свой.
II S Bela 6:20  Калі Давід вярнуўся, каб дабраславіць дом свой, дык Мэлхола, дачка Саўла, выйшла яму насустрач і сказала: як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек?
II S Bela 6:21  І сказаў Давід Мэлхоле: перад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Гасподняга Ізраіля, перад Госпадам іграць і скакаць буду;
II S Bela 6:22  і я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны.
II S Bela 6:23  І ў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, ня было дзяцей да дня сьмерці яе.
Chapter 7
II S Bela 7:1  Калі цар жыў у доме сваім, і Гасподзь асланіў яго ад усіх навакольных ворагаў ягоных,
II S Bela 7:2  тады сказаў цар прароку Натану: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг Божы пад намётам.
II S Bela 7:3  І казаў Натан цару: усё, што ў цябе на сэрцы, ідзі, рабі, бо Гасподзь з табою.
II S Bela 7:4  Але тае самае ночы было слова Госпада Натану:
II S Bela 7:5  ідзі, скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ці ты пабудуеш Мне дом для Майго пражываньня,
II S Bela 7:6  калі Я ня жыў у доме з таго часу, як вывеў сыноў Ізраілевых зь Егіпта, і да сёньня, а пераходзіў у намёце і ў скініі?
II S Bela 7:7  Дзе Я ні хадзіў з усімі сынамі Ізраіля, ці казаў Я хоць слова каму-небудзь з плямёнаў, якому Я назначыў пасьвіць народ Мой Ізраіля: чаму ня збудуеце Мне кедровага дома?
II S Bela 7:8  І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыром народу Майго Ізраіля;
II S Bela 7:9  і быў з табою ўсюды, куды ні хадзіў ты, і зьнішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі.
II S Bela 7:10  І Я зладжу месца народу Майму, Ізраілю, і ўкараню яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім і ня будзе трывожыцца болей, і людзі грэшныя ня будуць болей уціскаць яго, як раней,
II S Bela 7:11  з таго часу, як Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем; і Я асланю цябе ад усіх ворагаў тваіх. І Гасподзь абвяшчае табе, што Ён зладзіць табе дом.
II S Bela 7:12  Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і ўмацую царства ягонае.
II S Bela 7:13  Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую трон царства яго навек.
II S Bela 7:14  Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; і калі ён згрэшыць, Я пакараю яго жазлом мужоў і ўдарамі сыноў чалавечых;
II S Bela 7:15  але ласкі Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.
II S Bela 7:16  І будзе непахісны дом твой і царства тваё навек перад абліччам Маім, і трон твой стаяцьме вечна.
II S Bela 7:17  Усе гэтыя словы і ўсю гэтую ўяву Натан пераказаў Давіду..
II S Bela 7:18  І пайшоў цар Давід, і стаў перад абліччам Госпада, і сказаў: хто я, Госпадзе, Госпадзе, і што такое дом мой, што Ты мяне так узьвялічыў!
II S Bela 7:19  І гэтага яшчэ мала здалося ў вачах Тваіх, Госпадзе мой, Госпадзе; а Ты абвясьціў яшчэ пра дом раба Твайго наперад. Гэта ўжо па-чалавечы, Госпадзе мой, Госпадзе!
II S Bela 7:20  Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш раба Твайго, Госпадзе мой, Госпадзе!
II S Bela 7:21  Дзеля слова Твайго і па сэрцы Тваім Ты робіш гэта, адкрываючы ўсё гэта рабу Твайму.
II S Bela 7:22  Па ўсім вялікі Ты, Госпадзе мой, Госпадзе! бо няма падобнага на Цябе і няма Бога, апрача Цябе, па ўсім, што чулі мы на свае вушы.
II S Bela 7:23  І хто падобны на народ Твой Ізраіля, адзіны народ на зямлі, дзеля якога прыходзіў Бог, каб здабыць яго Сабе за народ і праславіць Сваё імя і зьдзейсьніць вялікае і страшнае перад народам Тваім, які Ты здабыў Сабе ў Егіпцян, прагнаўшы народы і божышчаў іхніх?
II S Bela 7:24  І Ты замацаваў за Сабою народ Твой Ізраіля, як уласны народ, навечна, і Ты, Госпадзе, зрабіўся ягоным Богам.
II S Bela 7:25  І сёньня, Госпадзе Божа, умацуй навечна слова, якое вымавіў Ты пра раба Твайго і пра дом Ягоны, і выканай тое, што Ты вымавіў.
II S Bela 7:26  І хай узьвялічыцца імя Тваё навекі, каб казалі: Гасподзь Саваоф — Бог над Ізраілем. І дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды перад абліччам Тваім.
II S Bela 7:27  Бо Ты, Госпадзе Саваоф, Божа Ізраілеў, адкрыў рабу Твайму, кажучы: "зладжу табе дом", дык раб Твой падрыхтаваў сэрца сваё, каб маліцца Табе такою малітваю.
II S Bela 7:28  Дык вось, Госпадзе мой, Госпадзе! Ты Бог, і словы Твае неадпрэчныя, і Ты абвясьціў рабу Твайму такое дабро!
II S Bela 7:29  І сёньня пачні і дабраславі дом раба Твайго, каб ён быў вечна перад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе мой, Госпадзе, абвясьціў гэта, і дабраславеньнем Тваім зробіцца дом раба Твайго дабраславёным навечна.
Chapter 8
II S Bela 8:1  Пасьля гэтага Давід разьбіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Давід Мэтэг-Гаама з рук Філістымлянаў.
II S Bela 8:2  І разьбіў Маавіцянаў і зьмерыў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; і адмерыў дзьве вяроўкі на забіваньне, і адну вяроўку на пакіданьне жывым. І зрабіліся Маавіцяне ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну.
II S Bela 8:3  І разьбіў Давід Адраазара, сына Рэховага, цара Суўскага, калі той ішоў, каб аднавіць сваё валадараньне каля ракі Еўфрат ;
II S Bela 8:4  і ўзяў Давід у яго тысячу сямсот вершнікаў і дваццаць тысяч чалавек пешых, і падрэзаў Давід жылы ва ўсіх коней калясьнічых, пакінуўшы зь іх на сто калясьніц.
II S Bela 8:5  І прыйшлі Сірыйцы Дамаскія на дапамогу да Адраазара, цара Суўскага; але Давід разьбіў дваццаць дзьве тысячы чалавек Сірыйцаў.
II S Bela 8:6  І паставіў Давід ахоўныя войскі ў Сірыі Дамаскай, і сталі Сірыйцы ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну. І захоўваў Гасподзь Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
II S Bela 8:7  І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.
II S Bela 8:8  А ў Бэце і ў Бэроце, гарадах Адраазаравых, узяў цар Давід вельмі многа медзі.
II S Bela 8:9  І пачуў Той, цар Імата, што Давід разьбіў усё войска Адраазарава,
II S Bela 8:10  і паслаў Той Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і разьбіў яго; бо Адраазар вёў войны з Тоем. А ў руках у Ёрама быў посуд срэбраны, залаты і медны.
II S Bela 8:11  Іх таксама прысьвяціў цар Давід Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў:
II S Bela 8:12  у Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага,
II S Bela 8:13  І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.
II S Bela 8:14  І паставіў ён ахоўныя войскі ў Ідумэі; па ўсёй Ідумэі паставіў ахоўныя войскі, і ўсе Ідумэяне былі рабамі Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
II S Bela 8:15  І цараваў Давід над усім Ізраілем, і тварыў Давід суд і праўду над усім народам сваім.
II S Bela 8:16  А Ёаў, сын Саруі, быў правадыром войска; і Ёсафат, сын Ахілудаў — дзеяпісальнікам;
II S Bela 8:17  Садок, сын Ахітуваў, і Ахімэлэх, сын Авіятараў, — сьвятарамі, Сэрая — пісцом;
II S Bela 8:18  і Ванэя, сын Ёдая — начальнікам над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, і сыны Давіда — першымі пры двары.
Chapter 9
II S Bela 9:1  І сказаў Давід: ці не застаўся яшчэ хто-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку дзеля Ёнатана.
II S Bela 9:2  У доме Саўла быў раб, якога звалі Сіва; і паклікалі яго да Давіда, і сказаў яму цар: ці ты Сіва? І той сказаў: я раб твой.
II S Bela 9:3  І сказаў цар: ці няма яшчэ каго-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку Божую. І сказаў Сіва цару: ёсьць сын Ёнатана, кульгавы.
II S Bela 9:4  І сказаў яму цар: дзе ён? І сказаў Сіва цару: вось, ён у доме Махіра, сына Аміэлавага, у Лодэвары.
II S Bela 9:5  І паслаў цар Давід, і ўзялі яго з дома Махіра, сына Аміэлавага, з Ладэвара.
II S Bela 9:6  І прыйшоў Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: Мэмфівастэй! І сказаў той: вось раб твой.
II S Bela 9:7  І сказаў яму Давід: ня бойся: я зраблю табе ласку дзеля бацькі твайго Ёнатана і вярну табе ўсе палеткі Саўлавыя, бацькі твайго, і ты заўсёды будзеш есьці хлеб за маім сталом.
II S Bela 9:8  І пакланіўся Мэмфівастэй і сказаў: што такое раб твой, што ты прыхінуўся да такога мёртвага сабакі, як я?
II S Bela 9:9  І паклікаў царо Сіву, слугу Саўлавага, і сказаў яму: усё, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я аддаю сыну гаспадара твайго;
II S Bela 9:10  дык вось, апрацоўвай яму зямлю ты і сыны твае і рабы твае, і дастаўляй плады яе, каб у сына гаспадара твайго быў хлеб для ежы; а Мэмфівастэй, сын гаспадара свайго, заўсёды будзе есьці за маім сталом. У Сівы было пятнаццаць сыноў і дваццаць рабоў,
II S Bela 9:11  і сказаў Сіва цару: усё, што загадвае гаспадар мой цар рабу свайму, выканае раб твой. Мэмфівастэй еў за сталомДавіда , як адзін з сыноў цара.
II S Bela 9:12  У Мэмфівастэя быў маленькі сын, імем Міха. Усе, хто жыў у доме ў Сівы, былі рабамі Мэмфівастэя.
II S Bela 9:13  І жыў Мэмфівастэй у Ерусаліме, бо ён еў заўсёды за царскім сталом. Ён быў кульгавы на абедзьве нагі.
Chapter 10
II S Bela 10:1  Праз некаторы час памёр цар Аманіцкі, і заваладарыў замест яго сын ягоны Анон.
II S Bela 10:2  І сказаў Давід: зраблю я ласку Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое зрабіў мне бацька ягоны. І паслаў Давід слуг сваіх суцешыць Анона за бацьку ягонага. І прыйшлі слугі Давідавыя ў зямлю Аманіцкую.
II S Bela 10:3  Але князі Аманіцкія сказалі Анону, гаспадару свайму: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? ці не на тое, каб агледзець горад і высачыць у ім і пасьля разбурыць яго, прыслаў Давід слуг сваіх да цябе?
II S Bela 10:4  І ўзяў Анон слуг Давідавых і агаліў кожнаму зь іх палавіну барады, і абрэзаў вопратку іхнюю напалавіну, да сьцёгнаў, і адпусьціў іх.
II S Bela 10:5  Калі данесьлі пра гэта Давіду, дык ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя. І загадаў цар сказаць ім: заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль вырастуць бароды вашыя, і тады вяртайцеся.
II S Bela 10:6  І ўбачылі Аманіцяне, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду; і паслалі Аманіцяне наняць Сірыйцаў з Бэт-Рэхава і Сірыйцаў Сувы дваццаць тысяч пешых, у цара Маахі тысячу чалавек і зь Істова дванаццаць тысяч чалавек.
II S Bela 10:7  Калі пачуў пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам храбрых.
II S Bela 10:8  І выйшлі Аманіцяне і падрыхтаваліся да бітвы каля брамы, а Сірыйцы Сувы і Рэхава, і Істова і Маахі асобна ў полі.
II S Bela 10:9  І ўбачыў Ёаў, што няпрыяцельскае войска было пастаўлена супроць яго і спераду і ззаду, і выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраіле і выставіў іх супроць Сірыйцаў;
II S Bela 10:10  а астатнюю частку войска даручыў Авэсу, брату свайму, каб ён выставіў іх супроць Аманіцян.
II S Bela 10:11  І сказаў Ёаў: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, ты дапаможаш мне; а калі Аманіцяне цябе пачнуць адольваць, я прыйду да цябе на дапамогу;
II S Bela 10:12  будзь мужны, і будзем стаяць цьвёрда за народ наш і за гарады Бога нашага, а Гасподзь зробіць, што яму даспадобы.
II S Bela 10:13  І выступіў Ёаў і народ, які быў у яго, на бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.
II S Bela 10:14  А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, пабеглі ад Авэсы і зайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаў ад Аманіцянаў і прыйшоў у Ерусалім.
II S Bela 10:15  Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, сабраліся разам.
II S Bela 10:16  І паслаў Адраазар і паклікаў Сірыйцаў, якія за ракою Халамака , і прыйшлі яны да Элама; а Савак, ваеначальнік Адраазараў, узначальваў іх.
II S Bela 10:17  Калі данесьлі Давіду, дык ён сабраў усіх Ізраільцянаў і перайшоў Ярдан і прыйшоў да Элама. Сірыйцы выступілі супроць Давіда і ўступілі ў бітву зь ім.
II S Bela 10:18  І пабеглі Сірыйцы ад Ізраільцянаў. Давід зьнішчыў у Сірыйцаў семсот калясьніц і сорак тысяч верхаўцоў; разьбіў і ваеначальніка Савака, які там і пмаёр.
II S Bela 10:19  Калі ўсе цары пакорныя Адраазару ўбачылі, што яны разьбіты Ізраільцянамі, дык заключылі мір з Ізраільцянамі і скарыліся ім. А Сірыйцы баяліся далей дапамагаць Аманіцянам.
Chapter 11
II S Bela 11:1  Праз год, у той час, калі выходзяць цары ў паходы , Давід паслаў Ёава і слуг сваіх зь ім і ўсіх Ізраільцянаў; і яны разьбілі Аманіцянаў і аблажылі Раву; а Давід заставаўся ў Ерусаліме.
II S Bela 11:2  Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся на даху царскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася; а тая жанчына была вельмі прыгожая.
II S Bela 11:3  І паслаў Давід разьведаць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна.
II S Bela 11:4  Давід паслаў слуг узяць яе; і яна прыйшла да яго, і ён спаў зь ёю. А калі яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, вярнулася ў дом свой.
II S Bela 11:5  Жанчына гэтая зацяжарыла і паслала абвясьціць пра гэта Давіду, кажучы: я цяжарная.
II S Bela 11:6  І паслаў Давід сказаць Ёаву: прышлі да мяне Урыю Хэтэяніна. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда.
II S Bela 11:7  І прыйшоў да яго Урыя, распытаў яго Давід пра становішча Ёава і пра становішча народу і пра ход вайны.
II S Bela 11:8  І сказаў Давід Урыю: ідзі дамоў і абмый ногі свае. І выйшаў Урыя з дома царскага, а сьледам за ім панесьлі і царскія стравы.
II S Bela 11:9  Але Урыя спаў каля брамы царскага дома з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў у свой дом.
II S Bela 11:10  І данесьлі Давіду, кажучы: не пайшоў Урыя ў дом свой. І сказаў Давід Урыю: вось ты прыйшоў з дарогі; чаму ж не пайшоў ты ў дом свой?
II S Bela 11:11  І сказаў Урыя Давіду: каўчэг і Ізраіль і Юда ў намётах, і гаспадар мой Ёаў і рабы гаспадара майго ў полі, а я ўвайшоў бы дом свой есьці і піць і спаць са сваёю жонкаю! прысягаю тваім жыцьцём і жыцьцём душы тваёй, гэтага я не зраблю.
II S Bela 11:12  І сказаў Давід Урыю: застанься тут і на гэты дзень, а заўтра я адпушчу цябе. І застаўся Урыя ў Ерусаліме на гэты дзень да заўтра.
II S Bela 11:13  І запрасіў яго Давід, і еў Урыя перад ім і піў, і напаіў яго Давід . Але ўвечары прыйшоў Урыя спаць на пасьцель сваю з рабамі гаспадара свайго, а ў свой дом не пайшоў.
II S Bela 11:14  Раніцай Давід напісаў пісьмо Ёаву і паслаў яго з Урыем.
II S Bela 11:15  У пісьме ён напісаў так: пастаўце Урыю там, дзе самая моцная бітва, і адступеце ад яго, каб ён быў пабіты і памёр.
II S Bela 11:16  Таму, калі Ёаў аблажыў горад, дык паставіў ён Урыю на такім месцы, пра якое ведаў, што там храбрыя людзі.
II S Bela 11:17  Выйшлі людзі з горада і біліся зь Ёавам, і загінула некалькі з народу, са слуг Давідавых; быў забіты таксама і Урыя Хэтэянін.
II S Bela 11:18  І паслаў Ёаў данесьці Давіду пра ўвесь ход бітвы.
II S Bela 11:19  І загадаў пасланаму, кажучы: калі ты раскажаш цару пра ўвесь ход бітвы
II S Bela 11:20  і ўбачыш, што цар разгневаецца і скажа табе: "навошта вы так блізка падыходзілі да горада біцца? хіба вы ня ведалі, што са сьцяны будуць кідаць на вас?
II S Bela 11:21  хто забіў Авімэлэха, сына Еравалавага? ці не жанчына кінула на яго са сьцяны абломак жарона і забіла яго , і ён памёр у Тэвэцы? навошта ж вы блізка падыходзілі да сьцяны?" і тады ты скажы: і раб твой Урыя Хэтэянін таксама забіты і памёр.
II S Bela 11:22  І пайшоў, і прыйшоў, і расказаў Давіду пра ўвесь ход бітвы.
II S Bela 11:23  Тады пасланы сказаў Давіду: адольвалі нас тыя людзі і выйшлі да нас у поле, і мы перасьледавалі іх да ўваходу ў браму;
II S Bela 11:24  тады стралялі стралкі са сьцяны па рабах тваіх, і памерлі некаторыя з рабоў цара; памёр таксама і раб твой Урыя Хэтэянін.
II S Bela 11:25  Тады сказаў Давід пасланаму: так скажы Ёаву: хай не бянтэжыць цябе гэтая справа, бо меч пажырае часам таго, часам гэтага; узмацні вайну супроць горада і разбуры яго. Так падбадзёры яго.
II S Bela 11:26  І пачула жонка Урыі, што памёр Урыя, муж яе, і плакала па мужы сваім.
II S Bela 11:27  Калі скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе ў дом свой, і яна зрабілася жонкаю ягонаю і нарадзіла яму сына. І быў гэты ўчынак, які ўчыніў Давід, благім у вачах Госпада.
Chapter 12
II S Bela 12:1  І паслаў Гасподзь Натана прарока да Давіда, і той прыйшоў да яго і сказаў яму: у адным горадзе былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны;
II S Bela 12:2  у багатага было вельмі многа дробнага і буйнога быдла,
II S Bela 12:3  а ў беднага нічога, апрача адной авечкі, якую ён купіў маленькую і выкарміў, і яна вырасла ў яго разам зь дзецьмі ягонымі; хлеб ягоны яна ела, і зь ягонай чашы піла, і на грудзях у яго спала, і была яму, як дачка;
II S Bela 12:4  і прыйшоў да багатага чалавека дарожнік, і той пашкадаваў узяць са сваіх авечак ці валоў, каб прыгатаваць дарожніку, які прыйшоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго.
II S Bela 12:5  Моцна ўгневаўся Давід на гэтага чалавека і сказаў Натану: жывы Гасподзь! варты сьмерці чалавек, які зрабіў гэта;
II S Bela 12:6  і за авечку ён павінен заплаціць учацьвяра, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады.
II S Bela 12:7  І сказаў Натан Давіду: ты — той чалавек, які зрабіў гэта . Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я памазаў цябе ў цара над Ізраілем і Я выбавіў цябе ад рукі Саўла,
II S Bela 12:8  і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і даў табе дом Ізраілеў і Юдаў, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ болей;
II S Bela 12:9  навошта ж ты занядбаў слова Госпада, зрабіўшы ліхое перад вачыма Ягонымі? Урыю Хэтэяніна ты пабіў мечам; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мечам Аманіцянаў;
II S Bela 12:10  дык вось, не адступіцца меч ад дома твайго вавекі, за тое, што ты занядбаў Мяне і ўзяў жонку Урыі Хэтэяніна, каб яна была табе жонкаю.
II S Bela 12:11  Так кажа Гасподзь: вось, Я спараджу на цябе зло з дома твайго і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі і аддам блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;
II S Bela 12:12  ты зрабіў тайна, а Я зраблю перад усім Ізраілем і перад сонцам.
II S Bela 12:13  І сказаў Давід Натану: зграшыў я перад Госпадам. І казаў Натан Давіду: і Гасподзь зьняў зь цябе грэх твой; ты не памрэш;
II S Bela 12:14  але як што ты гэтым учынкам даў прычыну ворагам Госпада няславіць Яго, дык памрэ сын, які народзіцца ў цябе.
II S Bela 12:15  І пайшоў Натан у дом свой. І ўразіў Гасподзь дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.
II S Bela 12:16  І маліўся Давід Богу за дзіця, і пасьціўся Давід, і адасобіўшыся правёў ноч, лежачы на зямлі.
II S Bela 12:17  І ўвайшлі да яго старэйшыны дома ягонага, каб падняць яго зь зямлі; але ён не хацеў, і ня еў зь імі хлеба.
II S Bela 12:18  На сёмы дзень дзіця памерла, і слугі Давідавы баяліся данесьці яму, што памерла дзіця; бо, казалі яны, калі дзіця было яшчэ жывое, і мы ўгаворвалі яго, і ён ня слухаў голасу нашага, як жа скажам яму: "памерла дзіця"? і ён зробіць што-небудзь благое.
II S Bela 12:19  І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца паміж сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла, і спытаўся Давід у слуг сваіх: памерла дзіця? І сказалі яму: памерла.
II S Bela 12:20  Тады Давід устаў зь зямлі і ўмыўся, і памазаўся, і памяняў вопратку сваю, і пайшоў у дом Гасподні, і маліўся. Вярнуўшыся дамоў, запатрабаваў, каб падалі яму хлеба, і ён еў.
II S Bela 12:21  І сказалі яму слугі ягоныя: што азначае, што ты так робіш: калі дзіця было яшчэ жывое, ты пасьціўся і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб?
II S Bela 12:22  І сказаў Давід: пакуль дзіця было жывое, і пасьціўся і плакаў, бо думаў: хто ведае, ці ня зьлітуецца зь мяне Гасподзь, і дзіця застанецца жывое?
II S Bela 12:23  А цяпер яно памерла; навошта ж мне пасьціцца? Хіба я магу вярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня вернецца да мяне.
II S Bela 12:24  І суцешыў Давід Вірсавію, жонку сваю, і ўвайшоў да яе і спаў зь ёю; і яна нарадзіла сына і дала яму імя: Саламон. І Гасподзь палюбіў яго
II S Bela 12:25  і паслаў прарока Натана, і ён даў яму імя: Едыдыя , паводле слова Госпада.
II S Bela 12:26  Ёаў ваяваў супроць Равы Аманіцкай і ўзяў амаль царскі горад.
II S Bela 12:27  І паслаў Ёаў да Давіда сказаць яму: я напаў на Раву і авалодаў вадою горада;
II S Bela 12:28  цяпер зьбяры астатні народ і падступіся да горада і вазьмі яго; бо, калі я вазьму яго, дык маё імя будзе дадзена яму.
II S Bela 12:29  І сабраў Давід увесь народ і пайшоў да Равы, і ваяваў супроць яе і ўзяў яе.
II S Bela 12:30  І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы ягонай,— а ў ім было золата талант і каштоўны камень,— і ўсклаў яго Давід на галаву сваю, і здабычы з горада вынес вельмі многа.
II S Bela 12:31  А народ, які быў у ім, ён вывеў і паклаў іх пад пілы, пад жалезныя малатарні, пад жалезныя сякеры, і кінуў іх у абпальныя печы. Так ён зрабіў з усімі гарадамі Аманіцкімі. І вярнуўся пасьля таго Давід і ўвесь народ у Ерусалім.
Chapter 13
II S Bela 13:1  І было пасьля таго: у Авэсалома, сына Давідавага, была сястра прыгожая, імем Тамар, і пакахаў яе Амнон, сын Давідаў.
II S Bela 13:2  І журыўся Амнон да таго, што захварэў праз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-небудзь зрабіць зь ёю.
II S Bela 13:3  Але ў Амнона быў сябар, імем Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
II S Bela 13:4  І ён сказаў яму: чаго ты так худнееш з кожным днём, сын цароў,— ці не адкрыеш мне? І сказаў яму Амнон: Тамар, сястру Авэсаломаву, брата майго, кахаю я.
II S Bela 13:5  І сказаў яму Ёнадаў: кладзіся ў пасьцель тваю і прыкінься хворым; і калі бацька твой прыйдзе адведаць цябе, скажы яму: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і падмацуе мяне ежаю, прыгатаваўшы ежу на вачах маіх, каб я бачыў і еў з рук яе.
II S Bela 13:6  І лёг Амнон і прыкінуўся хворым, і прыйшоў цар адведаць яго; і сказаў Амнон цару: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і сьпячэ ў мяне на вачах ляпёшку, або дзьве, і я паем з рук яе.
II S Bela 13:7  І паслаў Давід да Тамары ў дом сказаць: ідзі ў дом Амнона, брата твайго, і прыгатуй яму ежу.
II S Bela 13:8  І пайшла яна ў дом брата свайго Амнона; а ён ляжыць. І ўзяла яна мукі і замясіла, і прыгатавала на вачах у яго і сьпякла ляпёшкі,
II S Bela 13:9  і ўзяла патэльню і паклала перад ім; але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: хай усе выйдуць ад мяне. І выйшлі ад яго ўсе людзі.
II S Bela 13:10  І сказаў Амнон Тамары: занясі ежу ва ўнутраны пакой, і я паем з рук тваіх. І ўзяла Тамар ляпёшкі, якія прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, ва ўнутраны пакой.
II S Bela 13:11  І калі яна паставіла перад ім, каб ён еў, дык ён схапіў яе і сказаў: ідзі, кладзіся са мною, сястра мая.
II S Bela 13:12  Але яна сказала: не, браце мой, не няславі мяне, бо ня робіцца так у Ізраіле; не рабі гэтага вар'яцтва.
II S Bela 13:13  І я, куды я пайду з маёю няславаю? І ты, ты будзеш адным з вар'ятаў у Ізраіле; ты пагавары з царом; ён не адмовіцца аддаць мяне табе.
II S Bela 13:14  Але ён не хацеў слухаць слоў яе, і перасіліў яе і згвалціў яе, і ляжаў зь ёю.
II S Bela 13:15  Пасьля зьненавідзеў яе Амнон самай вялікай нянавісьцю, так што нянавісьць, якою ён зьненавідзеў яе, была мацней за каханьне, якое меў да яе; і сказаў ёй Амнон: устань, сыдзі.
II S Bela 13:16  І сказала яму: не, прагнаць мяне — гэта зло большае за першае, якое ты зрабіў са мною. Але ён не хацеў слухаць яе.
II S Bela 13:17  І паклікаў хлопчыка свайго, які слугаваў яму, і сказаў: прагані гэтую ад мяне і замкні дзьверы за ёю.
II S Bela 13:18  На ёй была каляровая вопратка, бо такую верхнюю вопратку насілі царскія дочкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга прэч і замкнуў за ёю дзьверы.
II S Bela 13:19  І пасыпала Тамар попелам галаву сваю, і падрала каляровую вопратку, якую мела на сабе, і паклала рукі свае на галаву сваю, і так ішла і лямантавала.
II S Bela 13:20  І сказаў ёй Авэсалом, брат яе: ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — а цяпер маўчы, сястра мая; ён — брат твой; ня журыся сэрцам тваім пра гэты ўчынак. І жыла Тамар у адзіноце ў доме Авэсалома, брата свайго.
II S Bela 13:21  І дачуўся цар Давід пра ўсё гэта і моцна разгневаўся.
II S Bela 13:22  А Авэсалом не гаварыў з Амнонам ні благога, ні добрага; бо зьненавідзеў Авэсалом Амнона за тое, што ён зьняславіў Тамару, сястру яго.
II S Bela 13:23  Праз два гады стрыглі авечак у Авэсалома ў Ваал-Гацоры, што ў Яфрэма, і паклікаў Авэсалом усіх сыноў царскіх.
II S Bela 13:24  І прыйшоў Авэсалом да цара і сказаў: вось, сёньня стрыжка авечак у раба твайго; хай пойдзе цар і слугі ягоныя з рабом тваім.
II S Bela 13:25  Але цар сказаў Авэсалому: не, сыне мой, мы ня пойдзем усе, каб ня быць табе цяжарам. І моцна ўпрошваў яго Авэсалом ; але ён не захацеў ісьці і дабраславіць яго.
II S Bela 13:26  І сказаў яму Авэсалом: прынамсі, хай пойдзе з намі Амнон, брат мой. І сказаў яму цар: навошта яму ісьці з табою?
II S Bela 13:27  Але Авэсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх царскіх сыноў.
II S Bela 13:28  А Авэсалом загадаў хлопцам сваім, сказаўшы: глядзеце, як толькі разьвесяліцца сэрца Амнона ад віна, і я скаху вам: "беце Амнона", тады забеце яго, ня бойцеся; гэта я загадваю вам, будзьце сьмелыя і мужныя.
II S Bela 13:29  І зрабілі хлопцы Авэсаломавыя з Амнонам, як загадаў Авэсалом. Тады ўсталі ўсе царскія сыны, селі кожны на мула і ўцяклі.
II S Bela 13:30  Калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла чутка да Давіда, што Авэсалом забіў усіх царскіх сыноў, і не засталося ніводнага зь іх.
II S Bela 13:31  І ўстаў цар, і разадраў вопратку сваю, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разадралі вопратку сваю.
II S Bela 13:32  Але Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага, сказаў: хай ня думае гаспадар мой, што ўсіх хлопцаў, царскіх сыноў, забілі; адзін толькі Амнон памёр, бо ў Авэсалома быў гэты намысел з таго дня, як Амнон зьняславіў сястру ягоную;
II S Bela 13:33  дык вось, хай гаспадар мой цар ня трывожыцца думкаю пра тое, быццам памерлі царскія сыны: памёр адзін толькі Амнон.
II S Bela 13:34  І ўцёк Авэсалом. І падняў хлопец, які стаяў на варце, вочы свае і ўбачыў: вось, многа народу ідзе па дарозе схілам гары.
II S Bela 13:35  Тады Ёнадаў сказаў цару: гэта ідуць царскія сыны; як казаў раб твой, так і ёсьць.
II S Bela 13:36  І як толькі сказаў ён гэта, вось, прыйшлі царскія сыны і паднялі лямант і плакалі. І сам цар і ўсе слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.
II S Bela 13:37  А Авэсалом уцёк і пайшоў да Талмая, сына Эміуда, цара Гесурскага. І плакаў цар Давід па сыне сваім ва ўсе дні.
II S Bela 13:38  Авэсалом уцёк і прыйшоў у Гесур і прабыў там тры гады.
II S Bela 13:39  І ня стаў цар Давід перасьледаваць Авэсалома, бо ўцешыўся ў сьмерці Амнона.
Chapter 14
II S Bela 14:1  І заўважыў Ёаў, сын Саруі, што сэрца цара павярнулася да Авэсалома.
II S Bela 14:2  І паслаў Ёаў у Тэкою, і ўзяў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: прыкінься, быццам плачаш, і апрані жалобную вопратку, і ня мажся алеем, і назавіся жанчынаю, якая шмат дзён плакала па памерлым;
II S Bela 14:3  і йдзі да цара і скажы яму так і так. І ўклаў Ёаў у вусны яе, што сказаць.
II S Bela 14:4  І ўвайшла жанчына Тэкаіцянка да цара і ўпала тварам сваім на зямлю, і пакланілася і сказала: памажы, цару!
II S Bela 14:5  І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: я ўдава, муж мой памёр;
II S Bela 14:6  і ў рабы тваёй было два сыны; яны пасварыліся ў полі, і ня было каму разьвесьці іх, і пабіў адзін другога і забіў яго.
II S Bela 14:7  І вось, паўстала ўся радня на рабу тваю, і кажуць: аддай забойцу брата свайго; і мы заб'ем яго за душу брата ягонага, якую ён загубіў, і зьнішчым нават спадчыньніка. І так яны патушаць астатнюю іскру маю, каб не пакінуць мужу майму імя і нашчадкаў на ўлоньні зямлі.
II S Bela 14:8  І сказаў цар жанчыне: ідзі спакойна дамоў, я дам загад пра цябе.
II S Bela 14:9  Але жанчына Тэкаіцянка сказала цару: на мне, гаспадару мой цар, хай будзе віна і на доме бацькі майго, а цар і трон ягоны невінаваты.
II S Bela 14:10  І сказаў цар: таго, хто будзе супроць цябе, прывядзі да мяне, і ён больш не чапацьме цябе.
II S Bela 14:11  Яна сказала: спамяні, цару, Госпада Бога твайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў і не пагубілі сына майго. І сказаў цар: жывы Гасподзь! не ўпадзе і волас сына твайго на зямлю.
II S Bela 14:12  І сказала жанчына: дазволь рабе тваёй сказаць яшчэ слова гаспадару майму цару.
II S Bela 14:13  Ён сказаў: кажы. І сказала жанчына: чаму ты так робіш супроць народу Божага? Цару, вымавіўшы гэте слова, зьвінаваціў сябе самога, бо не вяртае выгнанца свайго.
II S Bela 14:14  Мы памром і будзем, як вада, вылітая на зямлю, якую нельга сабраць; але Бог ня хоча загубіць душу і думае, як бы не адкінуць ад Сябе адкінутага.
II S Bela 14:15  І цяпер я прыйшла сказаць цару, гаспадару майму, гэтыя словы, бо народ палохае мяне; і раба твая сказала: пагавару я з царом, ці ня зробіць ён паводле слова рабы сваёй;
II S Bela 14:16  мабыць, цар выслухае і выбавіць рабу сваю з рук людзей, якія хочуць зьнішчыць мяне разам з сынам маім са спадчыны Божай.
II S Bela 14:17  І сказала раба твая: хай будзе слова гаспадара майго цара ўцехаю мне, бо гаспадар мой цар, як анёл Божы, і можа выслухаць і добрае і благое. І Гасподзь Бог твой будзе з табою.
II S Bela 14:18  І адказваў цар і сказаў жанчыне: не схавай ад мяне, пра што я спытаюся ў цябе. І сказала жанчына: кажы, гаспадару мой цар.
II S Bela 14:19  І сказаў цар: ці ня рука Ёава ва ўсім гэтым з табою. І адказвала жанчына і сказала: хай жыве душа твая, гаспадару мой цар; ні направа, ні налева нельга ўхіліцца ад таго, што сказаў гаспадар мой цар; правільна, раб твой Ёаў загадаў мне, і ён уклаў у вусны рабы тваёй усе гэтыя словы;
II S Bela 14:20  каб прытчаю даць справе такі выгляд, раб твой Ёаў навучыў мяне; але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі.
II S Bela 14:21  І сказаў цар Ёаву: вось, я зраблю; ідзі ж, вярні хлопца Авэсалома.
II S Bela 14:22  Тады Ёаў упаў тварам на зямлю і пакланіўся, і дабраславіў цара і сказаў: цяпер ведае раб твой, што здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, гаспадару мой цар, бо цар зрабіў паводле слова раба свайго.
II S Bela 14:23  І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гесур, і прывёў Авэсалома ў Ерусалім.
II S Bela 14:24  І сказаў цар: хай ён вернецца ў дом свой, а твару майго ня бачыць. І пайшоў Авэсалом у свой дом, а твару царскага ня бачыў.
II S Bela 14:25  Ня было ва ўсім Ізраіле мужчыны такога прыгожага, як Авэсалом, і такога пахвальнага, як ён: ад падэшвы ног да верху галавы яго ня было ў яго пахібы.
II S Bela 14:26  Калі ён стрыг галаву сваю,— а ён стрыг яе кожны год, бо яна абцяжарвала яго, дык валасы з галавы ягонай важылі дзьвесьце сікляў па вазе царскай.
II S Bela 14:27  І нарадзіліся ў Авэсалома тры сыны і адна дачка, імем Тамар; яна была жанчына прыгожая.
II S Bela 14:28  І заставаўся Авэсалом у Ерусаліме два гады, а твару царскага ня бачыў.
II S Bela 14:29  І паслаў Авэсалом па Ёава, каб паслаць яго да цара; але той не захацеў прыйсьці да яго. Паслаў і другі раз, але той не захацеў прыйсьці.
II S Bela 14:30  І сказаў Авэсалом слугам сваім: бачыце дзялянку поля Ёава каля майго, і ў яго там ячмень: ідзеце, выпаліце яго агнём. І выпалілі слугі Авэсалома тую дзялянку поля агнём.
II S Bela 14:31  І ўстаў Ёаў, і прыйшоў да Авэсалома ў дом, і сказаў яму: навошта слугі твае выпалілі маю дзялянку агнём?
II S Bela 14:32  І сказаў Авэсалом Ёаву: вось, я пасылаў па цябе, кажучы: прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да цара сказаць: навошта я прыйшоў з Гесура? Лепей бы мне заставацца там. Я хачу ўбачыць твар цара. Калі ж я вінаваты, дык забі мяне.
II S Bela 14:33  І пайшоў Ёаў да цара і пераказаў яму. І паклікаў цар Авэсалома. Ён прыйшоў да цара і ўпаў тварам сваім на зямлю перад царом. І пацалаваў цар Авэсалома.
Chapter 15
II S Bela 15:1  Пасьля гэтага Авэсалом завёў у сябе калясьніцы і коней і пяцьдзесят скараходаў.
II S Bela 15:2  І ўставаў Авэсалом рана раніцай, і станавіўся пры дарозе каля брамы, і калі хто-небудзь, маючы цяжбіну, ішоў да цара на суд, дык Авэсалом падклікаў яго да сябе і пытаўся: зь якога ты горада? І калі той адказваў: з такога племя Ізраілевага раб твой,-
II S Bela 15:3  тады казаў яму Авэсалом: вось, справа твая добрая і справядлівая, але ў цара няма каму выслухаць цябе.
II S Bela 15:4  І казаў Авэсалом: о, калі б мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! да мяне прыходзіў бы кожны, хто мае спрэчку і цяжбіну, і я судзіў бы яго па праўдзе.
II S Bela 15:5  І калі падыходзіў хто-небудзь пакланіцца яму, дык ён працягваў руку сваю і абдымаў яго і цалаваў яго.
II S Bela 15:6  Так рабіў Авэсалом з кожным Ізраільцянінам, які ішоў на суд да цара, і ўкрадваўся Авэсалом у сэрцы Ізраільцянам.
II S Bela 15:7  Як прайшло сорак гадоў цараваньня Давіда , Авэсалом сказаў цару: пайду я і выканаю абяцаньне маё, якое я даў Госпаду у Хэўроне;
II S Bela 15:8  бо я, раб твой, жывучы ў Гесуры ў Сірыі, даў абяцаньне: калі Гасподзь верне мяне ў Ерусалім, я прынясу ахвяру Госпаду.
II S Bela 15:9  І сказаў яму цар: ідзі зь мірам. І ўстаў ён і пайшоў у Хэўрон.
II S Bela 15:10  І разаслаў Авэсалом выведнікаў ва ўсе плямёны Ізраіля, сказаўшы: калі вы пачуеце гук трубы, дык кажэце: Авэсалом зацараваў у Хэўроне.
II S Bela 15:11  З Авэсаломам пайшлі зь Ерусаліма дзьвесце чалавек, якія былі запрошаны ім, і пайшлі па прастаце сваёй, ня ведаючы, што сталася.
II S Bela 15:12  У час ахвяравання Авэсалом паслаў і паклікаў Ахітафэла Гіланяніна, дарадцу Давідавага, зь ягонага роду Гіло. І склалася моцная змова, і народ сцякаўся і множыўся вакол Авэсалома.
II S Bela 15:13  І прыйшоў вястун да Давіда і сказаў: сэрца Ізраільцянаў ухілілася на бок Авэсалома.
II S Bela 15:14  І сказаў Давід усім слугам сваім, якія былі пры ім у Ерусаліме: устаньце, уцячэм, бо ня будзе нам ратунку ад Авэсалома; сьпяшайцеся, каб нам уцячы, каб ён не застаў нас і не навёў на нас бяды і ня зьнішчыў горада мячом.
II S Bela 15:15  І сказалі слугі царскія цару: ва ўсім, што да спадобы гаспадару нашаму цару мы — рабы твае.
II S Bela 15:16  І выйшаў цар і ўвесь дом ягоны за ім пеша. А пакінуў цар дзесяць жонак, наложніц дзеля догляду дома.
II S Bela 15:17  І выйшаў цар і ўвесь народ пешыя, і спыніліся каля Бэт-Мэрхата.
II S Bela 15:18  І ўсе слугі ягоныя ішлі абапал яго, і ўсе Хэлэтэі, і ўсе Фэлэтэі, і ўсе Гэцяне да шасьцісот чалавек, якія прыйшлі разам зь ім з Гэта, ішлі наперадзе цара.
II S Bela 15:19  І сказаў цар Этэю Гэцяніну: навошта і ты ідзеш з намі? вярніся і заставайся з тым царом, бо ты чужаземец і прыйшоў сюды з свайго месца;
II S Bela 15:20  учора ты прыйшоў, а сёньня я прымушу цябе ісьці з намі? я іду, куды надарыцца; вярніся і вярні братоў сваіх з сабою; хай учыніць Гасподзь міласьць і ісьціну з табою !
II S Bela 15:21  І адказваў Этэй цару і сказаў: жывы Гасподзь, і хай жыве гаспадар мой цар: дзе б ні быў гаспадар мой цар, ці ў жыцьці, а ці ў сьмерці, там будзе і раб твой.
II S Bela 15:22  І сказаў Давід Этэю: тады ідзі і хадзі са мною. І пайшоў Этэй Гэцянін і ўсе людзі ягоныя і ўсе дзеці, якія былі зь ім.
II S Bela 15:23  І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь народ пераходзіў, і цар перайшоў паток Кедрон; і пайшоў увесь народ і цар па дарозе да пустыні.
II S Bela 15:24  Вось, і Садок сьвятар , і ўсе лявіты зь ім несьлі каўчэг запавета Божага з Вэтары і паставілі каўчэг Божы; Авіятар жа стаяў на ўзвышэньні, пакуль увесь народ ня выйшаў з горада.
II S Bela 15:25  І сказаў цар Садоку: вярні каўчэг Божы ў горад. Калі я здабуду міласьць перад вачыма Госпада, дык Ён верне мяне і дасьць мне бачыць яго і жытлішча ягонае.
II S Bela 15:26  А калі Ён скажа так: "няма Маёй добрай волі да цябе", дык вось я: хай робіць са мною, што Яму заўгодна.
II S Bela 15:27  І сказаў цар Садоку сьвятару: бачыш,— вярніся ў горад зь мірам, і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Авіятара, абодва сыны вашыя з вамі;
II S Bela 15:28  бачыце, я памаруджу на раўніне ў пустыні, пакуль ня прыйдзе вестка ад вас да мяне.
II S Bela 15:29  І вярнулі Садок і Авіятар каўчэг Божы ў Ерусалім і засталіся там.
II S Bela 15:30  І Двід пайшоў на гару Элеонскую, ішоў і плакаў; галава ў яго была пакрытая; ён ішоў босы, і ўсе людзі, якія былі зь ім, накрылі кожны галаву сваю, ішлі і плакалі.
II S Bela 15:31  Данесьлі Давіду і сказалі: і Ахітатэл у ліку змоўшчыкаў з Авэсаломам. І сказаў Давід: Госпадзе! разбуры раду Ахітатэлаву.
II S Bela 15:32  Калі Давід падняўся на вяршыню гары, дзе ён пакланяўся Богу, вось, насустрач яму ідзе Хусій Архіцянін, сябар Давідаў: вопратка на ім была падраная, і пыл на галаве ягонай.
II S Bela 15:33  І сказаў яму Давід: калі ты пойдзеш са мною, ты будзеш мне цяжарам;
II S Bela 15:34  але калі вернешся ў горад і скажаш Авэсалому: "цару, прайшлі міма цары твае, і цар бацька твой прайшоў, і сёньня і раб твой; пакінь мяне жывым , дагэтуль я быў рабом бацькі твайго, а цяпер я твой раб", дык ты разладзіш мне раду Ахітатэлаву.
II S Bela 15:35  Вось, там з табою Садок і Авіятар сьвятары, і ўсякае слова, якое пачуеш з дома цара, пераказвай Садоку і Авіятару сьвятарам.
II S Bela 15:36  Там зь імі і два сыны іхнія, Ахімаас, сын Садокаў, і Ёнатан, сын Авіятараў; празь іх пасылайце мне кожную вестку, якую пачуеце.
II S Bela 15:37  І прыйшоў Хусій, сябар Давідаў, у горад; а Авэсалом уступіў тады ў Ерусалім.
Chapter 16
II S Bela 16:1  Калі Давід крыху сышоў зь вяршыні гары, вось, сустракаецца яму Сіва, слуга Мэмфівастэя, з параю наўючаных аслоў, і на іх дзьвесьце хлябоў, сто вязанак разынак, сто вязанак смокваў і мех зь віном.
II S Bela 16:2  І сказаў цар Сіву: навошта гэта ў цябе? І адказваў Сіва: аслы для дома царскага, для язды, а хлеб і плады ў ежу хлопчыкам, а віно на піцьцё аслабелым у пустыні.
II S Bela 16:3  І сказаў цар: дзе сын гаспадара твайго? І адказваў Сіва цару: вось, ён застаўся ў Ерусаліме і кажа: вось цяпер дом Ізраілеў верне мне царства бацькі майго.
II S Bela 16:4  І сказаў Сіву: вось табе ўсё, што ў Мэмфівастэя. І адказваў Сіва пакланіўшыся: хай здабуду літасьць у вачах гаспадара майго цара!
II S Bela 16:5  Калі дайшоў цар Давід да Бахурыма, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду Саўлавага, імем Сэмэй, сын Геры; ён ішоў і ліхасловіў,
II S Bela 16:6  і кідаў камянямі ў Давіда і па ўсіх рабах цара Давіда; а ўсе людзі і ўсе адважнікі былі па правы і па левы бок.
II S Bela 16:7  Так гаварыў Сэмэй, ліхасловячы яго: ідзі, ідзі, забойца і беззаконьнік!
II S Bela 16:8  Гасподзь абярнуў на цябе ўсю кроў дома Саўлавага, замест якога ты зрабіў сябе царом, і аддаў Гасподзь царства ў рукі Авэсалому, сыну твайму; і вось, ты ў бядзе, бо ты крывасмок.
II S Bela 16:9  І сказаў Авэса, сын Саруін, цару: навошта ліхасловіць гэты мёртвы сабака гаспадара майго цара? пайду я і здыму зь яго галаву.
II S Bela 16:10  І сказаў цар: што мне і вам, сыны Саруіны? хай ён ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму ліхасловіць Давіда. Хто ж можа сказаць: навошта ты так робіш?
II S Bela 16:11  І сказаў Давід Авэсу і ўсім слугам сваім: вось, калі мой сын, які выйшаў са сьцёгнаў маіх, шукае душы маёй, тым болей сын Веньямініцяніна; пакіньце яго, хай ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму;
II S Bela 16:12  можа, Гасподзь прыхіліцца і на прыніжэньне маё, і дасьць мне Гасподзь даброцьцю за цяперашняе ягонае ліхаслоўе.
II S Bela 16:13  І ішоў Давід і людзі ягоныя сваёй дарогаю, а Сэмэй ішоў па ўскраіне гары, і кідаў камянямі і пылам на бок ягоны.
II S Bela 16:14  І прыйшоў цар і ўвесь народ, які быў зь ім, стомлены, і адпачываў там.
II S Bela 16:15  А Авэсалом і ўвесь народ Ізраільскі прыйшоў у Ерусалім, і Ахітафэл зь ім.
II S Bela 16:16  Калі Хусій Архіцянін, сябар Давідаў, прыйшоў да Авэсалома, дык сказаў Хусій Авэсалому: хай жыве цар, хай жыве цар!
II S Bela 16:17  І сказаў Авэсалом Хусію: дык вось якая рупнасьць твая да твайго сябра! чаму ты не пайшоў зь сябрам тваім?
II S Bela 16:18  І сказаў Хусій Авэсалому: не, каго выбраў Гасподзь і гэты народ і ўвесь Ізраіль, з тым і я, і зь ім застануся.
II S Bela 16:19  І прытым каму я буду служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду служыць і табе.
II S Bela 16:20  І сказаў Авэсалом Ахітафэлу: дайце параду, што нам рабіць.
II S Bela 16:21  І сказаў Ахітафэл Авэсалому: увайдзі да наложніц бацькі твайго, якіх ён пакінуў ахоўваць дом свой; і пачуюць усе Ізраільцяне, што ты зрабіўся ненавісным бацьку твайму, і ўмацуюцца рукі ўва ўсіх, хто з табою.
II S Bela 16:22  І паставілі Авэсалому палатку на даху, і ўвайшоў Авэсалом да наложніц бацькі свайго на вачах усяго Ізраіля.
II S Bela 16:23  А парады Ахітафэла, якія ён даваў, у той час лічыліся , як бы калі б хто пытаўся навукі ў Бога. Такая была кожная парада Ахітафэла як Давіду, так і Авэсалому.
Chapter 17
II S Bela 17:1  І сказаў Ахітафэл Авэсалому: выберу я дванаццаць тысяч чалавек і ўстану і пайду ў пагоню за Давідам гэтай жа ночы;
II S Bela 17:2  і нападу на яго, калі ён будзе стомлены і з апушчанымі рукамі, і прывяду яго ў страх; і ўсе людзі, якія зь ім, разьбягуцца; і я заб'ю аднаго цара
II S Bela 17:3  і ўсіх людзей павярну да цябе; і калі ня будзе аднаго, душу якога ты шукаеш, тады ўвесь народ будзе ў міры.
II S Bela 17:4  І спадабалася гэтае слова Авэсалому і ўсім старэйшынам Ізраілевым.
II S Bela 17:5  І сказаў Авэсалом: паклічце Хусія Архіцяніна; паслухаем, што ён скажа.
II S Bela 17:6  І прыйшоў Хусій да Авэсалома. І сказаў яму Авэсалом, кажучы: вось, што кажа Ахітафэл; ці зрабіць паводле ягоных слоў? а калі не, дык кажы ты.
II S Bela 17:7  І сказаў Хусій Авэсалому: ня добрая гэтым разам парада, якую даў Ахітафэл.
II S Bela 17:8  І сказаў далей Хусій: ты ведаеш твайго бацьку і людзей ягоных; яны адважныя і моцна раздражнёныя, як мядзьведзіха ў полі, у якой адабралі дзяцей, і бацька твой — чалавек ваяўнічы; ён ня спыніцца начаваць з народам.
II S Bela 17:9  Вось, цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры, альбо ў іншым месцы, і калі хто загіне пры першым нападзе на іх, і пачуюць і скажуць: "была параза людзей, якія пасьледавалі за Авэсаломам",
II S Bela 17:10  тады і самы адважны, у якога сэрца, як сэрца львінае, упадзе духам; бо ўсяму Ізраілю вядома, які адважны бацька твой і мужныя тыя, якія зь ім.
II S Bela 17:11  Таму я раю: хай зьбярэцца да цябе ўвесь Ізраіль, ад Дана да Вірсавіі, у мностве, як пясок каля мора, і ты сам пойдзеш сярод яго;
II S Bela 17:12  і тады мы пойдзем супроць яго, у якім бы месцы ён ні быў, і нападзем на яго, як ападае раса на зямлю; і не застанецца ў яго ніводнага чалавека з усіх, якія зь ім;
II S Bela 17:13  а калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, дык увесь Ізраіль прынясе да таго горада вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў раку, так што не застанецца ніводнага каменьчыка.
II S Bela 17:14  І сказаў Авэсалом і ўвесь Ізраіль: парада Хусія Архіцяніна лепшая за параду Ахітафэлаву. Так Гасподзь судзіў разбурыць найлепшую параду Ахітафэла, каб навесьці Госпаду бяду на Авэсалома.
II S Bela 17:15  І сказаў Хусій Садоку і Авіятару сьвятарам: так і так раіў Ахітафэл Авэсалому і старэйшынам Ізраілевым, а так і так параіў я.
II S Bela 17:16  І цяпер пашлеце хутчэй і скажэце Давіду так: не заставайся гэтай ночы на раўніне ў пустыні, а хутчэй перайдзі, каб не загінуць цару і ўсім людзям, якія зь ім.
II S Bela 17:17  Ёнатан і Ахімаас стаялі каля крыніцы Рогель. І пайшла служанка і расказала ім, а яны пайшлі і паведамілі цару Давіду; бо яны не маглі паказацца ў горадзе.
II S Bela 17:18  І ўбачыў іх хлопчык і данёс Авэсалому; але яны абодва хутка сышлі і прыйшлі ў Бахурым, у дом аднаго чалавека, у якога на дварэ быў калодзеж, і спусьціліся туды.
II S Bela 17:19  А жанчына ўзяла і расьцягнула над вусьцем калодзежа покрыва і насыпала на яго круп, так што не было нічога прыкметна.
II S Bela 17:20  І прыйшлі рабы Авэсалома да жанчыны ў дом і сказалі: дзе Ахімаас і Ёнатан? І сказала ім жанчына: яны перайшлі раку бродам. І шукалі яны, і не знайшлі, і вярнуліся ў Ерусалім.
II S Bela 17:21  Калі яны сышлі, тыя выйшлі з калодзежа, пайшлі і паведамілі цару Давіду і сказаді Давіду: устаньце і хутчэй перайдзеце ваду; бо так і так раіў пра вас Ахітафэл.
II S Bela 17:22  І ўстаў Давід і ўсе людзі, якія былі зь ім, і перайлі Ярдан; да сьвітаньня не засталося ніводнага, хто не перайшоў бы Ярдана.
II S Bela 17:23  І ўбачыў Ахітафэл, што ня выканана парада ягоная, і асядлаў асла, і сабраўся, і пайшоў у дом свой, і зрабіў тастамант дому свайму, і ўдавіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.
II S Bela 17:24  І прыйшоў Давід у Маханаім, а Авэсалом перайшоў Ярдан, сам і ўвесь Ізраіль зь ім.
II S Bela 17:25  Авэсалом паставіў Амэсая замест Ёава над войскам. Амэсай быў сын аднаго чалавека, імем Ефэра зь Ізрэеля, які ўвайшоў да Авігеі, дачкі Нааса, сястры Саруі, маці Ёава.
II S Bela 17:26  І Ізраіль з Авэсаломам разьмясьціўся табарам у зямлі Галаадскай.
II S Bela 17:27  Калі Давід прыйшоў у Маханаім, дык Сові, сын Нааса, з Равы Аманіцкай, і Махір, сын Амііла, з Ладавара, і Вэрзэлій Галаадыцянін з Рагліма,
II S Bela 17:28  прынесьлі дзесяць падрыхтаваных пасьцеляў, дзесяць місак і гліняных пасудзін, і пшаніцы і ячменю, і мукі і проса, і бобу і сачыўкі і пражанага зерня,
II S Bela 17:29  і мёду і масла, і авечак і сыру каровінага, прынесьлі Давіду і людзям, якія былі зь ім, на ежу; бо казалі яны: народ галодны і стомлены і цярпеў смагу ў пустыні.
Chapter 18
II S Bela 18:1  І агледзеў Давід людзей, якія былі зь ім і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
II S Bela 18:2  І выправіў Давід людзей — трэцюю частку пад рукою Ёава, трэцюю частку пад рукою Авэсы, сына Саруінага, брата Ёава, трэцюю частку пад рукою Этэя Гэцяніна. І сказаў цар людзям: я сам пайду з вамі.
II S Bela 18:3  Але людзі адказвалі яму: не хадзі; бо, калі мы і пабяжым, дык ня зьвернуць увагі на гэта; калі і памрэ палавіна з нас, таксама ня звернуць увагі; а ты адзін тое самае, што нас дзесяць тысяч; дык вось, нам лепей, каб ты дапамагаў нам з горада.
II S Bela 18:4  І сказаў ім цар: што спадобнае ў вачах вашых, тое і зраблю. І стаў цар каля брамы, і ўвесь народ выходзіў па сотнях і па тысячах.
II S Bela 18:5  І загадаў цар Ёаву і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома. І ўсе людзі чулі, як загадваў цар усім правадырам пра Авэсалома.
II S Bela 18:6  І выйшлі людзі ў поле насустрач Ізраільцянам, і была бітва ў лесе Яфрэмавым.
II S Bela 18:7  І быў разьбіты народ Ізраільскі рабамі Давідавымі; было там пабоішча вялікае ў той дзень,— забітых дваццаць тысяч.
II S Bela 18:8  Бітва пашырылася па ўсёй той краіне, і лес загубіў народу болей, чым колькі зьнішчыў меч, у той дзень.
II S Bela 18:9  І сустрэўся Авэсалом з рабамі Давідавымі; ён быў на муле. Калі мул убег зь ім пад гольле вялікага дуба, дык Авэсалом падчапіўся валасамі сваімі за вецьце дуба і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, які быў пад ім, зьбег.
II S Bela 18:10  І ўбачыў гэта нехта і данёс Ёаву, кажучы: вось, я бачу Авэсалома, што вісіць ён на дубе.
II S Bela 18:11  І сказаў Ёаў чалавеку, які данёс пра гэта: вось, ты бачыў; чаму ж ты не апусьціў яго там на зямлю? я даў бы табе дзесяць сікляў срэбра і адзін пояс.
II S Bela 18:12  І адказваў той Ёаву: калі б паклалі на рукі мае і тысячу сікляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на царскага сына; бо ўголас нам цар загадваў табе і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопчыка Авэсалома;
II S Bela 18:13  і калі б я зрабіў інакш зь небясьпекаю жыцьцю майму, дык гэта ня ўтоілася б ад цара, і ты ж паўстаў бы супроць мяне.
II S Bela 18:14  Ёаў сказаў: няма чаго мне марудзіць з табою. І ўзяў у рукі тры стралы і ўсадзіў іх у сэрца Авэсалому, які быў яшчэ жывы на дубе.
II S Bela 18:15  І абступілі Авэсалома дзесяць хлопцаў, збраяносцаў Ёава, і забілі і ўсьмерцілі яго.
II S Bela 18:16  І затрубіў Ёаў у трубу, і вярнуліся людзі з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў шкадаваў народ.
II S Bela 18:17  І ўзялі Авэсалома, і ўкінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі на ім вялікую крушню. І ўсе Ізраільцяне разьбегліся, кожны ў палатку сваю.
II S Bela 18:18  Авэсалом яшчэ пры жыцьці сваім узяў і паставіў сабе помнік у царскай даліне; бо сказаў ён: няма ў мяне сына, каб захаваць памяць імя майго. І назваў помнік сваім імем. І называецца ён "помнік Авэсалома" да сёньня.
II S Bela 18:19  Ахімаас, сын Садокаў, сказаў Ёаву: пабягу я, паведамлю цару, што Гасподзь судом сваім выбавіў яго ад рук ворагаў ягоных.
II S Bela 18:20  Але Ёаў сказаў яму: ня будзеш ты сёньня добрым весьнікам; абвесьціш іншым днём, а ня сёньня, бо памёр сын цара.
II S Bela 18:21  і сказаў Ёаў Хусію: ідзі, данясі цару, што бачыў ты. І пакланіўся Хусій Ёаву і пабег.
II S Bela 18:22  Але і Ахімаас, сын Садокаў, настойваў і казаў Ёаву: што б ні было, але і я пабягу за Хусіем. А Ёаў адказваў: навошта бегчы табе, сыне мой? не прынясеш ты добрай весткі.
II S Bela 18:23  І сказаў Ахімаас : хай так, але я пабягу. І сказаў яму Ёас : бяжы. І пабег Ахімаас напрасткі па дарозе і апярэдзіў Хусія.
II S Bela 18:24  Давід тады сядзеў паміж дзьвюма брамамі. І вартаўнік падняўся на дах брамы да сьцяны і, падняўшы вочы, убачыў: вось, бяжыць адзін чалавек.
II S Bela 18:25  І закрычаў вартаўнік і абвясьціў цару. І сказаў цар: калі адзін, дык вестка ў вуснах ягоных. А той падыходзіў усё бліжэй і бліжэй.
II S Bela 18:26  Вартаўнік убачыў і другога чалавека, які бег; і закрычаў вартаўнік брамніку: вось, яшчэ бяжыць адзін чалавек. Цар сказаў: і гэта — весьнік.
II S Bela 18:27  Вартаўнік сказаў: я бачу паходку першага, падобную на паходку Ахімааса, сына Садокавага. І сказаў цар: гэты чалавек добры і йдзе з добраю весткаю.
II S Bela 18:28  І ўсклікнуў Ахімаас і сказаў цару: мір. І пакланіўся цару тварам сваім да зямлі і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які выдаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго цара!
II S Bela 18:29  І сказаў цар: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Ахімаас: я бачыў вялікае хваляваньне, калі раб цароў Ёаў пасылаў раба твайго; але я ня ведаю, што было.
II S Bela 18:30  І сказаў цар: адыдзі, стань тут. Ён адышоў і стаў.
II S Bela 18:31  Вось, прыйшоў і Хусій. І сказаў Хусій: добрая вестка гаспадару майму цару! Гасподзь явіў табе сёньня праўду у выбаўленьні ад рук усіх паўсталых супроць цябе.
II S Bela 18:32  І сказаў цар Хусію: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Хусій: хай будзе з ворагамі гаспадара майго цара і з усімі зламысьнікамі тваімі тое самае, што сталася з хлопцам!
II S Bela 18:33  І сумеўся цар, і пайшоў у сьвятліцу над брамаю, і плакаў, і калі ішоў, казаў так: сыне мой Авэсаломе! сыне мой, сыне мой Авэсаломе! о, хто даў бы мне памерці замест цябе, Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!
Chapter 19
II S Bela 19:1  І сказалі Ёаву: вось, цар плача і галосіць па Авэсаломе.
II S Bela 19:2  І абярнулася перамога таго дня ў плач усяму народу; бо народ пачуў у той дзень і казаў, што цар смуткуе па сыне сваім.
II S Bela 19:3  І выходзіў тады народ у горад крадком, як крадуцца людзі сарамлівыя, якія ў час бітвы кінуўся наўцёкі.
II S Bela 19:4  А цар закрыў твар свой і голасна заенчыў: сыне мой Авэсаломе! Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!
II S Bela 19:5  І прыйшоў Ёаў да цара ў дом і сказаў: ты ў сорам прывёў сёньня ўсіх слугаў тваіх, якія ўратавалі сёньня жыцьцё тваё і жыцьцё сыноў і дочак тваіх, і жыцьцё жонак і наложніц тваіх;
II S Bela 19:6  ты любіш ненавісьнікаў тваіх і ненавідзіш любасных тваіх, бо ты паказаў сёньня, што нішто табе і правадыры і слугі; сёньня я даведаўся, што калі б Авэсалом застаўся жывы, а мы ўсе памерлі, дык табе было б прыемней.
II S Bela 19:7  дык вось, устань, выйдзі і пагавары сэрцу рабоў тваіх; бо прысягаю Госпадам, што, калі ты ня выйдзеш, у гэтую ноч не застанецца ў цябе ніводнага чалавека; і гэта будзе табе горш за ўсе беды, якія находзілі на цябе ад юнацтва твайго і да сёньня.
II S Bela 19:8  І ўстаў цар і сеў каля брамы, а ўсяму народу абвясьцілі, што цар сядзіць каля брамы. І прыйшоў увесь народ перад аблічча цара; а Ізраільцяне разьбегліся па сваіх палатках.
II S Bela 19:9  І ўвесь народ ва ўсіх плямёнах Ізраілевых спрачаўся і казаў: цар вызваліў нас з рук ворагаў нашых і вызваліў нас з рук Філістымлянаў, а цяпер сам уцякаў зь зямлі гэтай ад Авэсалома.
II S Bela 19:10  Але Авэсалом, якога мы памазалі ў цар а над намі, памёр на вайне; чаму ж цяпер вы марудзіце вярнуць цара?
II S Bela 19:11  І цар Давід паслаў сказаць сьвятарам Садоку і Віятару: скажэце старэйшынам Юдавым: навошта вы хочаце быць апошнімі, каб вярнуць цара ў дом ягоны, тады як словы ўсяго Ізраіля дайшлі да цара ў дом ягоны?
II S Bela 19:12  Вы браты мае, косьці мае і цела маё — вы; навошта хочаце вы быць апошнімі ў вяртаньні цара ў дом ягоны?
II S Bela 19:13  І Амэсаю скажэце: ці ня косьць мая і цела маё — ты? Хай тое і тое зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі ты ня будзеш ваеначальнікам пры мне, замест Ёава, назаўсёды!
II S Bela 19:14  І схіліў ён сэрца ўсіх Юдэяў, як аднаго чалавека. І паслалі яны да цара сказаць: вярніся ты і ўсе слугі твае.
II S Bela 19:15  І вярнуўся цар і прыйшоў да Ярдана, а Юдэі прыйшлі ў Галгал, каб сустрэць цара і перавезьці цара праз Ярдан.
II S Bela 19:16  І пасьпяшаўся Сэмэй, сын Геры, Веньямініцянін з Бахурыма, і пайшоў зь Юдэямі насустрач цару Давіду,
II S Bela 19:17  І тысяча чалавек зь Веньямініцянаў зь ім, і Сіва, слуга дома Саўлавага, зь пятнаццацьцю сынамі сваімі і дваццацьцю рабамі сваімі; і перайшлі яны Ярдан перад абліччам цара.
II S Bela 19:18  Калі пераправілі судна, каб перавезьці цароў дом і паслужыць яму, тады Сэмэй, сын Геры, упаў перад царом, як толькі ён перайшоў Ярдан,
II S Bela 19:19  і сказаў цару: не залічы мне, гаспадару мой, у злачынства, і не спамяні таго, чым зграшыў раб твой у той дзень, калі гаспадар мой цар выходзіў зь Ерусаліма, і ня трымай таго , цару, на сэрцы сваім;
II S Bela 19:20  бо ведае раб твой, што зграшыў, і вось, цяпер я прыйшоў першы з усяго дома Язэпавага, каб выйсьці насустрач гаспадару майму цару.
II S Bela 19:21  І адказваў Авэса, сын Саруін, і сказаў: няўжо Сэмэй не памёр за тое, што ліхасловіў памазанца Гасподняга?
II S Bela 19:22  І сказаў Давід: што мне і вам, сыны Саруіны, што вы робіцеся сёньня мне нагаворшчыкамі? ці сёньня аддаваць сьмерці каго-небудзь у Ізраіле? ці ня бачу я, што сёньня я — цар над Ізраілем?
II S Bela 19:23  І сказаў цар Сэмэю: ты не памрэш. І прысягнуўся яму цар.
II S Bela 19:24  І Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, выйшаў насустрач цару. Ён не абмываў ног сваіх, не абрэзваў пазногцяў , не клапаціўся пра бараду сваю і ня мыў вопраткі сваёй з таго дня, як выйшаў цар, да дня, калі ён выйшаў зь мірам.
II S Bela 19:25  Калі ён выйшаў зь Ерусаліма насустрач цару, цар сказаў яму: чаму ты, Мэмфівастэй, не пайшоў са мною?
II S Bela 19:26  Той адказваў: гаспадару мой цару! слуга мой падмануў мяне; бо я, раб твой, казаў: "асядлаю сабе асла і я сяду на яго і паеду з царом", бо раб твой кульгавы.
II S Bela 19:27  А ён ашальмаваў раба твайго перад гаспадаром маім царом. Але гаспадар мой цар, як анёл Божы; рабі, што табе заўгодна;
II S Bela 19:28  хоць увесь дом бацькі майго быў варты сьмерці перад гаспадаром царом маім, але ты пасадзіў раба твайго сярод бяседнікаў за сталом тваім; якое ж я маю права скардзіцца яшчэ перад царом?
II S Bela 19:29  І сказаў яму цар: навошта ты гаворыш усё гэта? я сказаў, каб ты і Сіва падзялілі паміж сабою палі.
II S Bela 19:30  Але Мэмфівастэй адказаў цару: хай ён возьме нават усё, пасьля таго як гаспадар мой цар зь мірам вярнуўся ў дом свой.
II S Bela 19:31  І Вэрзэлій Галаадыцянін прыйшоў з Рагліма і перайшоў з царом Ярдан, каб правесьці яго за Ярдан.
II S Bela 19:32  А Вэрзэлій быў вельмі стары, гадоў васьмідзесяці. Ён прадуктаваў цара, калі той быў у Маханаіме, бо быў чалавек багаты.
II S Bela 19:33  І сказаў цар Вэрзэлію: ідзі са мною, і я буду прадуктаваць цябе ў Ерусаліме.
II S Bela 19:34  Але Вэрзэлій адказаў цару: ці доўга мне засталося жыць, каб ісьці з царом у Ерусалім?
II S Bela 19:35  Мне цяпер восемдзесят гадоў; ці адрозьню добрае ад благога? Ці спазнае раб твой смак у тым, што буду есьці, і ў тым, што буду піць? І ці змагу чуць голас сьпевакоў і сьпявачак? Навошта рабу твайму быць цяжарам гаспадару майму цару?
II S Bela 19:36  Яшчэ крыху пройдзе раб твой з царом за Ярдан; за што ж цару ўзнагароджваць мяне так шчодра?
II S Bela 19:37  Дазволь рабу твайму вярнуцца, каб памерці ў сваім горадзе, каля магілы бацькі майго і маці маёй. Але вось, раб твой Кімгам няхай пойдзе з гаспадаром маім царом, і рабі зь ім, як табе заўгодна.
II S Bela 19:38  І сказаў цар: хай ідзе са мною Кімгам, і я зраблю яму, што табе заўгодна; і ўсё, чаго б ты ні зажадаў ад мяне, я зраблю табе.
II S Bela 19:39  І перайшоў увесь народ Ярдан, і цар таксама . І пацалаваў цар Вэрзэлія і дабраславіў яго, і ён вярнуўся ў месца сваё.
II S Bela 19:40  І выправіўся цар у Галгал, выправіўся зь ім і Кімгам; і ўвесь народ Юдэйскі праводзіў цара, і палавіна народу Ізраільскага.
II S Bela 19:41  І вось, усе Ізраільцяне прыйшлі да цара і сказалі цару: навошта браты нашыя, мужы Юдавыя, захапілі цябе і праводзілі цара і дом ягоны і ўсіх людзей Давідавых зь ім праз Ярдан?
II S Bela 19:42  І адказвалі ўсе мужы Юдавыя Ізраільцянам: таму, што цар блізкі нам; і за што вам злавацца на гэта? хіба мы што-небудзь зьелі ў цара, альбо атрымалі ад яго дарункі?
II S Bela 19:43  І адказвалі Ізраільцяне мужам Юдавым і сказалі: мы дзесяць частак у цара, таксама і ў Давіда мы болей, чым вы; навошта ж вы прынізілі нас? ці ня нам належала першае слова пра тое, каб вярнуць нашага цара? Але слова мужоў Юдавых было мацнейшае, чым слова Ізраільцянаў.
Chapter 20
II S Bela 20:1  Там выпадкова быў адзін нягодны чалавек, імем Савэй, сын Біхры, Веньямініцянін; ён затрубіў у трубу і сказаў: няма нам часткі ў Давідзе, і няма нам долі ў сыне Есэевым; усе па палатках сваіх, Ізраільцяне!
II S Bela 20:2  І аддзяліліся ўсе Ізраільцяне ад Давіда і пайшлі за Савэем, сынам Біхры; а Юдэі засталіся на баку цара свайго, ад Ярдана да Ерусаліма.
II S Bela 20:3  І прыйшоў Давід у свой дом у Ерусаліме, і ўзяў цар дзесяць жанчын наложніц, якіх ён пакідаў сцерагчы дом, і разьмясьціў іх у асобным доме пад нагляд, і ўтрымліваў іх, але не хадзіў да іх. І ўтрымліваліся яны там да дня сьмерці сваёй, жывучы як удовы.
II S Bela 20:4  І сказаў Давід Амэсаю: пакліч да мяне Юдэяў за тры дні і сам зьявіся сюды.
II S Bela 20:5  І пайшоў Амэсай клікаць Юдэяў, але прамарудзіў больш назначанага яму часу.
II S Bela 20:6  Тады Давід сказаў Авэсу: цяпер наробіць нам ліха Савэй, сын Біхры, больш, чым Авэсалом; вазьмі ты слуг гаспадара свайго і перасьледуй яго, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных гарадоў і ня зьнік з вачэй нашых.
II S Bela 20:7  І выйшлі за ім людзі Ёававы, і Хэлэтэі і Фэлэтэі, і ўсе адважныя пайшлі зь Ерусаліма перасьледаваць Савэя, сына Біхры.
II S Bela 20:8  І калі яны былі паблізу вялікага каменя, што каля Гаваона, дык сустрэўся зь імі Амэсай. Ёаў быў апрануты ў вайсковую вопратку сваю і аперазаны мечам, які вісеў каля сьцягна ў похвах і які лёгка выходзіў зь іх і ўваходзіў.
II S Bela 20:9  І сказаў Ёаў Амэсаю: ці здаровы ты, браце мой? І ўзяў Ёаў праваю рукою Амэсая за бараду, каб пацалаваць яго.
II S Bela 20:10  А Амэсай не ўпільнаваўся ад меча, які быў у руцэ ў Ёава, і той ударыў яго ім ў жывот, так што выпалі вантробы яго на зямлю, і не паўтарыў яму ўдару , і ён памёр. Ёаў і Авэса, брат ягоны, пагналіся за Савэем, сынам Біхры.
II S Bela 20:11  Адзін з хлопцаў Ёававых стаяў над Авэсам і казаў: той, хто адданы Ёаву і хто за Давіда,хай ідзе за Ёавам!
II S Bela 20:12  А Амэсай ляжаў у крыві сярод дарогі. І той чалавек, убачыўшы, што ўвесь народ спыняецца над ім, сьцягнуў Амэсая з дарогі ў поле і накінуў на яго вопратку, бо ён бачыў, што кожны прахожы спыняўся над ім.
II S Bela 20:13  Але калі ён быў сьцягнуты з дарогі, дык увесь народ Ізраільскі пайшоў сьледам за Ёавам перасьледаваць Савэя, сына Біхры.
II S Bela 20:14  І ён прайшоў праз усе плямёны Ізраільскія да Авэла-Бэт-Мааха і праз увесь Бэрым; і жыхары гарадоў зьбіраліся і ішлі за ім.
II S Bela 20:15  І прыйшлі і аблажылі яго ў Авэле-Бэт-Мааху; і насыпалі вал перад горадам і падступіліся да сьцяны, і ўсе людзі, якія былі зь Ёавам, стараліся разбурыць сьцяну.
II S Bela 20:16  Тады адна разумная жанчына закрычала са сьцяны горада: паслухайце, паслухайце, скажэце Ёаву, каб ён падышоў сюды, і я пагавару зь ім.
II S Bela 20:17  І падышоў да яе Ёаў, і сказала жанчына: ці ты Ёаў? І сказаў: я. Яна сказала: паслухай слоў рабы тваёй. І сказаў ён: слухаю.
II S Bela 20:18  Яна сказала: раней казалі: хто хоча спытацца, спытайся ў Авэле; і так вырашалі справу.
II S Bela 20:19  Я зь мірных, верных гарадоў Ізраіля, а ты хочаш зьнішчыць горад, маці гарадоў у Ізраіле. Навошта табе разбураць спадчыну Гасподнюю?
II S Bela 20:20  І адказваў Ёаў і сказаў: хай ня будзе гэтага ад мяне, каб я зьнішчыў альбо разбурыў!
II S Bela 20:21  Гэта ня так; але чалавек з гары Яфрэмавай, імем Савэй, сын Біхры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце мне яго аднаго, і я адступлюся ад горада. І сказала жанчына Ёаву: вось, галава ягоная будзе табе скінута са сьцяны.
II S Bela 20:22  І пайшла жанчына да ўсяго народу са сваім разумным словам. І адсеклі галаву Савэю, сыну Біхры, і кінулі Ёаву. Тады Ёаў затрубіў у трубу, і разышліся ад горада ўсе па сваіх палатках; а Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да цара.
II S Bela 20:23  І быў Ёаў пастаўлены над усім войска Ізраільскім, а Ванэя, сын Ёдаеў,— над Хэлэтэямі і над Фэлэтэямі;
II S Bela 20:24  Адарам — над зборам падаткаў; Ёсафат, сын Ахілуда — дзеяпісальнікам;
II S Bela 20:25  Суса — пісцом; Садок і Авіятар — сьвятарамі;
II S Bela 20:26  таксама і Іра Ярыцянін быў сьвятаром, у Давіда.
Chapter 21
II S Bela 21:1  І быў голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год у год. І спытаўся Давід у Госпада. І сказаў Гасподзь: гэта праз Саўла і крыважэрнага дома ягонага, за тое, што ён забіў Гавааніцянаў.
II S Bela 21:2  Тады цар паклікаў Гавааніцянаў і гаварыў зь імі. Гавааніцяне былі ня з сыноў Ізраілевых, а з рэштак Амарэяў; а Ізраільцяне далі ім прысягу, але Саўл хацеў іх зьнішчыць з рэўнасьці сваёй да нашчадкаў Ізраіля і Юды..
II S Bela 21:3  І сказаў Гавааніцянам: што мне зрабіць вам і чым прымірыць вас, каб вы дабраславілі спадчыну Гасподнюю?
II S Bela 21:4  І сказаді яму Гавааніцяне: ня трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла, альбо ад дома ягонага, і ня трэба нам, каб забілі каго ў Ізраіле. Ён сказаў: чаго ж вы хочаце? я зраблю вам.
II S Bela 21:5  І сказалі яны цару: таго чалавека, які губіў нас і хацеў зьнішчыць нас, каб ня было нас ні ў адной з частак Ізраіля,—
II S Bela 21:6  зь ягоных нашчадкаў выдай нам сем чалавек, і мы павесім іх перад Госпадам у Гіве Саўла, выбранага Госпадам. І сказаў цар: я выдам.
II S Bela 21:7  Але пашкадаваў цар Мэмфівастэя, сына Ёнатана, сына Саўлавага, дзеля прысягі імем Гасподнім, якая была паміж імі, паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўлавым.
II S Bela 21:8  І ўзяў цар двух сыноў Рыцпы, дачкі Айя, якая нарадзіла Саўлу Армона і Мэмфівастэя, і пяць сыноў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, якіх яна нарадзіла Адрыэлу, сыну Вэрзэлія з Мэхолы,
II S Bela 21:9  і аддаў іх у рукі Гавааніцян, і яны павесілі іх на гары перад Госпадам. І загінулі ўсе сем разам; яны забітыя ў першыя дні жніва, у пачатку жніва ячменю.
II S Bela 21:10  Тады Рыцпа, дачка Айя, узяла вярэту і паслала сабе на той гары, і сядзела яна ад пачатку жніва і да таго часу, пакуль не паліліся на іх воды Божыя зь неба, і не дазваляла кранаць іх птушкам нябесным удзень і зьвярам польным уначы.
II S Bela 21:11  І данесьлі Давіду, што зрабіла Рыцпа, дачка Айя, наложніца Саўлавая.
II S Bela 21:12  І пайшоў Давід і ўзяў косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага, у жыхароў Явіса Галаадскага, якія тайна ўзялі іх з пляца Бэт-Сана, дзе яны былі павешаны Філістымлянамі, калі забілі Філістымляне Саўла на Гэлвуе.
II S Bela 21:13  І перанёс ён адтуль косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага; і сабралі косьці павешаных.
II S Bela 21:14  І пахавалі косьці Саўла і Ёнатана, сына Ягонага, у зямлі Веньямінавай, у Цэла, у магіле Кіса, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў цар. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны пасьля таго.
II S Bela 21:15  І пачалася зноў вайна паміж Філістымлянамі і Ізраільцянамі. І выйшаў Давід і слугі ягоныя зь ім, і ваявалі зь Філістымлянамі; і Давід стаміўся.
II S Bela 21:16  Тады Есьвій, адзін з нашчадкаў Рэфаімаў, у якога дзіда была вагою ў трыста сікляў медзі і які аперазаны быў новым мечам, хацеў забіць Давіда.
II S Bela 21:17  Але яму дапамог Авэса, і забіў Філістымляніна і аддаў сьмерці яго. Тады людзі Давідавыя прысягнулі, кажучы: ня выйдзеш ты болей з намі на вайну, каб не пагасла сьвяцільня Ізраіля.
II S Bela 21:18  Потым зноў была вайна зь Філістымлянамі ў Гобе; тады Савахай Хушацянін забіў Сафута, аднаго з нашчадкаў Рэфаімавых.
II S Bela 21:19  Была і другая бітва ў Гобе; тады забіў Элханан, сын Ягарэ-Аргіма Віфляемскага, Галіята Гэцяніна, у якога тронка дзіды была, як ткацкі навой.
II S Bela 21:20  Была яшчэ бітва ў Гэце; і быў там адзін чалавек рослы, які меў па шасьці пальцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з нашчадкаў Рэфаімаў,
II S Bela 21:21  і ён бэсьціў Ізраільцянаў; але яго забіў Ёнатан, сын Сафая, брата Давідавага.
II S Bela 21:22  Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Гэце, і яны загінулі ад рукі Давіда і слуг ягоных.
Chapter 22
II S Bela 22:1  І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:
II S Bela 22:2  Гасподзь — цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.
II S Bela 22:3  Бог мой — скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!
II S Bela 22:4  Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.
II S Bela 22:5  Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;
II S Bela 22:6  ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
II S Bela 22:7  Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.
II S Bela 22:8  Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь .
II S Bela 22:9  Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.
II S Bela 22:10  Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;
II S Bela 22:11  і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;
II S Bela 22:12  і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;
II S Bela 22:13  ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.
II S Bela 22:14  Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Усявышні даў голас Свой;
II S Bela 22:15  пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.
II S Bela 22:16  І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.
II S Bela 22:17  Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;
II S Bela 22:18  выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.
II S Bela 22:19  Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне
II S Bela 22:20  і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.
II S Bela 22:21  Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.
II S Bela 22:22  Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,
II S Bela 22:23  бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,
II S Bela 22:24  і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.
II S Bela 22:25  І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.
II S Bela 22:26  З мілажальным Ты — мілажальны, з чалавекам шчырым — шчыры,
II S Bela 22:27  з чыстым — чысты, а з хітрым — па хітрасьці ягонай.
II S Bela 22:28  Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.
II S Bela 22:29  Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.
II S Bela 22:30  З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.
II S Bela 22:31  Бог! — беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.
II S Bela 22:32  Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?
II S Bela 22:33  Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;
II S Bela 22:34  робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;
II S Bela 22:35  вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.
II S Bela 22:36  Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
II S Bela 22:37  Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.
II S Bela 22:38  Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
II S Bela 22:39  і зьнішчаю іх і б’ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.
II S Bela 22:40  Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;
II S Bela 22:41  Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.
II S Bela 22:42  Яны клічуць, але няма выратавальніка,— да Госпада, але Ён ня слухае іх.
II S Bela 22:43  Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.
II S Bela 22:44  Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.
II S Bela 22:45  Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.
II S Bela 22:46  Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.
II S Bela 22:47  Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,
II S Bela 22:48  Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы
II S Bela 22:49  і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.
II S Bela 22:50  За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,
II S Bela 22:51  якое велікадушна ратуе цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!
Chapter 23
II S Bela 23:1  Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага:
II S Bela 23:2  Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне.
II S Bela 23:3  Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым.
II S Bela 23:4  І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі,
II S Bela 23:5  ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё?
II S Bela 23:6  А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою;
II S Bela 23:7  а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы.
II S Bela 23:8  Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз.
II S Bela 23:9  Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны прадказаньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну;
II S Bela 23:10  Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да мяча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых .
II S Bela 23:11  За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філіьтымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў,
II S Bela 23:12  дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І дараваў тады Гасподзь вялікую перамогу.
II S Bela 23:13  Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў.
II S Bela 23:14  Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў — у Віфляеме.
II S Bela 23:15  І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?
II S Bela 23:16  Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада,
II S Bela 23:17  і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэтых людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных!
II S Bela 23:18  І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох.
II S Bela 23:19  З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся.
II S Bela 23:20  Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час;
II S Bela 23:21  ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай:
II S Bela 23:22  вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных;
II S Bela 23:23  ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.
II S Bela 23:24  Асаіл, брат Ёава — у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема,
II S Bela 23:25  Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін,
II S Bela 23:26  Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін,
II S Bela 23:27  Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін,
II S Bela 23:28  Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін,
II S Bela 23:29  Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, зь Гівы сыноў Веньямінавых,
II S Bela 23:30  Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша,
II S Bela 23:31  Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін,
II S Bela 23:32  Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна — Ёнатан,
II S Bela 23:33  Шама Гарарыцянін; Ахіям, сын Шарара, Арарыцянін,
II S Bela 23:34  Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін,
II S Bela 23:35  Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін,
II S Bela 23:36  Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін,
II S Bela 23:37  Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі,
II S Bela 23:38  Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін,
II S Bela 23:39  Урыя Хэтэянін. Усіх трыццаць сем.
Chapter 24
II S Bela 24:1  Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду.
II S Bela 24:2  І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу.
II S Bela 24:3  І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі?
II S Bela 24:4  Але словы цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі.
II S Bela 24:5  І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра;
II S Bela 24:6  і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон;
II S Bela 24:7  і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію;
II S Bela 24:8  і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім.
II S Bela 24:9  І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васемсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч.
II S Bela 24:10  І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я.
II S Bela 24:11  Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму:
II S Bela 24:12  ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе.
II S Bela 24:13  І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад няпрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць таму, Хто паслаў мяне.
II S Bela 24:14  І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людскія ня ўпасьці мне.
II S Bela 24:15  І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек.
II S Bela 24:16  І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна.
II S Bela 24:17  І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго.
II S Bela 24:18  І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна.
II S Bela 24:19  І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь.
II S Bela 24:20  І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі.
II S Bela 24:21  І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу.
II S Bela 24:22  І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы.
II S Bela 24:23  Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе!
II S Bela 24:24  Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзесят сікляў срэбра.
II S Bela 24:25  І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў.