Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
ACTS
Up
Chapter 1
Acts Bela 1:1  Першую кнігу напісаў я табе , Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
Acts Bela 1:2  аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
Acts Bela 1:3  якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
Acts Bela 1:4  і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
Acts Bela 1:5  бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
Acts Bela 1:6  Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
Acts Bela 1:7  А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
Acts Bela 1:8  а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.
Acts Bela 1:9  Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.
Acts Bela 1:10  І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні
Acts Bela 1:11  і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.
Acts Bela 1:12  Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
Acts Bela 1:13  І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
Acts Bela 1:14  усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
Acts Bela 1:15  І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў
Acts Bela 1:16  (а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці): мужы братове! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
Acts Bela 1:17  бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
Acts Bela 1:18  але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;
Acts Bela 1:19  і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае "зямля крыві".
Acts Bela 1:20  А ў кнізе Псальмаў напісана: "хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе", і: "пасад ягоны іншы хай прыйме".
Acts Bela 1:21  Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
Acts Bela 1:22  пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
Acts Bela 1:23  І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
Acts Bela 1:24  і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
Acts Bela 1:25  прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
Acts Bela 1:26  І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.
Chapter 2
Acts Bela 2:1  Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.
Acts Bela 2:2  І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.
Acts Bela 2:3  І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.
Acts Bela 2:4  І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.
Acts Bela 2:5  А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.
Acts Bela 2:6  Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.
Acts Bela 2:7  І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?
Acts Bela 2:8  Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,
Acts Bela 2:9  Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,
Acts Bela 2:10  Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты ,
Acts Bela 2:11  Крыцяне і Аравіцяне, — чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?
Acts Bela 2:12  І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?
Acts Bela 2:13  А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.
Acts Bela 2:14  А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:
Acts Bela 2:15  яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэцяя гадзіна дня;
Acts Bela 2:16  а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:
Acts Bela 2:17  "І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, выльлю ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;
Acts Bela 2:18  і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні выльлю ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
Acts Bela 2:19  І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:
Acts Bela 2:20  сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.
Acts Bela 2:21  І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца".
Acts Bela 2:22  Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,
Acts Bela 2:23  Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;
Acts Bela 2:24  але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.
Acts Bela 2:25  Бо Давід кажа пра Яго: "бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.
Acts Bela 2:26  Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,
Acts Bela 2:27  бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.
Acts Bela 2:28  Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім".
Acts Bela 2:29  Мужы братове! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;
Acts Bela 2:30  а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,
Acts Bela 2:31  ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.
Acts Bela 2:32  Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.
Acts Bela 2:33  І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.
Acts Bela 2:34  Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: "сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
Acts Bela 2:35  пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх".
Acts Bela 2:36  Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
Acts Bela 2:37  Чуючы гэта , яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы братове?
Acts Bela 2:38  А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, — і атрымаеце дар Сьвятога Духа;
Acts Bela 2:39  бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш.
Acts Bela 2:40  Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага.
Acts Bela 2:41  І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч;
Acts Bela 2:42  і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах.
Acts Bela 2:43  І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.
Acts Bela 2:44  А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае:
Acts Bela 2:45  і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага;
Acts Bela 2:46  і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца,
Acts Bela 2:47  праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.
Chapter 3
Acts Bela 3:1  Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы.
Acts Bela 3:2  І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ў тых, што ўваходзілі ў храм;
Acts Bela 3:3  ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны.
Acts Bela 3:4  Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас.
Acts Bela 3:5  І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь.
Acts Bela 3:6  Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі.
Acts Bela 3:7  І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені,
Acts Bela 3:8  і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога,
Acts Bela 3:9  і ўсе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога;
Acts Bela 3:10  і пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожых дзьвярэй храма дзеля міласьціны, і напоўніліся жахам і зьдзіўленьнем з таго, што сталася зь ім.
Acts Bela 3:11  І як што аздароўлены кульгач не адступаўся ад Пятра і Яна, дык увесь люд у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прытвор, называны Саламонавым.
Acts Bela 3:12  Убачыўшы гэта , Пётр сказаў люду: мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, або чаго глядзіце на нас, быццам мы сваёй сілаю і пабожнасьцю зрабілі так, што ён ходзіць.
Acts Bela 3:13  А Бог Абрагамаў і Ісаакаў і Якаваў, Бог бацькоў нашых праславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў адпусьціць Яго.
Acts Bela 3:14  Але Сьвятога і Праведнага вы адцураліся, і прасілі памілаваць чалавека-душагуба,
Acts Bela 3:15  а Пачынальніка Жыцьця забілі; Гэтага Бог уваскрэсіў зь мёртвых, і мы сьведкі таго.
Acts Bela 3:16  І празь веру ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад ўсімі вамі.
Acts Bela 3:17  А цяпер, я ведаю, браты, што вы як і начальнікі вашыя, зрабілі гэта празь несьвядомасьць;
Acts Bela 3:18  А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў — пацярпець Хрысту, так і выканаў.
Acts Bela 3:19  Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя,
Acts Bela 3:20  хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста,
Acts Bela 3:21  Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку.
Acts Bela 3:22  Майсей сказаў бацькам: "Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам;
Acts Bela 3:23  і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца з народу".
Acts Bela 3:24  І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя.
Acts Bela 3:25  Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: "і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя".
Acts Bela 3:26  Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.
Chapter 4
Acts Bela 4:1  Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі,
Acts Bela 4:2  угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых.
Acts Bela 4:3  і наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла.
Acts Bela 4:4  Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч.
Acts Bela 4:5  На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі,
Acts Bela 4:6  і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага,
Acts Bela 4:7  і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта?
Acts Bela 4:8  Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія!
Acts Bela 4:9  калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся,
Acts Bela 4:10  дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы:
Acts Bela 4:11  Ён — камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку;
Acts Bela 4:12  бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца.
Acts Bela 4:13  Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам;
Acts Bela 4:14  але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак.
Acts Bela 4:15  І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою,
Acts Bela 4:16  кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага ;
Acts Bela 4:17  але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей.
Acts Bela 4:18  І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса.
Acts Bela 4:19  Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?
Acts Bela 4:20  Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі.
Acts Bela 4:21  А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося;
Acts Bela 4:22  бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня.
Acts Bela 4:23  Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны.
Acts Bela 4:24  А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх!
Acts Bela 4:25  Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: "чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць?
Acts Bela 4:26  Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго,
Acts Bela 4:27  бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім,
Acts Bela 4:28  каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая.
Acts Bela 4:29  І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё,
Acts Bela 4:30  тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
Acts Bela 4:31  І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела.
Acts Bela 4:32  А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае.
Acts Bela 4:33  Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх.
Acts Bela 4:34  Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу
Acts Bela 4:35  і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу.
Acts Bela 4:36  Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, — што азначае "сын суцяшэньня", лявіт, родам Кіпрэец,
Acts Bela 4:37  у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў.
Chapter 5
Acts Bela 5:1  А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць,
Acts Bela 5:2  прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў.
Acts Bela 5:3  Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю?
Acts Bela 5:4  Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу.
Acts Bela 5:5  Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.
Acts Bela 5:6  І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі.
Acts Bela 5:7  Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.
Acts Bela 5:8  А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі.
Acts Bela 5:9  Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць.
Acts Bela 5:10  Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага.
Acts Bela 5:11  І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.
Acts Bela 5:12  А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;
Acts Bela 5:13  і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.
Acts Bela 5:14  А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,
Acts Bela 5:15  так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.
Acts Bela 5:16  Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.
Acts Bela 5:17  А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,
Acts Bela 5:18  і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.
Acts Bela 5:19  Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
Acts Bela 5:20  ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.
Acts Bela 5:21  Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.
Acts Bela 5:22  Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,
Acts Bela 5:23  кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.
Acts Bela 5:24  Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.
Acts Bela 5:25  А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.
Acts Bela 5:26  Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;
Acts Bela 5:27  а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:
Acts Bela 5:28  ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.
Acts Bela 5:29  А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;
Acts Bela 5:30  Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
Acts Bela 5:31  Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;
Acts Bela 5:32  Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
Acts Bela 5:33  Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.
Acts Bela 5:34  Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,
Acts Bela 5:35  а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.
Acts Bela 5:36  Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,
Acts Bela 5:37  пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;
Acts Bela 5:38  і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея — ад людзей, дык яно разбурыцца,
Acts Bela 5:39  а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся , каб вам ня стацца і богапраціўцамі.
Acts Bela 5:40  Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.
Acts Bela 5:41  А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу;
Acts Bela 5:42  і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.
Chapter 6
Acts Bela 6:1  Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.
Acts Bela 6:2  Тады дванаццаць апосталаў , паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.
Acts Bela 6:3  Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;
Acts Bela 6:4  а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.
Acts Bela 6:5  І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;
Acts Bela 6:6  іх паставілі перад апосталамі, і яны , памаліўшыся, усклалі на іх рукі;
Acts Bela 6:7  і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.
Acts Bela 6:8  А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.
Acts Bela 6:9  Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;
Acts Bela 6:10  але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.
Acts Bela 6:11  Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.
Acts Bela 6:12  І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,
Acts Bela 6:13  і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;
Acts Bela 6:14  бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.
Acts Bela 6:15  І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.
Chapter 7
Acts Bela 7:1  Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?
Acts Bela 7:2  А ён сказаў: мужы братове і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,
Acts Bela 7:3  і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.
Acts Bela 7:4  Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;
Acts Bela 7:5  і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.
Acts Bela 7:6  І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста.
Acts Bela 7:7  Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы.
Acts Bela 7:8  І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў — дванаццаць патрыярхаў.
Acts Bela 7:9  Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім,
Acts Bela 7:10  і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім.
Acts Bela 7:11  І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца.
Acts Bela 7:12  А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам;
Acts Bela 7:13  а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў.
Acts Bela 7:14  Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ.
Acts Bela 7:15  Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя;
Acts Bela 7:16  і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага.
Acts Bela 7:17  А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце,
Acts Bela 7:18  аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа;
Acts Bela 7:19  гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі.
Acts Bela 7:20  У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага,
Acts Bela 7:21  А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына.
Acts Bela 7:22  І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях.
Acts Bela 7:23  А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых.
Acts Bela 7:24  І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.
Acts Bela 7:25  Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.
Acts Bela 7:26  На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы — браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?
Acts Bela 7:27  А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
Acts Bela 7:28  Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?
Acts Bela 7:29  Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.
Acts Bela 7:30  Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.
Acts Bela 7:31  Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:
Acts Bela 7:32  Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.
Acts Bela 7:33  І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
Acts Bela 7:34  Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.
Acts Bela 7:35  Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? — яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.
Acts Bela 7:36  Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.
Acts Bela 7:37  Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.
Acts Bela 7:38  Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам,
Acts Bela 7:39  якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта,
Acts Bela 7:40  сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася.
Acts Bela 7:41  І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх.
Acts Bela 7:42  А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: "дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні?
Acts Bela 7:43  Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон".
Acts Bela 7:44  Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага.
Acts Bela 7:45  Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых;
Acts Bela 7:46  гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму.
Acts Bela 7:47  А Саламон збудаваў Яму дом.
Acts Bela 7:48  Але Ўсявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:
Acts Bela 7:49  "неба — трон Мой, і зямля — падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?
Acts Bela 7:50  Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?".
Acts Bela 7:51  Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:
Acts Bela 7:52  каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,
Acts Bela 7:53  вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.
Acts Bela 7:54  Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.
Acts Bela 7:55  А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,
Acts Bela 7:56  і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.
Acts Bela 7:57  Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,
Acts Bela 7:58  і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.
Acts Bela 7:59  І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!
Acts Bela 7:60  І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.
Chapter 8
Acts Bela 8:1  А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх.
Acts Bela 8:2  А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім.
Acts Bela 8:3  А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу.
Acts Bela 8:4  А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова.
Acts Bela 8:5  Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста;
Acts Bela 8:6  народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды;
Acts Bela 8:7  бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся.
Acts Bela 8:8  І была радасьць вялікая ў тым горадзе.
Acts Bela 8:9  А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага;
Acts Bela 8:10  яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая.
Acts Bela 8:11  А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі.
Acts Bela 8:12  Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны.
Acts Bela 8:13  Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся.
Acts Bela 8:14  Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
Acts Bela 8:15  якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога:
Acts Bela 8:16  бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса;
Acts Bela 8:17  тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога.
Acts Bela 8:18  А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
Acts Bela 8:19  кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога.
Acts Bela 8:20  Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць за грошы.
Acts Bela 8:21  Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам;
Acts Bela 8:22  дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго;
Acts Bela 8:23  бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды.
Acts Bela 8:24  А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі.
Acts Bela 8:25  А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце.
Acts Bela 8:26  А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая.
Acts Bela 8:27  Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне,
Acts Bela 8:28  вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю.
Acts Bela 8:29  Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы.
Acts Bela 8:30  Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш?
Acts Bela 8:31  Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім.
Acts Bela 8:32  А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: "як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх;
Acts Bela 8:33  у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае".
Acts Bela 8:34  А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць : пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага?
Acts Bela 8:35  Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса.
Acts Bela 8:36  Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца?
Acts Bela 8:37  А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы.
Acts Bela 8:38  І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго.
Acts Bela 8:39  А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.
Acts Bela 8:40  А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
Chapter 9
Acts Bela 9:1  А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара
Acts Bela 9:2  і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім.
Acts Bela 9:3  Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба;
Acts Bela 9:4  ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне?
Acts Bela 9:5  Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.
Acts Bela 9:6  Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць.
Acts Bela 9:7  А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы.
Acts Bela 9:8  Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск;
Acts Bela 9:9  і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў.
Acts Bela 9:10  У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.
Acts Bela 9:11  А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца
Acts Bela 9:12  і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.
Acts Bela 9:13  Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
Acts Bela 9:14  і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.
Acts Bela 9:15  Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;
Acts Bela 9:16  і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.
Acts Bela 9:17  Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.
Acts Bela 9:18  І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся
Acts Bela 9:19  і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;
Acts Bela 9:20  і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
Acts Bela 9:21  І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў?
Acts Bela 9:22  А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.
Acts Bela 9:23  А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго.
Acts Bela 9:24  Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго.
Acts Bela 9:25  А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў кашы.
Acts Bela 9:26  Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань.
Acts Bela 9:27  А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь , і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса.
Acts Bela 9:28  І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса.
Acts Bela 9:29  Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго.
Acts Bela 9:30  Браты, даведаўшыся пра гэта , адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс.
Acts Bela 9:31  А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся.
Acts Bela 9:32  Сталася, што Пётр, абыходзячы ўсіх, зайшоў да сьвятых, якія жылі ў Лідзе;
Acts Bela 9:33  Там знайшоў ён аднаго чалавека, якога звалі Энэй, што ўжо восем гадоў ляжаў у пасьцелі ў палярушы.
Acts Bela 9:34  Пётр сказаў яму: Энэй! ацаляе цябе Ісус Хрыстос; устань з пасьцелі тваёй. І той адразу ўстаў.
Acts Bela 9:35  І бачылі ўсе яго, хто жыў у Лідзе і ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада.
Acts Bela 9:36  У Ёпіі была адна вучаніца, якую звалі Тавіта, што азначае: Сарна; яна была поўная добрых учынкаў і чыніла шмат міласьціны.
Acts Bela 9:37  Сталася тымі днямі, што занядужала і памерла; яе абмылі і паклалі ў сьвятліцы.
Acts Bela 9:38  А як што Ліда недалёка ад Ёпіі, дык вучні, дачуўшыся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек прасіць, каб ён не забавіўся прыйсьці да іх.
Acts Bela 9:39  Пётр устаў і пайшоў зь імі; і калі ён прыйшоў, увялі яго ў сьвятліцу, і ўсе ўдовы ў сьлёзах сталі перад ім, паказваючы кашулі і сукенкі, якія рабіла Сарна, жывучы зь імі.
Acts Bela 9:40  Пётр выслаў усіх з пакоя і, укленчыўшы, памаліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта! устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.
Acts Bela 9:41  Ён, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.
Acts Bela 9:42  Гэта стала вядома па ўсёй Ёпіі, і многія ўверавалі ў Госпада.
Acts Bela 9:43  І шмат дзён перабыў ён у Ёпіі ў нейкага Сымона-гарбара.
Chapter 10
Acts Bela 10:1  У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,
Acts Bela 10:2  пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу.
Acts Bela 10:3  Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
Acts Bela 10:4  А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;
Acts Bela 10:5  дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:
Acts Bela 10:6  ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.
Acts Bela 10:7  Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,
Acts Bela 10:8  і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.
Acts Bela 10:9  На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.
Acts Bela 10:10  І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,
Acts Bela 10:11  і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;
Acts Bela 10:12  у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.
Acts Bela 10:13  І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.
Acts Bela 10:14  Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.
Acts Bela 10:15  Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.
Acts Bela 10:16  Гэта было тройчы — і посуд зноў падняўся на неба.
Acts Bela 10:17  Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, — вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,
Acts Bela 10:18  і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?
Acts Bela 10:19  Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;
Acts Bela 10:20  устань, сыдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.
Acts Bela 10:21  Пётр, сышоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?
Acts Bela 10:22  А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.
Acts Bela 10:23  Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.
Acts Bela 10:24  На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.
Acts Bela 10:25  Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных .
Acts Bela 10:26  А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.
Acts Bela 10:27  І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.
Acts Bela 10:28  І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;
Acts Bela 10:29  таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?
Acts Bela 10:30  Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
Acts Bela 10:31  і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;
Acts Bela 10:32  дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.
Acts Bela 10:33  Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.
Acts Bela 10:34  А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнаю, што Богу не абліччы спадобныя,
Acts Bela 10:35  а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму.
Acts Bela 10:36  Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх.
Acts Bela 10:37  Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам:
Acts Bela 10:38  як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д’яблам, бо Бог быў зь Ім;
Acts Bela 10:39  і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве.
Acts Bela 10:40  Гэтага Бог уваскрэсіў на трэці дзень, і даў Яму зьяўляцца,
Acts Bela 10:41  не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых;
Acts Bela 10:42  і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым.
Acts Bela 10:43  Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным.
Acts Bela 10:44  Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зышоў на ўсіх, хто слухаў слова.
Acts Bela 10:45  І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;
Acts Bela 10:46  бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:
Acts Bela 10:47  хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?
Acts Bela 10:48  І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.
Chapter 11
Acts Bela 11:1  Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае.
Acts Bela 11:2  І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго,
Acts Bela 11:3  кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі.
Acts Bela 11:4  А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы:
Acts Bela 11:5  у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне;
Acts Bela 11:6  я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных.
Acts Bela 11:7  І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж.
Acts Bela 11:8  А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.
Acts Bela 11:9  І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае.
Acts Bela 11:10  Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба.
Acts Bela 11:11  І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я.
Acts Bela 11:12  Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека.
Acts Bela 11:13  Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром;
Acts Bela 11:14  ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой.
Acts Bela 11:15  А калі я пачаў прамаўляць, зышоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку.
Acts Bela 11:16  Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
Acts Bela 11:17  І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу?
Acts Bela 11:18  Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё.
Acts Bela 11:19  Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў.
Acts Bela 11:20  А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса.
Acts Bela 11:21  І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада.
Acts Bela 11:22  Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію.
Acts Bela 11:23  Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада;
Acts Bela 11:24  бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада.
Acts Bela 11:25  Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію.
Acts Bela 11:26  Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі.
Acts Bela 11:27  Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі.
Acts Bela 11:28  І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі;
Acts Bela 11:29  тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі,
Acts Bela 11:30  што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.
Chapter 12
Acts Bela 12:1  Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха,
Acts Bela 12:2  і забіў Якава, брата Янавага, мечам;
Acts Bela 12:3  а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, — тады былі дні праснакоў, -
Acts Bela 12:4  і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей.
Acts Bela 12:5  І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу.
Acts Bela 12:6  Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу.
Acts Bela 12:7  І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных.
Acts Bela 12:8  І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною.
Acts Bela 12:9  Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву.
Acts Bela 12:10  Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім.
Acts Bela 12:11  Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі.
Acts Bela 12:12  І, агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.
Acts Bela 12:13  А калі Пётр пастукаўся ў браму, дык выйшла паслухаць служанка, якую звалі Рода;
Acts Bela 12:14  І, пазнаўшы Пятроў голас, ад радасьці не адчыніла брамы, а ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць каля брамы.
Acts Bela 12:15  А тыя сказалі ёй: ці ў сваім ты розуме? Але яна стаяла на сваім. А яны казалі: гэта анёл ягоны.
Acts Bela 12:16  Тым часам Пётр стукаўся; калі ж адчынілі, дык убачылі яго і зьдзівіліся.
Acts Bela 12:17  А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Гасподзь вывеў зь цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якаву і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну.
Acts Bela 12:18  Калі настаў дзень, паміж воінамі ўсчалася вялікая трывога: што сталася зь Пятром;
Acts Bela 12:19  а Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, судзіў вартавых і загадаў пакараць іх сьмерцю; потым ён выправіўся зь Юдэеі ў Кесарыю і там заставаўся.
Acts Bela 12:20  Ірад быў у гневе на Тырыйцаў і Сіданійцаў: а яны, змовіўшыся, прыйшлі да яго і схіліўшы на свой бок Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іх вобласьць кармілася з царскай.
Acts Bela 12:21  У назначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія строі, сеў на судзілішчы перад людзьмі і гаварыў да іх;
Acts Bela 12:22  а люд крычаў: гэта голас Бога, а не чалавека!
Acts Bela 12:23  Але раптам анёл Гасподні паразіў яго за тое, што ён ня ўзьнёс хвалы Богу; і ён заедзены чарвякамі, сканаў.
Acts Bela 12:24  А слова Божае расло і пашыралася.
Acts Bela 12:25  А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам.
Chapter 13
Acts Bela 13:1  У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл.
Acts Bela 13:2  Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў.
Acts Bela 13:3  Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх .
Acts Bela 13:4  Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сышлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр,
Acts Bela 13:5  і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня.
Acts Bela 13:6  Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус,
Acts Bela 13:7  які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае.
Acts Bela 13:8  А Яліма чарадзей, — так тлумачыцца імя ягонае, — пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры.
Acts Bela 13:9  Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго,
Acts Bela 13:10  сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д’яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх?
Acts Bela 13:11  І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра.
Acts Bela 13:12  Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.
Acts Bela 13:13  Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.
Acts Bela 13:14  А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі.
Acts Bela 13:15  Пасьля чытаньня закону і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы братове! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце.
Acts Bela 13:16  Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце:
Acts Bela 13:17  Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе,
Acts Bela 13:18  і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні;
Acts Bela 13:19  і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную,
Acts Bela 13:20  і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла;
Acts Bela 13:21  потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Саўла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак.
Acts Bela 13:22  Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: "знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда" сына Ясэевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае".
Acts Bela 13:23  Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса.
Acts Bela 13:24  Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму.
Acts Bela 13:25  А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.
Acts Bela 13:26  Мужы братове, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.
Acts Bela 13:27  Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,
Acts Bela 13:28  і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;
Acts Bela 13:29  а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.
Acts Bela 13:30  Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;
Acts Bela 13:31  Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня — сьведкі Яго перад людзьмі.
Acts Bela 13:32  І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,
Acts Bela 13:33  як і ў другой псальме напісана: "Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў".
Acts Bela 13:34  А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: "Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду".
Acts Bela 13:35  Таму і ў іншым месцы кажа: "не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне".
Acts Bela 13:36  Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне;
Acts Bela 13:37  а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня.
Acts Bela 13:38  Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы братове, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў;
Acts Bela 13:39  і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы.
Acts Bela 13:40  Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў:
Acts Bela 13:41  "глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам".
Acts Bela 13:42  Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу.
Acts Bela 13:43  Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай.
Acts Bela 13:44  У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае;
Acts Bela 13:45  але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал.
Acts Bela 13:46  Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў:
Acts Bela 13:47  Бо так наказаў нам Гасподзь: "Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі".
Acts Bela 13:48  Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё.
Acts Bela 13:49  І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
Acts Bela 13:50  але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў.
Acts Bela 13:51  А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію.
Acts Bela 13:52  А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.
Chapter 14
Acts Bela 14:1  У Іканіі яны ўвайшлі разам у Юдэйскую сынагогу і гаварылі так, што ўверавала вялікае мноства Юдэяў і Элінаў.
Acts Bela 14:2  А Юдэі, якія ня верылі, падбілі і ўзбурылі супраць братоў сэрцы язычнікаў.
Acts Bela 14:3  Але яны прабылі там досыць доўга, мужна дзеючы ў імя Госпада, Які, у сьведчаньне слову мілаты Сваёй, тварыў рукамі іхнімі азнакі і цуды.
Acts Bela 14:4  Тым часам люд у горадзе падзяліўся: і адны былі на баку Юдэяў, а другія на баку апосталаў.
Acts Bela 14:5  Калі ж язычнікі і Юдэі са сваімі начальнікамі кінуліся на іх, каб зьняважыць і пабіць іх каменьнем,
Acts Bela 14:6  яны, дазнаўшыся пра гэта , адышлі ў Лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і ў іхняе навакольле,
Acts Bela 14:8  У Лістры адзін чалавек, не валодаючы нагамі, сядзеў, бо кульгавы быў ад улоньня маці сваёй, і ніколі не хадзіў.
Acts Bela 14:9  Ён слухаў прамоўцу Паўла, які, зірнуўшы на яго і ўбачыўшы, што ён мае веру на атрыманьне ацаленьня,
Acts Bela 14:10  сказаў гучным голасам: табе кажу ў імя Госпада Ісуса Хрыста: стань на ногі твае проста! І той адразу ўскочыў і пачаў хадзіць.
Acts Bela 14:11  А люд, убачыўшы, што зрабіў Павал, узвысіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багі ў вобразе чалавечым зышлі да нас.
Acts Bela 14:12  І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўла Гермэсам, бо ён начальнічаў у слове,
Acts Bela 14:13  а жрэц ідала Зэўса, пастаўленага перад іхнім горадам, прывёўшы да брамы валоў і прынёсшы вянкі, хацеў разам з народам прынесьці ахвяры.
Acts Bela 14:14  Але апосталы Варнава і Павал, пачуўшы пра гэта, разадралі сваё адзеньне і, кінуўшыся ў народ, зычным голасам казалі:
Acts Bela 14:15  мужы! што гэта вы робіце? і мы — падобныя на вас людзі, і зьвястуем вам, каб вы навярнуліся ад гэтых марных да Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх;
Acts Bela 14:16  Які ў мінулых пакаленьнях дапусьціў усім народам хадзіць сваімі шляхамі,
Acts Bela 14:17  хоць і не пераставаў сьведчыць пра Сябе добрымі дзеямі, даючы нам зь неба дажджы і поры ўраджайныя і напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя.
Acts Bela 14:18  І кажучы гэта, яны ледзьве ўгаварылі людзей ня прыносіць ім ахвяры і ісьці кожнаму дамоў. Тым часам як яны, застаючыся там , вучылі,
Acts Bela 14:19  з Антыахіі і Іканіі прыйшлі некаторыя Юдэі і, калі апосталы адважна прапаведавалі, пераканалі людзей адступіцца ад іх, кажучы: яны ня кажуць нічога праўдзівага, а ўсё хлусяць. І падбухторыўшы люд, пабілі Паўла камянямі і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы.
Acts Bela 14:20  Калі ж вучні сабраліся каля яго, ён устаў і пайшоў у горад, і на другі дзень адышоў з Варнавам у Дэрвію.
Acts Bela 14:21  Абвясьціўшы Дабравесьце гэтаму гораду і прыдбаўшы многа вучняў, яны пайшлі назад празь Лістру, Іканію і Антыахію,
Acts Bela 14:22  мацуючы душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры і павучаючы , што праз многія скрухі належыць нам увайсьці ў Царства Божае.
Acts Bela 14:23  А рукапаклаўшы ім прасьвітараў у кожнай царкве, яны памаліліся з постам і перадалі іх Госпаду, у Якога ўверавалі.
Acts Bela 14:24  Потым, прайшоўшы празь Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію;
Acts Bela 14:25  і, прапаведаўшы слова Гасподняе ў Пэргіі, выйшлі ў Аталію,
Acts Bela 14:26  а адтуль адплылі ў Антыахію, адкуль былі аддадзены мілаце Божай на дзею, якую і справілі.
Acts Bela 14:27  Дабраўшыся туды і склікаўшы царкву, яны расказалі пра ўсё , што Бог учыніў зь імі і як Ён адчыніў дзьверы веры язычнікам;
Acts Bela 14:28  і заставаліся там не малы час з вучнямі.
Chapter 15
Acts Bela 15:1  Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца.
Acts Bela 15:2  Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім.
Acts Bela 15:3  І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах.
Acts Bela 15:4  А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам.
Acts Bela 15:5  Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закону Майсеевага.
Acts Bela 15:6  Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.
Acts Bela 15:7  Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы братове! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;
Acts Bela 15:8  і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;
Acts Bela 15:9  і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
Acts Bela 15:10  Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?
Acts Bela 15:11  Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.
Acts Bela 15:12  Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.
Acts Bela 15:13  А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы братове! паслухайце мяне:
Acts Bela 15:14  Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;
Acts Bela 15:15  і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:
Acts Bela 15:16  "потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,
Acts Bela 15:17  каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта".
Acts Bela 15:18  Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.
Acts Bela 15:19  Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,
Acts Bela 15:20  а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:
Acts Bela 15:21  бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.
Acts Bela 15:22  Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта : Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,
Acts Bela 15:23  напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.
Acts Bela 15:24  Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі;
Acts Bela 15:25  дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,
Acts Bela 15:26  людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Acts Bela 15:27  І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.
Acts Bela 15:28  Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:
Acts Bela 15:29  устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя".
Acts Bela 15:30  І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.
Acts Bela 15:31  А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.
Acts Bela 15:32  Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.
Acts Bela 15:33  Пабыўшы там якісь час , яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;
Acts Bela 15:34  але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.
Acts Bela 15:35  А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.
Acts Bela 15:36  Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.
Acts Bela 15:37  Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,
Acts Bela 15:38  але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.
Acts Bela 15:39  Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;
Acts Bela 15:40  а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,
Acts Bela 15:41  і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
Chapter 16
Acts Bela 16:1  Дайшоў ён да Дэрвіі і Лістры. І вось, там быў адзін вучань, якога звалі Цімафеем, маці ў якога была Юдэйка навернутая, а бацька Элін,
Acts Bela 16:2  і пра якога сьведчылі браты, што былі ў Лістры і Іканіі.
Acts Bela 16:3  яго захацеў Павал ўзяць з сабою; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясьцінах; бо ўсе ведалі пра бацьку ягонага, што ён быў Элін.
Acts Bela 16:4  А праходзячы праз гарады, яны наказвалі вернікам выконваць пастановы, складзеныя апосталамі і прасьвітарамі ў Ерусаліме.
Acts Bela 16:5  І цэрквы мацаваліся вераю і штодня ўзрасталі ў ліку.
Acts Bela 16:6  Прайшоўшы праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, яны ня былі дапушчаны Духам Сьвятым прапаведаваць слова ў Асіі.
Acts Bela 16:7  Дайшоўшы да Місіі, намерыліся ісьці ў Віфанію, але Дух не дапусьціў іх.
Acts Bela 16:8  Абмінуўшы Місію, сышлі яны ў Трааду.
Acts Bela 16:9  І была ноччу ўява Паўлу: стаў нейкі муж, Македонец, просячы ў яго і кажучы: прыйдзі ў Македонію і памажы нам.
Acts Bela 16:10  Пасьля гэтай уявы адразу мы пастанавілі сабе выправіцца ў Македонію, разумеючы, што заклікаў нас Гасподзь зьвеставаць там.
Acts Bela 16:11  І вось, выправіўшыся з Траады, мы напрасткі прыбылі ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль,
Acts Bela 16:12  а адтуль у Філіпы: гэта першы горад у той частцы Македоніі, калонія; у гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.
Acts Bela 16:13  А ў дзень суботні мы выйшлі за горад да ракі, дзе звычайна назначалася быць маленьню, і сеўшы, гутарылі з жанчынамі, якія там сабраліся.
Acts Bela 16:14  І адна жанчына з горада Фіятыр, якую звалі Лідзія, гандлярка парфіраю, шаноўніца Бога, слухала; і Гасподзь расхінуў сэрца ейнае слухаць тое, што казаў Павал.
Acts Bela 16:15  Калі ж ахрысьцілася яна і дамашнія ейныя, дык прасіла ў нас , кажучы: калі вы прызналі мяне вернаю Госпаду, увайдзеце ў дом мой і жывеце ў мяне . І пераканала нас.
Acts Bela 16:16  Сталася так, што, калі мы ішлі ў малітоўны дом, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам вяшчунскім, якая вяшчунствам давала вялікі прыбытак гаспадарам сваім.
Acts Bela 16:17  Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала, кажучы: гэтыя людзі — рабы Бога Ўсявышняга, якія абвяшчаюць нам шлях збавеньня.
Acts Bela 16:18  Гэтак рабіла яна многа дзён. Павал, абурыўшыся, павярнуўся і сказаў духу: імем Ісуса Хрыста загадваю табе выйсьці зь яе. І дух выйшаў у тую ж хвіліну.
Acts Bela 16:19  Тады гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея на прыбытак іхні, схапілі Паўла і Сілу, і павалаклі на плошчу да начальнікаў.
Acts Bela 16:20  І, прывёўшы іх да ваяводаў, сказалі: гэтыя людзі, Юдэі, падбухторваюць наш горад
Acts Bela 16:21  і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня трэба ні прымаць, ні выконваць.
Acts Bela 16:22  Людзі таксама паўсталі на іх; а ваяводы, сарваўшы зь іх вопратку, загадалі біць іх кіямі
Acts Bela 16:23  і, даўшы ім шмат удараў, кінулі ў цямніцу, загадаўшы ахоўніку цямніцы пільна вартаваць іх;
Acts Bela 16:24  атрымаўшы гэтакі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную цямніцу і ногі ім ушчаміў у калоду.
Acts Bela 16:25  Пад поўнач Павал і Сіла, молячыся, славілі песьняй Бога; а вязьні слухалі іх.
Acts Bela 16:26  Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі.
Acts Bela 16:27  Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі.
Acts Bela 16:28  Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут.
Acts Bela 16:29  Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы,
Acts Bela 16:30  і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае ! што мне рабіць, каб уратавацца?
Acts Bela 16:31  А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой.
Acts Bela 16:32  І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго.
Acts Bela 16:33  І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя;
Acts Bela 16:34  і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што увераваў у Бога.
Acts Bela 16:35  А як настаў дзень, ваяводы паслалі гарадзкіх служак сказаць: адпусьці тых людзей.
Acts Bela 16:36  Ахоўнік вязьніцы аб’явіў пра гэта Паўлу: ваяводы прыслалі адпусьціць вас, дык вось, выйдзіце зараз і ідзеце зь мірам.
Acts Bela 16:37  Але Павал прамовіў да іх: нас, рымскіх грамадзянаў, бяз суду прылюдна білі і кінулі ў цямніцу, а цяпер употайкі выпускаюць? не, хай прыйдуць і самі выведуць нас.
Acts Bela 16:38  Гарадзкія служкі пераказалі гэтыя словы ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне,
Acts Bela 16:39  і, прыйшоўшы, перапрасіліся ў іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць горад.
Acts Bela 16:40  А яны, выйшаўшы зь цямніцы, прыйшлі ў Лідзію і, убачыўшы братоў, вучылі іх, і выправіліся.
Chapter 17
Acts Bela 17:1  Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.
Acts Bela 17:2  Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў,
Acts Bela 17:3  адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам.
Acts Bela 17:4  І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, — як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала.
Acts Bela 17:5  А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей.
Acts Bela 17:6  А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды,
Acts Bela 17:7  а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса.
Acts Bela 17:8  І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта,
Acts Bela 17:9  але гэтыя , атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх.
Acts Bela 17:10  А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.
Acts Bela 17:11  Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць.
Acts Bela 17:12  І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала.
Acts Bela 17:13  Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей.
Acts Bela 17:14  Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там.
Acts Bela 17:15  Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся.
Acts Bela 17:16  Чакаючы іх у Афінах, Павал узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў.
Acts Bela 17:17  І вось ён разважаў у сынагозе зь Юдэямі і з богашаноўцамі і штодня на плошчы з выпадковымі.
Acts Bela 17:18  Некаторыя эпікурэйскія і стаічныя філосафы пачалі спрачацца зь ім; і адны казалі: "што хоча сказаць гэты марнаслоў?", а другія: "здаецца, ён прапаведуе чужых божышчаў", бо ён зьвеставаў ім Ісуса і ўваскрэсеньне.
Acts Bela 17:19  І, узяўшы яго, прывялі ў аэрапаг і казалі: ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне, якое ты прапаведуеш?
Acts Bela 17:20  Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў вушы нашыя; таму хочам ведаць, што гэта такое?
Acts Bela 17:21  А ўсе Афіняне і аселеныя ў іх чужынцы нічым так ахвотна не займалі час, як тым, каб гаварыць або слухаць што-небудзь новае.
Acts Bela 17:22  І Павал, стаўшы сярод аэрапага, сказаў: Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя.
Acts Bela 17:23  Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: "невядомаму Богу". Вось Яго, Якога вы, ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам:
Acts Bela 17:24  Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве
Acts Bela 17:25  і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё.
Acts Bela 17:26  З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню,
Acts Bela 17:27  каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас:
Acts Bela 17:28  бо мы Ім жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: "мы Ягоныя і род".
Acts Bela 17:29  І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай.
Acts Bela 17:30  І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца;
Acts Bela 17:31  бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых.
Acts Bela 17:32  Пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым часам.
Acts Bela 17:33  І тады Павал выйшаў з асяродзьдзя іхняга.
Acts Bela 17:34  А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; сярод іх быў Дыянісій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Дамар, і іншыя зь імі.
Chapter 18
Acts Bela 18:1  Пасьля гэтага Павал, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Карынф;
Acts Bela 18:2  і, знайшоўшы нейкага Юдэя, якога звалі Акіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў зь Італіі, і Прыскілу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім Юдэям пакінуць Рым, — пайшоў да іх,
Acts Bela 18:3  і, як што быў аднаго рамяства, застаўся ў іх і працаваў: бо рамяство ў іх было — рабіць намёты.
Acts Bela 18:4  А кожнай суботы ён прамаўляў у сынагозе і пераконваў Юдэяў і Элінаў.
Acts Bela 18:5  А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, дык Павал быў пануканы духам сьведчыць Юдэям, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Acts Bela 18:6  А як што яны ўпарціліся і ліхасловілі, дык ён, абтросшы вопратку сваю, сказаў да іх: кроў ваша на галовах вашых; я чысты; сёньня іду да язычнікаў.
Acts Bela 18:7  І пайшоў адтуль, і прыйшоў да аднаго шанавальніка Бога, якога звалі Юст, дом якога быў каля сынагогі.
Acts Bela 18:8  А Крысп, начальнік сынагогі, увераваў у Госпада з усім домам сваім, і многія Карынфяне, слухаючы, уверавалі і ахрысьціліся.
Acts Bela 18:9  А Гасподзь у начной уяве сказаў Паўлу: ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай,
Acts Bela 18:10  бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе.
Acts Bela 18:11  І ён заставаўся там год і шэсьць месяцаў, навучаючы іх слову Божаму.
Acts Bela 18:12  Тым часам, у часы праконсульства Галіёна ў Ахаі, напалі Юдэі аднадушна на Паўла і прывялі яго на судзілішча,
Acts Bela 18:13  кажучы, што ён вучыць людзей шанаваць Бога не па законе.
Acts Bela 18:14  Калі ж Павал хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў Юдэям: Юдэі! калі б якая-небудзь была крыўда, або ліхі намысел, дык я меў бы прычыну выслухаць вас;
Acts Bela 18:15  але калі ідзе спрэчка пра вучэньне і пра імёны і пра закон ваш, дык разьбірайцеся самі: я не хачу быць судзьдзёю ў гэтым.
Acts Bela 18:16  І прагнаў іх ад судзілішча.
Acts Bela 18:17  А ўсе Эліны, схапіўшы Сасьфена, начальніка сынагогі, білі яго перад судзілішчам; а Галіёна зусім не турбавала гэта.
Acts Bela 18:18  Павал, пабыўшы яшчэ колькі дзён, разьвітаўся з братамі і адплыў у Сырыю, — і зь ім Акіла і Прыскіла, — абстрыгшы галаву ў Кенхрэях паводле зароку.
Acts Bela 18:19  Дабраўшыся да Эфэса, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.
Acts Bela 18:20  Калі ж яны прасілі яго пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,
Acts Bela 18:21  а разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне трэба мусова правесьці блізкае сьвята ў Ерусаліме; а да вас я вярнуся зноў, калі будзе заўгодна Богу. І выправіўся з Эфэса; (Акіла ж і Прыскіла засталіся ў Эфэсе).
Acts Bela 18:22  Пабыўшы ў Кесарыі, ён прыйшоў у Ерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыахію.
Acts Bela 18:23  І забавіўшыся там нейкі час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну Галатыйскую і Фрыгію, мацуючы ўсіх вучняў.
Acts Bela 18:24  Адзін Юдэй, якога звалі Апалос, родам з Александрыі, муж красамоўны і абазнаны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эфэс.
Acts Bela 18:25  Ён быў настаўлены ў пачатках шляху Гасподняга і, палаючы духам, прамаўляў і вучыў пра Госпада слушна, знаючы толькі хрышчэньне Янавае.
Acts Bela 18:26  Ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы яго, Акіла і Прыскіла прынялі яго і яшчэ ясьней прасьвятлілі яму шлях Гасподні.
Acts Bela 18:27  А калі ён намерыўся ісьці ў Ахаю, дык браты напісалі тамтэйшым вучням, каб прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат паспрыяў тым, хто ўвераваў, мілатою:
Acts Bela 18:28  бо ён цьвёрда выкрываў Юдэяў прылюдна, даводзячы Пісаньнямі, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Chapter 19
Acts Bela 19:1  Калі Апалос быў у Карынфе, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там некаторых вучняў
Acts Bela 19:2  і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты.
Acts Bela 19:3  Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне.
Acts Bela 19:4  Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса.
Acts Bela 19:5  Пачуўшы гэта , яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса,
Acts Bela 19:6  і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі.
Acts Bela 19:7  Усіх іх было чалавек з дванаццаць.
Acts Bela 19:8  Прыйшоўшы ў сынагогу, ён не бяз страху прапаведаваў тры месяцы, гутарыў і сьведчыў пра Царства Божае.
Acts Bela 19:9  А калі некаторыя ўгневаліся і ня верылі, ліхасловячы шлях Гасподні перад людзьмі, дык ён, пакінуўшы іх, вылучыў вучняў і кожны дзень прапаведаваў у школе нейкага Тырана.
Acts Bela 19:10  Гэта доўжылася да двух гадоў, так што ўсе жыхары Асіі чулі казань пра Госпада Ісуса, як Юдэі, так і Эліны.
Acts Bela 19:11  А Бог тварыў шмат цудаў Паўлавымі рукамі,
Acts Bela 19:12  так што на хворых ускладвалі хусткі і паясы зь цела ягонага, і іх пакідалі хваробы, і злыя духі выходзілі зь іх.
Acts Bela 19:13  Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе.
Acts Bela 19:14  Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы.
Acts Bela 19:15  Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто?
Acts Bela 19:16  І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.
Acts Bela 19:17  Гэта стала вядома ўсім Юдэям і Элінам, што жылі ў Эфэсе, і напаў страх на ўсіх іх, і слаўлена было імя Госпада Ісуса;
Acts Bela 19:18  А многія з тых, што ўверавалі, прыходзілі, спавядаючыся і адкрываючы ўчынкі свае.
Acts Bela 19:19  А з тых, што займаліся чарадзействам, даволі многія, пазьбіраўшы кнігі свае , спалілі іх перад усімі; і палічылі цэны іх, і выйшла іх на пяцьдзясят тысяч драхмаў.
Acts Bela 19:20  З такою сілаю ўзрастала і перамагала слова Гасподняе.
Acts Bela 19:21  Калі ж гэта зьдзейсьнілася, Павал пастанавіў у духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерусалім, сказаўшы: пабыўшы там, я павінен пабачыць і Рым.
Acts Bela 19:22  І паслаўшы ў Македонію двух, што служылі яму, Цімафея і Эраста, сам на нейкі час застаўся ў Асіі.
Acts Bela 19:23  У той час падняўся немалы бунт супроць шляху Гасподняга;
Acts Bela 19:24  бо нейкі срэбранік, якога звалі Дзімітрый, які ўзводзіў срэбныя храмы Артэміды і даваў рамесьнікам немалы прыбытак,
Acts Bela 19:25  склікаўшы іх і іншых такіх рамесьнікаў, сказаў: сябры! вы ведаеце, што на гэтым рамястве палягае добры дастатак наш;
Acts Bela 19:26  тым часам вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Асіі гэты Павал сваімі пераконваньнямі затлуміў нямала людзей, кажучы, што робленыя рукамі людзкімі — не багі;
Acts Bela 19:27  А гэта нам пагражае тым, што ня толькі рамяство нашае заняхаіцца, але і храм вялікай багіні Артэміды ў нішто абернецца, і зьнішчыцца веліч тае, якую шануе ўся Асія і ўвесь сьвет.
Acts Bela 19:28  Выслухаўшы гэта, яны споўніліся лютасьці і пачалі крычаць, кажучы: вялікая Артэміда Эфэская!
Acts Bela 19:29  І ўвесь горад напоўніўся смутай; схапіўшы Македонцаў Гаія і Арыстарха, спадарожнікаў Паўлавых, яны аднадушна памкнуліся на відовішча.
Acts Bela 19:30  Калі ж Павал хацеў выйсьці да людзей, вучні не дазволілі яму;
Acts Bela 19:31  таксама і некаторыя Асійскія начальнікі, якія былі сябрамі ягонымі, паслалі да яго прасіць — не паказвацца на відовішчы.
Acts Bela 19:32  Тым часам адны крычалі адно, а другія другое; бо сход быў бязладны, і большая частка людзей ня ведала, дзеля чаго сабраліся.
Acts Bela 19:33  На прапанову Юдэяў зь люду выбралі нейкага Аляксандра. Даўшы знак рукою, Аляксандр хацеў гаварыць да людзей.
Acts Bela 19:34  Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, дык закрычалі ўсе ў адзін голас, і каля дзьвюх гадзін крычалі: вялікая Артэміда Эфэская!
Acts Bela 19:35  А захавальнік парадку, уціхамірыўшы людзей, сказаў: мужы Эфэскія! які чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служнік вялікай багіні Артэміды і Дыяпэта?
Acts Bela 19:36  А калі супраць гэтага няма чым запярэчыць, дык трэба вам супакоіцца і не рабіць неабачліва;
Acts Bela 19:37  а вы прывялі гэтых мужоў, якія ні храма Артэмідынага не абакралі, ні багіні вашай ня бэсьцілі;
Acts Bela 19:38  Калі ж Дзімітрый і іншыя зь ім рамесьнікі маюць скаргу на каго-небудзь, дык ёсьць судовыя сходы, і ёсьць праконсулы: няхай скардзяцца адзін на аднаго;
Acts Bela 19:39  а калі вы дамагаецеся чагосьці іншага, дык гэта вырашыцца ў законным сходзе;
Acts Bela 19:40  бо нам ёсьць небясьпека, — за тое, што сталася сёньня, нам паставяць у віну смуту, бо няма аніякае прычыны, якою мы маглі б апраўдаць такую зборню. Сказаўшы гэта, ён распусьціў сход.
Chapter 20
Acts Bela 20:1  Калі спыніўся бунт, Павал, паклікаўшы вучняў і даўшы ім настаўленьні і разьвітаўшыся зь імі, выйшаў у Македонію.
Acts Bela 20:2  Прайшоўшы тыя землі і наставіўшы вернікаў шчодрымі словамі, прыйшоў у Эладу;
Acts Bela 20:3  Там прабыў ён тры месяцы; калі ж, з прычыны ўзрушэньня супраць яго Юдэяў ён хацеў выправіцца ў Сірыю, дык прыйшло яму на думку вярнуцца праз Македонію.
Acts Bela 20:4  Зь ім сьледавалі да Асіі Сасіпатр Піраў, Вэрыянін, і Фесалонікійцы Арыстарх, Сэкунд, і Гаій Дэрвянін і Цімафей, і Асійцы Тыхік і Трахім.
Acts Bela 20:5  Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе.
Acts Bela 20:6  А мы пасьля дзён праснаковых адплылі зь Піліпаў і дзён за пяць прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
Acts Bela 20:7  У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хлеба, Павал, намерыўшыся выправіцца на другі дзень, гутарыў зь імі і прадоўжыў слова да поўначы.
Acts Bela 20:8  У сьвятліцы, дзе мы сабраліся, было многа сьвяцільняў.
Acts Bela 20:9  Падчас доўгай гутаркі Паўлавай адзін юнак, якога звалі Яўціх і які сядзеў на акне, забыўся ў глыбокім сьне і, пахіснуўшыся, сонны выпаў уніз з трэцяга паверха і падняты быў мёртвы.
Acts Bela 20:10  Павал, сышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы яго , сказаў: ня трывожцеся, бо душа ягоная ў ім.
Acts Bela 20:11  Падняўшыся ўгору і разламаўшы хлеб і зьеўшы, гутарыў доўга, аж да сьвітаньня, і потым пайшоў.
Acts Bela 20:12  Тым часам хлопца прывялі жывога, і нямала ўцешыліся.
Acts Bela 20:13  Мы пайшлі наперад на карабель і паплылі ў Ас, каб забраць адтуль Паўла; бо ён так загадаў нам , маючы ў намеры сам ісьці пеша.
Acts Bela 20:14  а калі ён сышоўся з намі ў Асе, дык, узяўшы яго, мы прыбылі ў Матыліну.
Acts Bela 20:15  І адплыўшы адтуль, на другі дзень мы спыніліся насупраць Хіёса, а яшчэ на другі прысталі да Самоса і, пабываўшы ў Трагіліі, на другі дзень прыбылі ў Міліт;
Acts Bela 20:16  бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме.
Acts Bela 20:17  А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы,
Acts Bela 20:18  і,калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: вы ведаеце, як я зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі,
Acts Bela 20:19  працуючы Госпаду з усякай пакорнай мудрасьцю і многімі сьлязьмі, сярод спакушэньняў, якія выпалі мне празь ліхія намыслы Юдэяў;
Acts Bela 20:20  як я не прапусьціў нічога карыснага, пра што вам не прапаведаваў бы і чаму ня вучыў бы вас прылюдна і ў дамах,
Acts Bela 20:21  абвяшчаючы Юдэям і Элінам пакаяньне перад Богам і веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Acts Bela 20:22  І вось, сёньня я пабуджаны Духам іду ў Ерусалім, ня ведаючы, што там здарыцца са мною;
Acts Bela 20:23  толькі Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах сьведчыць, кажучы, што кайданы і пакуты чакаюць мяне.
Acts Bela 20:24  Але я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыцьцём, толькі б з радасьцю зьдзейсьніць абавязак мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса, прапаведаваць Дабравесьце мілаты Божай.
Acts Bela 20:25  І сёньня, вось, я ведаю, што ўжо не пабачыце болей аблічча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаведуючы Царства Божае.
Acts Bela 20:26  Таму сьведчу вам у дзень сёньняшні, што чысты я ад крыві ўсіх;
Acts Bela 20:27  бо я ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
Acts Bela 20:28  Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю.
Acts Bela 20:29  Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго увойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку;
Acts Bela 20:30  і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою.
Acts Bela 20:31  Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас.
Acts Bela 20:32  І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі.
Acts Bela 20:33  Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў:
Acts Bela 20:34  самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя.
Acts Bela 20:35  Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: "больш дабрашчасна — даваць, чым браць".
Acts Bela 20:36  Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся.
Acts Bela 20:37  Тады вялікі плач быў ва ўсіх, і, прыпадаючы Паўлу на грудзі, цалавалі яго,
Acts Bela 20:38  смуткуючы найболей ад сказанага ім слова, што ўжо не пабачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
Chapter 21
Acts Bela 21:1  Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару;
Acts Bela 21:2  і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі.
Acts Bela 21:3  Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля;
Acts Bela 21:4  і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім.
Acts Bela 21:5  Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся.
Acts Bela 21:6  І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
Acts Bela 21:7  А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.
Acts Bela 21:8  А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў , засталіся ў яго.
Acts Bela 21:9  У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.
Acts Bela 21:10  Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,
Acts Bela 21:11  і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.
Acts Bela 21:12  Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.
Acts Bela 21:13  Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.
Acts Bela 21:14  А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!
Acts Bela 21:15  Пасля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;
Acts Bela 21:16  з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.
Acts Bela 21:17  Як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.
Acts Bela 21:18  На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.
Acts Bela 21:19  Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.
Acts Bela 21:20  А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны — шчырыя слугі закону;
Acts Bela 21:21  а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.
Acts Bela 21:22  Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
Acts Bela 21:23  Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.
Acts Bela 21:24  Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, — і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.
Acts Bela 21:25  А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.
Acts Bela 21:26  Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.
Acts Bela 21:27  Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,
Acts Bela 21:28  закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закону і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.
Acts Bela 21:29  Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.
Acts Bela 21:30  Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.
Acts Bela 21:31  Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;
Acts Bela 21:32  ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;
Acts Bela 21:33  тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?
Acts Bela 21:34  А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
Acts Bela 21:35  А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;
Acts Bela 21:36  бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!
Acts Bela 21:37  Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-грэцку?
Acts Bela 21:38  Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?
Acts Bela 21:39  А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.
Acts Bela 21:40  І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-габрэйску так:
Chapter 22
Acts Bela 22:1  Мужы братове і бацькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі.
Acts Bela 22:2  Пачуўшы, што ён загаварыў зь імі па-габрэйску, яны яшчэ больш аціхлі. Ён сказаў:
Acts Bela 22:3  я Юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, выгадаваны ў гэтым горадзе ў нагах у Гамалііла, рупліва настаўлены ў бацькоўскім законе, шчыры слуга Божы, як і ўсе вы сёньня.
Acts Bela 22:4  Я нават да сьмерці гнаў пасьлядоўнікаў гэтага вучэньня, вяжучы і аддаючы ў цямніцу і мужчын і жанчын,
Acts Bela 22:5  як засьведчаць пра мяне першасьвятар і ўсе старэйшыны, ад якіх і пісьмы ўзяў да братоў у Дамаску, я ішоў, каб тамтэйшых прывесьці ў аковах у Ерусалім на катаваньне.
Acts Bela 22:6  І калі я быў у дарозе і падыходзіў да Дамаска, пад полудзень раптам азарыла мяне вялікае сьвятло зь неба.
Acts Bela 22:7  Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле! Саўле! чаго ты гоніш Мяне?
Acts Bela 22:8  Я адказваў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў мне: Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш.
Acts Bela 22:9  Тыя, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, але голасу Таго, Хто гаварыў да мяне, ня чулі.
Acts Bela 22:10  Тады я сказаў: Госпадзе! што мне рабіць? А Гасподзь сказаў мне: устань і ідзі ў Дамаск, і там табе сказана будзе ўсё, што назначана табе рабіць.
Acts Bela 22:11  А як што я ад славы сьвятла таго асьлеп, дык тыя, хто быў са мною, за руку прывялі мяне ў Дамаск.
Acts Bela 22:12  Нехта Ананія, муж пабожны паводле закону, пахвалёны ўсімі Юдэямі, што жывуць у Дамаску,
Acts Bela 22:13  прыйшоў да мяне і, падышоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь зноў відушчы! І я адразу ўбачыў яго.
Acts Bela 22:14  А ён сказаў мне: Бог бацькоў нашых наперад выбраў цябе, каб ты ўведаў волю Ягоную, убачыў Праведніка і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
Acts Bela 22:15  бо ты будзеш Яму за сьведку перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў;
Acts Bela 22:16  дык вось, чаго ж ты марудзіш? устань, ахрысьціся і змый грахі твае, заклікаўшы імя Госпада Ісуса.
Acts Bela 22:17  Калі ж я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў храме, упаў я ў жарсьць,
Acts Bela 22:18  і ўгледзеў Яго, і Ён сказаў мне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ерусаліма, бо ня прымуць тут твайго сьведчаньня пра Мяне.
Acts Bela 22:19  Я сказаў: Госпадзе! ім вядома, што я веруючых у Цябе кідаў у цямніцы і пабіваў у сынагогах,
Acts Bela 22:20  і, калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, я там стаяў, ухваляў забойства яго і вартаваў адзеньне забойцаў ягоных.
Acts Bela 22:21  І Ён сказаў мне: ідзі; Я пашлю цябе далёка да язычнікаў.
Acts Bela 22:22  Да гэтага слова слухалі яго; а пасьля гэтага паднялі крык, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня варта яму жыць.
Acts Bela 22:23  Тым часам як яны крычалі, шпурлялі вопратку і кідалі пясок у паветра,
Acts Bela 22:24  тысячнік загадаў увесьці яго ў крэпасьць, загадаўшы бічаваць яго, каб выведаць, зь якое прычыны так крычалі супроць яго.
Acts Bela 22:25  Але калі расьцягнулі яго рэмнямі, Павал сказаў сотніку: хіба вам дазволена бічаваць рымскага грамадзяніна, ды і бяз суду?
Acts Bela 22:26  Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і данёс тысячніку, кажучы: глядзі, што ты хочаш рабіць? гэты чалавек — рымскі грамадзянін.
Acts Bela 22:27  Тады тысячнік, падышоўшы да яго, сказаў: скажы мне, ты рымскі грамадзянін? Ён сказаў: так.
Acts Bela 22:28  Тысячнік адказваў: я за вялікія грошы набыў гэта грамадзянства, А Павал сказаў: а я і нарадзіўся ў ім.
Acts Bela 22:29  Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі яго катаваць; а тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, перапалохаўся, што зьвязаў яго.
Acts Bela 22:30  На другі дзень, хочучы ўпэўніцца ў праўдзе, за што вінавацяць яго Юдэі, вызваліў яго з ланцугоў і загадаў сабрацца першасьвятарам і ўсяму сынедрыёну і, вывеўшы Паўла, паставіў яго перад імі.
Chapter 23
Acts Bela 23:1  Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы братове! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень.
Acts Bela 23:2  А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах.
Acts Bela 23:3  Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне.
Acts Bela 23:4  А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш?
Acts Bela 23:5  Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: "начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань".
Acts Bela 23:6  Павал, даведаўшыся, што тут адна частка — садукеі, а другая — фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы братове! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю.
Acts Bela 23:7  І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася.
Acts Bela 23:8  Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое.
Acts Bela 23:9  Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу.
Acts Bela 23:10  Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць.
Acts Bela 23:11  У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме.
Acts Bela 23:12  А як разьвіднела, некаторыя Юдэі склалі змову, і прысягнулі ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць Паўла;
Acts Bela 23:13  а было больш за сорак такіх, што так прысягнулі;
Acts Bela 23:14  яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старэйшын, сказалі: мы клятваю запрысягнуліся ня есьці нічога, пакуль не заб’ём Паўла;
Acts Bela 23:15  Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго.
Acts Bela 23:16  Пачуўшы пра намысел гэты , сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла.
Acts Bela 23:17  А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму.
Acts Bela 23:18  Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе.
Acts Bela 23:19  Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне?
Acts Bela 23:20  Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную.
Acts Bela 23:21  Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня.
Acts Bela 23:22  Тады тысячнік адпусьціў хлопца, сказаўшы: нікому не кажы, што ты паведаміў мне гэта.
Acts Bela 23:23  І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: падрыхтуйце мне воінаў пешых дзьвесьце, конных семдзесят і стралкоў дзьвесьце, каб з трэцяй гадзіны ночы ішлі ў Кесарыю;
Acts Bela 23:24  падрыхтуйце таксама аслоў, каб, пасадзіўшы Паўла, пераправіць яго да правіцеля Фелікса.
Acts Bela 23:25  Напісаў і пісьмо такога зьместу:
Acts Bela 23:26  "Клаўдзій Лісій глыбокашаноўнаму правіцелю Феліксу — радавацца;
Acts Bela 23:27  гэтага чалавека Юдэі схапілі і гатовыя былі забіць; я, прыйшоўшы з воінамі, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін.
Acts Bela 23:28  Потым, хочучы даведацца, за што зьвінавацілі яго, прывёў яго ў сынедрыён іхні
Acts Bela 23:29  і выявіў, што яго вінавацяць за спрэчныя думкі адносна закону іхняга, але няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці альбо кайданоў.
Acts Bela 23:30  А як да мяне дайшло, што Юдэі намышляюць ліхое на гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы і скаржнікам гаварыць на яго перад табою; будзь здаровы".
Acts Bela 23:31  І вось воіны, паводле загаду, узяўшы Паўла, павялі сярод ночы ў Антыпатрыду,
Acts Bela 23:32  а на другі дзень, пакінуўшы конных ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць.
Acts Bela 23:33  А тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо правіцелю, перадалі яму і Паўла.
Acts Bela 23:34  Правіцель, прачытаўшы пісьмо, спытаўся, зь якой ён вобласьці, і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў:
Acts Bela 23:35  я выслухаю цябе, калі зьявяцца твае скаржнікі. І загадаў яму быць пад вартаю ў Ірадавай прэторыі.
Chapter 24
Acts Bela 24:1  Празь пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія з старэйшынамі і зь нейкім прамоўцам Тэртулам, якія скардзіліся правіцелю на Паўла.
Acts Bela 24:2  Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў вінаваціць яго , кажучы:
Acts Bela 24:3  заўсёды і ўсюды з падзякаю шчыраю прызнаём мы, што табе, глыбокашаноўны Феліксе, абавязаны мы вялікім мірам, і дбаньню твайму — добрым ладам гэтага народу.
Acts Bela 24:4  Але, каб дужа не дакучаць табе, прашу цябе выслухаць нас коратка з уласьцівай табе паблажлівасьцю.
Acts Bela 24:5  Мы лічым гэтага чалавека пошасьцю грамадзтва , падбухторшчыкам бунту сярод Юдэяў, якія жывуць на сьвеце, і правадніком Назарэйскай ерасі,
Acts Bela 24:6  які адважыўся нават апаганіць храм, мы ўзялі яго і хацелі судзіць яго паводле нашага закону.
Acts Bela 24:7  Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, зь вялікім гвалтам забраў яго з рук нашых і паслаў да цябе,
Acts Bela 24:8  загадаўшы і нам , скаржнікам яго, ісьці да цябе; ты можаш сам, разабраўшыся, даведацца ад яго пра ўсё тое, у чым мы вінавацім яго.
Acts Bela 24:9  І Юдэі пацьвердзілі, сказаўшы, што гэта так.
Acts Bela 24:10  А Павал, калі правіцель даў яму знак гаварыць, адказваў: ведаючы, што шмат гадоў справядліва судзіш народ гэты, я тым свабодней буду бараніць маю справу.
Acts Bela 24:11  Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён таму назад я прыйшоў у Ерусалім на пакланеньне;
Acts Bela 24:12  і ні ў сьвяцілішчы, ні ў сынагогах, ні ў горадзе яны ня бачылі, каб я з кім спрачаўся альбо падбухторваў людзей на бунт,
Acts Bela 24:13  і ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне;
Acts Bela 24:14  а ў тым прызнаюся табе, што паводле вучэньня, якое яны называюць ерасьсю, я сапраўды служу Богу бацькоў маіх , верачы напісанаму ў законе і прароках,
Acts Bela 24:15  маючы спадзяваньне на Бога, што будзе ўваскрэсеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць;
Acts Bela 24:16  так і сам дбаю заўсёды, каб мець беззаганнае сумленьне перад Богам і людзьмі;
Acts Bela 24:17  праз многа гадоў я прыйшоў, каб прынесьці міласьціну народу майму і ахвяры;
Acts Bela 24:18  пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме ня зь людзьмі і ня з бунтам;
Acts Bela 24:19  а гэта былі некаторыя Асійскія Юдэі, якім варта было б стаць прад табою і зьвінаваціць мяне , калі што маюць супроць мяне;
Acts Bela 24:20  альбо хай гэтыя самі скажуць, якую знайшлі яны ўва мне няпраўду, калі я стаў перад сынедрыёнам,
Acts Bela 24:21  бадай што толькі тое адно слова, якое ўголас вымавіў я, стоячы сярод іх, што за вучэньне пра ўваскрэсеньне мёртвых судзіце вы сёньня мяне.
Acts Bela 24:22  Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іхнюю справу , дакладна даведаўшыся пра гэты шлях, сказаўшы: калі прыйдзе тысячнік Лісій, я выведаю ўсё пра гэта вучэньне.
Acts Bela 24:23  А Паўла загадаў сотніку вартаваць, але ня ўціскаць яго і не забараняць нікому зь яго блізкіх служыць яму альбо адведваць яго.
Acts Bela 24:24  Празь некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, Юдэйкаю, паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Ісуса Хрыста.
Acts Bela 24:25  І як той гаварыў пра праўду, пра ўстрымлівасьць і будучы суд, дык Фелікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе.
Acts Bela 24:26  Пры гэтым спадзяваўся ён, што Павал дасьць яму грошай, каб адпусьціў яго: таму часта яго выклікаў і гутарыў зь ім.
Acts Bela 24:27  але праз два гады на Феліксава месца заступіў Порцый Фэст; хочучы дагадзіць Юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў кайданах.
Chapter 25
Acts Bela 25:1  Фэст, прыбыўшы ў вобласьць, праз тры дні выправіўся з Кесарыі ў Ерусалім.
Acts Bela 25:2  Тады першасьвятар і самыя знакамітыя Юдэі зьявіліся да яго са скаргай на Паўла і перконвалі яго,
Acts Bela 25:3  просячы, каб ён зрабіў ласку, выклікаў яго ў Ерусалім; і ліхое задумалі — забіць яго ў дарозе.
Acts Bela 25:4  Але Фэст адказваў, што Павал у Кесарыі пад вартаю, і што ён сам неўзабаве падасца туды.
Acts Bela 25:5  І вось, сказаў ён, каторыя з вас могуць, няхай пойдуць са мною, і калі ёсьць што за гэтым чалавекам, хай зьвінавацяць яго.
Acts Bela 25:6  Пабыўшы ў іх ня болей як восем ці дзесяць дзён, вярнуўся ў Кесарыю, і на другі дзень, сеўшы на суднае месца, загадаў прывесьці Паўла.
Acts Bela 25:7  Калі ён зьявіўся, пасталі навокал Юдэі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, і ўзводзілі на Паўла многія цяжкія абвінавачаньні, якіх не маглі даказаць.
Acts Bela 25:8  А ён у апраўданьне сваё сказаў: я ня ўчыніў ніякага злачынства ні супраць закону Юдэйскага, ні супраць храма, ні супраць кесара.
Acts Bela 25:9  Фэст, хочучы дагадзіць Юдэям, сказаў у адказ Паўлу: ці хочаш ісьці ў Ерусалім, каб я там судзіў цябе за гэта?
Acts Bela 25:10  Павал сказаў: я стаю перад судом кесаравым, дзе мяне і належыць судзіць; Юдэяў я нічым не пакрыўдзіў, як і ты добра ведаеш;
Acts Bela 25:11  бо, калі не мая праўда і зрабіў што-небудзь вартае сьмерці, дык не зракуся памерці; а калі нічога таго няма, у чым гэтыя вінавацяць мяне, дык ніхто ня можа выдаць мяне ім; патрабую суду кесаравага.
Acts Bela 25:12  Тады Фэст, пагутарыўшы з радай, адказваў: ты спатрабаваў суду кесаравага, да кесара і выправішся.
Acts Bela 25:13  Празь некалькі дзён цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста.
Acts Bela 25:14  І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах,
Acts Bela 25:15  на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго.
Acts Bela 25:16  Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня.
Acts Bela 25:17  Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека.
Acts Bela 25:18  Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў;
Acts Bela 25:19  але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцвярджаў, што Ён жывы.
Acts Bela 25:20  Ня быўшы пэўны ў рашэньні гэтага пытаньня, я сказаў: ці ня хоча ён пайсьці ў Ерусалім і там прыняць суд у гэтым?
Acts Bela 25:21  Але як што Павал патрабаваў, каб яго пакінулі на разгляд Аўгустаў, дык я загадаў трымаць яго пад вартаю да таго часу, як адпраўлю яго да кесара.
Acts Bela 25:22  Агрыпа ж сказаў Фэсту: хацеў бы і я паслухаць гэтага чалавека. Заўтра ж, адказваў той, пачуеш яго.
Acts Bela 25:23  На другі дзень, калі Агрыпа і Вэрэніка прыйшлі зь вялікаю пышнасьцю і ўвайшлі ў судовы намёт з тысячнікамі і знакамітымі грамадзянамі, па загадзе Фэста прыведзены быў Павал.
Acts Bela 25:24  І сказаў Фэст : цару Агрыпе і ўсе прысутныя з намі мужы! вы бачыце таго, супроць якога ўсё мноства Юдэяў прыступаліся да мяне ў Ерусаліме і тут і крычалі, што ён не павінен больш жыць;
Acts Bela 25:25  але я палічыў, што ён не зрабіў нічога вартага сьмерці, і як што ён сам дамагаўся суду ў Аўгуста, дык я рашыўся паслаць яго да кесара .
Acts Bela 25:26  Я ня маю нічога пэўнага напісаць пра яго кесару; таму прывёў яго да вас, і найперш да цябе, цару Агрыпе, каб, пасьля разгляду, было мне што напісаць;
Acts Bela 25:27  бо мне здаецца, неразважліва паслаць вязьня і не паказаць абвінавачаньняў на яго.
Chapter 26
Acts Bela 26:1  Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону:
Acts Bela 26:2  цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі,
Acts Bela 26:3  тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна.
Acts Bela 26:4  Жыцьцё маё зь юнацтва майго , якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі;
Acts Bela 26:5  яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня.
Acts Bela 26:6  І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам,
Acts Bela 26:7  выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі.
Acts Bela 26:8  Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых?
Acts Bela 26:9  Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя;
Acts Bela 26:10  гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас;
Acts Bela 26:11  і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
Acts Bela 26:12  Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў,
Acts Bela 26:13  сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною.
Acts Bela 26:14  Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна.
Acts Bela 26:15  Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш.
Acts Bela 26:16  Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе,
Acts Bela 26:17  вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе
Acts Bela 26:18  адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі.
Acts Bela 26:19  Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве,
Acts Bela 26:20  а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.
Acts Bela 26:21  За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць.
Acts Bela 26:22  Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе,
Acts Bela 26:23  гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам.
Acts Bela 26:24  Калі ён так бараніўся, Фэст гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар’яцтва.
Acts Bela 26:25  Не, глыбокашаноўны Фэсьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу:
Acts Bela 26:26  бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася;
Acts Bela 26:27  ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш.
Acts Bela 26:28  Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам.
Acts Bela 26:29  Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў.
Acts Bela 26:30  Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі
Acts Bela 26:31  і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць.
Acts Bela 26:32  І сказаў Агрыпа Фэсту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.
Chapter 27
Acts Bela 27:1  А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем.
Acts Bela 27:2  Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі.
Acts Bela 27:3  На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем.
Acts Bela 27:4  Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў,
Acts Bela 27:5  і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія.
Acts Bela 27:6  Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
Acts Bela 27:7  Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы;
Acts Bela 27:8  і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея.
Acts Bela 27:9  Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў,
Acts Bela 27:10  кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю.
Acts Bela 27:11  Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам.
Acts Bela 27:12  А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць.
Acts Bela 27:13  Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта.
Acts Bela 27:14  Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон.
Acts Bela 27:15  Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям.
Acts Bela 27:16  І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку;
Acts Bela 27:17  падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся.
Acts Bela 27:18  На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз .
Acts Bela 27:19  а на трэці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы.
Acts Bela 27:20  Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне.
Acts Bela 27:21  І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды;
Acts Bela 27:22  а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель;
Acts Bela 27:23  бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы
Acts Bela 27:24  і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.
Acts Bela 27:25  Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана:
Acts Bela 27:26  нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу.
Acts Bela 27:27  У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі,
Acts Bela 27:28  і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў.
Acts Bela 27:29  Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня.
Acts Bela 27:30  А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа,
Acts Bela 27:31  Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца.
Acts Bela 27:32  Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.
Acts Bela 27:33  На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога;
Acts Bela 27:34  Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы.
Acts Bela 27:35  Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці.
Acts Bela 27:36  Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу;
Acts Bela 27:37  а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
Acts Bela 27:38  І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
Acts Bela 27:39  Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём.
Acts Bela 27:40  І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага.
Acts Bela 27:41  Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў.
Acts Bela 27:42  А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк.
Acts Bela 27:43  Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю,
Acts Bela 27:44  а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.
Chapter 28
Acts Bela 28:1  А калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт.
Acts Bela 28:2  Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас.
Acts Bela 28:3  Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго.
Acts Bela 28:4  Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты — забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця.
Acts Bela 28:5  Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды.
Acts Bela 28:6  Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён — Бог.
Acts Bela 28:7  Навакол той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў.
Acts Bela 28:8  Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго.
Acts Bela 28:9  Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны.
Acts Bela 28:10  І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае.
Acts Bela 28:11  Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве,
Acts Bela 28:12  і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні;
Acts Bela 28:13  адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол,
Acts Bela 28:14  дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым.
Acts Bela 28:15  Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам.
Acts Bela 28:16  А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго.
Acts Bela 28:17  Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы братове! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам;
Acts Bela 28:18  яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці;
Acts Bela 28:19  але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты , ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой;
Acts Bela 28:20  з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі , бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі.
Acts Bela 28:21  А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога.
Acts Bela 28:22  Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца.
Acts Bela 28:23  І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закону Майсеевага і прарокаў.
Acts Bela 28:24  І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі.
Acts Bela 28:25  Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю:
Acts Bela 28:26  "ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце;
Acts Bela 28:27  агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх".
Acts Bela 28:28  Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць.
Acts Bela 28:29  Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою.
Acts Bela 28:30  І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,
Acts Bela 28:31  прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.