Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
I KINGS
Up
Chapter 1
I Ki Bela 1:1  Калі цар Давід састарыўся, увайшоў у сталы век, дык накрывалі яго вопраткай, але ня мог сагрэцца.
I Ki Bela 1:2  І сказалі яму слугі ягоныя: няхай пашукаюць гаспадару нашаму цару маладую дзяўчыну, каб яна стаяла перад царом і хадзіла за ім і ляжала зь ім,— і будзе цёпла гаспадару нашаму цару.
I Ki Bela 1:3  І шукалі прыгожую дзяўчыну ва ўсіх межах Ізраільскіх, і знайшлі Авісагу Сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
I Ki Bela 1:4  Дзяўчына была вельмі прыгожая, і хадзіла яна за царом і прыслужвала яму; але цар не спазнаў яе.
I Ki Bela 1:5  Аданія, сын Агіты, заганарыўшыся, казаў: я буду царом. І завёў сабе калясьніцы і коньнікаў і пяцьдзясят чалавек скараходаў.
I Ki Bela 1:6  А бацька ніколі не назаляўся яму пытаньнем: навошта ты гэта робіш? А ён быў вельмі прыгожы і нарадзіўся ў яго пасьля Авэсалома.
I Ki Bela 1:7  І раіўся ён зь Ёавам, сынам Саруіным, і з Авіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Аданію.
I Ki Bela 1:8  Але сьвятар Садок і Ванэя, сын Ёдаеў, і прарок Натан, і Сэмэй, і Рысій, і мацакі Давідавыя ня былі на баку Аданіі.
I Ki Bela 1:9  І закалоў Аданія авечак і валоў і цялят каля каменя Захэлэт, што каля крыніцы Рагэль, і запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, з усімі Юдэямі, якія служылі ў цара.
I Ki Bela 1:10  А прарока Натана і Ванэю, і тых мацакоў, і Саламона, брата свайго, не запрасіў.
I Ki Bela 1:11  Тады Натан сказаў Вірсавіі, маці Саламонавай, кажучы: ці чула ты, што Аданія, сын Агітын, зрабіўся царом, а гаспадар наш Давід, ня ведае пра тое?
I Ki Bela 1:12  Цяпер, вось, я раю табе: ратуй жыцьцё тваё і жыцьцё сына твайго Саламона.
I Ki Bela 1:13  Ідзі і ўвайдзі да цара Давіда і скажы яму: ці не прысягаўся ты, гаспадару мой цар, рабыні тваёй, кажучы: сын твой Саламон будзе царом пасьля мяне, і ён сядзе на троне маім? Чаму ж зацараваў Аданія?
I Ki Bela 1:14  І вось, калі ты яшчэ будзеш гаварыць з царом, увайду і я сьледам за табою і дапоўню словы твае.
I Ki Bela 1:15  Вірсавія пайшла да цара ў спальню; цар быў вельмі стары, і Авісага Сунаміцянка прыслужвала цару;
I Ki Bela 1:16  і нахілілася Вірсавія і пакланілася цару; і сказаў цар: што табе?
I Ki Bela 1:17  Яна сказала яму: гаспадару мой цару! ты прысягаў рабе тваёй Госпадам Богам тваім: сын твой Саламон будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім.
I Ki Bela 1:18  А цяпер, вось, Аданія зацараваў, і ты, гаспадару мой цару, ня ведаеш пра тое .
I Ki Bela 1:19  І закалоў ён многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і сьвятара Авіятара і ваеначальніка Ёава: а Саламона, раба твайго, не запрасіў.
I Ki Bela 1:20  А ты, гаспадару мой,— цар, і вочы ўсіх Ізраільцянаў глядзяць на цябе, каб ты абвясьціў ім, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго;
I Ki Bela 1:21  інакш, калі гаспадар мой цар спачне з бацькамі сваімі, упадзе віна на мяне і на сына майго Саламона.
I Ki Bela 1:22  Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
I Ki Bela 1:23  І сказалі цару, кажучы: вось, Натан прарок. І ўвайшоў ён да цара і пакланіўся цару тварам да зямлі.
I Ki Bela 1:24  І сказаў Натан: гаспадару мой цар! ці сказаў ты: Аданія будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім?
I Ki Bela 1:25  Бо ён сёньня сышоў і закалоў многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і ваеначальнікаў і сьвятара Авіятара, і вось, яны ядуць і п'юць у яго і кажуць: хай жыве цар Аданія!
I Ki Bela 1:26  А мяне, раба твайго, і сьвятара Садока, і Ванэю, сына Ёдаевага, і Саламона, раба твайго, не запрасіў.
I Ki Bela 1:27  Ці ня сталася гэта па волі гаспадара майго цара, і чаму ты не адкрыў рабу твайму, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго?
I Ki Bela 1:28  І адказаў цар Давід і сказаў: паклічце да мяне Вірсавію. І ўвайшла яна і стала перад царом.
I Ki Bela 1:29  І прысягаў цар і сказаў: жывы Гасподзь, Які выбаўляе душу маю ад усякай бяды!
I Ki Bela 1:30  як я прысягаў табе Госпадам Богам Ізраілевым, кажучы, што Саламон, сын твой, будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім замест мяне, так я і зраблю гэта сёньня.
I Ki Bela 1:31  І нахілілася Вірсавія тварам да зямлі, і пакланілася цару, і сказала: хай жыве гаспадар мой цар Давід вечна!
I Ki Bela 1:32  І сказаў цар Давід: клікніце мне сьвятара Садока і прарока Натана і Ванэю, сына Ёдаевага. І ўвайшлі яны да цара.
I Ki Bela 1:33  І сказаў ім цар: вазьмеце з сабою слуг гаспадара вашага і пасадзеце Саламона, сына майго, на мула майго, і зьвядзеце яго ў Гіён,
I Ki Bela 1:34  і хай памажа яго там Садок сьвятар і Натан прарок у цара над Ізраілем, і затрубеце ў трубу і абвясьцеце: хай жыве цар Саламон!
I Ki Bela 1:35  Потым прывядзеце яго назад, і ён прыйдзе і сядзе на троне маім; ён будзе цараваць замест мяне; яму запавядаў я быць правадыром Ізраіля і Юды.
I Ki Bela 1:36  І адказваў Ванэя, сын Ёдаеў, цару і сказаў: амін,— хай скажа так Гасподзь Бог гаспадара майго цара:
I Ki Bela 1:37  як быў Гасподзь Бог з гаспадаром маім царом, так хай будзе Ён з Саламонам і хай узвысіць трон ягоны вышэй за трон гаспадара майго цара Давіда!
I Ki Bela 1:38  І пайшлі Садок сьвятар і Натан прарок і Ванэя, сын Ёдая, Хэлэтэі і Фэлэтэі, і пасадзіла Саламона на мула цара Давіда, і павялі яго ў Гіён.
I Ki Bela 1:39  І ўзяў Садок сьвятар рог з алеем з скініі і памазаў Саламона. І затрубілі ў трубу, і ўвесь народ усклікаў: хай жыве цар Саламон!
I Ki Bela 1:40  І ўвесь народ праводзіў Саламона, і іграў народ на жалейках і вельмі радаваўся, так што зямля расьсядалася ад крыкаў яго.
I Ki Bela 1:41  І пачуў Аданія і ўсе запрошаныя ім, як толькі перасталі есьці; а Ёаў, пачуўшы гук трубы, сказаў: з чаго гэты шум расхваляванага горада?
I Ki Bela 1:42  Яшчэ ён гаварыў, як прыйшоў Ёнатан, сын сьвятара Авіятара. І сказаў Аданія: увайдзі; ты — сумленны чалавек і нясеш добрую вестку.
I Ki Bela 1:43  І адказваў Ёнатан і сказаў Аданію: так, гаспадар наш цар паставіў Саламона царом;
I Ki Bela 1:44  і паслаў цар зь ім Садока сьвятара і Натана прарока, і Ванэю, сына Ёдая, і Хэлэтэяў і Фэлэтэяў, і яны пасадзілі яго на мула царскага;
I Ki Bela 1:45  і памазалі яго Садок сьвятар і Натан прарок у цара ў Гіёне, і адтуль выправіліся з радасьцю, і прыйшоў у рух горад. Вось чаго шум, які вы чуеце.
I Ki Bela 1:46  І Саламон ужо сеў на царскім троне.
I Ki Bela 1:47  І слугі цара прыходзілі павіншаваць гаспадара нашага цара Давіда, кажучы: Бог твой няхай праславіць імя Саламона больш за тваё імя і хай узвысіць трон ягоны вышэй за твой трон. І пакланіўся цар на ложку сваім,
I Ki Bela 1:48  і сказаў цар так: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які сёньня даў (ад семя майго) пасаджанага на троне маім, і вочы мае бачаць гэта!
I Ki Bela 1:49  Тады спалохаліся і ўсталі ўсе запрошаныя, якія былі ў Аданіі, і пайшлі кожны сваёй дарогаю.
I Ki Bela 1:50  А Аданія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
I Ki Bela 1:51  І данесьлі Саламону, кажучы: вось, Аданія баіцца цара Саламона, і вось, ён трымаецца за рогі ахвярніка, кажучы: хай прысягне мне цяпер цар Саламон, што ён не заб'е раба свайго мечам.
I Ki Bela 1:52  І сказаў Саламон: калі ён будзе чалавекам сумленным, дык ніводзін волас ягоны не ўпадзе на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім падступства, дык памрэ.
I Ki Bela 1:53  І паслаў Саламон, і прывялі яго ад ахвярніка. І ён прыйшоў і пакланіўся цару Саламону. І сказаў яму Саламон: ідзі ў дом свой.
Chapter 2
I Ki Bela 2:1  Наблізіўся час памерці Давіду, і запавядаў ён сыну свайму Саламону, кажучы:
I Ki Bela 2:2  вось, я адыходжу ў дарогу ўсёй зямлі, а ты будзь цьвёрды і будзь мужны
I Ki Bela 2:3  і захоўвай запавет Госпада Бога твайго, ходзячы шляхамі Ягонымі і трымаючыся статутаў Ягоных і запаведзяў Ягоных, і вызначэньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, як напісана ў законе Майсеевым, каб быў ты разумны ва ўсім, што будзеш рабіць, і ўсюды, куды зьвернешся;
I Ki Bela 2:4  каб Гасподзь выканаў слова Сваё, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: калі сыны твае будуць сачыць за шляхамі сваімі, каб хадзіць перад Мною ў ісьціне ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, дык не перавядзецца муж ад цябе на троне Ізраілевым.
I Ki Bela 2:5  Яшчэ: ты ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Саруін, як абышоўся ён з двума правадырамі войска Ізраільскага, з Авэнірам, сынам Ніравым, і Амэсаем, сынам Етэравым, як ён аддаў іх сьмерці і праліў кроў ваенную ў мірны час, забарвяніўшы крывёю ваеннаю пояс на сьцёгнах сваіх і абутак на нагах сваіх:
I Ki Bela 2:6  учыні паводле мудрасьці тваёй, каб не адпусьціць сівізну ягоную мірна ў апраметную.
I Ki Bela 2:7  А сынам Вэрзэлія Галаадыцяніна зрабі ласку, каб яны былі сярод едакоў твайго стала, бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў ад Авэсалома, брата твайго.
I Ki Bela 2:8  Вось яшчэ ў цябе Сэмэй, сын Геры Веньямініцяніна з Бахурыма: ён ліхасловіў мяне цяжкім ліхаслоўем, калі я ішоў у Маханаім; але ён выйшаў насустрач мне каля Ярдана, і я прысягнуў яму Госпадам, кажучы: я не заб'ю цябе мечам.
I Ki Bela 2:9  А ты не пакінь яго без пакараньня, бо ты чалавек мудры і ведаеш, што табе зрабіць зь ім, каб зьвесьці сівізну яго ў крыві ў апраметную.
I Ki Bela 2:10  І спачыў Давід з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давідавым.
I Ki Bela 2:11  Часу валадараньня Давіда над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў і трыццаць тры гады цараваў у Ерусаліме.
I Ki Bela 2:12  І сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае.
I Ki Bela 2:13  І прыйшоў Аданія, сын Агіты, да Вірсавіі, маці Саламона. Яна сказала: ці зь мірам прыход твой? І сказаў ён: зь мірам.
I Ki Bela 2:14  І сказаў ён: у мяне ёсьць слова да цябе. Яна сказала: кажы.
I Ki Bela 2:15  І сказаў ён: ты ведаеш, што царства належала мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў да мяне вочы свае, як на будучага цара; але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму, бо ад Госпада было гэта яму;
I Ki Bela 2:16  цяпер я прашу ў цябе аднаго, не адмові мне. Яна сказала яму: кажы.
I Ki Bela 2:17  І сказаў ён: прашу цябе, пагавары з царом Саламонам, бо ён не адмовіць табе, каб ён даў мне Авісагу Сунаміцянку за жонку.
I Ki Bela 2:18  І сказала Вірсавія: добра, я пагавару з царом пра цябе.
I Ki Bela 2:19  І ўвайшла Вірсавія да цара Саламона сказаць яму пра Аданію. Цар устаў перад ёю і пакланіўся ёй і сеў на троне сваім. Паставілі трон і для маці цара, і яна села праваруч ад яго
I Ki Bela 2:20  і сказала: я маю да цябе адну невялікую просьбу, не адмові мне. І сказаў ёй цар: прасі, маці мая; я не адмоўлю табе.
I Ki Bela 2:21  І сказала яна: дай Авісагу Сунаміцянку Аданіі, брату твайму, за жонку.
I Ki Bela 2:22  І адказваў цар Саламон і сказаў маці сваёй: а навошта ты просіш Авісагу Сунаміцянку для Аданіі? прасі яму і царства, бо ён мой старэйшы брат, і яму сьвятар Авіятар і Ёаў, сын Саруін.
I Ki Bela 2:23  І прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: тое і тое хай зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі не на сваю душу сказаў Аданія такое слова;
I Ki Bela 2:24  а сёньня — жывы Гасподзь, Які ўмацаваў мяне і пасадзіў на троне Давіда, бацькі майго, і заладзіў мне дом, як казаў Ён,— а сёньня Аданія павінен памерці.
I Ki Bela 2:25  І паслаў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, які забіў яго, і ён памёр.
I Ki Bela 2:26  А сьвятару Авіятару цар сказаў: ідзі ў Анатот на тваё поле; ты варты сьмерці, але цяперашнім часам я не аддам цябе сьмерці, бо ты насіў каўчэг Уладара Госпада перад Давідам, бацькам маім, і цярпеў усё, што цярпеў бацька мой.
I Ki Bela 2:27  І вызваліў Саламон Авіятара ад сьвятарства Гасподняга, і спраўдзілася слова Гасподняе, якое сказаў Ён пра дом Ільлі ў Сіломе.
I Ki Bela 2:28  Чуткі дайшлі да Ёава,— як што Ёаў схіляўся на бок Аданіі, а на бок Саламона ня схіляўся,— і ўцёк Ёаў у скінію Гасподнюю і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
I Ki Bela 2:29  І данесьлі цару Саламону, што Ёаў уцёк у скінію Гасподнюю і што ён каля ахвярніка. І паслаў Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, кажучы: ідзі, забі яго.
I Ki Bela 2:30  І прыйшоў Ванэя ў скінію Гасподнюю і сказаў яму: так сказаў цар: выходзь. І сказаў той: не, я хачу памерці тут. Ванэя перадаў гэта цару, кажучы: так сказаў Ёаў і так адказваў мне.
I Ki Bela 2:31  Цар сказаў яму: зрабі, як ён сказаў, і забі яго і пахавай яго, і здымі нявінную кроў, пралітую Ёавам, зь мяне і з дома бацькі майго;
I Ki Bela 2:32  хай аберне Гасподзь кроў ягоную на галаву яго за тое, што ён забіў двух мужоў невінаватых і лепшых за яго: забіў мечам, бязь ведама бацькі майго Давіда, Авэніра, сына Ніравага, ваеначальніка Ізраільскага, і Амэсая, сына Етэравага, ваеначальніка Юдэйскага;
I Ki Bela 2:33  хай абернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву нашчадкаў ягоных навекі, а Давіду і нашчадкам ягоным, і дому ягонаму і трону ягонаму хай будзе мір навекі ад Госпада!
I Ki Bela 2:34  І пайшоў Ванэя, сын Ёдаеў, і забіў Ёава, і аддаў яго сьмерці, і ён быў пахаваны ў доме сваім у пустыні.
I Ki Bela 2:35  І паставіў цар Саламон Ванэю, сына Ёдаевага, замест яго над войскам; а Садока сьвятара паставіў цар замест Авіятара.
I Ki Bela 2:36  І паслаў цар паклікаць Сэмэя і сказаў яму: пабудуй сабе дом у Ерусаліме і жыві тут і нікуды ня выходзь адгэтуль;
I Ki Bela 2:37  і ведай, што ў той дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш паток Кедрон, канечне памрэш; кроў твая будзе на галаве тваёй.
I Ki Bela 2:38  І сказаў Сэмэй цару: добра; як загадаў гаспадар мой цар, так зробіць раб твой. І жыў Сэмэй у Ерусаліме доўгі час.
I Ki Bela 2:39  Але праз тры гады здарылася, што ў Сэмэя два рабы ўцяклі да Анхуса, сына Маахі, цара Гэцкага. І сказалі Сэмэю, кажучы: вось, рабы твае ў Гэце.
I Ki Bela 2:40  І ўстаў Сэмэй, і асядлаў асла свайго, і выправіўся ў Гэт да Анхуса шукаць рабоў сваіх. І вярнуўся Сэмэй і прывёў рабоў сваіх з Гэта.
I Ki Bela 2:41  І данесьлі Саламону, што Сэмэй хадзіў зь Ерусаліма ў Гэт і вярнуўся.
I Ki Bela 2:42  І паслаўшы, паклікаў цар Сэмэя і сказаў яму: ці не прысягаў я табе Госпадам і ці не абвяшчаў табе, кажучы: ведай, што ў той дзень, як ты выйдзеш і пойдзеш куды-небудзь, канечне памрэш? і ты сказаў мне: добра;
I Ki Bela 2:43  чаму ж ты ня выканаў загаду, які я даў табе перад Госпадам з прысягаю?
I Ki Bela 2:44  І сказаў цар Сэмэю: ты ведаеш і ведае сэрца тваё ўсё зло, якое ты зрабіў бацьку майму Давіду; хай жа аберне Гасподзь ліха тваё на галаву тваю!
I Ki Bela 2:45  а цар Саламон хай будзе дабраславёны, і трон Давідаў хай будзе непахісны перад Госпадам вечна!
I Ki Bela 2:46  І загадаў цар Ванэю, сыну Ёдаеваму, і ён пайшоў і забіў Сэмэя, і той памёр.
Chapter 3
I Ki Bela 3:1  Саламон парадніўся з фараонам — царом Егіпецкім і ўзяў за сябе дачку фараона і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль не пабудаваў дома свайго і дома Гасподняга і мура вакол Ерусаліма.
I Ki Bela 3:2  Народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, бо ня быў пабудаваны дом імю Госпада да таго часу.
I Ki Bela 3:3  І палюбіў Саламон Госпада, ходзячы паводле статута Давіда, бацькі свайго; але і ён прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.
I Ki Bela 3:4  І пайшоў цар у Гаваон, каб прынесьці там ахвяру, бо там быў галоўны ахвярнік. Тысячу цэласпаленьняў прынёс Саламон на тым ахвярніку.
I Ki Bela 3:5  У Гаваоне зьявіўся Гасподзь Саламону ў сне ўначы, і сказаў Бог: прасі, што даць табе.
I Ki Bela 3:6  І сказаў Саламон: Ты зрабіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, вялікую ласку; і за тое, што ён хадзіў перад Табою ў ісьціне і ў шчырай праўдзе і з шчырым сэрцам перад Табою, Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і дараваў яму сына, які сядзеў бы на троне ягоным, як гэта і ёсьць сёньня;
I Ki Bela 3:7  і сёньня, Госпадзе Божа мой, Ты паставіў раба Твайго царом замест Давіда, бацькі майго; але я — хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу;
I Ki Bela 3:8  і раб Твой — сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга ні палічыць, ні агледзець;
I Ki Bela 3:9  даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха; бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?
I Ki Bela 3:10  І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага.
I Ki Bela 3:11  І сказаў яму Бог: за тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць,—
I Ki Bela 3:12  вось, Я зраблю паводле слова твайго: вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе;
I Ki Bela 3:13  і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе сярод цароў ва ўсе дні твае;
I Ki Bela 3:14  і калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае і запаведзі Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае.
I Ki Bela 3:15  І прачнуўся Саламон, і вось, гэта быў сон. І пайшоў ён у Ерусалім і стаў перад каўчэгам запавету Гасподняга, і прынёс цэласпаленьні і ўчыніў ахвяры мірныя, і зладзіў вялікую гасьціну ўсім слугам сваім.
I Ki Bela 3:16  Тады прыйшлі дзьве жанчыны блудніцы да цара і сталі перад ім.
I Ki Bela 3:17  І сказала адна жанчына: о, гаспадару мой! я і гэтая жанчына жывём у адным доме; і я нарадзіла пры ёй у гэтым доме;
I Ki Bela 3:18  на трэці дзень пасьля таго, як я нарадзіла, нарадзіла і гэтая жанчына; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было; толькі мы дзьве былі ў доме;
I Ki Bela 3:19  і памёр сын у гэтай жанчыны ўначы, бо яна прыспала яго;
I Ki Bela 3:20  і ўстала яна ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі я, рабыня твая, спала, і паклала яго да сваіх грудзей, а свайго мёртвага сына паклала да маіх грудзей;
I Ki Bela 3:21  раніцай я ўстала, каб накарміць сына майго, і вось, ён быў мёртвы; а калі я ўгледзелася ў яго раніцай, дык гэта быў ня мой сын, якога я нарадзіла.
I Ki Bela 3:22  І сказала другая жанчына: не, мой сын жывы, а твой сын мёртвы. А тая казала ёй: не, твой сын мёртвы, а мой жывы. І гаварылі яны так перад царом.
I Ki Bela 3:23  І сказаў цар: гэтая кажа: мой сын жывы, а твой сын мёртвы; а тая кажа: не, твой сын мёртвы, а мой сын — жывы.
I Ki Bela 3:24  І сказаў цар: падайце мне меч. І прынесьлі меч цару.
I Ki Bela 3:25  І сказаў цар: расьсячэце жывое дзіця напалам і аддайце палавіну адной і палавіну другой.
I Ki Bela 3:26  І адказвала тая жанчына, у якое сын быў жывы, цару, бо ўсхвалявалася ўся нутрына ў яе ад жаласьці да сына свайго: о, гаспадару мой! аддайце ёй гэтае дзіця жывое і не забівайце яго. А другая казала: хай жа ня будзе ні мне ні табе, сячэце.
I Ki Bela 3:27  І адказваў цар і сказаў: аддайце гэтай жывое дзіця і не забівайце яго: яна — ягоная маці.
I Ki Bela 3:28  І пачуў увесь Ізраіль пра суд, як рассудзіў цар. І пачалі баяцца цара, бо ўбачылі, што мудрасьць Божая ў ім, каб чыніць суд.
Chapter 4
I Ki Bela 4:1  І быў цар Саламон царом над усім Ізраілем.
I Ki Bela 4:2  І вось начальнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока сьвятара;
I Ki Bela 4:3  Эліхарэт і Ахія, сыны Сівы, пісцы; Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісальнік;
I Ki Bela 4:4  Ванэя, сын Ёдая, ваеначальнік; Садок і Авіятар — сьвятары;
I Ki Bela 4:5  Азарыя, сын Натана, начальнік над прыстаўнікамі, і Завут, сын Натана сьвятара — сябар цара;
I Ki Bela 4:6  Ахісар — начальнік над царскім домам, і Аданірам, сын Аўды, — над падаткамі.
I Ki Bela 4:7  І было ў Саламона дванаццаць прыстаўнікаў над усім Ізраілем, і яны дастаўлялі прадукты цару і дому ягонаму: кожны павінен быў дастаўляць прадукты на адзін месяц у годзе.
I Ki Bela 4:8  Вось імёны іх: Бэн-хур — на гары Яфрэмавай;
I Ki Bela 4:9  Бэн-Дэкер — у Макацы і ў Шаалбіме, у Бэтсамісе і ў Элоне і ў Бэт-Ханане;
I Ki Bela 4:10  Бэн-Хэсэд — у Арубоце; яму ж належаў Сако і ўся зямля Хэфэр;
I Ki Bela 4:11  Бэн-Авінадаў — над усім Нафат-Дорам; Тафат, дачка Саламона, была ягонаю жонкаю;
I Ki Bela 4:12  Ваана, сын Ахілуда, у Таанаху і Мэгідо і ва ўсім Бэт-Сане, што паблізу Цартана ніжэй Езрээля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхола, і нават за Ёкмэам;
I Ki Bela 4:13  Бэн-Гевэр — у Рамоце Галаадскім; у яго былі селішчы Яіра, сына Манасіінага, што ў Галаадзе; у яго таксама вобласьць Аргоў, што ў Басане, шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і меднымі замкамі;
I Ki Bela 4:14  Ахінадаў, сын Гідо, у Маханаіме;
I Ki Bela 4:15  Ахімаас у зямлі Нэфталімавай; ён узяў сабе за жонку Васэмату, дачку Саламона;
I Ki Bela 4:16  Ваана, сын Хушая, у зямлі Асіравай і ў Баалоце;
I Ki Bela 4:17  Ёсафат, сын Паруаха, у зямлі Ісахаравай;
I Ki Bela 4:18  Шымэй, сын Элы, у зямлі Веньямінавай;
I Ki Bela 4:19  Гевэр, сын Урыя, у зямлі Галаадскай, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага. Ён быў прыстаўнік у гэтай зямлі.
I Ki Bela 4:20  Юда і Ізраіль, шматлікія як пясок каля мора, елі, пілі і весяліліся.
I Ki Bela 4:21  Саламон валодаў усімі царствамі ад ракі Еўфрат да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта. Яны прыносілі дарункі і служылі Саламону ва ўсе дні жыцьця ягонага.
I Ki Bela 4:22  Прадукты Саламона на кожны дзень складалі: трыццаць кораў мукі пшанічнай і шэсьцьдзясят кораў іншай мукі,
I Ki Bela 4:23  дзесяць валоў укормленых і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, акрамя аленяў і сарнаў, і сайгакаў і ўкормленых птушак;
I Ki Bela 4:24  бо ён валадарыў над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі.
I Ki Bela 4:25  І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона.
I Ki Bela 4:26  І было ў Саламона сорак тысяч стойлаў пад коней калясьнічных і дванаццаць тысяч для коньніцы.
I Ki Bela 4:27  І тыя прыстаўнікі дастаўлялі цару Саламону ўсё належнае да стала цара, кожны ў свой месяц, і не дапускалі нястачы ні ў чым.
I Ki Bela 4:28  І ячмень і салому коням і мулам дастаўлялі кожны ў сваю чаргу на месца, дзе быў цар.
I Ki Bela 4:29  І даў Бог Саламону мудрасьць і вельмі вялікі розум і шырокі розум , як пясок на беразе мора.
I Ki Bela 4:30  І была мудрасьць Саламонава вышэйшая за мудрасьць усіх сыноў усходу і за ўсю мудрасьць Егіпцянаў.
I Ki Bela 4:31  Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы і за Этана Эзрахіта і Эмана, і Халкола і за Дарду, сыноў Малхола, і імя ягонае было ў славе ва ўсіх навакольных народаў.
I Ki Bela 4:32  І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць;
I Ki Bela 4:33  і гаварыў ён пра дрэвы, ад кедра, што ў Ліване, да ісопу, што вырастае са сьцяны; гаварыў і пра жывёл, і пра птушак, і пра паўзуноў, і пра рыбу.
I Ki Bela 4:34  І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх цароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную.
Chapter 5
I Ki Bela 5:1  І паслаў Хірам, цар Тырскі, слуг сваіх да Саламона, калі пачуў, што яго памазалі ў цара на месца бацькі ягонага; бо Хірам быў сябрам Давіда праз усё жыцьцё.
I Ki Bela 5:2  І паслаў такасама і Саламон да Хірама сказаць:
I Ki Bela 5:3  ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Гасподзь не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных;
I Ki Bela 5:4  а цяпер Гасподзь Бог мой дараваў мне спакой адсюль: няма супраціўніка і няма болей перашкодаў;
I Ki Bela 5:5  і вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Гасподзь бацьку майму Давіду, кажучы: сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на троне тваім, ён пабудуе дом імю Майму;
I Ki Bela 5:6  дык вось, загадай насячы мне кедраў зь Лівана; і вось, рабы мае будуць разам з тваімі рабамі, і я буду даваць табе плату за рабоў тваіх, якую ты вызначыш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзей, якія ўмелі б сячы дрэвы так, як Сіданяне.
I Ki Bela 5:7  Калі пачуў Хірам словы Саламона, вельмі ўзрадаваўся і сказаў: дабраславёны сёньня Гасподзь, Які даў Давіду сына мудрага на кіраваньне гэтым шматлікім народам!
I Ki Bela 5:8  І паслаў Хірам да Саламона сказаць: я выслухаў тое, па што ты пасылаў да мяне, і выканаю ўсё жаданьне тваё пра дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя:
I Ki Bela 5:9  рабы мае зьвязуць іх зь Лівана да мора, і я плытамі дастаўлю іх морам да месца, якое ты назначыш мне, і там складу іх, і ты возьмеш; але і ты выканай маё жаданьне, каб дастаўляць хлеб майму дому.
I Ki Bela 5:10  І даваў Хірам Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня.
I Ki Bela 5:11  А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год.
I Ki Bela 5:12  Гасподзь даў мудрасьць Саламону, як абяцаў яму. І быў мір паміж Хірамам і Саламонам, і яны заключылі паміж сабою ўгоду.
I Ki Bela 5:13  І абклаў цар Саламон павіннасьцю ўвесь Ізраіль; а павіннасьць складалася з трыццаці тысяч чалавек.
I Ki Bela 5:14  І пасылаў іх на Ліван, па дзесяць тысяч на месяц, папераменна: месяц яны былі на Ліване, а два месяцы ў доме сваім. А Аданірам начальнічаў над імі.
I Ki Bela 5:15  Яшчэ ў Саламона было семдзесят тысяч пераносчыкаў цяжару і восемдзесят тысяч камнясекаў у горах,
I Ki Bela 5:16  акрамя трох тысяч трохсот начальнікаў, пастаўленых Саламонам над працаю дзеля назіраньня за народам, які выконваў працу.
I Ki Bela 5:17  І загадаў цар прывозіць камяні вялікія, камяні дарагія, на падмураваньне дома, камяні абробленыя.
I Ki Bela 5:18  І абсякалі іх работнікі Саламонавыя і работнікі Хірамавыя і Гіўліцяне, і рыхтавалі дрэвы і камяні на будоўлю дома.
Chapter 6
I Ki Bela 6:1  У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.
I Ki Bela 6:2  Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,
I Ki Bela 6:3  і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.
I Ki Bela 6:4  І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.
I Ki Bela 6:5  І зрабіў прыбудову вакол сьцен храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых; і зрабіў бакавыя пакоі вакол.
I Ki Bela 6:6  Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.
I Ki Bela 6:7  Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.
I Ki Bela 6:8  Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус , а ад сярэдняга ў трэці.
I Ki Bela 6:9  І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.
I Ki Bela 6:10  І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю ў пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.
I Ki Bela 6:11  І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:
I Ki Bela 6:12  вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,
I Ki Bela 6:13  і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.
I Ki Bela 6:14  І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.
I Ki Bela 6:15  І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.
I Ki Bela 6:16  І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.
I Ki Bela 6:17  Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.
I Ki Bela 6:18  На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.
I Ki Bela 6:19  А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паствіцть там каўчэг запавета Гасподняга.
I Ki Bela 6:20  І Сьвятое Сьвятых было ў даўжыню дваццаць локцяў, шырынёю дваццаць локцяў і вышынёю дваццаць локцяў; ён абклаў яго чыстым золатам; абклаў таксама і кедровы ахвярнік.
I Ki Bela 6:21  І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам.
I Ki Bela 6:22  Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам.
I Ki Bela 6:23  І зрабіў у давіры двух херувімаў з масьлічнага дрэва, вышынёю ў дзесяць локцяў.
I Ki Bela 6:24  Адно крыло херувіма было пяць локцяў і другое крыло херувіма было пяць локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
I Ki Bela 6:25  Дзесяць локцяў і другі херувім; аднолькавай меры і аднолькавага выгляду абодва херувімы.
I Ki Bela 6:26  Вышыня аднаго херувіма дзесяць локцяў, а таксама і другога херувіма.
I Ki Bela 6:27  І паставіў ён херувімаў сярод унутранай часткі храма. А крылы ў херувімаў былі раскінутыя, і даставала крыло аднаго да адной сьцяны, а крыло другога херувіма даставала да другой сьцяны; а другія крылы іх сярод храма сыходзіліся крыло да крыла.
I Ki Bela 6:28  І абклаў ён херувімаў золатам.
I Ki Bela 6:29  І на ўсіх сьценах храма вакол зрабіў розныя выявы херувімаў і пальмавых дрэў і кветак, якія распускаюцца, усярэдзіне і звонку.
I Ki Bela 6:30  І падлогу ў храме абклаў золатам ва ўнутранай і пярэдняй частках.
I Ki Bela 6:31  Для ўваходу ў давір зрабіў дзьверы з масьлічнага дрэва, з пяцікутнымі вушакамі.
I Ki Bela 6:32  На двух палавінах дзьвярэй з масьлічнага дрэва ён зрабіў розных херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам; пакрыў золатам і херувімаў і пальмы.
I Ki Bela 6:33  І каля ўваходу ў храм зрабіў вушакі з масьлічнага дрэва чатырохкутныя
I Ki Bela 6:34  і двое дзьвярэй з кіпарысавага дрэва; абедзьве палавіны адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве палавіны другіх дзьвярэй былі рухомыя.
I Ki Bela 6:35  І выразаў на іх херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам па разьбе.
I Ki Bela 6:36  І пабудаваў унутраны двор з трох радоў абчасанага каменю і з раду кедровых брусоў.
I Ki Bela 6:37  На чацьвёртым годзе, у месяцы Зіф, заклаў ён аснову храму Госпада,
I Ki Bela 6:38  а на адзінаццатым годзе, у месяцы Бул,— гэта месяц восьмы,— ён закончыў храм з усімі прыналежнасьцямі яго і паводле ўсіх прадпісаньняў ягоных: будаваў яго сем гадоў.
Chapter 7
I Ki Bela 7:1  А свой дом Саламон будаваў трынаццаць гадоў і закончыў увесь дом свой.
I Ki Bela 7:2  І пабудаваў ён дом з дрэва Ліванскага, даўжынёю сто локцяў, шырынёю пяцьдзясят локцяў, а вышынёю трыццаць локцяў, на чатырох радах кедровых слупоў; і кедровыя бярвеньні пакладзены былі на слупах.
I Ki Bela 7:3  І насланы быў памост з кедра над бярвеньнямі на сарака пяці слупах, па пятнаццаць у рад.
I Ki Bela 7:4  Аконных вушакоў было тры рады; і тры рады вокан , акно насупраць акна.
I Ki Bela 7:5  І ўсе дзьверы і дзьвярныя вушакі былі чатырохвугольныя, і акно насупраць акна, у тры рады.
I Ki Bela 7:6  І бабінец са слупоў зрабіў ён даўжынёю пяцьдзясят локцяў, шырынёю трыццаць локцяў, і перад імі ганак, і слупы, і парог перад імі.
I Ki Bela 7:7  Яшчэ бабінец з пасадам, зь якога ён судзіў, бабінец для судзілішча зрабіў ён і пакрыў усе падлогі кедрам.
I Ki Bela 7:8  У доме, дзе ён жыў, другі двор за бабінцам быў такога самага ўсталяваньня. І ў доме дачкі фараонавай, якую ўзяў за сябе Саламон, ён зрабіў такі самы бабінец.
I Ki Bela 7:9  Усё гэта было зроблена з дарагіх камянёў, абчасаных паводле памеру, абрэзаных пілою, з унутранага і вонкавага боку, ад асновы да выступаў, і з вонкавага боку да вялікага двара.
I Ki Bela 7:10  І ў аснову пакладзены былі камяні дарагія, камяні вялікія, камяні дзесяць локцяў і камяні восем локцяў,
I Ki Bela 7:11  і зьверху дарагія камяні, абчасаныя паводле памеру, і кедр.
I Ki Bela 7:12  Вялікі двор абгароджаны быў вакол трыма радамі часаных камянёў і адным радам кедровых бярвеньняў; таксама і ўнутраны двор храма Госпада і бабінец храма.
I Ki Bela 7:13  І паслаў цар Саламон і ўзяў з Тыра Хірама,
I Ki Bela 7:14  сына адной удавы, з калена Нэфталімавага. Бацька яго Тыранін быў меднік; ён меў здольнасьць, майстэрства і ўменьне вырабляць усялякія рэчы зь медзі. І прыйшоў ён да цара Саламона і рабіў у яго ўсялякую працу:
I Ki Bela 7:15  і зрабіў ён два медныя слупы, кожны па васемнаццаць локцяў вышынёю, і шнурок дванаццаць локцяў абдымаў той і другі слуп;
I Ki Bela 7:16  і два вянкі, вылітыя зь медзі, ён зрабіў, каб пакласьці на вярху слупоў: пяць локцяў вышыні ў адным вянку і пяць локцяў вышыні ў другім вянку;
I Ki Bela 7:17  сеткі плеценага вырабу і шнуркі ў выглядзе ланцужкоў для вянкоў, якія былі на вярху слупоў: сем на адным вянку і сем на другім вянку.
I Ki Bela 7:18  Так зрабіў ён слупы і два рады гранатавых яблыкаў вакол сеткі, каб пакрыць вянкі, якія наверсе слупоў; тое самае зрабіў і для другога вянка.
I Ki Bela 7:19  А ў бабінцы вянкі наверсе слупоў зроблены як лілеі, у чатыры локці,
I Ki Bela 7:20  і вянкі на абодвух слупах наверсе, проста над выпуклінай, якая каля сеткі; і на другім вянку, радамі вакол, дзьвесьце гранатавых яблыкаў.
I Ki Bela 7:21  І паставіў слупы да бабінца храма; паставіў слуп па правы бок і даў яму імя Яхін, і паставіў слуп па левы бок і даў яму імя Воаз.
I Ki Bela 7:22  І над слупамі паставіў вянкі , зробленыя як лілеі. Так закончана праца над слупамі.
I Ki Bela 7:23  І зрабіў літае зь медзі мора,— ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў,— зусім круглае, вышынёю пяць локцяў, і шнурок трыццаць локцяў абымаў яго вакол.
I Ki Bela 7:24  Падабенств а гуркоў пад краямі яго акружалі яго па дзесяць на локаць, акружалі мора з усіх бакоў у два рады; падабенствы гуркоў былі вылітыя зь ім адным ліцьцём.
I Ki Bela 7:25  Яно стаяла на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход; мора ляжала на іх, і зады іхбылі павернутыя ўсярэдзіну пад яго.
I Ki Bela 7:26  Таўшчынёю яно было ў далонь, і краі яго, зробленыя падобна да беражкоў чары, былі падобныя на лілею, якая распусьцілася. Яно ўмяшчала дзьве тысячы батаў.
I Ki Bela 7:27  І зрабіў ён дзесяць медных падставак; даўжыня кожнай падстаўкі — чатыры локці, шырыня — чатыры локці і тры локці — вышыня.
I Ki Bela 7:28  І вось будова падставак: у іх сьцены, сьцены паміж навугольнымі пласьцінамі;
I Ki Bela 7:29  на сьценах, якія паміж навугольнікамі, ільвы, валы і херувімы; таксама і на навугольніках, а вышэй і ніжэй ільвоў і валоў — раскідзістыя вянкі;
I Ki Bela 7:30  каля кожнай падстаўкі па чатыры медныя колы і восі медныя. На чатырох кутах выступы накшталт плячэй, выступы літыя зьнізу, пад чараю, каля кожнага вянка.
I Ki Bela 7:31  Адтуліна ад унутранага вянка да верху адзін локаць; адтуліна яго круглая, як у падножжа слупоў, паўтара локця і каля адтуліны яго выявы; але бакавыя сьцены чатырохкутныя, ня круглыя.
I Ki Bela 7:32  Пад сьценамі было чатыры колы, і восі колаў у падстаўках; вышыня кожнага кола — паўтара локця.
I Ki Bela 7:33  Будова колаў такая самая, як і будова колаў у калясьніцы; восі іх і абады іх і сьпіцы іх, і калодкі іх, усё было літое.
I Ki Bela 7:34  Чатыры выступы на чатырох кутах кожнай падстаўкі; з падстаўкі выходзілі выступы яе.
I Ki Bela 7:35  І наверсе падстаўкі круглае ўзвышэньне на паўлокця вышыні; і наверсе падстаўкі тронкі яе і сьцены яе з адной зь ёю масы.
I Ki Bela 7:36  І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.
I Ki Bela 7:37  Так зрабіў ён дзесяць падставак: ва ўсіх іх адно ліцьцё, адна мера, адзін выгляд.
I Ki Bela 7:38  І зрабіў дзесяць медных умывальніц: кожная ўмывальніца мясьціла сорак батаў, кожная ўмывальніца была чатыры локці, кожная ўмывальніца стаяла на адной зь дзесяці падставак.
I Ki Bela 7:39  І расставіў падстаўкі — пяць на правым баку храма і пяць на левым баку храма, а мора паставіў на правым баку храма, на паўднёва-ўсходнім баку.
I Ki Bela 7:40  І зрабіў Хірам умывальніцы і лапаткі і чары. І закончыў Хірам усю працу, якую рабіў у цара Саламона для храма Гасподняга:
I Ki Bela 7:41  два слупы і дзьве апаяскі вянкоў, якія наверсе слупоў, і дзьве сеткі для накрываньня двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў;
I Ki Bela 7:42  і чатырыста гранатавых яблыкаў на кожную сетку, для накрываньня двух апаясак вянкоў, што на слупах;
I Ki Bela 7:43  і дзесяць падставак і дзесяць умывальніц на падстаўках;
I Ki Bela 7:44  адно мора і дванаццаць валоў пад морам;
I Ki Bela 7:45  і тазы, і лапаткі, і чары. Усе рэчы, якія зрабіў Хірам цару Саламону для храма Госпада, з паліраванай медзі.
I Ki Bela 7:46  Цар выліваў іх у гліністай зямлі, у ваколіцах Ярдана, паміж Сакхотам і Цартанам.
I Ki Bela 7:47  І паставіў Саламон усе гэтыя рэчы на месца. З прычыны іх вялікага мноства, вага медзі ня вызначаная.
I Ki Bela 7:48  І зрабіў Саламон усе рэчы, якія ў храме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на якім хлябы выстаўленыя;
I Ki Bela 7:49  і сьвяцільні — пяць на правым баку і пяць на левым баку, перад заднім аддзяленьнем храма, з чыстага золата, і кветкі, і лампадкі, і абцужкі з золата;
I Ki Bela 7:50  і місы, і нажы, і чары, і латкі, і кадзільніцы з чыстага золата, і петлі ў дзьвярах унутранага храма ў Сьвятым Сьвятых і ў дзьвярах у храме таксама з золата.
I Ki Bela 7:51  Так зьвершана ўся праца, якую рабіў цар Саламон для храма Госпада. І прынёс Саламон прысвечанае Давідам, бацькам ягоным; срэбра і золата і рэчы аддаў у скарбніцы храма Гасподняга.
Chapter 8
I Ki Bela 8:1  Тады склікаў Саламон старэйшынаў Ізраільскіх і ўсіх начальнікаў каленаў, галоўных ад пакаленьняў сыноў Ізраілевых да цара Саламона ў Ерусалім, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга з горада Давідавага, гэта значыць Сіёна.
I Ki Bela 8:2  І сабраліся да цара Саламона на сьвята ўсе Ізраільцяне, у месяцы Атаніме, які ёсьць сёмы месяц.
I Ki Bela 8:3  І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя; і паднялі сьвяшчэнны каўчэг,
I Ki Bela 8:4  і панесьлі каўчэг Гасподні і скінію сходу і ўсе сьвяшчэнныя рэчы, якія былі ў скініі; і несьлі іх сьвятары і лявіты.
I Ki Bela 8:5  А цар Саламон і зь ім усё супольства Ізраільскае, што сабралася да яго, ішлі перад каўчэгам, прыносячы ахвяры з дробнага і буйнога быдла, якое немагчыма палічыць і вызначыць паводле мноства яго.
I Ki Bela 8:6  І ўнесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца ягонае, у давір храма, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
I Ki Bela 8:7  Бо херувімы разгарнулі свае крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы зьверху каўчэг і жэрдкі яго.
I Ki Bela 8:8  І высунуліся жэрдкі так, што галоўкі жэрдак відны былі зь сьвяцілішча перад давірам, але ня выходзілі вонкі; яны там і да сёньня.
I Ki Bela 8:9  У каўчэгу нічога ня было, апрача двух каменных скрыжаляў, якія паклаў туды Майсей на Харыве, калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.
I Ki Bela 8:10  Калі сьвятары выйшлі зь сьвяцілішча, воблака напоўніла дом Гасподні;
I Ki Bela 8:11  і не маглі сьвятары стаяць на набажэнстве з прычыны воблака; бо слава Гасподняя напоўніла храм Гасподні.
I Ki Bela 8:12  Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што Ён упадабаў быць у імгле;
I Ki Bela 8:13  я пабудаваў храм у жытлішчы Табе, месца, каб быць Табе вечна.
I Ki Bela 8:14  І павярнуўся цар абліччам сваім, і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў; увесь сход Ізраільцянаў стаяў.
I Ki Bela 8:15  І сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, Які сказаў вуснамі сваімі Давіду, бацьку майму, і сёньня выканаў рукою сваёю! Ён казаў:
I Ki Bela 8:16  "з таго дня, як Я вывеў народ Мой Ізраіля зь Егіпта, Я ня выбраў горада ў ніводным з каленаў Ізраілевых, каб пабудаваны быў дом, у якім было б імя Маё; і выбраў Давіда, каб быць яму над народам Маім Ізраілем".
I Ki Bela 8:17  У Давіда, бацькі майго, было на сэрцы пабудаваць храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
I Ki Bela 8:18  але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: "у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта ў цябе ляжыць на сэрцы;
I Ki Bela 8:19  аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які выйшаў са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе храм імю Майму".
I Ki Bela 8:20  І спраўдзіў Гасподзь слова Сваё, якое прамовіў. Я ўступіў на месца бацькі майго Давіда, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
I Ki Bela 8:21  і падрыхтаваў там месца каўчэгу, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з бацькамі нашымі, калі Ён вывеў іх зь зямлі Егіпецкай.
I Ki Bela 8:22  І стаў Саламон перад ахвярнікам Гасподнім наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,
I Ki Bela 8:23  і сказаў: Госпадзе, Божа Ізраілеў! няма падобнага Табе Бога на нябёсах угары і на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць перад Табою ўсім сэрцам сваім.
I Ki Bela 8:24  Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што казаў яму; што прамовіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў гэты дзень учыніў рукою Тваёю.
I Ki Bela 8:25  І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што казаў Ты яму, прамовіўшы: "ня мінецца ў цябе перад абліччам Маім той, хто сядзіць на троне Ізраілевым, калі толькі сыны твае будуць трымацца шляху свайго, ходзячы перад Мною так, як ты хадзіў перад Мною".
I Ki Bela 8:26  І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, хай будзе слушнае слова Тваё, якое Ты прамовіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму!
I Ki Bela 8:27  Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў;
I Ki Bela 8:28  але ўважы малітве раба Твайго і прашэньню ягонаму, Госпадзе, Божа мой; пачуй позву і малітву, якою раб Твой умольвае Цябе сёньня.
I Ki Bela 8:29  Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўночы, на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: "Маё імя будзе там"; пачуй малітву, якою будзе маліцца раб Твой на месцы гэтым.
I Ki Bela 8:30  Пачуй маленьне раба Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй на месцы перабываньня Твайго, на нябёсах, пачуй і зьлітуйся.
I Ki Bela 8:31  Калі хто згрэшыць супроць блізкага свайго, і спатрабуе зь яго прысягі, каб ён запрысягнуўся, і дзеля прысягі прыйдуць да ахвярніка Твайго, у храм гэты:
I Ki Bela 8:32  тады Ты пачуй зь неба, і ўчыні суд над рабамі Тваімі, зьвінаваці вінаватага, паклаўшы ўчынак яго на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага, даўшы яму паводле праўды ягонай.
I Ki Bela 8:33  Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты няпрыяцелем за тое, што зграшыў перад Табою, і калі яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і ўмольваць Цябе ў гэтым храме:
I Ki Bela 8:34  тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
I Ki Bela 8:35  Калі замкнецца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны згрэшаць перад Табою, і калі памоляцца на месцы гэтым і вызнаюць імя Тваё і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты ўпакорыў іх,
I Ki Bela 8:36  тады пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, указаўшы ім добры шлях, па якім ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
I Ki Bela 8:37  Ці будзе на зямлі голад, ці будзе пошасьць, ці будзе палючы вецер, іржа, саранча, чэрві, ці няпрыяцель будзе ўціскаць яго на зямлі ягонай, ці будзе якое бедства, якая хвароба;
I Ki Bela 8:38  пры ўсякай малітве, пры ўсякім маленьні, якое будзе ад якога-небудзь чалавека ва ўсім народзе Тваім Ізраілі, калі яны адчуюць бедства ў сэрцы сваім і працягнуць рукі свае да храма гэтага,
I Ki Bela 8:39  Ты пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты ёсьць, і памілуй; зрабі і дай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ўбачыш сэрца ягонае, бо Ты адзін ведаеш сэрца ўсіх сыноў чалавечых;
I Ki Bela 8:40  каб яны баяліся Цябе праз усе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
I Ki Bela 8:41  Калі і іншапляменец, які не ад Твайго народу Ізраіля, прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго,—
I Ki Bela 8:42  бо яны пачуюць пра Тваё імя вялікае і пра Тваю руку моцную і пра Тваю мышцу прасьцёртую,— і прыйдзе ён і памоліцца каля храма гэтага,
I Ki Bela 8:43  пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, і зрабі ўсё, пра што будзе заклікаць да Цябе іншапляменец, каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё, каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, каб ведалі, што імем Тваім называецца храм гэты, які я пабудаваў.
I Ki Bela 8:44  Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць ворага свайго шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Госпаду, павярнуўшыся да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
I Ki Bela 8:45  тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім.
I Ki Bela 8:46  Калі яны згрэшаць перад Табою,— бо няма чалавека, які не грашыў бы,— і Ты ўгневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і тыя, што паланілі іх і павядуць у няпрыяцельскую зямлю, далёкую альбо блізкую,
I Ki Bela 8:47  і калі яны на зямлі, у якой будуць жыць у палоне, увойдуць у сябе і зьвернуцца і будуць маліцца Табе на зямлі тых, што паланілі іх, кажучы: "мы зграшылі, учынілі беззаконьне, мы вінаватыя",
I Ki Bela 8:48  і калі павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі ворагаў, якія паланілі іх, і будуць маліцца Табе, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
I Ki Bela 8:49  тады пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, малітву і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім;
I Ki Bela 8:50  і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў перад Табою, і ўсе благія ўчынкі ягоныя, якія ён зрабіў прад Табою, і абудзі спагаду да іх у тых, што паланілі іх, каб яны былі мілажальныя да іх:
I Ki Bela 8:51  бо яны — Твой народ і Твой надзел, які Ты вывеў зь Егіпта, з жалезнай печы.
I Ki Bela 8:52  Хай будуць вочы Твае адкрытыя на малітву раба Твайго і на малітву народу Твайго Ізраіля, каб чуць іх заўсёды, калі яны будуць заклікаць Цябе,
I Ki Bela 8:53  бо Ты аддзяліў іх сабе ў надзел з усіх народаў зямлі, як Ты сказаў праз Майсея, раба Твайго, калі вывеў бацькоў нашых зь Егіпта, Уладыка Госпадзе!
I Ki Bela 8:54  Калі Саламон прамовіў усё гэта маленьне і прашэньне да Госпада, тады ўстаў з каленяў ад ахвярніка Гасподняга, а рукі ягоныя былі паднятыя да неба.
I Ki Bela 8:55  І стоячы дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, гучным голасам кажучы:
I Ki Bela 8:56  дабраславёны Гасподзь, Які даў спакой народу Свайму Ізраілю, як казаў! не засталося нявыкананага ніводнага слова з усіх добрых слоў Яго, якія Ён прамовіў праз раба Свайго Майсея;
I Ki Bela 8:57  хай будзе з намі Гасподзь Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас,
I Ki Bela 8:58  схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым;
I Ki Bela 8:59  і хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень,
I Ki Bela 8:60  каб усе народы ўведалі, што Гасподзь ёсьць Бог, і няма апрача Яго;
I Ki Bela 8:61  хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня.
I Ki Bela 8:62  І цар і ўсе Ізраільцяне зь ім прынесьлі ахвяру Госпаду.
I Ki Bela 8:63  І прынёс Саламон у мірную ахвяру, якую прынёс ён Госпаду, дваццаць дзьве тысячы буйнога быдла і сто дваццаць тысяч дробнага быдла. Так асьвяціў храм Госпаду цар і ўсе сыны Ізраілевыя.
I Ki Bela 8:64  І ў той самы дзень асьвяціў цар сярэднюю частку двара, які перад храмам Гасподнім, учыніўшы там цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне і ўзнёсшы тлушч мірных ахвяр, бо медны ахвярнік, які перад Госпадам, быў малы пад памяшканьні цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу мірных ахвяр.
I Ki Bela 8:65  І зрабіў Саламон у гэты час сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім,— вялікі сход, які сышоўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай перад Госпадам Богам нашым; — сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнаццаць дзён.
I Ki Bela 8:66  На восьмы дзень Саламон адпусьціў народ. І дабраславілі цара і пайшлі ў намёты свае, радуючыся і вяселячыся ў сэрцы за ўсё добрае, што зрабіў Гасподзь рабу Свайму Давіду і народу Свайму Ізраілю.
Chapter 9
I Ki Bela 9:1  Пасьля таго, як Саламон закончыў будаўніцтва храма Гасподняга і дома царскага і ўсё, што Саламон хацеў зрабіць,
I Ki Bela 9:2  зьявіўся Саламону Гасподзь другі раз, як зьявіўся яму ў Гаваоне.
I Ki Bela 9:3  І сказаў яму Гасподзь: Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імю Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.
I Ki Bela 9:4  І калі ты будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў бацька твой Давід, у чысьціні сэрца і ў праўдзе, выконваючы ўсё, што Я наказаў табе, і калі будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,
I Ki Bela 9:5  дык Я пастаўлю царскі трон твой над Ізраілем навечна, як Я сказаў бацьку твайму Давіду, кажучы: не перапыніцца ў цябе той, хто сядзіць на троне Ізраілевым.
I Ki Bela 9:6  Калі ж вы і сыны вашыя адступіце ад Мяне і ня будзеце трымацца наказаў Маіх і пастановаў Маіх, якія Я даў вам, і пойдзеце і пачняце служыць іншым багам і пакланяцца ім,
I Ki Bela 9:7  дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі, якую Я даў яму, і храм, які я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго, і будзе Ізраіль прытчаю і пасьмешышчам ува ўсіх народаў.
I Ki Bela 9:8  І пра храм гэты высокі, кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і сьвісьне, і скажа: за што Гасподзь зрабіў так з гэтаю зямлёю і з гэтым храмам?
I Ki Bela 9:9  І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх зь зямлі Егіпецкай, і прынялі іншых багоў, і пакланяліся ім, і служылі ім,— за гэта навёў на іх Гасподзь ўсё гэта бедства.
I Ki Bela 9:10  Праз дваццаць гадоў, за якія Саламон пабудаваў два дамы,— дом Гасподні і дом царскі,—
I Ki Bela 9:11  на што Хірам, цар Тырскі, дастаўляў Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя і золата, па яго жаданьні,— цар Саламон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
I Ki Bela 9:12  І выйшаў Хірам з Тыра паглядзець гарады, якія даў яму Саламон, і яны не спадабаліся яму.
I Ki Bela 9:13  І сказаў ён: што гэта за гарады, якія ты, брат мой, даў мне? І назваў іх зямлёю Кавул, як называюцца яны па сёньня.
I Ki Bela 9:14  І паслаў Хірам цару сто дваццаць талантаў золата.
I Ki Bela 9:15  Вось распараджэньне пра падатак, які наклаў цар Саламон, каб пабудаваць храм Гасподні і дом свой, і Міло і сьцяну Ерусалімскую, Гацор і Мэгідо і Газэр.
I Ki Bela 9:16  Фараон, цар Егіпецкі, прыйшоў і ўзяў Газэр, і спаліў яго агнём, і Хананэяў, якія жылі ў горадзе, пабіў, і аддаў яго ў пасаг дачцэ сваёй, жонцы Саламонавай.
I Ki Bela 9:17  І пабудаваў Саламон Газэр і ніжні Бэтарон,
I Ki Bela 9:18  і Ваалат і Тадмор у пустыні,
I Ki Bela 9:19  і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і гарады пад калясьніцы і гарады пад коньніцу, і ўсё тое, што Саламон хацеў пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі свайго валоданьня.
I Ki Bela 9:20  Увесь народ, які застаўся ад Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў, Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,
I Ki Bela 9:21  дзяцей іхніх, якія засталіся пасьля іх на замлі, якіх сыны Ізраілевыя не маглі вынішчыць, Саламон зрабіў аброчнымі працаўнікамі да сёньня.
I Ki Bela 9:22  А сыноў Ізраілевых Саламон не рабіў работнікамі, але яны былі ягонымі воінамі, ягонымі слугамі, ягонымі вяльможамі, ягонымі ваеначальнікамі і правадырамі ягоных калясьніц і ягоных вершнікаў.
I Ki Bela 9:23  Вось галоўныя прыстаўнікі над працамі Саламонавымі: тых, што кіравалі работамі, было пяцьсот пяцьдзясят.
I Ki Bela 9:24  Дачка фараонавая перайшла з горада Давідавага ў свой дом, які пабудаваў ёй Саламон. Потым пабудаваў ён Міло.
I Ki Bela 9:25  І прыносіў Саламон тры разы на год цэласпаленьні і мірныя ахвяры на ахвярніку, які ён пабудаваў Госпаду, і дымленьне на ім учыняў перад Госпадам. І закончыў ён будаўніцтва дома.
I Ki Bela 9:26  Цар Саламон таксама зрабіў карабель у Эцыён-Гавэры, што каля Элата, на беразе Чэрмнага мора, у зямлі Ідумэйскай.
I Ki Bela 9:27  І паслаў Хірам на караблі сваіх падданых карабельнікаў, якія ведалі мора, з падданымі Саламонавымі;
I Ki Bela 9:28  і выправіліся яны ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талантаў, і прывезлі цару Саламону.
Chapter 10
I Ki Bela 10:1  Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона ў імя Госпада, прыйшла выпрабаваць яго загадкамі.
I Ki Bela 10:2  І прыйшла яна ў Ерусалім зь вельмі вялікім багацьцем: вярблюды наўючаны былі пахошчамі і вялікім мноствам золата і каштоўнымі камянямі; і прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было ў яе на сэрцы.
I Ki Bela 10:3  І растлумачыў ёй Саламон ўсе словы яе, і ня было нічога не вядомага цару, чаго б ён не растлумачыў ёй.
I Ki Bela 10:4  І ўбачыла царыца Саўская ўсю мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
I Ki Bela 10:5  і ежу за сталом у яго, і жытло рабоў ягоных, і статнасьць слуг ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні ягоныя, якія ён прыносіў у храме Гасподнім. І не магла яна болей стрымацца
I Ki Bela 10:6  і сказала цару: слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю;
I Ki Bela 10:7  але я ня верыла словам, пакуль ня прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей, чым як я чула.
I Ki Bela 10:8  Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю!
I Ki Bela 10:9  Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, які дабраволіў пасадзіць цябе на трон Ізраілеў! Гасподзь, у вечнай любові Сваёй да Ізраіля, паставіў цябе царом — чыніць суд і праўду.
I Ki Bela 10:10  І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўныя камяні: ніколі яшчэ ня прыходзіла такога мноства пахошчаў, якое падарыла царыца Саўская цару Саламону.
I Ki Bela 10:11  І карабель Хірамаў, які прывозіў золата з Афіра, прывёз з Афіра вялікае мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
I Ki Bela 10:12  І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва парэнчы для храма Гасподняга і для дома царскага, і гусьлі і псалтыры сьпевакам. Ніколі ня прыходзіла столькі чырвонага дрэва і ня відаць было да гэтага дня.
I Ki Bela 10:13  І цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна жадала і чаго прасіла, звыш таго, што падарыў ёй цар Саламон сваімі рукамі. І выправілася яна назад у сваю зямлю, яна і ўсе слугі яе.
I Ki Bela 10:14  У золаце, якое прыходзіла Саламону кожны год, вагі было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў залатых,
I Ki Bela 10:15  звыш таго, што атрымлівалі ад разносчыкаў тавару і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў Аравійскіх і ад абласных начальнікаў.
I Ki Bela 10:16  І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, па шэсьцьсот сікляў пайшло на кожны шчыт;
I Ki Bela 10:17  і трыста меншых шчытоў з каванага золата, па тры міны золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь ліванскага дрэва.
I Ki Bela 10:18  І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці і абклаў яго чыстым золатам;
I Ki Bela 10:19  да трона было шэсьць прыступак; верх за тронам быў круглы, і былі абапал каля месца сядзеньня поручы, і два львы стаялі каля поручаў;
I Ki Bela 10:20  і яшчэ дванаццаць ільвоў стаялі там на шасьці прыступках абапал. Падобнага на гэта ня бывала ні ў адным царстве.
I Ki Bela 10:21  І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў залаты,і ўвесь посуд у доме зь ліванскага дрэва быў з чыстага золата; з срэбра нічога ня было, бо срэбра ў дні Саламонавыя лічылася ні за што;
I Ki Bela 10:22  бо ў цара быў на моры Тарсіскі карабель з караблём Хірамавым; адзін раз у тры гады прыходзіў Тарсіскі карабель, прывозіў золата і срэбра, і слановую косьць, і малпаў, і паваў.
I Ki Bela 10:23  Цар Саламон пераўзыходзіў усіх цароў багацьцем і мудрасьцю.
I Ki Bela 10:24  І ўсе цары на зямлі намагаліся ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
I Ki Bela 10:25  І яны падносілі яму, кожны ад сябе, у дарунак: посуд срэбны і залаты, і вопратку і зброю і пахошчы, коней і мулаў кожны год.
I Ki Bela 10:26  І набраў Саламон калясьніц і вершнікаў; у яго было тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч вершнікаў; і размясьціў ён іх па калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
I Ki Bela 10:27  І зрабіў цар срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным з простымі камянямі, а кедры, паводле іх мноства, зрабіў роўнавартаснымі зь сікаморамі, якія растуць на нізкіх месцах.
I Ki Bela 10:28  А коней цару Саламону прыводзілі з Егіпта і з Кувы; царскія купцы куплялі іх з Кувы за грошы.
I Ki Bela 10:29  Калясьніцу зь Егіпта атрымлівалі і дастаўлялі за шэсьцьсот сікляў срэбра, а конь за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі ўсё гэта царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.
Chapter 11
I Ki Bela 11:1  І пакахаў цар Саламон многіх чужаземных жанчын, апрача дачкі фараонавай, Маавіцянак, Аманіцянак, Ідумэянак, Сіданянак, Хэтэянак,
I Ki Bela 11:2  з тых народаў, пра якіх Гасподзь сказаў сынам Ізраілевым: не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да сваіх багоў. Да іх прыляпіўся Саламон каханьнем.
I Ki Bela 11:3  І было ў яго сямсот жонак і трыста наложніц; і разбэсьцілі жонкі сэрца ягонае.
I Ki Bela 11:4  У час старасьці Саламона жонкі яго схілілі сэрца ягонае да іншых багоў, і сэрца ягонае ня было цалкам адданае Госпаду Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
I Ki Bela 11:5  І пачаў Саламон служыць Астарце, божышчу Сідонскаму, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай.
I Ki Bela 11:6  І рабіў Саламон благое перад вачыма Госпада і не належна ішоў за Госпадам, як Давід, бацька ягоны.
I Ki Bela 11:7  Тады пабудаваў Саламон капішча Хамосу, мярзоце Маавіцкай, на гары, якая перад Ерусалімам, і Малоху, мярзоце Аманіцкай.
I Ki Bela 11:8  Так зрабіў ён усім сваім чужаземным жонкам, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.
I Ki Bela 11:9  І разгневаўся Гасподзь на Саламона за тое, што ён ухіліў сэрца сваё ад Госпада Бога Ізраілевага, Які два разы зьяўляўся яму
I Ki Bela 11:10  і наказаў яму, каб ён ня йшоў за іншымі багамі; але ён ня выканаў таго, што наказаў яму Гасподзь.
I Ki Bela 11:11  І сказаў Гасподзь Саламону: за тое, што так у цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру ў цябе царства і аддам яго рабу твайму;
I Ki Bela 11:12  але ў дні твае Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго: з рукі сына твайго адбяру яго;
I Ki Bela 11:13  і ня ўсё царства адбяру: адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, раба Майго, і дзеля Ерусаліма, які Я выбраў.
I Ki Bela 11:14  І падняў Гасподзь праціўніка на Саламона, Адэра Ідумэяніна, з царскага Ідумэйскага роду.
I Ki Bela 11:15  Калі Давід быў у Ідумэі, і ваеначальнік Ёаў прыйшоў дзеля пахаваньня забітых і пабіў увесь мужчынскі пол у Ідумэі,—
I Ki Bela 11:16  бо шэсьць месяцаў пражыў там Ёаў і ўсе Ізраільцяне, пакуль ня вынішчылі ўсяго мужчынскага полу ў Ідумэі,—
I Ki Bela 11:17  тады гэты Адэр уцёк у Егіпет і зь ім некалькі Ідумэянаў, якія служылі пры бацьку ягоным; Адэр быў тады малым дзіцём.
I Ki Bela 11:18  Выправіўшыся з Мадыяма, яны прыйшлі ў Фаран і ўзялі з сабою людзей з Фарана і прыйшлі ў Егіпет да фараона — цара Егіпецкага. Адэр ўвайшоў да фараона, і ён даў яму дом, і назначыў яму ўтрыманьне, і даў яму зямлю.
I Ki Bela 11:19  Адэр здабыў у фараона вялікую міласьць, так што ён даў яму за жонку сястру сваёй жонкі, сястру царыцы Тахпэнэсы.
I Ki Bela 11:20  І нарадзіла яму сястра Тахпенэсы сына Генувата. Тахпэнэса выхоўвала яго ў доме фараонавым; і жыў Генуват у доме фараонавым разам з сынамі фараонавымі.
I Ki Bela 11:21  Калі Адэр дачуўся, што Давід спачыў з бацькамі сваімі і што ваеначальнік Ёаў памёр, дык сказаў фараону: адпусьці мяне, я пайду ў сваю зямлю.
I Ki Bela 11:22  І сказаў яму фараон: хіба ты маеш патрэбу ў чым-небудзь у мяне, што хочаш ісьці ў сваю зямлю? Ён адказваў: не, але адпусьці мяне.
I Ki Bela 11:23  І падняў Бог супроць Саламона яшчэ праціўніка — Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад гаспадара свайго Адраазара, цара Суўскага,
I Ki Bela 11:24  і, сабраўшы вакол сябе людзей, зрабіўся начальнікам шайкі, пасьля таго, як Давід разьбіў Адраазара; і пайшлі яны ў Дамаск, і ўсяліліся там, і валадарылі ў Дамаску.
I Ki Bela 11:25  І быў ён праціўнікам Ізраіля ва ўсе дні Саламона. Акрамя ліха, учыненага Адэрам, ён заўсёды шкодзіў Ізраілю і зрабіўся царом Сірыі.
I Ki Bela 11:26  І Ераваам, сын Наватаў, Яфрэмлянін з Царэды, — імя маці ягонай удавы — Цэруа,— раб Саламонаў, падняў руку на цара.
I Ki Bela 11:27  І вось прычына, чаму ён падняў руку на цара: Саламон будаваў Міло, рамантаваў пашкоджаньні ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
I Ki Bela 11:28  Ераваам быў чалавек мужны. Саламон, заўважыўшы, што гэты малады чалавек умее рабіць справу, паставіў яго наглядчыкам над аброчнымі з дома Язэпавага.
I Ki Bela 11:29  У той час здарылася Еравааму выйсьці зь Ерусаліма; і сустрэў яго на дарозе прарок Ахія Сіламлянін, і на ім была новая вопратка. У полі іх было толькі двое.
I Ki Bela 11:30  І ўзяў Ахія новую вопратку, якая была на ім, разадраў яе на дванаццаць частак,
I Ki Bela 11:31  і сказаў Еравааму: вазьмі сабе дзесяць частак, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: вось, Я адбіраю царства з рукі Саламонавай і даю табе дзесяць каленаў,
I Ki Bela 11:32  а адно калена застанецца за ім дзеля раба Майго Давіда і дзеля горада Ерусаліма, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых.
I Ki Bela 11:33  Гэта за тое, што яны пакінулі Мяне і пачалі пакланяцца Астарце, божышчу Сідонскаму, і Хамосу, богу Маавіцкаму, і Мілхому, богу Аманіцкаму, і не пайшлі шляхамі Маімі, каб рабіць добрае прад вачамі Маімі і захоўваць пастановы Мае, падобна Давіду, бацьку ягонаму.
I Ki Bela 11:34  Я не бяру ўсяго царства з рукі яго, але Я пакідаю яго ўладаром на ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, раба Майго, якога Я выбраў, які трымаўся наказаў Маіх і пастановаў Маіх;
I Ki Bela 11:35  а вазьму царства з рукі сына ягонага і дам табе зь яго дзесяць каленаў;
I Ki Bela 11:36  а сыну ягонаму дам адно калена, каб заставалася сьвяцільня Давіда, раба Майго, ва ўсе дні перад абліччам Маім, у горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе дзеля імя Майго.
I Ki Bela 11:37  Цябе Я выбіраю, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго запрагне душа твая, і будзеш царом над Ізраілем;
I Ki Bela 11:38  і калі будзеш захоўваць усё, што Я наказваю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі і рабіць спадобнае перад вачыма Маімі, захоўваючы пастановы Мае і запаведзі Мае, як рабіў раб Мой Давід, дык Я буду з табою і зладжу табе дом моцны, як Я зладзіў Давіду, і аддам табе Ізраіля;
I Ki Bela 11:39  і ўпакору Я род Давідаў за гэта, але не на ўсе дні.
I Ki Bela 11:40  А Саламон хацеў сьмерці Ераваама; але Ераваам устаў і ўцёк у Егіпет да Сусакіма, цара Егіпецкага, і жыў у Егіпце да сьмерці Саламонавай.
I Ki Bela 11:41  Астатнія падзеі Саламонавыя і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная апісаны ў кнізе дзеяў Саламонавых.
I Ki Bela 11:42  Часу цараваньня Саламонавага ў Ерусаліме над усім Ізраілем было сорак гадоў.
I Ki Bela 11:43  І спачыў Саламон з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давіда, бацькі свайго, і зацараваў замест яго сын ягоны Раваам.
Chapter 12
I Ki Bela 12:1  І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем прыйшлі ўсе Ізраільцяне, каб узьвесьці яго ў цара.
I Ki Bela 12:2  І дачуўся пра тое Ераваам, сын Наватаў, калі быў яшчэ ў Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, і вярнуўся Ераваам зь Егіпта;
I Ki Bela 12:3  і паслалі па яго і паклікалі яго. Тады Ераваам і ўвесь збор Ізраільцянаў прыйшлі і казалі Равааму і сказалі:
I Ki Bela 12:4  бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і тады мы будзем служыць табе.
I Ki Bela 12:5  І сказаў ён ім: ідзеце і праз тры дні зноў прыйдзеце да мяне. І пайшоў народ.
I Ki Bela 12:6  Цар Раваам раіўся са старцамі, якія стаялі перад Саламонам, бацькам ягоным, пры жыцьці яго, і казаў: як параіце вы мне адказваць гэтаму народу?
I Ki Bela 12:7  Яны казалі яму і сказалі: калі ты на гэты дзень будзеш слугою народу гэтаму і саслужыш яму, і дагодзіш ім, і будзеш гаварыць зь ім ласкава, дык яны будуць тваімі рабамі на ўсе дні.
I Ki Bela 12:8  Але ён пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму, і раіўся з маладымі людзьмі, якія вырасьлі разам зь ім і якія стаялі перад ім,
I Ki Bela 12:9  і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які гаварыў мне і сказаў: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
I Ki Bela 12:10  І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: так скажы народу гэтаму, які гаварыў табе і сказаў: "бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нас"; так скажы ім: мой мезенец таўсьцейшы за сцёгны бацькі майго;
I Ki Bela 12:11  дык вось, калі бацька мой абцяжарваў вас цяжкім ярмом, дык я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.
I Ki Bela 12:12  Ераваам і ўвесь народ прыйшлі да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне на трэці дзень.
I Ki Bela 12:13  І адказаў цар народу сурова і пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму;
I Ki Bela 12:14  і гаварыў ён паводле парады маладых людзей і сказаў: бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.
I Ki Bela 12:15  І не паслухаўся цар народу, бо так наканавана было Госпадам, каб спраўдзілася слова Ягонае, якое прамовіў Гасподзь праз Ахію Сіламяніна Еравааму, сыну Наватаваму.
I Ki Bela 12:16  І ўбачылі Ізраільцяне, што цар не паслухаўся іх. І адказаў народ цару і сказаў: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіле! цяпер ведай свой дом, Давідзе! І разышоўся Ізраіль па намётах сваіх.
I Ki Bela 12:17  Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, валадарыў Раваам.
I Ki Bela 12:18  І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над падаткамі; але ўсе Ізраільцяне закідалі яго камянямі, і ён памёр; а цар Раваам пасьпешна ўзышоў на калясьніцу, каб зьбегчы ў Ерусалім.
I Ki Bela 12:19  І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня.
I Ki Bela 12:20  Калі пачулі ўсе Ізраільцяне, што Ераваам вярнуўся, дык паслалі і паклікалі яго на збор і паставілі царом яго над усімі Ізраільцянамі. За домам Давідавым не засталося нікога, апрача калена Юдавага і Веньямінавага .
I Ki Bela 12:21  Раваам, прыбыўшы ў Ерусалім, сабраў з усяго дома Юдавага і з калена Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць з домам Ізраілевым дзеля таго, каб вярнуць царства Равааму, сыну Саламонаваму.
I Ki Bela 12:22  І было слова Божае Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:
I Ki Bela 12:23  скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму дому Юдаваму і Веньямінаваму і астатняму народу:
I Ki Bela 12:24  так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі; вярнецеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне гэта было. І паслухаліся яны слова Гасподняга і пайшлі назад па слове Гасподнім.
I Ki Bela 12:25  І забудаваў Ераваам Сіхем на гары Яфрэмавай і пасяліўся ў ім; адтуль пайшоў і пабудаваў Пенуіл.
I Ki Bela 12:26  І казаў Ераваам у сэрцы сваім: царства можа зноў перайсьці да дома Давідавага;
I Ki Bela 12:27  калі народ гэты будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвяраваньня ў доме Гасподнім, дык сэрца народу гэтага павернецца да гаспадара свайго, да Раваама, цара Юдэйскага, і заб'юць яны мяне і вернуцца да Раваама, цара Юдэйскага.
I Ki Bela 12:28  І параіўшыся цар зрабіў двух залатых цялят і сказаў: ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; вось багі твае, Ізраіль, якія вывелі цябе зь зямлі Егіпецкай.
I Ki Bela 12:29  І паставіў аднаго ў Вэтылі, а другога ў Дане.
I Ki Bela 12:30  І павяло гэта да грэху, бо народ пачаў хадзіць да аднаго зь іх , нават у Дан.
I Ki Bela 12:31  І пабудаваў ён капішча на вышыні і паставіў з народу сьвятароў, якія ня былі з сыноў Лявііных.
I Ki Bela 12:32  І ўстанавіў Ераваам сьвята ў восьмы месяц, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае на тое сьвята, якое было ў Юдэі, і прыносіў ахвяры на ахвярніку; тое самае ён зрабіў у Вэтылі, каб прыносіць ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І паставіў у Вэтылі сьвятароў вышыняў, якія зладзіў,
I Ki Bela 12:33  і прынёс ахвяры на ахвярніку, які ён зрабіў у Вэтылі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, месяца, які ён адвольна назначыў; і ўстанавіў сьвята сынам Ізраілевым, і падышоў да ахвярніка, каб учыніць дымленьне.
Chapter 13
I Ki Bela 13:1  І вось, чалавек Божы прыйшоў зь Юдэі па слове Гасподнім у Вэтыль, у той час, як Ераваам стаяў каля ахвярніка, каб учыніць дымленьне.
I Ki Bela 13:2  І прамовіў да ахвярніка слова Гасподняе і сказаў: ахвярнік, ахвярнік! так кажа Гасподзь: вось, народзіцца сын дому Давідаваму, імя яму Ёсія, і прынясе на табе ў ахвяру сьвятароў вышыняў, якія ўчыняюць на табе дымленьне, і чалавечыя косьці спаліць на табе.
I Ki Bela 13:3  І даў у той дзень азнаку, сказаўшы: вось азнака таго, што гэта прамовіў Гасподзь: вось, гэты ахвярнік разваліцца, і попел, які на ім, рассыпецца.
I Ki Bela 13:4  Калі цар пачуў слова чалавека Божага, прамоўленае да ахвярніка ў Вэтылі, дык працягнуў Ераваам руку сваю ад ахвярніка, кажучы: вазьмеце яго. І зьдзеравянела рука ягоная, якую ён працягнуў на яго, і ня мог ён вярнуць яе да сябе.
I Ki Bela 13:5  І ахвярнік разваліўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся, па азнацы, якую даў чалавек Божы словам Гасподнім.
I Ki Bela 13:6  І сказаў цар Ераваам чалавеку Божаму: умілажаль аблічча Госпада Бога твайго і памаліся за мяне, каб рука мая магла вярнуцца да мяне. І ўмілажаліў чалавек Божы аблічча Госпада, царовая рука вярнулася да яго і зрабілася як раней.
I Ki Bela 13:7  І сказаў цар чалавеку Божаму: зайдзі са мною ў дом і падмацуй сябе ежаю, і я дам табе дарунак.
I Ki Bela 13:8  Але чалавек Божы сказаў цару: хоць бы ты даваў мне паўдома твайго, я не пайду з табою і ня буду есьці хдеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,
I Ki Bela 13:9  бо так наказана мне словам Гасподнім: ня еж там хлеба і ня пі вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.
I Ki Bela 13:10  І пайшоў ён другою дарогаю і не пайшоў назад тою дарогаю, якою прыйшоў у Вэтыль.
I Ki Bela 13:11  У Вэтылі жыў адзін прарок-старац. Сын яго прыйшоў і расказаў яму ўсё, што зрабіў сёньня чалавек Божы ў Вэтылі; і словы, якія ён казаў цару, пераказалі сыны бацьку свайму.
I Ki Bela 13:12  І спытаўся ў іх бацька іхні: якою дарогаю ён пайшоў? І паказалі сыны ягоныя, якою дарогаю пайшоў чалавек Божы, што прыходзіў зь Юдэі.
I Ki Bela 13:13  І сказаў ён сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яму асла, і ён сеў на яго.
I Ki Bela 13:14  І паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, як той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: ці ты чалавек Божы, які прыйшоў зь Юдэі. І сказаў той: я.
I Ki Bela 13:15  І сказаў яму: зайдзі да мяне ў дом і паеж хлеба.
I Ki Bela 13:16  Той сказаў: я не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе; ня буду есьці хлеба і ня буду піць у цябе вады ў гэтым месцы,
I Ki Bela 13:17  бо словам Гасподнім сказана мне: ня еж хлеба і ня пі там вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.
I Ki Bela 13:18  І сказаў ён яму: і я прарок такі самы, як ты, і анёл казаў мне словам Гасподнім і сказаў: вярні яго да сябе ў дом; хай паесьць ён хлеба і нап'ецца вады.— Ён зманіў яму.
I Ki Bela 13:19  І той вярнуўся зь ім, і паеў хлеба ў ягоным доме, і напіўся вады.
I Ki Bela 13:20  Калі яны яшчэ сядзелі за сталом, слова Гасподняе было прароку, які вярнуў яго.
I Ki Bela 13:21  І прамовіў ён чалавеку Божаму, які прыйшоў зь Юдэі, і сказаў: так кажа Гасподзь: за тое, што ты не падпарадкаваўся вуснам Госпада і ня выканаў загаду, які наказаў табе Гасподзь Бог твой,
I Ki Bela 13:22  але вярнуўся, еў хлеб і піў ваду ў тым месцы, пра якое Ён сказаў табе: "ня еж хлеба і ня пі вады", цела тваё ня ўвойдзе ў магільніцу бацькоў тваіх.
I Ki Bela 13:23  Пасьля таго, як той паеў хлеба і напіўся, ён асядлаў асла прароку, якога ён вярнуў.
I Ki Bela 13:24  І выправіўся той. І сустрэў яго на дарозе леў і забіў яго. І ляжала цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл стаяў каля яго, і леў стаяў каля цела.
I Ki Bela 13:25  І вось, людзі, якія праходзілі міма, убачылі цела, пакінутае на дарозе, і льва, які стаяў каля цела, і пайшлі і расказалі ў горадзе, у якім жыў прарок-старац.
I Ki Bela 13:26  Прарок, які вярнуў яго з дарогі, пачуўшы гэта , сказаў: гэта той чалавек Божы, які не падпарадкаваўся пастановам Госпада; Гасподзь аддаў яго льву, які паламаў яго і забіў яго, па слове Госпада, якое Ён мовіў яму.
I Ki Bela 13:27  І сказаў сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яны.
I Ki Bela 13:28  Ён выправіўся і знайшоў цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл і леў стаялі каля цела; леў ня зьеў цела і не задраў асла.
I Ki Bela 13:29  І падняў прарок цела чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і павёз яго назад. І пайшоў прарок-старац у горад свой, каб аплакаць і пахаваць яго.
I Ki Bela 13:30  І паклаў цела ягонае ў сваёй магільніцы і плакаў па ім: жаль мне, браце мой!
I Ki Bela 13:31  Пасьля пахаваньня яго ён сказаў сынам сваім: калі я памру, пахавайце мяне ў магільніцы, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касьцей ягоных пакладзеце косьці мае;
I Ki Bela 13:32  бо спраўдзіцца слова, якое ён па загадзе Гасподнім сказаў пра ахвярнік у Вэтылі і пра ўсе капішчы на вышынях, у гарадах Самарыйскіх.
I Ki Bela 13:33  І пасьля гэтай падзеі Ераваам ня сышоў са сваёй благой дарогі, а і далей ставіў з народу сьвятароў вышыняў: хто хацеў, таго ён прысьвячаў, і той рабіўся сьвятаром вышыняў.
I Ki Bela 13:34  Гэта вяло дом Ераваамаў да грэху і да пагібелі і да вынішчэньня яго з улоньня зямлі.
Chapter 14
I Ki Bela 14:1  Тым часам захварэў Авія, сын Ераваамаў.
I Ki Bela 14:2  І сказаў Ераваам жонцы сваёй: устань і пераапраніся, каб не пазналі, што ты жонка Ераваамава, і пайдзі ў Сілом. Там ёсьць прарок Ахія; ён прадказаў мне, што я буду царом гэтага народу,
I Ki Bela 14:3  і вазьмі з сабою дзесяць хлябоў і праснакоў і збанок мёду і йдзі да яго; ён скажа табе, што будзе з хлопчыкам.
I Ki Bela 14:4  Ераваамава жонка так і зрабіла: устала, пайшла ў Сілом і прыйшла ў дом Ахіі. Ахія ўжо ня мог бачыць, бо вочы яго зрабіліся нерухомыя ад старасьці.
I Ki Bela 14:5  І сказаў Гасподзь Ахію: вось, ідзе жонка Ераваамава папытацца ў цябе пра сына свайго, бо ён хворы; так і так кажы ёй; яна прыйдзе пераапранутая.
I Ki Bela 14:6  Ахія, пачуўшы шолах ад ног яе, калі яна ўвайшла ў дзьверы, сказаў: ўвайдзі, жонка Ераваамава; навошта табе было пераапранацца? Я грозны пасланец да цябе.
I Ki Bela 14:7  Ідзі, скажы Еравааму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я ўзвысіў цябе з асяродзьдзя простага люду і паставіў правадыром народу Майго Ізраіля,
I Ki Bela 14:8  і адабраў царства ў дома Давідавага і даў яго табе; а ты не такі, як раб Мой Давід, які захоўваў наказы Мае і які пайшоў сьледам за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі заўгоднае перад вачыма Маімі;
I Ki Bela 14:9  ты рабіў горш за ўсіх, якія былі да цябе, і пайшоў і зрабіў сабе іншых багоў і балванаў, каб раздражніць Мяне, а Мяне адкінуў;
I Ki Bela 14:10  за гэта Я навяду бедствы на дом Ераваамаў і вынішчу ў Ераваама да таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі, і вымяту дом Ераваамаў, як вымятаюць сьмецьце, дачыста;
I Ki Bela 14:11  хто памрэ ў Ераваама ў горадзе, таго з'ядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя: так Гасподзь сказаў.
I Ki Bela 14:12  Устань і йдзі ў дом твой; і як толькі нага твая ступіць за горад, памрэ дзіця;
I Ki Bela 14:13  і аплачуць яго ўсе Ізраільцяне і пахаваюць яго, бо яно адно ў Ераваама ўвойдзе ў магільніцу, бо ў ім, з дома Ераваамавага, знайшлося нешта добрае перад Госпадам Богам Ізраілевым.
I Ki Bela 14:14  І паставіць Сабе Гасподзь над Ізраілем цара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень; і што? нават цяпер.
I Ki Bela 14:15  І паб'е Гасподзь Ізраіля, і будзе ён, як трысьнёг, хістаны ў вадзе, і выкіне Ізраільцянаў з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іхнім, і расьсее іх за раку за тое, што яны зрабілі ў сябе балванаў, раздражняючы Госпада;
I Ki Bela 14:16  і аддасьць Гасподзь Ізраіля за грахі Ераваамавыя, якія ён сам зрабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля.
I Ki Bela 14:17  І ўстала жонка Ераваамава і пайшла і прыйшла ў Тырцу; і як толькі пераступіла парог дома, дзіця памерла.
I Ki Bela 14:18  І пахавалі яго, і аплакалі яго ўсе Ізраільцяне па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію прарока.
I Ki Bela 14:19  Астатнія дзеі Ераваамавыя, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 14:20  Часу валадараньня Ераваама было дваццаць два гады; і спачыў ён з бацькамі сваімі, і зацараваў Нават, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 14:21  Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў Гасподзь з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка.
I Ki Bela 14:22  І рабіў Юда благое перад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі.
I Ki Bela 14:23  І зладзілі яны ў сябе вышыні і статуі і капішчы на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам.
I Ki Bela 14:24  І блудадзеі былі таксама ў гэтай зямлі і рабілі ўсе мярзоты тых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.
I Ki Bela 14:25  На пятым годзе валадараньня Раваамавага, Сусакім, цар Егіпецкі, выйшаў супроць Ерусаліма
I Ki Bela 14:26  і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага,— усё ўзяў; узяў і ўсе залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.
I Ki Bela 14:27  І зрабіў цар Раваам замест іх медныя шчыты і аддаў іх у рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход у дом цара.
I Ki Bela 14:28  Калі цар выходзіў у дом Гасподні, целаахоўцы несьлі іх, і потым зноў зносілі іх у палату целаахоўцаў.
I Ki Bela 14:29  Астатняе пра Раваама і пра ўсё, што ён рабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
I Ki Bela 14:30  Паміж Раваамам і Ераваамам была вайна ва ўсе дні жыцьця іхняга .
I Ki Bela 14:31  І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
Chapter 15
I Ki Bela 15:1  У васямнаццаты год цараваньня Ераваама, сына Наватавага, Авія зацараваў над Юдэямі.
I Ki Bela 15:2  Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мааха, дачка Авэсаломава.
I Ki Bela 15:3  Ён хадзіў ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія той рабіў да яго, і сэрца ягонае ня было аддадзена Госпаду Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
I Ki Bela 15:4  Але дзеля Давіда Гасподзь Бог ягоны даў яму сьвяцільню ў Ерусаліме, паставіўшы пасьля яго сына ягонага і ўмацаваўшы Ерусалім,
I Ki Bela 15:5  бо Давід рабіў спадобнае перад вачыма Госпада і не адступаўся ад усяго таго, што Ён наказаў яму, ва ўсе дні жыцьця свайго, акрамя ўчынка з Урыем Хэтэянінам.
I Ki Bela 15:6  І вайна была паміж Раваамам і Ераваамам ва ўсе дні жыцьця іхняга.
I Ki Bela 15:7  Астатнія дзеі Авіі, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. І была вайна паміж Авіем і Ераваамам.
I Ki Bela 15:8  І спачыў Авія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Аса, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 15:9  У дванаццаты год валадараньня Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Аса над Юдэямі
I Ki Bela 15:10  і сорак адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ана, дачка Авэсалома.
I Ki Bela 15:11  Аса рабіў заўгоднае перад вачыма Госпада, як Давід, бацька ягоны.
I Ki Bela 15:12  Ён прагнаў блудадзеяў зь зямлі і адкінуў усе ідалы, якіх зрабілі бацькі ягоныя,
I Ki Bela 15:13  і нават маці сваю Ану пазбавіў званьня царыцы за тое, што яна зрабіла балвана Астарты; і парубаў Аса балвана яе і спаліў каля патока Кедрона.
I Ki Bela 15:14  А вышыні ня былі зьнішчаны. Але сэрца Асы было адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.
I Ki Bela 15:15  І ўнёс ён у дом Гасподні рэчы, прысьвечаныя бацькам ягоным, і рэчы, прысьвечаныя ім: срэбра, і золата, і посуд.
I Ki Bela 15:16  І вайна была паміж Асам і Ваасам, царом Ізраільскім, ва ўсе дні жыцьця іхняга.
I Ki Bela 15:17  І выйшаў Вааса, цар Ізраільскі, супроць Юдэі і пачаў будаваць Раму, каб ніхто ня выходзіў і ня сыходзіў да Асы, цара Юдэйскага.
I Ki Bela 15:18  І ўзяў Аса ўсё срэбра, золата, што засталося ў скарбніцах дома Гасподняга і ў скарбніцах дома царскага, і даў яго ў рукі слугам сваім, і паслаў іх цар Аса да Вэнадада, сына Таўрымона, сына Хэзіёнавага, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, і сказаў:
I Ki Bela 15:19  спрымірэньне хай будзе паміж мною і табою, як было паміж бацькам маім і бацькам тваім; вось, я пасылаю табе ў дарунак срэбра і золата; парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім, каб ён адышоў ад мяне.
I Ki Bela 15:20  І паслухаўся Вэнадад цара Асы, і паслаў ваеначальнікаў сваіх супроць гарадоў Ізраільскіх, і пабіў Аін і Дан і Авэл-Бэт-Мааху і ўвесь Кінэрот, па ўсёй зямлі Нэфталімавай.
I Ki Bela 15:21  Дачуўшыся пра гэта, Вааса перастаў будаваць Раму і вярнуўся ў Тырцу.
I Ki Bela 15:22  А цар Аса склікаў усіх Юдэяў, нікога ня выключаючы, і вынесьлі яны з Рамы камяні і драўніну, якія Вааса ўжываў на будаўніцтва. І пабудаваў зь іх цар Аса Гіву Веньямінавую і Міцпу.
I Ki Bela 15:23  Усе астатнія дзеі Асы і ўсе подзьвігі ягоныя, і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія ён пабудаваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх, апрача таго, што ў старасьці сваёй ён быў хворы на ногі.
I Ki Bela 15:24  І спачыў Аса з бацькамі сваім і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 15:25  А Нават, сын Ераваамаў, зацараваў над Ізраілем у другі год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў над Ізраілем два гады.
I Ki Bela 15:26  І рабіў ён благое перад вачыма Госпада, хадзіў шляхам бацькі свайго і ў грахах ягоных, якімі той увёў Ізраіль у грэх.
I Ki Bela 15:27  І зрабіў супроць яго змову Вааса, сын Ахіі, з дома Ісахаравага, і забіў яго Вааса пры Гаватоне Філістымскім, калі Нават і ўсе Ізраільцяне аблажылі Гаватон;
I Ki Bela 15:28  і аддаў сьмерці яго Вааса ў трэці год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.
I Ki Bela 15:29  Калі ён зацараваў, дык пабіў увесь дом Ераваамаў, не пакінуўшы ні душы ў Ераваама, пакуль ня вынішчыў яго, па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію Сіламляніна,
I Ki Bela 15:30  за грахі Ераваама, якія ён сам рабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля, за зьнявагі, якімі ён угневаў Госпада Бога Ізраілевага.
I Ki Bela 15:31  Астатнія дзеі Навата, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 15:32  І вайна была паміж Асам і Ваасам, царом Ізраільскім, ва ўсе дні іхнія.
I Ki Bela 15:33  У трэці год Асы, цара Юдэйскга, зацараваў Вааса, сын Ахіі, над усімі Ізраільцянамі ў Тырцы і валадарыў дваццаць чатыры гады.
I Ki Bela 15:34  І рабіў благое перад вачыма Гасподнімі і хадзіў шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля.
Chapter 16
I Ki Bela 16:1  І было слова Гасподняе Іую, сыну Ананьеваму, пра Ваасу:
I Ki Bela 16:2  за тое, што Я падняў цябе з пылу і зрабіў цябе правадыром народу Майго Ізраіля, а ты пайшоў шляхам Ераваама і ўвёў у грэх народ Мой Ізраільцянаў, каб ён гневаў Мяне грахамі сваімі,
I Ki Bela 16:3  вось, Я адкіну дом Ваасы і дом нашчадкаў ягоных і зраблю з домам тваім тое самае, што з домам Ераваама, сына Наватавага;
I Ki Bela 16:4  хто памрэ ў Ваасы ў горадзе, таго зьядуць сабакі; а хто памрэ ў яго на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя.
I Ki Bela 16:5  Астатнія дзеі Ваасы, усё, што ён зрабіў, і подзьвігі яго апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 16:6  І спачыў Вааса з бацькамі сваімі і пахаваны ў Тырцы. І зацараваў Іла, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 16:7  Але празь Іуя, сына Ананьевага, ужо было слова Гасподняе пра Ваасу і пра дом ягоны і пра ўсё ліха, якое ён чыніў перад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх, пераймаючы дом Ераваамаў, за што ён вынішчаны быў.
I Ki Bela 16:8  У дваццаць шосты год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Іла, сын Ваасаў, над Ізраілем у Тырцы і валадарыў два гады.
I Ki Bela 16:9  І склаў змову супроць яго раб ягоны Замврый, які начальнічаў над палавінай калясьніц. Калі ён у Тырцы напіўся дап'яна ў доме Арсы, які начальнічаў над палацам у Тырцы,
I Ki Bela 16:10  тады ўвайшоў Замврый, пабіў яго і забіў, у дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.
I Ki Bela 16:11  Калі ён зацараваў і сеў на троне ягоным, дык вынішчыў увесь дом Ваасы, не пакінуўшы яму ні таго, хто мочыцца да сьцяны, ні сваякоў ягоных, ні сяброў ягоных.
I Ki Bela 16:12  І зьнішчыў Замврый увесь дом Ваасаў, па слове Госпада, якое Ён мовіў пра Ваасу празь Іуя прарока,
I Ki Bela 16:13  за ўсе грахі Ваасы і за грахі Ілы, сына ягонага, якія яны самі рабілі і якімі ўводзілі Ізраіля ў грэх, раздражняючы Госпада Бога Ізраілевага сваімі ідаламі.
I Ki Bela 16:14  Астатнія дзеі Ілы, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 16:15  У дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Замврый і валадарыў сем дзён у Тырцы, калі народ аблажыў Гаватон Філістымскі.
I Ki Bela 16:16  Калі народ-абложнік дачуўся, што Замврый склаў змову і забіў цара, дык усе Ізраільцяне паставілі царом Амврыя, ваеначальніка над Ізраілем, у той самы дзень у табары.
I Ki Bela 16:17  І адступілі Амврый і ўсе Ізраільцяне зь ім ад Гаватона і аблажылі Тырцу.
I Ki Bela 16:18  Калі ўбачыў Замврый, што горад узяты, увайшоў ва ўнутраны пакой царскага дома і запаліў за сабою царскі дом агнём і загінуў
I Ki Bela 16:19  за свае грахі, у чым ён зграшыў, робячы благое перад вачыма Гасподнімі, ходзячы шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якія той учыніў, каб увесьці Ізраіля ў грэх.
I Ki Bela 16:20  Астатнія дзеі Замврыя і змова ягоная, якую ён склаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 16:21  Тады падзяліўся народ Ізраільскі напалам: палавіна народу стаяла за Тамнія, сына Ганатавага, каб паставіць яго царом, а палавіна за Амврыя.
I Ki Bela 16:22  І ўзяў верх народ, які за Амврыя, над народам, які за Тамнія, сына Ганатавага, і памёр Тамній, і зацараваў Амврый.
I Ki Bela 16:23  У трыццаць першы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Амврый над Ізраілем і валадарыў дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.
I Ki Bela 16:24  І купіў Амврый гару Семярон у Сяміра за два таланты срэбра, і забудаваў гару, і назваў пабудаваны ім горад Самарыяй, па імю Сяміра, уладальніка гары.
I Ki Bela 16:25  І рабіў Амврый благое перад вачыма Госпада і ўчыняў горш за ўсіх, што былі да яго.
I Ki Bela 16:26  Ён ва ўсім хадзіў шляхам Ераваама, сына Наватавага, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраільцянаў, каб гнявіць Госпада Бога Ізраілевага ідаламі сваімі.
I Ki Bela 16:27  Астатнія дзеі Амврыя, якія ён учыніў, і мужнасьць, якую ён паказаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 16:28  І спачыў Амврый з бацькамі сваімі і пахаваны ў Самарыі. І зацараваў Ахаў, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 16:29  Ахаў, сын Амврыеў, зацараваў над Ізраілем у трыццаць восьмы год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў Ахаў, сын Амврыя, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.
I Ki Bela 16:30  І рабіў Ахаў, сын Амврыеў, незаўгоднае перад вачыма Госпада больш за ўсіх, што былі да яго.
I Ki Bela 16:31  Мала было яму ўпадаць у грахі Ераваама, сына Наватавага; ён узяў сабе за жонку Езавэль, дачку Этваала, цара Сідонскага, і пачаў служыць Ваалу і пакланяцца яму;
I Ki Bela 16:32  і паставіў ён Ваалу ахвярнік у капішчы Ваала, які пабудаваў у Самарыі.
I Ki Bela 16:33  І зрабіў Ахаў дуброву, і больш за ўсіх цароў Ізраільскіх, якія былі да яго, Ахаў рабіў тое, што раздражняе Госпада Бога Ізраілевага.
I Ki Bela 16:34  У яго дні Ахііл Вэфілянін пабудаваў Ерыхон: на першынцы сваім Авіраме ён паклаў аснову яго і на малодшым сваім сыне Сэгубе паставіў браму яго, па слове Госпада, якое Ён сказаў празь Ісуса, сына Нава.
Chapter 17
I Ki Bela 17:1  І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, перад Якім я стаю! у гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове.
I Ki Bela 17:2  І было яму слова Гасподняе:
I Ki Bela 17:3  ідзі адгэтуль і абярніся на ўсход і схавайся каля патока Харата, што насупраць Ярдана;
I Ki Bela 17:4  з гэтага патока ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.
I Ki Bela 17:5  І пайшоў ён і зрабіў паводле слова Гасподняга; пайшоў і застаўся каля патока Харата, што насупраць Ярдана.
I Ki Bela 17:6  І крумкачы прыносілі яму хлеб і ваду раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патока ён піў.
I Ki Bela 17:7  Як прайшоў нейкі час, гэты паток высах, бо ня было дажджу на зямлю.
I Ki Bela 17:8  І было яму слова Гасподняе:
I Ki Bela 17:9  устань і йдзі ў Сарэпту Сідонскую і заставайся там; Я загадаў там жанчыне ўдаве карміць цябе.
I Ki Bela 17:10  І ўстаў ён і пайшоў у Сарэпту. І калі прыйшоў да брамы горада, вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І паклікаў ён яе і сказаў: дай мне крыху вады ў посудзе напіцца.
I Ki Bela 17:11  І пайшла яна, каб узяць; а ён закрычаў усьлед ёй і сказаў: вазьмі дзеля мяне і кавалак хлеба ў рукі свае.
I Ki Bela 17:12  Яна сказала: жывы Гасподзь Бог твой! у мяне нічога няма печанага, а толькі ёсьць прыгаршчы мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку; і вось, я зьбяру палена-другое дроў, і пайду, і прыгатую гэта сабе і сыну майму; зьямо гэта і памром.
I Ki Bela 17:13  І сказаў ёй Ільля: ня бойся, ідзі, зрабі, што сказала; але раней з гэтага зрабі невялікі праснак мне і прынясі мне; а сабе і сыну свайму зробіш пасьля;
I Ki Bela 17:14  бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: мука ў кадушцы ня кончыцца, і алей у збанку ня ўбудзе да таго дня, калі Гасподзь дасьць дождж на зямлю.
I Ki Bela 17:15  І пайшла яна і зрабіла так, як сказаў Ільля; і кармілася яна, і ён, і дом яе некаторы час.
I Ki Bela 17:16  Мука ў кадушцы ня кончылася, і алею ў збанку ня ўбывала, паводле слова Госпада, якое Ён сказаў празь Ільлю.
I Ki Bela 17:17  Пасьля гэтага захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што не засталося ў ім дыханьня.
I Ki Bela 17:18  І сказала яна Ільлю: што мне і табе, чалавеча Божы? ты прыйшоў да мяне нагадаць грахі мае і ўсьмерціць сына майго.
I Ki Bela 17:19  І сказаў ён ёй: дай мне сына твайго. І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў сьвяцёлку, дзе ён жыў, і паклаў яго на сваю пасьцель;
I Ki Bela 17:20  і зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?
I Ki Bela 17:21  І схіліўшыся над хлопцам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопчыка гэтага ў яго !
I Ki Bela 17:22  І пачуў Гасподзь голас Ільлі, і вярнулася душа хлопца гэтага ў яго, і ён ажыў.
I Ki Bela 17:23  І ўзяў Ільля хлопца, і адвёў яго з сьвяцёлкі ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: глядзі, сын твой жывы.
I Ki Bela 17:24  І сказала тая жанчына Ільлю: вось цяпер я ўведала, што ты чалавек Божы і што слова Гасподняе ў вуснах тваіх праўдзівае.
Chapter 18
I Ki Bela 18:1  Як прайшло шмат дзён, было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.
I Ki Bela 18:2  І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.
I Ki Bela 18:3  І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,
I Ki Bela 18:4  і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.
I Ki Bela 18:5  І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.
I Ki Bela 18:6  І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.
I Ki Bela 18:7  Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?
I Ki Bela 18:8  Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
I Ki Bela 18:9  Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?
I Ki Bela 18:10  Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б не пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі,што цябе няма, ён браў клятву з таго царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;
I Ki Bela 18:11  а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
I Ki Bela 18:12  Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб'е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.
I Ki Bela 18:13  Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?
I Ki Bela 18:14  А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб'е мяне.
I Ki Bela 18:15  І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, перад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.
I Ki Bela 18:16  І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.
I Ki Bela 18:17  Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?
I Ki Bela 18:18  І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;
I Ki Bela 18:19  цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.
I Ki Bela 18:20  І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.
I Ki Bela 18:21  І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.
I Ki Bela 18:22  І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;
I Ki Bela 18:23  хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;
I Ki Bela 18:24  і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.
I Ki Bela 18:25  І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.
I Ki Bela 18:26  І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.
I Ki Bela 18:27  Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!
I Ki Bela 18:28  І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.
I Ki Bela 18:29  Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.
I Ki Bela 18:30  Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.
I Ki Bela 18:31  І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.
I Ki Bela 18:32  І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,
I Ki Bela 18:33  і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,
I Ki Bela 18:34  і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,
I Ki Bela 18:35  і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.
I Ki Bela 18:36  У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісаакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.
I Ki Bela 18:37  Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе д а Цябе.
I Ki Bela 18:38  І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.
I Ki Bela 18:39  Убачыўшы гэта , увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!
I Ki Bela 18:40  І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.
I Ki Bela 18:41  І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.
I Ki Bela 18:42  І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,
I Ki Bela 18:43  і сказаў хлопцу свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: нічога няма. Ён сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.
I Ki Bela 18:44  На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.
I Ki Bela 18:45  Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.
I Ki Bela 18:46  І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.
Chapter 19
I Ki Bela 19:1  І пераказаў Ахаў Езавэлі ўсё, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мечам.
I Ki Bela 19:2  І паслала Езавэль пасланца да Ільлі сказаць: няхай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з тваёю душою таго, што зроблена з душою кожнага зь іх.
I Ki Bela 19:3  Убачыўшы гэта, ён устаў і пайшоў, каб выратаваць жыцьцё сваё, і прыйшоў у Вірсавію, якая ў Юдэі, і пакінуў хлопца свайго там;
I Ki Bela 19:4  а сам адышоў у пустыню на дзень дарогі і прыйшоўшы сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў сьмерці сабе і сказаў: даволі ўжо, Госпадзе; вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх.
I Ki Bela 19:5  І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: устань, еж і пі .
I Ki Bela 19:6  І зірнуў Ільля, і вось, каля ўзгалоўя ягонага печаны праснак і збанок вады. Ён паеў і напіўся і зноў заснуў.
I Ki Bela 19:7  І вярнуўся анёл Гасподні другі раз, дакрануўся да яго і сказаў: устань, еж і пі , бо далёкая дарога перад табою.
I Ki Bela 19:8  І ўстаў ён, паеў і напіўся, і, падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва.
I Ki Bela 19:9  І ўвайшоў ён там у пячору і начаваў у ёй. І вось, было да яго слова Гасподняе, і сказаў яму Гасподзь: што ты тут, Ільля?
I Ki Bela 19:10  Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
I Ki Bela 19:11  І сказаў: выйдзі і стань на гары перад абліччам Гасподнім; і вось, Гасподзь пройдзе, і вялікі і моцны вецер, які разьдзірае горы і крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў ветры Гасподзь; пасьля ветру землятрус, але не ў землятрусе Гасподзь;
I Ki Bela 19:12  пасьля землятрусу агонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру, і там Гасподзь .
I Ki Bela 19:13  Пачуўшы гэта , Ільля засланіў твар свой аўчынай сваёю і выйшаў і стаў каля ўваходу ў пячору. І быў яму голас і сказаў яму: што ты тут, Ільля?
I Ki Bela 19:14  Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі ахвярнікі Твае і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
I Ki Bela 19:15  І сказаў яму Гасподзь: ідзі назад сваёю дарогаю праз пустыню ў Дамаск, і калі прыйдзеш, дык памаж Азаіла ў цара над Сірыяй,
I Ki Bela 19:16  а Іуя, сына Намэсіінага, памаж за цара над Ізраілем; а Елісея, сына Сафатавага, з Авэль-Мэхолы, памаж за прарока замест сябе;
I Ki Bela 19:17  хто ўцячэ ад меча Азаілавага, таго заб'е Іуй, а хто ўратуецца ад меча Іуевага, таго заб'е Елісей;
I Ki Bela 19:18  зрэшты Я пакінуў паміж Ізраільцянамі сем тысяч; калені іх усіх ня схіляліся перад Ваалам і вусны ўсіх гэтых не цалавалі яго.
I Ki Bela 19:19  І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатавага, калі ён араў; дванаццаць пар валоў было ў яго, і сам ён быў каля дванаццатай. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго аўчыну сваю.
I Ki Bela 19:20  І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою. Ён сказаў яму: ідзі і прыйдзі назад, бо што зрабіў я табе?
I Ki Bela 19:21  Ён, адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму.
Chapter 20
I Ki Bela 20:1  Вэнадад, цар Сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і зь ім былі трыццаць два цары, і коні і калясьніцы, і пайшоў, аблажыў Самарыю і ваяваў супроць яе.
I Ki Bela 20:2  І паслаў паслоў да Ахава, цара Ізраільскага, у горад
I Ki Bela 20:3  і сказаў яму: так кажа Вэнадад: срэбра тваё і золата тваё — мае, і жонкі твае і лепшыя сыны твае — мае.
I Ki Bela 20:4  І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: хай будзе паводле слова твайго, гаспадару мой цар: я і ўсё маё — тваё.
I Ki Bela 20:5  І зноў прыйшлі паслы і сказалі: так кажа Вэнадад: я паслаў да цябе сказаць: срэбра тваё і золата тваё, і жонак тваіх і сыноў тваіх аддай мне;
I Ki Bela 20:6  таму я заўтра, да гэтага часу, прышлю да цябе рабоў маіх, каб яны агледзелі твой дом і дамы тых, што служаць пры табе, і ўсё дарагое вачам тваім ўзялі ў свае рукі і панесьлі.
I Ki Bela 20:7  І склікаў цар Ізраільскі ўсіх старэйшынаў зямлі і сказаў: прыкмячайце і глядзеце, ён намышляе ліхое; калі ён прысылаў да мяне па жонак маіх, і сыноў маіх, і срэбра маё і золата маё, я яму не адмовіў.
I Ki Bela 20:8  І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: ня слухай і не згаджайся.
I Ki Bela 20:9  І сказаў ён паслам Вэнадада: скажэце гаспадару майму цару ўсё, па што ты прысылаў першы раз да раба твайго, я гатовы зрабіць, а гэтага не магу зрабіць. І пашлі паслы і занесьлі яму адказ.
I Ki Bela 20:10  І прыслаў да яго Вэнадад сказаць: хай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі пылу Самарыйскага хопіць па прыгаршчах усім людзям, якія ідуць за мною.
I Ki Bela 20:11  І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: скажэце: хай ня хваліцца той, хто апяразваецца, як той, хто расьпяразваецца.
I Ki Bela 20:12  Пачуўшы гэта слова, Вэнадад, які піў разам з царамі ў намётах, сказаў рабам сваім: аблажэце горад. І яны аблажылі горад.
I Ki Bela 20:13  І вось, адзін прарок падышоў да Ахава, цара Ізраільскага, і сказаў: так кажа Гасподзь: ці бачыш усё гэта вялікае полчышча? вось, Я сёньня перадам яго ў руку тваю, каб ты ведаў, што Я Гасподзь.
I Ki Bela 20:14  І сказаў Ахаў: праз каго? Ён сказаў: так кажа Гасподзь: праз слуг абласных начальнікаў. І сказаў Ахаў : хто пачне бітву? Ён сказаў: ты.
I Ki Bela 20:15  Ахаў палічыў слуг абласных начальнікаў, і знайшлося іх дзьвесьце трыццаць два; пасьля іх палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраілевых, сем тысяч.
I Ki Bela 20:16  І яны выступілі аполудні. А Вэнадад напіўся дап'яна ў намётах разам з царамі, з трыццацьцю двума царамі, якія дапамагалі яму.
I Ki Bela 20:17  І выступілі сьпярша слугі абласных начальнікаў. І паслаў Вэнадад, і данесьлі яму, што людзі выйшлі з Самарыі.
I Ki Bela 20:18  Ён сказаў: калі па мір пайшлі яны, дык схапеце іх жывых, і калі на вайну выйшлі, таксама схапеце іх жывых.
I Ki Bela 20:19  Выйшлі з горада слугі абласных начальнікаў і войска за імі.
I Ki Bela 20:20  І біў кожны праціўніка свайго; і пабеглі Сірыйцы, а Ізраільцяне пагналіся за імі. А Вэнадад, цар Сірыйскі, выратаваўся на кані зь вершнікамі.
I Ki Bela 20:21  І выйшаў цар Ізраільскі, і ўзяў коней і калясьніцы, і ўчыніў вялікі разгром Сірыйцаў.
I Ki Bela 20:22  І падышоў прарок да цара Ізраільскага і сказаў яму: ідзі, умацуйся, і ведай і глядзі, што табе рабіць, бо праз два гады цар Сірыйскі зноў пойдзе супроць цябе.
I Ki Bela 20:23  Слугі цара Сірыйскага сказалі яму: Бог іхні ёсьць Бог гор, таму яны адолелі нас; калі ж мы будзем біцца на раўніне, дык напэўна адолеем іх;
I Ki Bela 20:24  дык вось што зрабі: выдалі цароў, кожнага зь месца ягонага, і замест іх пастаў начальнікаў вобласьцяў;
I Ki Bela 20:25  і набяры сабе войска столькі, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было коней, і калясьніц, колькі было калясьніц; і будзем біцца зь імі на раўніне, і тады напэўна адолеем іх. І паслухаўся ён голасу іхняга і зрабіў так.
I Ki Bela 20:26  Праз год Вэнадад сабраў Сірыйцаў і выступіў да Афэка, каб біцца зь Ізраілем.
I Ki Bela 20:27  Сабраныя былі і сыны Ізраілевыя і, узяўшы страўнасьць, пайшлі насустрач ім. І разьмясьціліся сыны Ізраіля табарам перад імі, як бы два невялікія статкі коз, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.
I Ki Bela 20:28  І падышоў чалавек Божы і сказаў цару Ізраільскаму: так кажа Гасподзь: за тое, што Сірыйцы кажуць: Гасподзь ёсьць Бог гор, а ня Бог далін, Я ўсё гэта вялікае полчышча перадам у руку тваю, каб вы ведалі, што Я — Гасподзь.
I Ki Bela 20:29  І стаялі табарам адзін супроць аднаго сем дзён. На сёмы дзень пачалася бітва, і сыны Ізраіля пабілі сто тысяч пешых Сірыйцаў за адзін дзень.
I Ki Bela 20:30  Астатнія ўцяклі ў горад Афэк; там упала сьцяна на астатніх дваццаць сем тысяч чалавек. А Вэнадад уцёк у горад і бегаў з аднаго ўнутранага пакоя ў другі.
I Ki Bela 20:31  І сказалі яму слугі ягоныя: мы чулі, што цары дома Ізраілевага — цары мілажальныя; дазволь нам надзець вярэты на сьцёгны свае і вяроўкі на галовы свае і пайсьці да цара Ізраільскага; магчыма, ён пашкадуе жыцьцё тваё.
I Ki Bela 20:32  І аперазалі яны вярэтамі сьцёгны свае і ўсклалі вяроўкі на галовы свае, і прыйшлі да цара Ізраільскага і сказалі: пашкадуй жыцьцё маё. Той сказаў: хіба ён жывы? ён брат мой.
I Ki Bela 20:33  Людзі гэтыя прынялі гэта за добры знак і пасьпешна падхапілі слова з вуснаў ягоных і сказалі: брат твой Вэнадад. І сказаў ён: ідзеце, прывядзеце яго. І выйшаў да яго Вэнадад, і ён пасадзіў яго з сабою на калясьніцу.
I Ki Bela 20:34  І сказаў яму Вэнадад: гарады, якія ўзяў мой бацька ў твайго бацькі, я вярну, і плошчы ты можаш мець сабе ў Дамаску, як бацька мой меў у Самарыі. Ахаў сказаў: пасьля дагавору я адпушчу цябе. І, заключыўшы зь ім дагавор, адпусьціў яго.
I Ki Bela 20:35  Тады адзін чалавек з сыноў прарочых сказаў другому, па слове Госпада: бі мяне. Але гэты чалавек не згадзіўся біць яго.
I Ki Bela 20:36  І сказаў яму: за тое, што ты ня слухаеш голасу Гасподняга, заб'е цябе леў, калі пойдзеш ад мяне. Ён пайшоў ад яго, і леў, сустрэўшы яго, забіў яго.
I Ki Bela 20:37  І знайшоў ён другога чалавека і сказаў: бі мяне. Гэты чалавек біў яго да таго, што параніў пабоямі.
I Ki Bela 20:38  І пайшоў прарок і стаў перад царом на дарозе, прыкрыўшы покрывам вочы свае.
I Ki Bela 20:39  Калі цар праязджаў міма, ён закрычаў цару і сказаў: раб твой хадзіў на бітву, і вось, адзін чалавек, які адышоў убок, падвёў да мяне чалавека і сказаў: вартуй гэтага чалавека; калі яго ня будзе, дык твая душа будзе за яго душу, альбо ты павінен будзеш адважыць талант срэбра.
I Ki Bela 20:40  Калі раб твой заняўся тымі і іншымі справамі, яго ня стала. І сказаў яму цар Ізраільскі: такі табе і прысуд, ты сам рашыў.
I Ki Bela 20:41  Ён адразу зьняў покрыва з вачэй сваіх, і пазнаў яго цар, што ён з прарокаў.
I Ki Bela 20:42  І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты выпусьціў з рук тваіх чалавека, заклятага Мною, душа твая будзе замест ягонай душы, народ твой замест ягонага народу.
I Ki Bela 20:43  І выправіўся цар Ізраільскі дамоў устрывожаны і засмучаны і прыбыў у Самарыю.
Chapter 21
I Ki Bela 21:1  І было пасьля гэтых падзей: у Навутэя Ізрэельцяніна ў Ізрэелі быў вінаграднік каля палаца Ахава, цара Самарыйскага.
I Ki Bela 21:2  І сказаў Ахаў Навутэю: аддай мне свой вінаграднік; зь яго будзе ў мяне агародны сад, бо ён блізка да майго дома; а замест яго я дам табе вінаграднік лепшы за гэты, альбо, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе.
I Ki Bela 21:3  Але Навутэй сказаў Ахаву: аслані мяне Гасподзь, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх!
I Ki Bela 21:4  І прыйшоў Ахаў дамоў устрывожаны і засмучаны тым словам, якое сказаў яму Навутэй Ізрэельцянін, кажучы: не аддам табе спадчыны бацькоў маіх. І лёг на пасьцель сваю, і адвярнуў твар свой, і хлеба ня еў.
I Ki Bela 21:5  І ўвайшла да яго жонка ягоная Езавэль і сказала яму: чаго растрывожаны дух твой, чаго ты хлеба не ясі?
I Ki Bela 21:6  Ён сказаў ёй: калі я пачаў гаварыць Навутэю Ізрэельцяніну і сказаў яму: аддай мне вінаграднік твой за срэбра, альбо калі хочаш, я дам табе іншы вінаграднік замест яго,— тады ён сказаў: не аддам табе вінаградніка майго.
I Ki Bela 21:7  І сказала яму Езавэль, жонка ягоная: якое царства было б у Ізраілі, калі б ты так рабіў? устань, еж хлеб і будзь спакойны; я здабуду табе вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна.
I Ki Bela 21:8  І напісала яна ад імя Ахава пісьмы, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала гэтыя пісьмы старэйшынам і знакамітым у ягоным горадзе, якія жылі з Навутэем.
I Ki Bela 21:9  У пісьмах яна пісала так: абвясьцеце пост і пасадзеце Навутэя на першае месца ў народзе
I Ki Bela 21:10  і насупраць яго пасадзеце двух нягодных людзей, якія сьведчылі б на яго і сказалі: ты зьневажаў Бога і цара; і потым выведзіце яго і пабеце яго камянямі, каб ён памёр.
I Ki Bela 21:11  І зрабілі мужы горада ягонага, старэйшыны і знакамітыя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Езавэль, так, як пісана ў пісьмах, якія яна паслала ім.
I Ki Bela 21:12  Абвясьцілі пост і пасадзілі Навутэя на чале народу;
I Ki Bela 21:13  і выступілі два нягодныя чалавекі і селі насупраць яго, і сьведчылі на яго гэтыя нядобрыя людзі перад народам і казалі: Навутэй зьневажаў Бога і цара. І вывелі яго за горад і пабілі яго камянямі, і ён памёр.
I Ki Bela 21:14  І паслалі да Езавэлі сказаць: Навутэй пабіты камянямі і памёр.
I Ki Bela 21:15  Пачуўшы, што Навутэй пабіты камянямі і памёр, Езавэль сказала Ахаву: устань, вазьмі ў валоданьне вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна, які не хацеў аддаць табе за срэбра; бо Навутэя няма жывога, ён памёр.
I Ki Bela 21:16  Калі пачуў Ахаў, што Навутэй быў забіты, устаў Ахаў, каб пайсьці ў вінаграднік Навутэя Ізрэельцяніна і ўзяць яго ў валоданьне.
I Ki Bela 21:17  І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну:
I Ki Bela 21:18  устань, ідзі насустрач Ахаву, цару Ізраільскаму, які ў Самарыі,— вось, ён цяпер у вінаградніку Навутэя, куды прыйшоў, каб узяць яго ў валоданьне,—
I Ki Bela 21:19  і скажы яму: так кажа Гасподзь: ты забіў, і яшчэ ўступаеш у спадчыннасьць? і скажы яму: так кажа Гасподзь: на тым месцы, дзе сабакі лізалі кроў Навутэя, сабакі будуць лізаць і тваю кроў.
I Ki Bela 21:20  І сказаў Ахаў Ільлю: знайшоў ты мяне, вораг мой! Ён сказаў: знайшоў, бо ты аддаўся таму, каб рабіць нягоднасьць перад вачыма Госпада.
I Ki Bela 21:21  Так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на цябе нягоды і вымяту за табою і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраіле;
I Ki Bela 21:22  і зраблю з домам тваім так, як зрабіў Я з домам Ераваама, сына Наватавага, і з домам Ваасы, сына Ахіінага, за зьнявагу, якою ты раздражніў Мяне і ўвёў Ізраіля ў грэх.
I Ki Bela 21:23  Таксама і пра Езавэль сказаў Гасподзь: сабакі зьядуць Езавэль за сьцяною Ізрэеля;
I Ki Bela 21:24  хто памёр у Ахава ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго разьдзяўбуць птушкі нябесныя;
I Ki Bela 21:25  ня было яшчэ такога, як Ахаў, які аддаўся б таму, каб рабіць благое перад вачыма Госпада, на што падбівала яго Езавэль;
I Ki Bela 21:26  ён рабіў вельмі гнюсна, ідучы за балванамі, як рабілі Амарэі, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.
I Ki Bela 21:27  Выслухаўшы ўсе словы гэтыя, Ахаў падраў вопратку на сабе і надзеў на цела вярэту, і пасьціўся, і спаў у вярэце, і хадзіў журботны.
I Ki Bela 21:28  І было слова Гасподняе Ільлю Фэсьвіцяніну, і сказаў Гасподзь:
I Ki Bela 21:29  бачыш, як упакорыўся перад Мною Ахаў? за тое, што ён упакорыўся перад Мною, я не навяду ліха ў яго дні; у дні сына ягонага навяду ліха на дом ягоны.
Chapter 22
I Ki Bela 22:1  Пражылі тры гады, і ня было вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.
I Ki Bela 22:2  На трэці год Ёсафат, цар Юдэйскі, пайшоў да цара Ізраільскага.
I Ki Bela 22:3  І сказаў цар Ізраільскі слугам сваім: ці ведаеце вы, што Рамот Галаадскі наш? а мы так доўга маўчым, і не бяром яго з рук цара Сірыйскага.
I Ki Bela 22:4  І сказаў ён Ёсафату: ці пойдзеш ты са мною на вайну супроць Рамота Галаадскага? І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: як ты, так і я; як твой народ, так і мой народ; як твае коні, так і мае коні.
I Ki Bela 22:5  І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
I Ki Bela 22:6  І сабраў цар Ізраільскі прарокаў каля чатырохсот чалавек і сказаў ім: ці ісьці мне вайною на Рамот Галаадскі, ці не? Яны сказалі: ідзі, Гасподзь аддасьцьяго ў рукі цара.
I Ki Bela 22:7  І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга, каб нам папытацца празь яго ў Госпада?
I Ki Bela 22:8  І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна папытацца ў Госпада, але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое,— гэта Міхей, сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы, цар, так.
I Ki Bela 22:9  І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
I Ki Bela 22:10  Цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сядзеньні сваім, апранутыя ў царскае ўбраньне, на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
I Ki Bela 22:11  І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Ханааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: гэтымі збораш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
I Ki Bela 22:12  І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі, будзе посьпех, Гасподзь перадасьцьяго ў руку цара.
I Ki Bela 22:13  Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае.
I Ki Bela 22:14  І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь.
I Ki Bela 22:15  І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара.
I Ki Bela 22:16  І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада.
I Ki Bela 22:17  І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой.
I Ki Bela 22:18  І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
I Ki Bela 22:19  І сказаў Міхей : выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго;
I Ki Bela 22:20  і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш;
I Ki Bela 22:21  і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
I Ki Bela 22:22  Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных.Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так.
I Ki Bela 22:23  І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
I Ki Bela 22:24  І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны і, ударыўшы Міхея па шчацэ, сказаў: як, няўжо ад мяне адышоў Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
I Ki Bela 22:25  І сказаў Міхей: вось, ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з аднаго пакоя ў другі, каб схавацца.
I Ki Bela 22:26  І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына царовага,
I Ki Bela 22:27  і скажэце: так кажа цар: пасадзеце яго ў цямніцу і кармеце яго надгаладзь хлебам і надгаладзь вадою, пакуль я не вярнуся ў міры.
I Ki Bela 22:28  І сказаў Міхей: калі вернешся ў міры, дык не Гасподзь гаварыў празь мяне. І сказаў: слухай, увесь народ!
I Ki Bela 22:29  І пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
I Ki Bela 22:30  І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень тваё царскае ўбраньне. І пераапрануўся цар Ізраільскі і ўступіў у бітву.
I Ki Bela 22:31  Сірыйскі цар загадаў начальнікам калясьніц, якіх у яго было трыццаць два, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
I Ki Bela 22:32  Начальнікі калясьніц, убачыўшы Ёсафата, падумалі: мусіць, гэта цар Ізраільскі, і павярнулі на яго, каб біцца зь ім . І закрычаў Ёсафат.
I Ki Bela 22:33  Начальнікі калясьніц, бачачы, што гэта ня Ізраільскі цар, павярнулі ад яго.
I Ki Bela 22:34  А адзін чалавек выпадкова напяў лук і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён свайму калясьнічаму: павярні назад і вывезі мяне з войска, бо я парнены.
I Ki Bela 22:35  Але бітва ў той дзень узмацнілася, і цар стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў, і ўвечары памёр, і кроў з раны лілася на калясьніцу.
I Ki Bela 22:36  І абвешчана было па ўсім табары пры захадзе сонца: кожны ідзі ў свой горад, кожны ў сваю зямлю!
I Ki Bela 22:37  І памёр цар і прывезены быў у Самарыю, і пахавалі цара ў Самарыі.
I Ki Bela 22:38  І абмылі калясьніцу ў сажалцы Самарыйскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і абмывалі блудніцы, па слове Госпада, якое Ён сказаў.
I Ki Bela 22:39  Астатнія дзеі Ахава, усё, што ён рабіў, і дом са слановай касьці, які ён пабудаваў, і ўсе гарады, якія ён будаваў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
I Ki Bela 22:40  І спачыў Ахаў з бацькамі сваімі, і зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 22:41  Ёсафат, сын Асы, зацараваў над Юдэяй ў чатырнаццаты год Ахава, цара Ізраільскага.
I Ki Bela 22:42  Трыццаць пяць гадоў было Ёсафату, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіля.
I Ki Bela 22:43  Ён хадзіў ва ўсім шляхам бацькі свайго Асы, ня сыходзіў зь яго, робячы справядлівае перад вачыма Гасподнімі. Толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях.
I Ki Bela 22:44  Ёсафат заключыў мір з царом Ізраільскім.
I Ki Bela 22:45  Астатнія дзеі Ёсафата і подзьвігі ягоныя, якія ён зьдзейсьніў, і як ён ваяваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.
I Ki Bela 22:46  І рэшту блуднікаў, якія засталіся ў дні бацькі ягонага Асы, ён вынішчыў зь зямлі.
I Ki Bela 22:47  У Ідумэі тады ня было цара;быў намесьнік царскі.
I Ki Bela 22:48  Ёсафат зрабіў караблі на моры, каб хадзіць у Афір па золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Эцыён-Гавэры.
I Ki Bela 22:49  Тады сказаў Ахозія, сын Ахаваў, Ёсафату: хай мае слугі пойдуць з тваімі слугамі на караблях. Але Ёсафат не згадзіўся.
I Ki Bela 22:50  І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
I Ki Bela 22:51  Ахозія, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі, у сямнаццаты год Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў над Ізраілем два гады
I Ki Bela 22:52  і рабіў ліхое перад вачыма Госпада, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй і шляхам Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх:
I Ki Bela 22:53  ён служыў Ваалу і пакланяўся яму і ўгневаў Госпада Бога Ізраілевага ўсім тым, што рабіў бацька ягоны.