Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
Chapter 1
Isai Bela 1:1  Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі — цароў Юдэйскіх.
Isai Bela 1:2  Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне .
Isai Bela 1:3  Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.
Isai Bela 1:4  О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, — павярнуліся назад.
Isai Bela 1:5  Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.
Isai Bela 1:6  Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.
Isai Bela 1:7  Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.
Isai Bela 1:8  І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.
Isai Bela 1:9  Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.
Isai Bela 1:10  Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!
Isai Bela 1:11  Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.
Isai Bela 1:12  Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
Isai Bela 1:13  Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне — і сьвяткаваньне!
Isai Bela 1:14  Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
Isai Bela 1:15  І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
Isai Bela 1:16  Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
Isai Bela 1:17  навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
Isai Bela 1:18  Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, — як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, — як воўну адбялю.
Isai Bela 1:19  Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
Isai Bela 1:20  Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
Isai Bela 1:21  Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
Isai Bela 1:22  Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
Isai Bela 1:23  Князі твае — законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і угоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
Isai Bela 1:24  Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
Isai Bela 1:25  І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае
Isai Bela 1:26  і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: "горад праўды, сталіца веры".
Isai Bela 1:27  Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго — справядлівасьцю.
Isai Bela 1:28  А ўсім адступнікам і грэшнікам — пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.
Isai Bela 1:29  Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.
Isai Bela 1:30  Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.
Isai Bela 1:31  І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная — іскраю; і будуць паліцца разам, — і ніхто не патушыць.
Chapter 2
Isai Bela 2:1  Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.
Isai Bela 2:2  І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.
Isai Bela 2:3  І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.
Isai Bela 2:4  І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.
Isai Bela 2:5  О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.
Isai Bela 2:6  Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.
Isai Bela 2:7  І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;
Isai Bela 2:8  і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.
Isai Bela 2:9  І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.
Isai Bela 2:10  Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.
Isai Bela 2:11  Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
Isai Bela 2:12  Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, — і яно будзе прыніжана,
Isai Bela 2:13  і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,
Isai Bela 2:14  і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,
Isai Bela 2:15  і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,
Isai Bela 2:16  і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.
Isai Bela 2:17  І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
Isai Bela 2:19  І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
Isai Bela 2:20  У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,
Isai Bela 2:21  каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
Isai Bela 2:22  Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?
Chapter 3
Isai Bela 3:1  Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою,
Isai Bela 3:2  адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца,
Isai Bela 3:3  пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове.
Isai Bela 3:4  І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі.
Isai Bela 3:5  І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам.
Isai Bela 3:6  Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сям’і бацькі свайго, і скажа : "у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю".
Isai Bela 3:7  А ён з прысягаю скажа: "не магу загоіць ранаў грамадства ; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу".
Isai Bela 3:8  Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія — супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай.
Isai Bela 3:9  Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха.
Isai Bela 3:10  Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх;
Isai Bela 3:11  а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных.
Isai Bela 3:12  Прыгнятальнікі народу Майго — дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі.
Isai Bela 3:13  Паўстаў Гасподзь на суд — і стаіць, каб судзіць народы.
Isai Bela 3:14  Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага — у вашых дамах.
Isai Bela 3:15  Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
Isai Bela 3:16  І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах,
Isai Bela 3:17  сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю.
Isai Bela 3:18  У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы,
Isai Bela 3:19  завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя,
Isai Bela 3:21  вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі,
Isai Bela 3:22  сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы.
Isai Bela 3:23  І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы.
Isai Bela 3:24  Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае — на вайне.
Isai Bela 3:25  І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.
Chapter 4
Isai Bela 4:1  І схопяцца сем жанчын за аднаго мужчыну ў той дзень, і скажуць: "свой хлеб будзем есьці, і сваю адзежу будзем насіць, толькі хай называцьмемся імем тваім, — здымі ганьбу з нас".
Isai Bela 4:2  У той дзень галіна Госпада явіцца ў красе і пашане, і плод зямлі — у велічы і славе, ацалелым сынам Ізраіля.
Isai Bela 4:3  Тады тыя, што засталіся на Сіёне і ацалелі ў Ерусаліме, назавуцца сьвятымі, усе запісаныя ў кнігу на жыцьцё ў Ерусаліме,
Isai Bela 4:4  калі Гасподзь абмые бруд дачок Сіёна і ачысьціць кроў Ерусаліма з асяродзьдзя яго духам суду і духам агню.
Isai Bela 4:5  І створыць Гасподзь над усякай мясьцінай гары Сіёна і над сходамі яе воблака і дым у час дня і зьзяньне полымнага агню ў час ночы; бо над усім пашанным будзе покрыва.
Isai Bela 4:6  І будзе намёт для засені ўдзень ад сьпёкі і для сховішча і абароны ад непагадзі і дажджу.
Chapter 5
Isai Bela 5:1  Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
Isai Bela 5:2  І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
Isai Bela 5:3  І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
Isai Bela 5:4  Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
Isai Bela 5:5  Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
Isai Bela 5:6  І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
Isai Bela 5:7  Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды — любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось — праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось — лямант.
Isai Bela 5:8  Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.
Isai Bela 5:9  У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя — зьбязьлюдзеюць;
Isai Bela 5:10  дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.
Isai Bela 5:11  Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;
Isai Bela 5:12  і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.
Isai Bela 5:13  За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.
Isai Bela 5:14  За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.
Isai Bela 5:15  І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;
Isai Bela 5:16  А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.
Isai Bela 5:17  І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.
Isai Bela 5:18  Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх — як бы ляйчынамі калясьнічнымі;
Isai Bela 5:19  якія кажуць: "Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!"
Isai Bela 5:20  Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро — злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае — горкім!
Isai Bela 5:21  Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!
Isai Bela 5:22  Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,
Isai Bela 5:23  якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!
Isai Bela 5:24  Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.
Isai Bela 5:25  За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.
Isai Bela 5:26  І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, — і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;
Isai Bela 5:27  і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;
Isai Bela 5:28  стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;
Isai Bela 5:29  рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.
Isai Bela 5:30  І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось — цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.
Chapter 6
Isai Bela 6:1  У год сьмерці цара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на троне высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм.
Isai Bela 6:2  Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага зь іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў.
Isai Bela 6:3  І клікалі адзін аднаму і казалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!
Isai Bela 6:4  І затрэсьліся бэлькі ў браме ад голасу тых, што клікалі, і дом напоўніўся дымам ахвярным .
Isai Bela 6:5  І сказаў я: гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі,— і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа.
Isai Bela 6:6  Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка,
Isai Bela 6:7  і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны.
Isai Bela 6:8  І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне.
Isai Bela 6:9  І сказаў Ён: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце.
Isai Bela 6:10  Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх.
Isai Bela 6:11  І сказаў я: ці надоўга, Госпадзе? Ён сказаў: пакуль не апусьцеюць гарады, і не застануцца бяз жыхароў, і дамы без людзей, і пакуль зямля гэтая зусім не запусьцеецца.
Isai Bela 6:12  І выдаліць Гасподзь людзей, і вялікае запусьценьне будзе на гэтай зямлі.
Isai Bela 6:13  І калі яшчэ застанецца дзясятая частка на ёй, і вернецца, яна зноў будзе спустошана; але , як ад ліпы і як ад дуба, калі яны сьсечаны, застаецца корань іх, так сьвятое насеньне будзе коранем яе.
Chapter 7
Isai Bela 7:1  І было ў дні Ахаза, сына Ёатамавага, сына Азіі, цара Юдэйскага, Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліінаў, цар Ізраільскі, пайшлі супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго,— але не маглі заваяваць.
Isai Bela 7:2  І было абвешчана дому Давідаваму, і сказана: Сірыяне разьмясьціліся ў зямлі Яфрэмавай; і пахіснулася сэрца ягонае і сэрца народа ягонага, як хістаюцца ад ветру дрэвы ў лесе.
Isai Bela 7:3  І сказаў Гасподзь Ісаю: выйдзі ты і сын твой, Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага,
Isai Bela 7:4  і скажы яму: сачы і будзь спакойны; ня бойся, і хай не занепадае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і сына Рэмаліінавага.
Isai Bela 7:5  Сірыя, Яфрэм і сын Рэмаліінаў намышляюць супроць цябе ліхое, кажучы:
Isai Bela 7:6  пойдзем на Юдэю, і ўзбурым яе, і авалодаем ёю, і паставім у ёй царом сына Тавэілавага.
Isai Bela 7:7  Але Гасподзь Бог так кажа: гэта ня станецца і ня збудзецца;
Isai Bela 7:8  бо галава Сірыі — Дамаск, і галава Дамаска — Рэцын; а праз шэсьцьдзясят пяць гадоў Яфрэм перастане быць народам;
Isai Bela 7:9  і галава Яфрэма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліінаў. Калі вы ня верыце, дык таму, што вы не засьведчаныя.
Isai Bela 7:10  І Гасподзь гаварыў далей да Ахаза, і сказаў:
Isai Bela 7:11  прасі сабе азнакі ў Госпада Бога твайго: прасі альбо ў глыбіні, альбо на вышыні.
Isai Bela 7:12  І сказаў Ахаз: ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада.
Isai Bela 7:13  Тады сказаў Ісая : слухайце ж, доме Давідаў! няўжо мала вам абцяжваць людзей, што вы хочаце абцяжваць і Бога майго?
Isai Bela 7:14  Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.
Isai Bela 7:15  Ён будзе карміцца малаком і мёдам, пакуль ня будзе ўмець адкідаць благое і выбіраць добрае.
Isai Bela 7:16  Бо, перш чым гэтае дзіця ўмецьме адкідаць благое і выбіраць добрае, зямля тая, якое ты баішся, будзе пакінута абодвума царамі яе.
Isai Bela 7:17  Але навядзе Гасподзь на цябе і на народ твой і на дом бацькі твайго дні, якія ня прыходзілі з часу адпаду Яфрэма ад Юды, навядзе цара Асірыйскага.
Isai Bela 7:18  І станецца ў той дзень: Гасподзь дасьць знак мусе, якая пры ўтоку ракі Егіпецкай, і пчале, якая ў зямлі Асірыйскай,—
Isai Bela 7:19  і прыляцяць і пасядуць яны ўсе па далінах апусьцелых і па расколінах скал, і па ўсім калючым кустоўі і па ўсіх дрэвах.
Isai Bela 7:20  У той дзень паголіць Гасподзь брытваю, узятаю па той бок ракі царом Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і нават здыме бараду.
Isai Bela 7:21  І станецца ў той дзень: хто будзе трымаць карову і дзве авечкі,
Isai Bela 7:22  з багацьця малака, якое яны дадуць, спажываць будзе масла; масла і мёд будуць есьці ўсе, што засталіся ў гэтай зямлі.
Isai Bela 7:23  І станецца ў той дзень: на ўсякім месцы, дзе расла тысяча вінаградных лозаў на тысячу срэбранікаў, будзе церне і калючы хмыз.
Isai Bela 7:24  Са стрэламі і лукамі хадзіцьмуць туды, бо ўся зямля будзе цернем і калючым хмызам.
Isai Bela 7:25  І ні на адну гару, якую капалі рыдлёўкамі, ня пойдзеш, баючыся церняў і калючых хмызоў: туды будуць выганяць валоў, і дробнае быдла таптацьме іх.
Chapter 8
Isai Bela 8:1  І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз .
Isai Bela 8:2  І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,—
Isai Bela 8:3  і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
Isai Bela 8:4  бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: "бацька мой", "маці мая", багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
Isai Bela 8:5  І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
Isai Bela 8:6  за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
Isai Bela 8:7  навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія—цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
Isai Bela 8:8  і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца — дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
Isai Bela 8:9  Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
Isai Bela 8:10  Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
Isai Bela 8:11  Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народу, і сказаў:
Isai Bela 8:12  "не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
Isai Bela 8:13  Госпада Саваофа — Яго шануйце сьвята, і Ён — страх ваш, і Ён — дрыжаньне вашае!
Isai Bela 8:14  І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
Isai Bela 8:15  І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб'юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
Isai Bela 8:16  Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх".
Isai Bela 8:17  Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
Isai Bela 8:18  Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
Isai Bela 8:19  І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў,— тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
Isai Bela 8:20  Зьвяртайцеся да закону і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
Isai Bela 8:21  І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
Isai Bela 8:22  І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось — гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусціўся.
Chapter 9
Isai Bela 9:1  Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую.
Isai Bela 9:2  Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.
Isai Bela 9:3  Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы.
Isai Bela 9:4  Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка — Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма.
Isai Bela 9:5  Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню.
Isai Bela 9:6  Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру.
Isai Bela 9:7  Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.
Isai Bela 9:8  Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля,
Isai Bela 9:9  каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць:
Isai Bela 9:10  "цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі".
Isai Bela 9:11  І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць:
Isai Bela 9:12  Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Isai Bela 9:13  Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б’е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае.
Isai Bela 9:14  І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень:
Isai Bela 9:15  старац і знакаміты, — гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост.
Isai Bela 9:16  І правадыры гэтага народу ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць.
Isai Bela 9:17  Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны — крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Isai Bela 9:18  Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, — і шугаюць слупы дыму.
Isai Bela 9:19  Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго.
Isai Bela 9:20  І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй:
Isai Bela 9:21  Манасія — Яфрэма і Яфрэм — Манасію, абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Chapter 10
Isai Bela 10:1  Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы,
Isai Bela 10:2  каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў.
Isai Bela 10:3  І што вы будзеце рабіць у дзень пакараньня, калі прыйдзе пагібель здалёку? Да каго ўцечаце па дапамогу? і дзе пакінеце багацьце вашае?
Isai Bela 10:4  Безь Мяне сагнуцца сярод вязьняў і ўпадуць сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Isai Bela 10:5  О, Асур, жазло гневу Майго! і біч у руцэ ў яго — Маё абурэньне!
Isai Bela 10:6  Я пашлю яго супроць народу бязбожнага і супроць народу гневу Майго, загадаю яму — абабраць рабункам і ўзяць здабычу, і таптаць яго, як бруд на вуліцах.
Isai Bela 10:7  Але ён ня так падумае, і ня так намысьліць сэрца ягонае: у яго будзе на сэрцы — спустошыць і вынішчыць нямала народаў.
Isai Bela 10:8  Бо ён скажа: "ці ня ўсе цары князі мае?"
Isai Bela 10:9  Халнэ ці ж ня тое самае, што Кархэміс? Эмат ці ж ня тое самае, што Арпад? Самарыя ці ж ня тое самае, што Дамаск?
Isai Bela 10:10  Бо рука мая авалодала царствамі ідальскімі, у якіх куміраў больш, чым у Ерусаліме і Самарыі,
Isai Bela 10:11  ці ж не зраблю таго самага зь Ерусалімам і рэзьбамі яго, што зрабіў з Самарыяй ды ідаламі яе?
Isai Bela 10:12  І станецца: калі Гасподзь завершыць усю Сваю дзею на гары Сіёне і ў Ерусаліме, скажа: пагляджу на посьпех пыхлівага сэрца цара Асірыйскага і на славалюбства высока паднятых вачэй ягоных.
Isai Bela 10:13  Ён кажа: сілаю рукі маёй і маёю мудрасьцю я зрабіў гэта, бо я разумны: і перастаўляю межы народаў, і разбураю скарбы іхнія, і скідаю з тронаў, як волат;
Isai Bela 10:14  і рука мая захапіла багацьце народаў, як гнёзды; і як забіраюць пакінутыя ў іх яйкі, так забраў я ўсю зямлю, і ніхто не варухнуў крылом і не разьзявіў рота і ня пікнуў.
Isai Bela 10:15  Ці пахваляецца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ганарыцца піла перад тым, хто яе рухае? Хіба жазло паўстае на таго, хто падымае яго; хіба кій падымаецца на таго, хто ня дрэва!
Isai Bela 10:16  За тое Гасподзь, Гасподзь Саваоф, пашле сухоты на тлустых яго і сярод знакамітых яго запаліць полымя, як полымя агню.
Isai Bela 10:17  Сьвятло Ізраіля будзе агнём, і Сьвяты яго — полымем, якое спаліць і зжарэ церне яго і бадзякі яго за адзін дзень;
Isai Bela 10:18  і славуты лес яго і сад яго, ад душы да цела, вынішчыць; і ён будзе, як чэзлы прысьмертнік.
Isai Bela 10:19  І рэшта дрэў лесу будзе такая малая лікам, што дзіця зможа зрабіць вопіс.
Isai Bela 10:20  І будзе ў той дзень: рэшта Ізраіля і хто ўратуецца з дому Якава, ня будуць больш спадзявацца на таго, хто пабіў іх, а пакладуць надзею на Госпада, Сьвятога Ізраілевага, са шчырым сэрцам.
Isai Bela 10:21  Рэшта навернецца, рэшта Якава — да Бога моцнага.
Isai Bela 10:22  Бо, хоць бы народу ў цябе, Ізраіле, было столькі, колькі пяску марскога, толькі рэшта яго вернецца; вынішчэньне вызначана, каб зьдзейсьнілася справядлівасьць;
Isai Bela 10:23  бо вызначанае вынішчэньне ўчыніць Гасподзь, Гасподзь Саваоф, на ўсёй зямлі.
Isai Bela 10:24  Таму так кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф: народзе мой, што жывеш на Сіёне! ня бойся Асура. Ён цябе вытне жазлом, і падыме свой кій на цябе, як Егіпет.
Isai Bela 10:25  Яшчэ нямнога, зусім нядоўга, і пройдзе Маё абурэньне, і лютасьць Мая абернецца на вынішчэньне іх.
Isai Bela 10:26  І падыме Гасподзь Саваоф біч на яго, як пад час паражэньня Мадыяма каля скалы Арыва, альбо як падняў на мора жазло і падыме яго, як на Егіпет.
Isai Bela 10:27  І станецца ў той дзень: здымецца з плячэй тваіх цяжар ягоны, і ярмо ягонае — з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад тлушчу.
Isai Bela 10:28  Ён ідзе на Аят; праходзіць Мігрон; у Міхмасе складвае запасы свае.
Isai Bela 10:29  Праходзяць цясьніны; у Геве начлег іхні; Рама трасецца; Саўлава Гіва разьбеглася.
Isai Bela 10:30  Галасі голасам тваім, дачка Галімава; хай пачуе цябе Лаіс, гаротны Анатот!
Isai Bela 10:31  Мадмена разьбеглася, жыхары Гевіма пасьпешна ўцякаюць.
Isai Bela 10:32  Яшчэ дзень прастаіць ён у Нове; пагражае рукою сваёю гары Сіёну, пагорку Ерусалімскаму.
Isai Bela 10:33  Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, страшнаю сілаю сарве вецьце з дрэў, і выбуялыя сьсечаны будуць, выносныя пахілены да зямлі.
Isai Bela 10:34  І пасячэ нетры лесу жалезам, — і Ліван упадзе ад Усемагутнага.
Chapter 11
Isai Bela 11:1  І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага;
Isai Bela 11:2  і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці;
Isai Bela 11:3  і ўпадабаньне Ягонае тым, у кім страх Божы, і будзе судзіць не з пагляду вачэй Сваіх і не са слыху вушэй Сваіх вырашаць справы.
Isai Bela 11:4  Ён будзе судзіць бедных па праўдзе, і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісьціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка.
Isai Bela 11:5  І будзе апаясаньнем сьцёгнаў Яго — праўда, і апаясаньнем паясьніцы Яго — ісьціна.
Isai Bela 11:6  Тады воўк будзе жыць разам зь ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх.
Isai Bela 11:7  І карова будзе пасьвіцца зь мядзьведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есьці салому.
Isai Bela 11:8  І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі.
Isai Bela 11:9  І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора.
Isai Bela 11:10  І станецца ў той дзень: да кораня Есэевага, які стане нібы сьцяг народам, зьвернуцца язычнікі, — і спакоем яго будзе слава.
Isai Bela 11:11  І станецца ў той дзень: Гасподзь зноў узьнясе руку Сваю, каб вярнуць Сабе рэшту народу Свайго, які застанецца ў Асура, і ў Егіпце, і ў Патросе, і ў Хусе, і ў Эламе, і ў Сэнаары, і ў Эмаце, і на выспах у моры.
Isai Bela 11:12  І падыме сьцяг язычнікам і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і расьсеяных Юдэяў скліча ад чатырох краёў зямлі.
Isai Bela 11:13  І спыніцца зайздрасьць Яфрэмавая, і супраціўцы Юды будуць вынішчаны. Яфрэм ня будзе зайздросьціць Юду, і Юда ня будзе ўціскаць Яфрэма.
Isai Bela 11:14  І паляцяць поруч зь Філістымлянамі на захад, абрабуюць усіх дзяцей Усходу; на Эдома і Маава накладуць руку сваю, і дзеці Амонавыя будуць падданцамі іхнімі.
Isai Bela 11:15  І высушыць Гасподзь затоку мора Егіпецкага, і ўзьнясе руку Сваю на раку ў моцным ветры Сваім, і падзеліць яе на сем ручаін, так што ў сандалях можна будзе пераходзіць яе.
Isai Bela 11:16  Тады рэшце народу Яго, які застанецца ў Асура, будзе вялікая дарога, як гэта было Ізраілю, калі ён выходзіў зь зямлі Егіпецкай.
Chapter 12
Isai Bela 12:1  І скажаш у той дзень: слаўлю Цябе, Госпадзе; Ты гневаўся на мяне, але адвёў гнеў Твой і суцешыў мяне.
Isai Bela 12:2  Вось, Бог — ратунак мой: спадзяюся на Яго, і не баюся; бо Гасподзь — сіла мая, і песьня мая — Гасподзь; і Ён быў мне збавеньнем.
Isai Bela 12:3  І ў радасьці будзеце чэрпаць ваду з крыніц збавеньня,
Isai Bela 12:4  і скажаце ў той дзень: слаўце Госпада, заклікайце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Яго; нагадвайце, што вялікае імя Яго;
Isai Bela 12:5  сьпявайце Госпаду, бо Ён учыніў вялікае, — хай ведаюць гэта на ўсёй зямлі.
Isai Bela 12:6  Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёна, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраілеў.
Chapter 13
Isai Bela 13:1  Прароцтва пра Вавілон, якое выказаў Ісая, сын Амосаў.
Isai Bela 13:2  Падымеце сьцяг на голай гары, узвысьце голас; махнеце ім рукою, каб ішлі ў браму ўладароў.
Isai Bela 13:3  Я даў наказ выбранцам Маім, і заклікаў на выкананьне гневу Майго моцных Маіх, якія трыумфуюць у велічы Маёй.
Isai Bela 13:4  Вялікі гоман на горах, як бы шматлікага народу, мяцежны гул царстваў і народаў, што сабраліся разам: Гасподзь Саваоф азірае баявое войска.
Isai Bela 13:5  Ідуць з далёкай краіны, ад краю неба, Гасподзь і носьбіты гневу Ягонага, каб зьнішчыць усю зямлю.
Isai Bela 13:6  Галасеце, бо дзень Госпада блізкі, — ідзе, як разбуральная сіла ад Усемагутнага.
Isai Bela 13:7  Таму рукі ва ўсіх апусьціліся, і сэрца ў кожнага чалавека растала.
Isai Bela 13:8  Жахнуліся, курчы і боль ахапілі іх; пакутуюць, як парадзіха, зьдзіўлена глядзяць адзін на аднаго, твары ў іх разгарэліся.
Isai Bela 13:9  Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць зь яе грэшнікаў яе.
Isai Bela 13:10  Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім.
Isai Bela 13:11  Я пакараю сьвет за ліха, і бязбожных — за беззаконьні іхнія, і пакладу канец высокаразумнасьці ганарыстых і зьнішчу пыхлівасьць прыгнятальнікаў;
Isai Bela 13:12  зраблю так, што людзі будуць даражэйшыя за чыстае золата, і мужчыны — даражэйшыя за золата Афірскае.
Isai Bela 13:13  Дзеля гэтага скалану неба, — і зямля зрушыцца зь месца свайго ад лютасьці Госпада Саваофа, у дзень палымянага гневу Яго.
Isai Bela 13:14  Тады кожны, як гнаная сарна і як пакінутыя авечкі, вернецца да народу свайго, і кожны пабяжыць у сваю зямлю.
Isai Bela 13:15  Але кожны злоўлены будзе заколаты, і каго схопяць, той памрэ ад меча.
Isai Bela 13:16  І дзеці іх будуцуь разьбітыя на вачах у іх; дамы іхнія будуць зрабаваныя і жанкі іх зьняслаўленыя.
Isai Bela 13:17  Вось, я падыму супроць іх Мідзянаў, якія ня цэняць срэбра і ня прагнуць золата.
Isai Bela 13:18  Лукі іхнія пратнуць юнакоў і не пашкадуюць плоду ўлоньня: вока іхняе не ўмілажаліцца зь дзяцей.
Isai Bela 13:19  І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора,
Isai Bela 13:20  не заселіцца ніколі, і з роду ў род ня будзе жыхароў у ім; не раскіне Аравіцянін намёту свайго, і пастухі са статкамі ня будуць адпачываць там.
Isai Bela 13:21  А будуць вадзіцца ў ім зьвяры пустыні, і дамы напоўняцца совамі; і страўсы паселяцца, і касмачы будуць скакаць там.
Isai Bela 13:22  Шакалы будуць выць у харомах іхніх, і гіены — у вясёлых дамах.
Chapter 14
Isai Bela 14:1  І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.
Isai Bela 14:2  І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.
Isai Bela 14:3  І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,
Isai Bela 14:4  і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка — спынілася рабаўніцтва!
Isai Bela 14:5  Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,
Isai Bela 14:6  што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.
Isai Bela 14:7  Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.
Isai Bela 14:8  І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.
Isai Bela 14:9  Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.
Isai Bela 14:10  Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!
Isai Bela 14:11  У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві — покрыва тваё.
Isai Bela 14:12  Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.
Isai Bela 14:13  А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;
Isai Bela 14:14  узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.
Isai Bela 14:15  Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.
Isai Bela 14:16  Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,
Isai Bela 14:17  сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?
Isai Bela 14:18  Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;
Isai Bela 14:19  а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,
Isai Bela 14:20  не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.
Isai Bela 14:21  Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.
Isai Bela 14:22  І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту — і сына і ўнука, кажа Гасподзь.
Isai Bela 14:23  І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.
Isai Bela 14:24  Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,
Isai Bela 14:25  каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.
Isai Bela 14:26  Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;
Isai Bela 14:27  бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, — і хто адвядзе яе?
Isai Bela 14:28  У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:
Isai Bela 14:29  ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.
Isai Bela 14:30  Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб’е рэшту тваю.
Isai Bela 14:31  Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.
Isai Bela 14:32  Што ж скажуць весьнікі народныя? — Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць сховішча бедныя з народу Яго.
Chapter 15
Isai Bela 15:1  Прароцтва пра Маава. — Так! уначы будзе зруйнаваны Ар-Мааў і зьнішчаны; так! уначы будзе зруйнаваны Кір-Мааў і зьнішчаны!
Isai Bela 15:2  Ён узыходзіць да Баіта і Дывона, узыходзіць на вышыні, каб плакаць; Мааў галосіць над Нэво і Мэдэваю; ва ўсіх іх астрыжаныя галовы, ва ўсіх паголеныя бароды.
Isai Bela 15:3  На вуліцах яго падпярэзваюцца вярэтаю; на дахах яго і на плошчах яго ўсё галосіць, тоне ў сьлёзах.
Isai Bela 15:4  І лямантуе Эсэвон і Элеала: голас іх чуецца да самай Яацы; за імі і воіны Маава галосяць; душа яго абурана ў ім.
Isai Bela 15:5  Галосіць сэрца маё па Мааве; уцякаюць зь яго да Сігора, да трэцяй Эглы; ідуць на ўсход Лухіцкі з плачам; па дарозе Харанаім з плачам; па дарозе Харанаімскай страшэнна лямантуючы;
Isai Bela 15:6  бо воды Німрыма счэзьлі, лугі засохлі, трава выгарала, — прапала зялёнае.
Isai Bela 15:7  Таму яны рэшткі сабранага і ашчаджанага імі пераносяць за раку Аравійскую.
Isai Bela 15:8  Бо лямант па ўсіх межах Маава, да Эглайма плач ягоны;
Isai Bela 15:9  бо воды Дымона напоўніліся крывёю, і Я навяду на Дымон яшчэ новае, — ільвоў на ўцекачоў з Маава і на тых, што засталіся ў краіне.
Chapter 16
Isai Bela 16:1  Пасылайце ягнят уласьніку зямлі з Сэлы ў пустыні на гару дачкі Сіёна;
Isai Bela 16:2  бо да ўспалошанай птушкі выкінутай з гнязда, будуць падобныя дочкі Маава каля брадоў Арнонскіх.
Isai Bela 16:3  "Складзі раду, пастанаві рашэньне; ахіні нас аполудні, як уначы, ценем тваім, акрый выгнаных, ня выдай падарожных.
Isai Bela 16:4  Хай пажывуць у цябе мае выгнанцы Маавіцяне; будзь ім аслонаю ад грабежніка: бо прыгнятальніка ня стане, рабунак спыніцца, таптальнікі зьнікнуць зь зямлі.
Isai Bela 16:5  І ўцьвердзіцца трон міласьцю, і сядзе на ім у ісьціне, у намёце Давідавым, судзьдзя, які шукае праўды і дбае пра правасудзьдзе".
Isai Bela 16:6  "Мы чулі пра гонар Маава, гонар празьмерны, пра пыху яго і фанабэрства і сваволю яго: няшчырае слова ў яго".
Isai Bela 16:7  Таму загалосіць Мааў па Мааве, — усе галасіцьмуць; енчыце па цьвярдынях Кірхарэшэта: яны зруйнаваныя цалкам.
Isai Bela 16:8  Палі Эсэвонскія звыраднелі гэтак сама і вінаграднік Сэвамскі; уладары народаў вынішчылі найлепшыя лозы яго, што дасягалі Язэра, ішлі па пустыні; парасткі іх разьбягаліся, пераходзілі за мора.
Isai Bela 16:9  Таму і я буду плакаць па лазе Сэвамскай плачам Язэра, аблівацьму цябе сьлязьмі маімі, Эсэвоне і Элеале; бо ў час збору вінаграду твайго і ў час жніва твайго няма болей шумнай радасьці.
Isai Bela 16:10  Зьнікла з урадлівай зямлі весялосьць і радасьць, у вінаградніках не сьпяваюць, не весяляцца; вінаградар ня топча вінаграду ў чавільнях: я радавацца перастаў.
Isai Bela 16:11  Таму нутроба мая стогне па Мааве, як арфа, і сэрца маё — па Кірхарэшэце.
Isai Bela 16:12  Хоць і явіцца Мааў і таміцьмецца на вышынях, і прыйдзе да сьвятыні сваёй памаліцца, але не дапаможа нічога.
Isai Bela 16:13  Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра Мааў даўно.
Isai Bela 16:14  А сёньня так кажа Гасподзь: праз тры гады, лічачы гадамі найміцкімі, веліч Маава будзе зьняважана з усім вялікім шматлюдствам, і рэшта будзе вельмі малая і нязначная.
Chapter 17
Isai Bela 17:1  Прароцтва пра Дамаск. — Вось, Дамаск перастане быць горадам, і будзе грудай руінаў.
Isai Bela 17:2  Гарады Араэрскія будуць пакінуты, — застануцца пад статкі, якія адпачывацьмуць там, і ня будзе каму іх палохаць.
Isai Bela 17:3  Ня стане цьвярдыні Яфрэмавай і царства Дамаскага з астатняю Сірыяй; зь імі будзе тое самае, што са славаю сыноў Ізраіля, кажа Гасподзь Саваоф.
Isai Bela 17:4  І станецца ў той дзень: паменшыцца слава Якава, і тлустае цела ягонае схуднее.
Isai Bela 17:5  Тое самае будзе, што і пасьля збору збожжа жняцом, калі рука ягоная сажне каласы, і калі зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.
Isai Bela 17:6  І застануцца ў яго, як бывае пры абіваньні масьлін, дзьве-тры ягадзіны на самай вяршаліне, альбо чатыры, пяць на ўрадлівых галінах, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў.
Isai Bela 17:7  У той дзень аберне чалавек позірк свой да Творцы свайго, і вочы яго глядзецьмуць на Сьвятога Ізраілевага;
Isai Bela 17:8  і ня зірне на ахвярнікі, на дзею рук сваіх, і не паглядзіць на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, на куміраў Астарты і Ваала.
Isai Bela 17:9  У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як мясьціны ў лясах і на вяршынях гор, пакінутыя перад сынамі Ізраіля, — і ўсё запусьцеецца.
Isai Bela 17:10  Бо ты забыў Бога ратунку твайго, і не ўспамінаў пра скалу прытулку твайго; таму і насадзіў сады на забавы і пасадзіў чаранкі ад чужой лазы.
Isai Bela 17:11  У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана расьцьвіло; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая.
Isai Bela 17:12  Ды жаль! шум народаў многіх! бушуюць яны, як бушуе мора. Род плямёнаў! яны равуць, як равуць моцныя воды.
Isai Bela 17:13  Равуць народы, як равуць моцныя воды; але Ён пагразіў ім, і яны далёка пабеглі, і былі гнаныя, як тло па гарах ад ветру і як пыл ад віхуры.
Isai Bela 17:14  Вечар — і вось жудасць!І да раніцы ўжо няма яе. Такая доля рабаўнікоў нашых, лёс спусташальнікаў нашых.
Chapter 18
Isai Bela 18:1  Гора зямлі шумнакрылай па той бок рэк Эфіопскіх,
Isai Bela 18:2  якая пасылае паслоў па моры, і ў папірусных суднах па водах! Ідзеце, борздыя паслы, да народу рослага і бліскучаскурага, да народу грознага нават здалёку і дагэтуль, да народу ўладарнага, які ўсё топча, зямлю якога расьсякаюць рэкі.
Isai Bela 18:3  Усе вы, што засяляеце сьвет і жывяце на зямлі! Глядзеце, калі сьцяг падымецца на горах, і, калі загрыміць труба, слухайце!
Isai Bela 18:4  Бо так Гасподзь сказаў мне: Я спакойна гляджу з жытла Майго, як сьветлая цяплыня пасьля дажджу, як воблака расы ў час жніўнае сьпёкі.
Isai Bela 18:5  Бо да збору вінаграду, калі ён адцьвіце, і гронка пачне дасьпяваць, Ён адатне нажом вецьце і адкіне, і абсячэ парасткі.
Isai Bela 18:6  І пакінуць усё драпежным горным птушкам і зьвярам польным; і птушкі будуць летаваць там, а ўсе зьвяры польныя зімавацьмуць там.
Isai Bela 18:7  У той час будзе прынесены дарунак Госпаду Саваофу ад народу рослага і бліскучаскурага, ад народу грознага нават здалёку і дагэтуль, ад народу ўладарнага, які топча ўсё, зямлю якога расьсякаюць рэкі, — да месца імя Госпада Саваофа, на гару Сіён.
Chapter 19
Isai Bela 19:1  Прароцтва пра Егіпет.— Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.
Isai Bela 19:2  Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.
Isai Bela 19:3  І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, — і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.
Isai Bela 19:4  І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
Isai Bela 19:5  І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;
Isai Bela 19:6  і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.
Isai Bela 19:7  Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.
Isai Bela 19:8  І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;
Isai Bela 19:9  і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;
Isai Bela 19:10  і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.
Isai Bela 19:11  Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: "я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?"
Isai Bela 19:12  Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?
Isai Bela 19:13  Звар’яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.
Isai Bela 19:14  Гасподзь уліў у яго дух чмуру, — і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п’яны па ванітах сваіх.
Isai Bela 19:15  І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.
Isai Bela 19:16  У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.
Isai Bela 19:17  Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.
Isai Bela 19:18  У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.
Isai Bela 19:19  У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду — каля межаў яе.
Isai Bela 19:20  І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.
Isai Bela 19:21  Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.
Isai Bela 19:22  І паб’е Гасподзь Егіпет, — паб’е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада — і Ён пачуе іх і ацаліць іх.
Isai Bela 19:23  У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне — у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.
Isai Bela 19:24  У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,
Isai Bela 19:25  якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх — Асірыяне, і спадчына Мая - Ізраіль.
Chapter 20
Isai Bela 20:1  І ў год, калі Тартан прыйшоў у Азот, пасланы ад Саргона, цара Асірыйскага, і ваяваў супроць Азота і ўзяў яго,—
Isai Bela 20:2  у той самы час Гасподзь сказаў Ісаю, сыну Амосаваму, так: ідзі і здымі вярэту са сьцёгнаў тваіх, і скінь сандалі твае з ног тваіх. Ён так і зрабіў: хадзіў разьдзеты і босы.
Isai Bela 20:3  І сказаў Гасподзь: як раб Мой Ісая ходзіць разьдзеты і босы тры гады, на знак і прадказаньне пра Егіпет і Эфіопію,—
Isai Bela 20:4  так павядзе цар Асірыйскі палонных зь Егіпта і перасяленцаў з Эфіопіі, маладых і старых, разьдзетых і босых і з аголенымі сьцёгнамі, на сорам Егіпту.
Isai Bela 20:5  Тады жахнуцца і пасаромеюцца за Эфіопію, надзею сваю, і за Егіпет, якім хваліліся.
Isai Bela 20:6  І скажуць у той дзень жыхары гэтай краіны: вось якія яны, на каго мы спадзяваліся і да якіх прыходзілі па дапамогу, каб уратавацца ад цара Асірыйскага! і як уратаваліся б мы?
Chapter 21
Isai Bela 21:1  Прароцтва пра пустыню прыморскую. — Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.
Isai Bela 21:2  Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.
Isai Bela 21:3  Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.
Isai Bela 21:4  Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.
Isai Bela 21:5  Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, — ядуць, п’юць. "Уставайце, князі, мажце шчыты!"
Isai Bela 21:6  Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.
Isai Bela 21:7  І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, —
Isai Bela 21:8  і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:
Isai Bela 21:9  і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.
Isai Bela 21:10  О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.
Isai Bela 21:11  Прароцтва пра Думу. — Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?
Isai Bela 21:12  Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.
Isai Bela 21:13  Прароцтва пра Аравію. — У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!
Isai Bela 21:14  Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;
Isai Bela 21:15  бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука няпятага і ад лютай вайны.
Isai Bela 21:16  Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, — і ўся слава Кідарава зьнікне,
Isai Bela 21:17  і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.
Chapter 22
Isai Bela 22:1  Прароцтва пра даліну відзежаў.— Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
Isai Bela 22:2  Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі;
Isai Bela 22:3  усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі.
Isai Bela 22:4  Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго.
Isai Bela 22:5  Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы.
Isai Bela 22:6  І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт.
Isai Bela 22:7  І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы,
Isai Bela 22:8  і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым.
Isai Bela 22:9  Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы;
Isai Bela 22:10  і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну;
Isai Bela 22:11  і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта.
Isai Bela 22:12  І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца.
Isai Bela 22:13  Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п’юць віно: "будзем есьці і піць, бо заўтра памром!"
Isai Bela 22:14  І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
Isai Bela 22:15  Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму :
Isai Bela 22:16  што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? — Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча.
Isai Bela 22:17  Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк;
Isai Bela 22:18  згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго.
Isai Bela 22:19  і саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй.
Isai Bela 22:20  І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага,
Isai Bela 22:21  і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму.
Isai Bela 22:22  І кліч дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць.
Isai Bela 22:23  І ўваб’ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго.
Isai Bela 22:24  І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў.
Isai Bela 22:25  У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа.
Chapter 23
Isai Bela 23:1  Прароцтва пра Тыр. — Галасеце, караблі Тарсіса, бо ён разбураны: няма дамоў, і няма каму заходзіць у дамы. Так ім абвешчана зь зямлі Кітыйскай.
Isai Bela 23:2  Замоўкніце, насельнікі вострава, які напаўнялі купцы Сідонскія, што плаваюць морам.
Isai Bela 23:3  Па вялікіх водах прывозілі ў яго насеньне Сіхора, ужынак вялікай ракі, і быў ён торжышчам народаў.
Isai Bela 23:4  Пасаромейся, Сідоне; бо вось што кажа мора, крэпасьць марская: як ня мучылася родамі і не раджала, і ня выхоўвала юнакоў, не гадавала дзяўчат.
Isai Bela 23:5  Калі вестка дойдзе да Егіпцянаў, здрыгануцца яны, пачуўшы пра Тыр.
Isai Bela 23:6  Перасяляйцеся ў Тарсіс, галасеце, насельнікі вострава!
Isai Bela 23:7  Ці гэта ваш узьвяселены горад, якога пачатак ёсьць ад дзён старадаўніх? Ногі ягоныя нясуць яго бадзяцца ў краіне далёкай.
Isai Bela 23:8  Хто вызначыў гэта Тыру, які раздаваў вянкі, купцы якога былі князі, гандляры — знакамітасьці зямлі?
Isai Bela 23:9  Гасподзь Саваоф вызначыў гэта, каб пасароміць пыхлівасьць усялякай славы, каб прынізіць усе знакамітасьці зямлі.
Isai Bela 23:10  Хадзі па зямлі тваёй, дачка Тарсісава, як рака: няма болей завады.
Isai Bela 23:11  Ён прасьцёр руку сваю на мора, скалануў царствы; Гасподзь даў наказ пра Ханаан — разбурыць крэпасьці ягоныя.
Isai Bela 23:12  І сказаў: ты ня будзеш больш радавацца, пасаромленая дзяўчына, дачка Сідона! Уставай, ідзі ў Кітым, але і там ня будзе табе спакою.
Isai Bela 23:13  Вось зямля Халдэяў. Гэтага народу раней ня было; Асур даў яму пачатак з насельнікаў пустыняў. Яны ставяць вежы свае, разбураюць харомы яго, ператвараюць яго ў руіны.
Isai Bela 23:14  Галасеце, караблі Тарсіскія! бо цьвярдыня ваша спустошана.
Isai Bela 23:15  І будзе таго дня, забудуць Тыр на семдзесят гадоў, на меру дзён аднаго цараваньня. А празь семдзесят гадоў з Тырам станецца тое, як у песьні пра блудадзейку:
Isai Bela 23:16  "вазьмі цытру, хадзі па горадзе, забытая блудадзейка! Іграй складна, сьпявай многа песьняў, каб пра цябе ўспаміналі".
Isai Bela 23:17  І будзе празь семдзесят гадоў, Гасподзь наверне Тыр; і ён зноў пачне браць прыбытак свой, і будзе блудадзейнічаць з усімі царствамі зямнымі па ўсім сьвеце.
Isai Bela 23:18  Але гандаль яго і прыбытак ягоны прысьвячаюцца Госпаду; ня будуць замкнутыя і пакладзеныя ў каморы, бо да тых, што жывуць перад абліччам Госпада, будзе пераходзіць прыбытак ад гандлю ягонага, каб яны елі да сытасьці і мелі вопратку моцную.
Chapter 24
Isai Bela 24:1  Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.
Isai Bela 24:2  І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.
Isai Bela 24:3  Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.
Isai Bela 24:4  Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.
Isai Bela 24:5  І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.
Isai Bela 24:6  Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.
Isai Bela 24:7  Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.
Isai Bela 24:8  Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;
Isai Bela 24:9  ужо ня п’юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.
Isai Bela 24:10  Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.
Isai Bela 24:11  Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.
Isai Bela 24:12  У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.
Isai Bela 24:13  А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду , калі закончаны збор.
Isai Bela 24:14  Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.
Isai Bela 24:15  Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх — імя Госпада Бога Ізраілевага.
Isai Bela 24:16  Ад краю зямлі мы чуем песьню: "Слава Праведнаму!"І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.
Isai Bela 24:17  Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!
Isai Bela 24:18  Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.
Isai Bela 24:19  Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;
Isai Bela 24:20  хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе — і ўжо ня ўстане.
Isai Bela 24:21  І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.
Isai Bela 24:22  І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.
Isai Bela 24:23  І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.
Chapter 25
Isai Bela 25:1  Госпадзе! Ты Бог мой; услаўлю Цябе, усхвалю імя Тваё, бо Ты зьдзейсьніў дзівоснае; вызначэньні даўнія — у ісьціне, амін.
Isai Bela 25:2  Ты ператварыў горад у груду каменьня, цьвёрдую крэпасьць у крушню; харомаў іншапляменцаў ня стала ўжо ў горадзе; вавек ня будзе ён адбудаваны.
Isai Bela 25:3  Таму будуць славіць Цябе народы моцныя; гарады жорсткіх плямёнаў будуць баяцца Цябе;
Isai Bela 25:4  бо ты быў прытулкам беднаму, прытулкам убогаму падчас ягонага ўціску, абаронаю ад буры, ценем ад сьпёкі; бо гнеўнае дыханьне тыранаў было падобнае на буру супроць сьцяны.
Isai Bela 25:5  Як сьпёка ў мясьціне бязводнай, Ты ўтаймаваў буянасьць ворагаў; як сьпёка ценем воблака, сунята радасьць прыгнятальнікаў.
Isai Bela 25:6  І зробіць Гасподзь Саваоф на гары гэтай усім народам гасьціну з сытнай ежы, гасьціну з чыстых вінаў, з тлушчу костнага і з самых чыстых вінаў;
Isai Bela 25:7  і зьнішчыць на гары гэтай заслону, што закрывае ўсе народы, заслону, якая ляжыць на ўсіх плямёнах.
Isai Bela 25:8  Зьнішчана будзе сьмерць навекі, і вытра Гасподзь Бог сьлёзы з усіх твараў, і здыме ганьбу з народу Свайго на ўсёй зямлі; бо так кажа Гасподзь.
Isai Bela 25:9  І скажуць таго дня: вось Ён, Бог наш! на Яго мы спадзяваліся, і Ён выратаваў нас! Гэты ёсьць Гасподзь; на Яго спадзяваліся мы; парадуемся і ўзьвесялімся з выратаваньня Яго!
Isai Bela 25:10  Бо рука Госпада спачывае на гары гэтай, і Мааў будзе патаптаны на месцы сваім, як топчацца салома ў гнаішчы.
Isai Bela 25:11  І хоць ён узьнясе сярод яго рукі свае, як плывец узносіць іх, каб плысьці; але Бог прынізіць гардзею ягоную разам з падступнасьцю рук ягоных.
Isai Bela 25:12  І цьвярдыню высокіх муроў тваіх разваліць, аберне, долу кіне, у пыл. .
Chapter 26
Isai Bela 26:1  Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.
Isai Bela 26:2  Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
Isai Bela 26:3  Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.
Isai Bela 26:4  Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:
Isai Bela 26:5  Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.
Isai Bela 26:6  Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.
Isai Bela 26:7  Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.
Isai Bela 26:8  І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.
Isai Bela 26:9  Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.
Isai Bela 26:10  Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, — будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.
Isai Bela 26:11  Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.
Isai Bela 26:12  Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.
Isai Bela 26:13  Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.
Isai Bela 26:14  Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.
Isai Bela 26:15  Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, — праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
Isai Bela 26:16  Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.
Isai Bela 26:17  Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.
Isai Bela 26:18  Былі цяжарныя, пакутавалі, — і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.
Isai Bela 26:19  Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая — сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.
Isai Bela 26:20  Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;
Isai Bela 26:21  бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх.
Chapter 27
Isai Bela 27:1  Таго дня Гасподзь пакарае мечам Сваім цяжкім, і вялікім і моцным, левіяфана, зьмея, які проста бяжыць, і левіяфана, зьмея, які зьвіваецца, і заб’е пачвару марскую.
Isai Bela 27:2  Таго дня засьпявайце пра яго — пра любасны вінаграднік:
Isai Bela 27:3  Я, Госпадзе, даглядчык яго, кожнае хвіліны выпойваю яго; уначы і ўдзень вартую яго, каб хто не ўварваўся ў яго.
Isai Bela 27:4  Няма гневу ўва Мне. Але каб даў Мне хто бадзякі і церне, Я вайной пайду на яго, выпалю яго зусім.
Isai Bela 27:5  Хіба што прыйдзе пад абарону Маю, і заключыць мір са Мною? тады няхай заключыць мір са Мною.
Isai Bela 27:6  У будучыя дні укарэніцца Якаў, дасьць атожылак і расьцьвіце Ізраіль; і напоўніцца пладамі сусьвет.
Isai Bela 27:7  Ці так Ён біў яго, як біў тых, што білі Яго? Ці так забіў яго, як забітыя забойцы ягоныя?
Isai Bela 27:8  Мераю Ты караў яго, калі адкідаў яго; выкінуў яго моцным подыхам Сваім як у дзень усходняга ветру.
Isai Bela 27:9  І праз гэта загладзіцца беззаконьне Якава; і плодам гэтага будзе зьняцьце грэху зь яго, калі ўсе камяні ахвярнікаў аберне ён у кавалкі вапны, і ня будуць ужо стаяць дубровы і балваны сонца.
Isai Bela 27:10  Бо ўмацаваны горад запусьцее, селішчы будуць пакінуты і заняхаены, як пустэльня. Там будзе пасьвіцца цяля, і там ня будзе спачываць і аб’ядаць гольле ягонае.
Isai Bela 27:11  Калі гольле яго засохне, яго абламаюць; прыйдуць жанчыны і спаляць яго. Бо як што гэта народ неразумны, дык не ўмілажаліцца зь яго Творца Ягоны, і не памілуе яго Садзецель ягоны.
Isai Bela 27:12  Але будзе таго дня: Гасподзь скалане ўсё ад вялікай ракі да патоку Егіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, будзеце сабраныя адзін да аднаго;
Isai Bela 27:13  і будзе таго дня: затрубіць вялікая труба, і прыйдуць згубленыя ў Асірыйскай зямлі і выгнаныя ў зямлю Егіпецкую, і паклоняцца Госпаду на сьвятой гары ў Ерусаліме.
Chapter 28
Isai Bela 28:1  Гора вянку ганарыстасьці п’яных Яфрэмлянаў, завялай кветцы прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны пераможаных віном!
Isai Bela 28:2  Вось моцны і дужы ў Госпада, як залева з градам і пагібельная віхура, як разьлітая паводка бурлівых водаў, зь сілаю кідае яго на зямлю.
Isai Bela 28:3  Нагамі топчацца вянок ганарыстасьці п’яных Яфрэмлянаў.
Isai Bela 28:4  І з завялаю кветкаю прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны, робіцца тое самае, што бывае з заўчасна дасьпелаю смокваю, якую, як толькі хто ўбачыць, адразу бярэ ў руку і праглыне яе.
Isai Bela 28:5  Таго дня Гасподзь Саваоф будзе цудоўным вянком і слаўнаю дыядэмаю рэшце люду Свайго,
Isai Bela 28:6  і духам правасудзьдзя таму, хто сядзіць у судзілішчы, і мужнасьцю тым, што адбіваюць няпрыяцеля да брамы.
Isai Bela 28:7  Але і гэтыя хістаюцца ад віна і блукаюць ад сікеры; сьвятар і прарок спатыкаюцца ад моцных напояў; пераможаныя віном, звар’яцелі ад сікеры, у бачаньні памыляюцца, у разважаньнях спатыкаюцца.
Isai Bela 28:8  Бо ўсе сталы напоўнены агіднаю блявоцінаю, чыстага месца няма.
Isai Bela 28:9  А кажуць: "каго хоча вучыць ён веданьню? і каго наводзіць на розум пропаведзьдзю? аднятых ад груднога малака, адлучаных ад саскоў?
Isai Bela 28:10  Бо ўсё запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху і там крыху".
Isai Bela 28:11  Затое лепятлівымі вуснамі і чужой моваю прамаўляцьмуць да гэтага люду.
Isai Bela 28:12  Ім казалі: "вось — спакой, дайце спакою струджанаму, і вось — супакаеньне". Але слухаць яны не хацелі.
Isai Bela 28:13  І зрабілася ў іх словам Госпада: запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху, там крыху, — так што яны пойдуць, і ўпадуць наўзнакі і разаб’юцца, і пападуцца ў сетку і будуць злоўленыя.
Isai Bela 28:14  Дык вось, слухайце слова Гасподняе, агуднікі, упраўцы народу гэтага, Ерусалімскага.
Isai Bela 28:15  Як што вы кажаце: "мы заключылі саюз са сьмерцю і з апраметнаю згоду ўчынілі: калі карны біч будзе праходзіць, ён не застане нас, — бо падман мы зрабілі прытулкам сабе, падманам прыкрыем сябе".
Isai Bela 28:16  Пасьля гэтага так кажа Гасподзь Бог: вось, Я закладаю на Сіёне камень, — камень выпрабаваньняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод: хто верыць у яго, не пасаромеецца.
Isai Bela 28:17  І пастаўлю суд мераю і праўду вагамі; і градам вынішчыцца прытулак падману, і воды затопяць месца схаваньня.
Isai Bela 28:18  І саюз ваш са сьмерцю парушыцца, і згода вашая з апраметнай ня выстаіць. Калі пойдзе карны біч, вы будзеце патаптаныя.
Isai Bela 28:19  Як толькі ён пойдзе, — схопіць вас; а халадзіць будзе кожнае раніцы, дзень і ноч, і адна чутка пра яго будзе сеяць жуду.
Isai Bela 28:20  Закароткі будзе ложак, каб выцягнуцца; завузкая і коўдра, каб загарнуцца ў яе.
Isai Bela 28:21  Бо паўстане Гасподзь, як на гары Парацыме; разгневаецца, як у даліне Гаваонскай, каб зрабіць дзею Сваю, незвычайную дзею, і ўчыніць дзеяньне Сваё, дзівоснае Сваё дзеяньне.
Isai Bela 28:22  Дык вось, ня блюзьнерце, каб путы вашыя не памацнелі; бо я чуў ад Госпада, Бога Саваофа, што зьнішчэньне вызначана ўсёй вашай зямлі.
Isai Bela 28:23  Прыхілеце вуха, і паслухайце майго голасу; будзьце ўважлівыя, і паслухайце слова маё.
Isai Bela 28:24  Ці ж заўсёды ратай арэ дзеля сяўбы, барозьніць і скародзіць зямлю сваю?
Isai Bela 28:25  Не; калі выраўняе паверхню яе, ён сее чарнушку, альбо рассыпае кмен, альбо раскідае пшаніцу радамі, і ячмень у пэўным месцы, і жыта побач зь ім.
Isai Bela 28:26  І такому парадку вучыць яго Бог ягоны; Ён настаўляе яго.
Isai Bela 28:27  Бо не малоцяць чарнушку катком зубчатым, і колаў малацільных не качаюць па кмене; а кіем выбіваюць чарнушку, і кмен — кіем.
Isai Bela 28:28  Збажыну вымалочваюць, але не разьбіваюць яе; і водзяць па ёй малацільныя колы з конямі іхнімі, але не расьціраюць яе.
Isai Bela 28:29  І гэта робіцца ад Госпада Саваофа: дзівосны лёс у Яго, вялікая мудрасьць Ягоная!
Chapter 29
Isai Bela 29:1  Гора Арыілу, Арыілу, гораду, у якім жыў Давід! прыкладзеце год да года; няхай колюць ахвяры.
Isai Bela 29:2  Але навяду ўціск на Арыіл, і будзе плач і бедаваньне; і ён будзе ў Мяне, як Арыіл.
Isai Bela 29:3  Я стану аблогай вакол цябе і абстаўлю цябе вартаю назіральнаю, і ўзьвяду супроць цябе ўмацаваньні.
Isai Bela 29:4  І будзеш прыніжаны, зь зямлі гаварыцьмеш і глухая будзе мова твая з-пад пылу, і голас твой будзе, як голас духа з нутробы, а мова твая будзе, як шэпт.
Isai Bela 29:5  Мноства ворагаў тваіх будзе, як дробны пыл, і безьліч тыранаў, як разьвеяная мякіна; і гэта станецца раптоўна, у адно імгненьне.
Isai Bela 29:6  Гасподзь Саваоф адведае цябе громам і землятрусам, і моцным голасам, бураю і віхураю, і полымем ўсёпажыральнага агню.
Isai Bela 29:7  І як сон, як начное сьненьне будзе мноства ўсіх народаў, што ваююць супроць Арыіла, і ўсіх, што выступаюць супроць яго і ўмацаваньняў ягоных і абложнікаў яго.
Isai Bela 29:8  І як галоднаму сьніцца, быццам ён есьць, але прачынаецца, і душа ў яго пустая; і як сасьмягламу сьніцца, быццам ён п’е, а прачнецца, і вось ён утохлы, і душа ў яго прагне: тое самае будзе і мноству народаў, якія ваююць супроць гары Сіёна.
Isai Bela 29:9  Зьдзіўляйцеся і дзіву давайцеся; яны асьляпілі іншых, і самі асьлеплі; яны п’яныя, але не ад віна, — хістаюцца, але не ад сікеры;
Isai Bela 29:10  бо навёў на вас Гасподзь дух засынаньня, і зьмежыў вочы вашыя, прарокі, і затлуміў галовы вашыя, празарліўцы.
Isai Bela 29:11  І любое прароцтва для вас тое самае, што слова ў запячатанай кнізе, якую падаюць таму, хто ўмее чытаць кнігу, і кажуць: "прачытай яе"; і той адказвае: "не магу, бо яна пад пячаткай".
Isai Bela 29:12  І падаюць кнігу таму, хто чытаць ня ўмее, і кажуць: "прачытай яе"; і той адказвае: "я ня ўмею чытаць".
Isai Bela 29:13  І сказаў Гасподзь: як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых;
Isai Bela 29:14  дык вось Я буду нязвыкла рабіць з гэтым народам, дзівосна і дзіўна, так што мудрасьць мудрацоў яго згіне, і розуму ў разумных яго не застанецца.
Isai Bela 29:15  Гора тым, якія схаваюцца ў глыбіню, каб намысел свой утоіць ад Госпада, якія дзеюць дзеі свае ў змроку і кажуць: хто ўбачыць нас? і хто пазнае нас?
Isai Bela 29:16  Якое безгалоўе! Хіба можна цаніць ганчара, як гліну? Ці скажа выраб пра вырабшчыка свайго: "ня ён зрабіў мяне?" і ці скажа твор пра мастака свайго: "ён не разумее?"
Isai Bela 29:17  Яшчэ крыху, зусім крыху, і ці не ператворыцца Ліван у сад, а сад ці ня будуць цаніць як лес?
Isai Bela 29:18  І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, і ўбачаць зь цемры і змроку вочы ў сьляпых.
Isai Bela 29:19  І спрагненыя яшчэ больш будуць радавацца ў Госпадзе, і бедныя людзі цешыцца будуць за Сьвятога Ізраіля;
Isai Bela 29:20  бо ня будзе больш крыўдзіцеля, і агуднік зьнікне, і будуць вынішчаны ўсе паборцы няпраўды,
Isai Bela 29:21  якія блытаюць чалавека ў словах, і на таго, хто патрабуе суду каля брамы, ставяць сеткі, і адціраюць таго, чыя праўда.
Isai Bela 29:22  Пасьля так кажа пра дом Якава Гасподзь, Які адкупіў Абрагама: тады Якаў ня будзе ў сораме, і твар у яго больш не зьбялее,
Isai Bela 29:23  бо, калі ўбачыць у сябе дзяцей сваіх, дзею рук Маіх, дык яны сьвята будуць шанаваць імя Маё і сьвята шанаваць Сьвятога Якаўлевага і багавейна стаяць перад Богам Ізраілевым.
Isai Bela 29:24  Тады духаблукальнікі ўведаюць мудрасьць, і непакорлівыя навучацца паслушэнству.
Chapter 30
Isai Bela 30:1  Гора непакорлівым сынам, кажа Гасподзь, якія робяць народы, але безь Мяне, і ў спрымірэнства ўступаюць, але бяз духа Майго, каб далучаць грэх да грэху:
Isai Bela 30:2  ня спытаўшыся вуснаў Маіх, ідуць у Егіпет, каб падмацаваць сябе сілаю фараонавай і схавацца пад ценем Егіпта.
Isai Bela 30:3  Але сіла фараона будзе вам сорамам, і прытулак пад ценем Егіпта — ганьбаю;
Isai Bela 30:4  бо князі ягоныя; ўжо ў Цаане, і паслы ягоныя дайшлі да Ханэса.
Isai Bela 30:5  Усе яны будуць пасаромленыя за народ, ад якога карысьці няма ім; ня будзе ад яго ні дапамогі, ні карысьці, а — сорам і глум.
Isai Bela 30:6  Цяжар на жывёлах, якія ідуць на поўдзень, па зямлі прыгнёту і ўціску, адкуль выходзяць ільвіцы ды ільвы, асьпіды і лятучыя зьмеі; яны нясуць на хрыбтах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў скарбы свае народу, ад якога ня будзе ім карысьці.
Isai Bela 30:7  Бо дапамога Егіпта будзе марная і дарэмная; таму Я сказаў ім: сіла іхняя — сядзець спакойна.
Isai Bela 30:8  Цяпер ідзі, накрэсьлі гэта на дошцы ў іх, і запішы гэта ў кнігу, каб засталося на будучы час, назаўсёды, навечна.
Isai Bela 30:9  Бо гэта люд мяцежны, дзеці хлусьлівыя, дзеці, якія ня хочуць слухаць закону Гасподняга,
Isai Bela 30:10  якія празорлівым кажуць: "перастаньце прарочыць", і прарокам: "не прарочце нам праўды, кажэце нам даспадобнае, прадказвайце прыемнае;
Isai Bela 30:11  сыдзеце з дарогі, ухілецеся ад шляху; зьвядзеце з вачэй нашых Сьвятога Ізраілевага".
Isai Bela 30:12  Пасьля гэтага кажа Сьвяты Ізраілеў: за тое, што вы адкідаеце слова гэтае, а спадзеяцеся на падман і няпраўду, і абапіраецеся на тое,
Isai Bela 30:13  дык беззаконьне гэта будзе вам, як выяўленая трэшчына, што пагражае руйнаваньнем высокага муру, разбурэньне якога настане раптоўна, у адно імгненьне.
Isai Bela 30:14  І Ён разбурыць яе, як разьбіваюць гліняны посуд, не шкадуючы, так што ў абломках яго ня знойдзецца і чарапка, каб узяць жару з агменю, альбо зачарпнуць вады з сажалкі;
Isai Bela 30:15  бо так кажа Гасподзь Бог, Сьвяты Ізраілеў: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяваньні і моцнасьць вашая; але вы не хацелі
Isai Bela 30:16  і казалі: "не, мы на конях уцячэм", — затое і пабяжыце; "мы на хуткіх паскачам" — затое і перасьледавальнікі вашыя будуць борздыя.
Isai Bela 30:17  Ад пагрозы аднаго пабяжыць тысяча, ад пагрозы пяцёх пабяжыце так, што рэшта вас будзе як тычка на вяршыні гары і як харугва на пагорку.
Isai Bela 30:18  І таму Гасподзь чакае, каб памілаваць вас, і таму яшчэ стрымліваецца, каб умілажаліцца з вас; бо Гасподзь ёсьць Бог праўды: дабрашчасныя — усе, хто надзею кладзе на Яго!
Isai Bela 30:19  Народ будзе жыць на Сіёне ў Ерусаліме; ты ня будзеш доўга плакаць, — Ён памілуе цябе, паводле голасу твайго, і як толькі пачуе яго, — адкажа табе.
Isai Bela 30:20  дасьць вам Гасподзь хлеб у гароце і ваду ў нягодзе; і настаўнікі твае ўжо ня будуць хавацца, і вочы твае будуць бачыць настаўнікаў тваіх;
Isai Bela 30:21  і вушы твае будуць чуць словы за табою, што кажуць: "вось дарога, ідзеце па ёй", калі б вы збочылі направа, і калі б вы збочылі налева.
Isai Bela 30:22  Тады вы будзеце лічыць за агіду аздобу балваноў з срэбра твайго і аздобу ідалаў з золата твайго; ты кінеш іх, як брыду; ты скажаш ім: прэч адгэтуль.
Isai Bela 30:23  І дасьць Ён дажджу на насеньне тваё, якім засееш поле, і збажыну, плод зямлі, і яна будзе багатая і сакавітая; статкі твае ў той дзень будуць пасьвіцца на шырокіх пашах.
Isai Bela 30:24  І валы і аслы, што ўрабляюць поле, есьцімуць корм салёны, ачышчаны шуфлем і гарфаю.
Isai Bela 30:25  І на кожнай гары высокай і на кожным пагорку ўзвышаным пацякуць ручаі, патокі вады, у дзень вялікае бітвы, калі абваляцца вежы.
Isai Bela 30:26  І сьвятло месяца будзе, як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сьвятлей у сем разоў, як сьвятло сямі дзён, таго дня, калі Гасподзь завяжа рану люду Свайго і загоіць накладзеныя на яго пошасьці.
Isai Bela 30:27  Вось, імя Госпада ідзе здалёк, гарыць гнеў Ягоны, і полымя ў Яго вялікае, вусны ў Яго поўныя абурэньня, і язык у Яго, як агонь пажыральны,
Isai Bela 30:28  і дыханьне ў Яго, як разьліты паток, які падымаецца нават да шыі, каб разьвеяць людзей на зьмізарненьне; і будуць у сківіцах люду цуглі, якія пакіруюць да аблуды.
Isai Bela 30:29  А ў вас будуць песьні, як у ноч сьвяшчэннага сьвята, і весялосьць на сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкаю на гару Гасподнюю, да цьвярдыні Ізраілевай.
Isai Bela 30:30  І загрыміць Гасподзь велічным голасам Сваім і пакажа моц пляча Свайго моцным гневам і полымем пажыральнага агню, бураю і паводкаю і каменным градам.
Isai Bela 30:31  Бо ад голасу Гасподняга скаланецца Асур, жазлом пабіваны.
Isai Bela 30:32  І кожны рух вызначанага яму жазла, які Гасподзь скіруе на яго, будзе з тымпанамі і цытрамі, і Ён пойдзе супроць яго вайною спусташальнаю.
Isai Bela 30:33  Бо Тофэт даўно ўжо гатовы; ён падрыхтаваны ўжо і цару, глыбокі і шырокі; у вогнішчы яго шмат агню і дроў; подзьмух Гасподні, як паток серкі, запаліць яго.
Chapter 31
Isai Bela 31:1  Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!
Isai Bela 31:2  Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам.
Isai Bela 31:3  Егіпцяне — людзі, а ня Бог; і коні ў іх — плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць.
Isai Bela 31:4  Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, — так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго.
Isai Bela 31:5  Як птушкі — птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе..
Isai Bela 31:6  Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля!
Isai Bela 31:7  У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх.
Isai Bela 31:8  І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб’е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам.
Isai Bela 31:9  І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме.
Chapter 32
Isai Bela 32:1  Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закону;
Isai Bela 32:2  і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.
Isai Bela 32:3  І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.
Isai Bela 32:4  І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.
Isai Bela 32:5  Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.
Isai Bela 32:6  Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.
Isai Bela 32:7  У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.
Isai Bela 32:8  А сумленны і думае пра сумленнае і цвёрды ва ўсім, што сумленнае.
Isai Bela 32:9  Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!
Isai Bela 32:10  Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.
Isai Bela 32:11  Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.
Isai Bela 32:12  Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.
Isai Bela 32:13  На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;
Isai Bela 32:14  бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,
Isai Bela 32:15  пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.
Isai Bela 32:16  Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.
Isai Bela 32:17  І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя — спакайната і бясьпека вечная.
Isai Bela 32:18  Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.
Isai Bela 32:19  І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.
Isai Bela 32:20  Дабрашчасныя вы, што сееце каля усіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.
Chapter 33
Isai Bela 33:1  Гора табе, спакушальніку, якога не спакушалі, і рабаўніку, якога не рабавалі! Калі скончыш спусташаць, будзеш спустошаны й ты; калі спыніш рабаваць, зрабуюць і цябе.
Isai Bela 33:2  Госпадзе, памілуй нас, на Цябе спадзяёмся мы; будзь нашаю сілаю з раньняга рана і ратункам нашым у час уціску.
Isai Bela 33:3  Ад грознага голасу Твайго пабягуць народы; калі паўстанеш, расьсеюцца плямёны,
Isai Bela 33:4  і будуць зьбіраць здабычу вашую, як зьбірае вусень; кінуцца на яе, як кідаецца саранча.
Isai Bela 33:5  Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю.
Isai Bela 33:6  І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім.
Isai Bela 33:7  Вось, моцныя іхнія крычаць на вуліцах; пасланцы на згоду горасна плачуць.
Isai Bela 33:8  Апусьцелі дарогі; ня стала падарожнікаў; ён парушыў дагавор, зруйнаваў гарады, — ані ў што ня ставіць людзей.
Isai Bela 33:9  Зямля бядуе, сохне; Ліван пасаромлены, завяў; Сарон падобны стаў на пустыню, і аголены ад лісьця свайго Васан і Карміл.
Isai Bela 33:10  Цяпер Я паўстану, кажа Гасподзь, цяпер падымуся, цяпер узьнясуся.
Isai Bela 33:11  Вы цяжарныя сенам, разродзіцеся саломаю; дыханьне ваша — агонь, які зжарэ вас.
Isai Bela 33:12  І будуць народы, як палкая вапна, як сьсечаны ядловец, будуць спаленыя ў агні.
Isai Bela 33:13  Слухайце, далёкія, што зраблю Я, і вы, блізкія, уведайце магутнасьць Маю.
Isai Bela 33:14  Збаяліся грэшнікі на Сіёне; затрымцелі бязбожнікі: "хто з нас можа жыць пры агні пажыральным? хто з нас можа жыць пры вечным полымі?"
Isai Bela 33:15  Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць пра кравапусты, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха;
Isai Bela 33:16  той будзе жыць на вышынях: прытулак яго — няпрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне.
Isai Bela 33:17  Вочы твае ўбачаць Цара ў красе Ягонай, угледзяць зямлю далёкую;
Isai Bela 33:18  сэрца тваё будзе толькі згадваць пра жахі: "дзе той, што рабіў перапіс? дзе той, што важыў даніну ? дзе той, што аглядае вежы"?
Isai Bela 33:19  Ня ўбачыш больш народу лютага, народу з глухою, неўразумелаю гаворкаю, з моваю дзіўнаю, не зразумелаю.
Isai Bela 33:20  Зірні на Сіён, горад сьвяточных сходаў нашых; вочы твае ўбачаць Ерусалім, селішча мірнае, непахісную скінію; слупы яе ніколі ня вырвуцца, і ніводная вяроўка яе не парвецца.
Isai Bela 33:21  Таму ў вас вялікі Гасподзь будзе замест рэк, замест шырокіх каналаў; туды ня ўвойдзе ніводнае вясельнае судна, і ня пройдзе вялікі карабель.
Isai Bela 33:22  Бо Гасподзь — судзьдзя наш: Гасподзь — заканадавец наш, Гасподзь — цар наш. Ён уратуе нас.
Isai Bela 33:23  Аслаблі вяроўкі твае, ня могуць утрымаць мачты і напяць ветразі. Тады будзе вялікі падзел здабычы, так што і кульгавыя пойдуць на рабунак.
Isai Bela 33:24  І ніводзін жыхар ня скажа: "я хворы"; народу, які там жыве, будуць дараваны грахі.
Chapter 34
Isai Bela 34:1  Падыдзеце, народы, слухайце і ўважайце, плямёны! Хай чуе зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што нараджаецца ў ім!
Isai Bela 34:2  Бо гнеў Госпада на ўсе народы, і лютасьць Яго на ўсё воінства іхняе. Ён аддаў іх на закляцьце, аддаў іх на закол.
Isai Bela 34:3  І забітыя іхнія будуць раскіданы, і ад трупаў іх падымецца смурод, і горы размокнуць ад іхняй крыві.
Isai Bela 34:4  І сатлее ўсё нябеснае воінства: і нябёсы згорнуцца, як сувой кніжны; і ўсё воінства іхняе ўпадзе, як ападае лісьце зь вінаграднай лазы, і як завялае лісьце — са смакоўніцы.
Isai Bela 34:5  Бо ўпіўся меч Мой на нябёсах: вось, дзеля суду сыходзіць ён на Эдом і на народ, аддадзены Мною на закляцьце.
Isai Bela 34:6  Меч Госпада напоўніцца крывёю, атлусьцее ад тлушчу, ад крыві ягнят і казлоў, ад тлушчу з нырак авечых: бо ахвяра ў Госпада ў Васоры і вялікі закол у зямлі Эдома.
Isai Bela 34:7  І буйвалы ўпадуць зь імі, і цяляты разам з валамі, і ўп’ецца зямля іх крывёю, і прах іх разбухне ад тлушчу.
Isai Bela 34:8  Бо дзень помсты ў Госпада, год помсты за Сіён.
Isai Bela 34:9  І ператворацца рэкі яго ў смалу, і прах яго — у серку, і будзе зямля яго палкаю смалою:
Isai Bela 34:10  ня будзе гаснуць ні ўдзень, ані ўночы; вечна будзе ўзьвівацца дым ад яе; будзе з роду ў род заставацца апусьцелаю; вавекі вякоў ніхто ня пройдзе па ёй;
Isai Bela 34:11  і завалодаюць ёю пелікан і вожык; і сава і груган паселяцца ў ёй; і працягнуць па ёй вяроўку спусташэньня і адвес зьнішчэньня.
Isai Bela 34:12  Нікога не застанецца там са знакамітых яе, каго можна было б заклікаць на царства, і ўсе князі яе будуць нішто.
Isai Bela 34:13  І зарастуць палацы яе калючымі расьлінамі, крапівою і дзядоўнікам — цьвярдыня яе; і будзе яна селішчам шакалаў, прыстанішчам страўсам.
Isai Bela 34:14  І зьвяры пустыні будуць сустракацца зь дзікімі катамі, і лясуны будуць перагукацца адзін з адным; там будзе адпачываць начны прывід і знаходзіць сабе спакой.
Isai Bela 34:15  Там угняздуецца лятучы зьмей, будзе класьці яйкі і выводзіць дзяцей і зьбіраць іх пад цень свой; там і каршуны будуць зьбірацца адзін да аднаго.
Isai Bela 34:16  Знайдзеце ў кнізе Гасподняй і прачытайце; ніводнае з гэтых не забавіцца прыйсьці, і адно адным не заменіцца. Бо самі вусны Яго загадалі, і сам дух Яго зьбярэ іх.
Isai Bela 34:17  І Сам Ён кінуў ім жэрабя, і Яго рука падзяліла яе меркаю; вечна будуць яны валодаць ёю, род у род на ёй жыцьмуць.
Chapter 35
Isai Bela 35:1  Разьвесяліцца пустыня і сухая зямля, і зарадуецца краіна ненаселеная і расквітнее як нарцыс;
Isai Bela 35:2  цудоўна будзе цьвісьці і радавацца, будзе ўрачысьціцца і сьвяткаваць; слава Лівана дасца ёй, хараство Карміла і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, веліч Бога нашага.
Isai Bela 35:3  Умацуйце аслабелыя рукі, і ўцьвердзіце калені дрыготкія;
Isai Bela 35:4  скажэце нясьмелым душою: будзьце цьвёрдыя, ня бойцеся; вось Бог ваш, прыйдзе помста, адплата Божая; Ён прыйдзе і збавіць вас.
Isai Bela 35:5  Тады адамкнуцца вочы сьляпых, і вушы глухіх расчыняцца.
Isai Bela 35:6  Тады кульгавы падхопіцца, як алень, і язык нямка засьпявае; бо праб’юцца воды ў пустыні і ў стэпе патокі.
Isai Bela 35:7  І ператворыцца прывід водаў у возера, і спрагненая зямля — у крыніцы водаў; у жытлішчы шакалаў, дзе яны спачываюць, будзе месца пад трысьнёг і чарот.
Isai Bela 35:8  І будзе там вялікая дарога, і шлях па ёй назавецца шляхам сьвятым; нячысты ня будзе хадзіць па ім; але ён будзе ім адным . Хто пойдзе гэтым шляхам, нават і нявопытныя, не заблудзяцца.
Isai Bela 35:9  Ільва там ня будзе, і драпежны зьвер ня ўзыдзе на яго; яго ня знойдзецца там, а хадзіцьмуць адкупленыя.
Isai Bela 35:10  І вернуцца збаўленыя Госпадам, прыйдуць на Сіён з радасным гоманам; і радасьць вечная будзе над галавою ў іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць, а смутак і зітханьне адыдуць.
Chapter 36
Isai Bela 36:1  І было на чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі супроць усіх умацаваных гарадоў Юдэі і ўзяў іх.
Isai Bela 36:2  І паслаў цар Асірыйскі з Лахіса ў Ерусалім да цара Эзэкіі Рабсака зь вялікім войскам; і ён спыніўся каля канала Верхняй сажалкі на дарозе поля бялільнага.
Isai Bela 36:3  І выйшаў да яго Эліякім, сын Хэлкіінаў, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісальнік.
Isai Bela 36:4  І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкію: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
Isai Bela 36:5  Я думаю, што гэта — адны пустыя словы, а вайне патрэбныя рада і сіла: дык вось, на каго ты спадзяешся, і чаго адпаў ад мяне?
Isai Bela 36:6  Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, увойдзе таму ў руку і пратне яе? Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.
Isai Bela 36:7  А калі скажаш мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяемся,— дык ці на таго, чые вышыні і ахвярнікі скасаваў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: "перад гэтым толькі ахвярнікам пакланяйцеся".
Isai Bela 36:8  Дык вось, уступі ў супольства з гаспадаром маім, царом Асірыйскім;— я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе верхаўцоў на іх?
Isai Bela 36:9  І як ты хочаш змусіць адступіць правадыра, аднаго з самых малых рабоў гаспадара майго, спадзяючыся на Егіпет, дзеля калясьніц і коней.
Isai Bela 36:10  Ды хіба я бяз волі Гасподняй пайшоў на зямлю гэтую, каб зруйнаваць яе? Гасподзь сказаў мне: "ідзі на зямлю гэтую і зруйнуй яе".
Isai Bela 36:11  І сказаў Эліякім і Сэўна і Ёах Рабсаку: гавары рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары па-Юдэйску, у вушы люду, які на сьцяне.
Isai Bela 36:12  І сказаў Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць словы гэтыя? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці нечысьць сваю і піць мачу сваю з вамі.
Isai Bela 36:13  І ўстаў Рабсак і абвясьціў моцным голасам па-Юдэйску, і сказаў: слухайце слова, цара вялікага, цара Асірыйскага!
Isai Bela 36:14  Так кажа цар: хай ня зводзіць вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас;
Isai Bela 36:15  І хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы; "збавіць нас Гасподзь; ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага".
Isai Bela 36:16  Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа цар Асірыйскі: замірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п'е ваду з свайго калодзежа,
Isai Bela 36:17  пакуль я не прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў.
Isai Bela 36:18  Дык вось , хай жа ня зводзіць вас Эзэкія, кажучы: "Гасподзь збавіць нас". Ці ж уратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?
Isai Bela 36:19  Дзе багі Эмата і Арпада? дзе багі Сэпарваіма? ці ж уратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
Isai Bela 36:20  Каторы з усіх багоў земляў гэтых убараніў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо ўбароніць Гасподзь Ерусалім ад рукі маёй?
Isai Bela 36:21  Але яны маўчалі і не адказвалі яму ні слова, бо ад цара быў загад: не адказвайце яму.
Isai Bela 36:22  І прыйшоў Эліякім, сын Халкіінаў, начальнік палаца і Сэўна пісар, і Ёах, і сын Асафаў, дзеяпісальнік, да Эзэкіі, у падранай адзежы, і пераказалі яму слова Рабсака.
Chapter 37
Isai Bela 37:1  Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык разадраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтаю, і пайшоў у дом Гасподні;
Isai Bela 37:2  і паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, накрытых вярэтаю, да прарока Ісаі, сына Амосавага.
Isai Bela 37:3  І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень скрухі і кары і паганьбеньня — дзень гэты, бо дзеці прыйшлі нарадзіцца з улоньня матчынага, а сілы няма нарадзіць.
Isai Bela 37:4  Можа, пачуе Гасподзь Бог твой словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, ганіць Бога жывога і бэсьціць словамі, якія чуў Гасподзь Бог твой; узьнясі ж малітву за тых, што засталіся, якія жывыя яшчэ.
Isai Bela 37:5  І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
Isai Bela 37:6  І сказаў ім Ісая: дык скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі бэсьцілі Мяне слугі цара Асірыйскага.
Isai Bela 37:7  Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку і вернецца ў зямлю сваю, і Я заб'ю яго мечам у зямлі ягонай.
Isai Bela 37:8  І вярнуўся Рабсак і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны; бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.
Isai Bela 37:9  І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. Пачуўшы гэта, ён паслаў да Эзэкіі, сказаўшы:
Isai Bela 37:10  так скажэце Эзэкіі, цару Юдэйскаму: хай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.
Isai Bela 37:11  Вось, ты чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, паклаўшы на іх закляцьце; ці ты ацалееш?
Isai Bela 37:12  Багі народаў, якіх зруйнавалі бацькі мае, ці ж уратавалі іх, ці ўратавалі Гозан і Харан, і Рэцэф і сыноў Элена, што ў Таласары?
Isai Bela 37:13  Дзе — цар Эмата і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?
Isai Bela 37:14  І ўзяў Эзэкія ліст з рукі пасланцаў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім;
Isai Bela 37:15  і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў:
Isai Bela 37:16  Госпадзе Саваофе, Божа Ізраілеў, Які сядзіць на хэрувімах! Ты адзін — Бог усіх царстваў зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
Isai Bela 37:17  Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; адамкні, Госпадзе, вочы Твае і зірні, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў бэсьціць Цябе, Бога жывога.
Isai Bela 37:18  Праўда, о Госпадзе! цары Асірыйскія спустошылі ўсе краіны і землі іхнія,
Isai Bela 37:19  і пакідалі багоў іхніх у агонь; але гэта былі не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, таму і вынішчылі іх.
Isai Bela 37:20  І сёньня, Госпадзе Божа наш, уратуй нас ад рукі ягонай; і ўведаюць усе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.
Isai Bela 37:21  І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: за што ты молішся супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага,—
Isai Bela 37:22  вось слова, якое Гасподзь прамовіў пра яго: пагрэбуе табою, пасьмяецца зь цябе дзевая дачка Сіёна, пахітае ўсьлед табе галавою дачка Ерусаліма.
Isai Bela 37:23  Каго ты ганіў і бэсьціў? і на каго ўзвысіў голас, і падняў так высока вочы твае? на Сьвятога Ізраілевага.
Isai Bela 37:24  Праз рабоў тваіх ты ганіў Госпада і сказаў: "з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на хрыбты Лівана, і сьсек гонкія кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самую вяршыню яго, у гай саду яго;
Isai Bela 37:25  і адкопваў я і піў ваду; і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія".
Isai Bela 37:26  Хіба ня чуў ты, што Я даўно зрабіў гэта, у старадаўнія дні наперад вызначыў гэта, а цяпер зьдзейсьніў праз тое, што ты спусташаеш моцныя гарады, ператвараючы іх у груды руінаў?
Isai Bela 37:27  І жыхары іх зрабіліся нясілыя, трымцяць і застаюцца ў ганьбе; яны зрабіліся як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як парасьліна на дахах і апаленая рунь, перш чым выкаласіцца.
Isai Bela 37:28  Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, а ці ўвойдзеш, Я ведаю ўсё, ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.
Isai Bela 37:29  За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пыхлівасьць твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае — у рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою ты прыйшоў.
Isai Bela 37:30  І вось, табе, Эзэкія, азнака: ежце сёлета, што вырасла ад апалага насеньня, і налета — самасейнае; а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады, і ежце плады іх.
Isai Bela 37:31  І ацалелыя ў доме Юдавым рэшта пусьціць зноў корань унізе і прынясе плод угары,
Isai Bela 37:32  бо зь Ерусаліма пойдзе рэшта, а выратаваньне — ад гары Сіёна. Руплівасьць Госпада Саваофа ўчыніць гэта.
Isai Bela 37:33  Пасьля гэтага так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: "ня ўвойдзе ён у гэты горад і ня кіне туды стрэлаў, і не падступіцца да яго з шчытом і не насыпле супроць яго вала:
Isai Bela 37:34  па той самай дарозе, па якой прыйшоў, — вернецца, а ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.
Isai Bela 37:35  Я буду бараніць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго".
Isai Bela 37:36  І выйшаў анёл Гасподні і забіў у лагеры Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч чалавек . І ўсталі раніцай, і вось, усе — целы мёртвыя.
Isai Bela 37:37  І адступіў, і пайшоў і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.
Isai Bela 37:38  І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Арамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.
Chapter 38
Isai Bela 38:1  У тыя дні Эзэкія сьмяротна захварэў. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амосаў, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: зрабі запавет дому твайму, бо ты памрэш, не ачуняеш.
Isai Bela 38:2  Тады Эзэкія адвярнуўся тварам да сьцяны, і маліўся Госпаду, кажучы:
Isai Bela 38:3  "о, Госпадзе! успомні, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і з адданым Табе сэрцам і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх". І заплакаў Эзэкія моцна.
Isai Bela 38:4  І было слова Гасподняе Ісаю, і сказана:
Isai Bela 38:5  ідзі і скажы Эзэкію: так кажа Гасподзь, Бог Давідаў, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, угледзеў сьлёзы твае, і вось, Я дадаю да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
Isai Bela 38:6  і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.
Isai Bela 38:7  І вось табе азнака ад Госпада, што Гасподзь спраўдзіць слова, якое Ён сказаў.
Isai Bela 38:8  Вось, Я вярну назад на дзесяць прыступак сонечны цень, які прайшоў па прыступках Ахазавых. І вярнулася сонца на дзесяць прыступак па прыступках, па якіх яно сыходзіла.
Isai Bela 38:9  Малітва Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ён хворы быў і ачуняў ад хваробы:
Isai Bela 38:10  "я сказаў сам сабе: апалавіне дзён маіх я мушу ісьці ў браму апраметнай; я пазбаўлены рэшты гадоў маіх.
Isai Bela 38:11  Я казаў: ня ўбачу я Госпада, Госпада на зямлі жывых; не пабачу больш чалавека паміж жывымі ў сьвеце;
Isai Bela 38:12  жытло маё здымаецца зь месца і зносіцца ад мяне, як будан пастушыны; я павінен адкроіць, як ткач, жыцьцё маё: Ён адкроіць мяне ад асновы; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.
Isai Bela 38:13  Да раніцы я чакаў; як леў, Ён крышыў косьці мае; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.
Isai Bela 38:14  Як журавель, як ластаўка, падаваў я голас, сумаваў як голуб; паныла глядзелі вочы мае на неба: Госпадзе! цесна мне; уратуй мяне.
Isai Bela 38:15  Што скажу я? Ён сказаў мне, Ён і зрабіў. Ціха буду праводзіць усе гады жыцьця майго, памятаючы немарасьць душы маёй.
Isai Bela 38:16  Госпадзе! так жывуць, і ва ўсім гэтым — жыцьцё майго духу; Ты ацаліш мяне, падаруеш жыцьцё мне.
Isai Bela 38:17  Вось, на дабро мне была вялікая гарота, і Ты выбавіў душу маю ад рову пагібелі, і кінуў усе грахі мае за плечы Свае.
Isai Bela 38:18  Бо не апраметная Цябе славіць, ня смерць праслаўляе Цябе, ня прыхадні ў магілу спадзяюцца на ісьціну Тваю.
Isai Bela 38:19  Жывы, толькі жывы Цябе ўславіць, як сёньня я: бацька абвесьціць дзецям ісьціну Тваю.
Isai Bela 38:20  Гасподзь уратуе мяне; і мы ва ўсе дні жыцьця нашага з гукамі струнаў маіх сьпявацьмем песьні ў доме Гасподнім.
Isai Bela 38:21  І сказаў Ісая: няхай прынясуць скрылі смокваў і абкладуць імі нарыў; і ён ачуняе.
Isai Bela 38:22  А Эзэкія сказаў: якая азнака, што я буду хадзіць у дом Гасподні?
Chapter 39
Isai Bela 39:1  На той час Мэрадах Валадан, сын Валаданаў, цар Вавілонскі, прыслаў Эзэкіі ліст і дарункі, бо чуў, што ён быў хворы і ачуняў.
Isai Bela 39:2  І зарадаваўся пасланцам Эзэкія і паказаў ім дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, і пахошчы і каштоўныя масьці, увесь збройны свой дом, і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных,— нічога не засталося, чаго не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.
Isai Bela 39:3  І прыйшоў прарок Ісая да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі? і адкуль яны прыходзілі да цябе? Эзэкія сказаў: з далёкай зямлі прыходзілі яны да мяне, з Вавілона.
Isai Bela 39:4  І сказаў Ісая : што бачылі яны ў доме тваім? Эзэкія сказаў: бачылі ўсё, што ёсьць у доме маім; нічога не засталося ў скарбніцах маіх, чаго я не паказаў бы ім.
Isai Bela 39:5  І сказаў Ісая Эзэкіі: выслухай слова Госпада Саваофа:
Isai Bela 39:6  вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае да гэтага дня, будзе зьнесена ў Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.
Isai Bela 39:7  І возьмуць з сыноў тваіх, якія выйдуць зь цябе, якіх ты народзіш,— і яны будуць еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.
Isai Bela 39:8  І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты прамовіў; бо, дадаў ён, спакой і дабрабыт будуць у дні мае.
Chapter 40
Isai Bela 40:1  Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
Isai Bela 40:2  кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
Isai Bela 40:3  Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сцежкі Богу нашаму;
Isai Bela 40:4  кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
Isai Bela 40:5  і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае ; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
Isai Bela 40:6  Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць — трава і ўся краса яе — нібы кветка польная.
Isai Bela 40:7  Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ — трава.
Isai Bela 40:8  Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
Isai Bela 40:9  Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось — Бог ваш!
Isai Bela 40:10  Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
Isai Bela 40:11  Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
Isai Bela 40:12  Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
Isai Bela 40:13  Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
Isai Bela 40:14  З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
Isai Bela 40:15  Вось народы — як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
Isai Bela 40:16  І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім — на цэласпаленьне.
Isai Bela 40:17  Усе народы перад Ім як нішто, — менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
Isai Bela 40:18  Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога?І якое падабенства знойдзеце Яму?
Isai Bela 40:19  Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
Isai Bela 40:20  А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
Isai Bela 40:21  Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам ня казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
Isai Bela 40:22  Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім ; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
Isai Bela 40:23  Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
Isai Bela 40:24  Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
Isai Bela 40:25  Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
Isai Bela 40:26  Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
Isai Bela 40:27  Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: "дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго"?
Isai Bela 40:28  Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
Isai Bela 40:29  Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
Isai Bela 40:30  Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
Isai Bela 40:31  а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.
Chapter 41
Isai Bela 41:1  Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: "станьма разам на суд".
Isai Bela 41:2  Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.
Isai Bela 41:3  Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.
Isai Bela 41:4  Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я — Гасподзь першы, і ў апошніх — Я такі самы.
Isai Bela 41:5  Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;
Isai Bela 41:6  кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: "мацуйся!"
Isai Bela 41:7  Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык — таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: "добрая"; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.
Isai Bela 41:8  А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
Isai Bela 41:9  ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты — Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,
Isai Bela 41:10  ня бойся, бо Я — з табою; не бянтэжся, бо Я — Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.
Isai Bela 41:11  Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, — будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.
Isai Bela 41:12  Будзеш іх шукаць — і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;
Isai Bela 41:13  бо Я — Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: "ня бойся, Я пасабляю табе".
Isai Bela 41:14  Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдныІзраіле, — Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.
Isai Bela 41:15  Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.
Isai Bela 41:16  Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.
Isai Bela 41:17  Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.
Isai Bela 41:18  Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю — крыніцамі вады;
Isai Bela 41:19  пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,
Isai Bela 41:20  каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.
Isai Bela 41:21  Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.
Isai Bela 41:22  Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.
Isai Bela 41:23  Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.
Isai Bela 41:24  Але вы — нішто, і дзея вашая — нікчэмная; мярзота — той, хто выбірае вас.
Isai Bela 41:25  Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.
Isai Bela 41:26  Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: "праўда?", але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.
Isai Bela 41:27  Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.
Isai Bela 41:28  Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.
Isai Bela 41:29  Вось, усе яны — нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата — балваны іхнія.
Chapter 42
Isai Bela 42:1  Вось, Юнак мой, Якога Я трымаю за руку, выбраны Мой, Якому спрыяе душа Мая. Пакладу дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд;
Isai Bela 42:2  не залямантуе і ня ўзвысіць голасу Свайго, і ня дасьць пачуць яго на вуліцах;
Isai Bela 42:3  трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які тлее, не атушыць; суд чыніцьме паводле ісьціны;
Isai Bela 42:4  не аслабне і не зьняможацца, пакуль на зямлі не ўсталюе суду, і на закон Яго будуць класьці надзею выспы.
Isai Bela 42:5  Так кажа Гасподзь Бог, Які стварыў нябёсы і прастору іх, распрасьцёр зямлю з утворамі яе, дае дыханьне народу на ёй і дух тым, што ходзяць па ёй.
Isai Bela 42:6  Я, Гасподзь, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю цябе запаветам народу, сьвятлом язычнікам,
Isai Bela 42:7  каб разамкнуць вочы сьляпым, каб вязьняў вывесьці зь вязьніцы і тых, што сядзяць у цемры, — зь цямніцы.
Isai Bela 42:8  Я Гасподзь, гэта — Маё імя, і ня дам славы Маёй іншаму і хвалы Маёй балванам.
Isai Bela 42:9  Вось, прадказанае раней збылося, і новае Я абвяшчу; перш чым яно адбудзецца, Я абвяшчу вам.
Isai Bela 42:10  Сьпявайце Госпаду новую песьню, хвалу Яму ад краёў зямлі, вы, хто плавае па моры, і ўсе, хто напаўняе яго, выспы і хто жыве на іх.
Isai Bela 42:11  Хай узвысіць голас пустыня і гарады яе, селішчы, дзе жыве Кідар; хай трыумфуюць насельнікі скал, хай аказваюцца голасам зь вяршыняў гор.
Isai Bela 42:12  Хай аддадуць Госпаду славу, і хвалу Яго хай абвесьцяць на выспах.
Isai Bela 42:13  Гасподзь выйдзе, як волат, як муж бітваў абудзіць рэўнасьць; закліча і падыме воінскі крык, і пакажа Сябе моцным супроць ворагаў Сваіх.
Isai Bela 42:14  Доўга маўчаў Я, трываў, стрымліваўся; цяпер буду крычаць, як парадзіха, буду разбураць і паглынаць усё;
Isai Bela 42:15  спустошу горы і пагоркі, і ўсю траву іх высушу; і рэкі зраблю выспамі, і асушу азёры.
Isai Bela 42:16  І павяду сьляпых дарогаю, якое яны ня ведаюць, невядомымі шляхамі буду весьці іх; змрок зраблю сьвятлом перад імі, і крывыя шляхі — простымі: вось, што Я зраблю ім і не пакіну іх.
Isai Bela 42:17  Тады адступяцца і вялікім сорамам пакрыюцца тыя, што спадзяюцца на ідалаў, што кажуць балванам: "вы — нашыя багі".
Isai Bela 42:18  Слухайце, глухія, і глядзеце сьляпыя, каб бачыць.
Isai Bela 42:19  Хто так сьляпы, як раб Мой, і глухі, як вястун Мой, Мною пасланы? Хто так сьляпы, як закаханы, так сьляпы, як раб Госпада?
Isai Bela 42:20  Ты бачыў многае, але не заўважаў; вушы былі растуленыя, але ня чуў.
Isai Bela 42:21  Госпаду заўгодна было дзеля праўды Сваёй узвысіць і праславіць закон.
Isai Bela 42:22  Але гэта народ зруйнаваны і абрабаваны: усе яны зьвязаныя ў сутарэньнях і схаваныя ў цямніцах; зрабіліся здабычаю, і няма збаўцы, абрабаваныя, і ніхто ня скажа: "аддай назад"!
Isai Bela 42:23  Хто з вас прыхіліў да гэтага вуха, увайшоў і выслухаў гэта дзеля будучыні?
Isai Bela 42:24  Хто выдаў Якава на спусташэньне і Ізраіля рабаўнікам? Ці не Гасподзь, супроць Якога мы грашылі? не хацелі яны хадзіць шляхамі Яго, і ня слухалі закону Яго.
Isai Bela 42:25  І Ён выліў на іх шал гневу Свайго і лютасьць вайны: яна атачыла іх полымем з усіх бакоў, але яны не заўважалі; і гарэла ў іх, але яны не ўразумелі гэтага сэрцам.
Chapter 43
Isai Bela 43:1  А сёньня так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, Якаве, і ўладзіў цябе, Ізраіле: ня бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе імем тваім; ты — Мой.
Isai Bela 43:2  Ці будзеш пераходзіць праз воды, Я з табою, — альбо цераз рэкі, яны цябе не патопяць; а ці пойдзеш цераз агонь, не апячэшся, і полымя цябе не апаліць.
Isai Bela 43:3  Бо Я — Гасподзь Бог твой; Сьвяты Ізраілеў, Збаўца твой; на адкуп за цябе аддаў Егіпет, Эфіопію і Савею за цябе.
Isai Bela 43:4  Як што ты дарагі ў вачах Маіх, шматкаштоўны, і Я палюбіў цябе, дык аддам іншых людзей за цябе, і — народы за душу тваю.
Isai Bela 43:5  Ня бойся, бо Я з табою; з усходу прывяду племя тваё і з захаду зьбяру цябе.
Isai Bela 43:6  Поўначы скажу: аддай; і поўдню: ня стрымлівай; вядзі сыноў Маіх здалёку і дачок Маіх ад канцоў зямлі,
Isai Bela 43:7  кожнага, хто называецца імем Маім, каго Я стварыў дзеля славы Маёй, сфармаваў і зладзіў.
Isai Bela 43:8  Выведзі народ сьляпы, хоць у яго ёсьць вочы, і глухі, хоць у яго ёсьць вушы.
Isai Bela 43:9  Хай усе народы зьбяруцца разам, і згуртуюцца плямёны. Хто сярод нас прадказваў гэта? хай абвесьцяць, што было на пачатку; хай паставяць сьведак ад сябе і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: праўда!
Isai Bela 43:10  А Мае сьведкі, кажа Гасподзь, вы і раб Мой, якога Я выбраў, каб вы ведалі і верылі Мне, і разумелі, што гэта — Я: раней за Мяне ня было Бога, і пасьля Мяне ня будзе.
Isai Bela 43:11  Я, Я — Гасподзь, і няма Збаўцы, апрача Мяне.
Isai Bela 43:12  Я прадказаў і ўратаваў, і абвясьціў; а іншага няма ў вас, і вы — сьведкі Мае, кажа Гасподзь, што Я — Бог;
Isai Bela 43:13  ад пачатку дзён Я — Той Самы, і ніхто не ўратуе ад рукі Маёй; Я зраблю, і хто адменіць гэта?
Isai Bela 43:14  Так кажа Гасподзь, Адкупнік ваш, Сьвяты Ізраілеў: дзеля вас Я паслаў у Вавілон і скрышыў усе завалы і Халдэяў, што выхваляліся караблямі.
Isai Bela 43:15  Я Гасподзь, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Цар ваш.
Isai Bela 43:16  Так кажа Гасподзь, Які адкрыў у мора дарогу, у моцных водах сьцежку,
Isai Bela 43:17  вывеў калясьніцы і коні, войска і сілу; усе палеглі разам, ня ўсталі; патухлі, як сьвяцільня, пагасьлі.
Isai Bela 43:18  Але вы ня згадваеце ранейшага і пра старадаўняе не намышляеце.
Isai Bela 43:19  Вось, Я раблю новае; а цяпер яно зьявіцца; няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Я правяду дарогу ў стэпе, рэкі — у пустыні.
Isai Bela 43:20  Палявыя зьвяры праславяць Мяне, шакалы і страўсы, бо Я ў пустынях дам ваду, рэкі — у сухім стэпе, каб паіць выбраны народ Мой.
Isai Bela 43:21  Гэты народ я ўтварыў Сабе; ён будзе абвяшчаць славу Маю.
Isai Bela 43:22  А ты, Якаве, ня клікаў Мяне; ты, Ізраіле, не працаваў дзеля Мяне.
Isai Bela 43:23  Ты ня прыносіў Мне ягнятак тваіх на цэласпаленьне, ахвярамі тваімі не шанаваў Мяне. Я ня змушаў цябе служыць Мне хлебным прынашэньнем і не абцяжарваў цябе фіміямам.
Isai Bela 43:24  Ты ня купляў Мне пахучага трысьнёгу за срэбра і тлушчам ахвяраў тваіх не карміў Мяне; але ты грахамі тваімі бянтэжыў Мяне; беззаконьнямі тваімі бянтэжыў Мяне.
Isai Bela 43:25  Я, Я Сам згладжваю злачынствы твае дзеля Сябе Самога і грахоў тваіх не ўзгадаю.
Isai Bela 43:26  Прыгадай Мне; пачнем судзіцца; кажы ты, каб апраўдацца.
Isai Bela 43:27  Прабацька твой зграшыў, і хадайнікі твае адступіліся ад Мяне.
Isai Bela 43:28  За тое Я першых у сьвяцілішчы пазбавіў сьвяшчэнства і Якава аддаў на закляцьце і Ізраіля на паганьбеньне.
Chapter 44
Isai Bela 44:1  А цяпер слухай, Якаве, рабе Мой, і Ізраіле, якога я выбраў.
Isai Bela 44:2  Так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, і ўзгадаваў цябе, дапамагае табе ад улоньня мацярынскага, ня бойся, рабе Мой, Якаве, і любасны Ізраіле , якога Я выбраў;
Isai Bela 44:3  бо Я вылью вады на спрагненае; вылью дух Мой на племя тваё і дабраславеньне Маё на нашчадкаў тваіх.
Isai Bela 44:4  І будуць расьці сярод травы, як вербы пры патоках водаў.
Isai Bela 44:5  Адзін скажа: "я — Гасподні", другі назавецца імем Якава; а іншы напіша рукою сваёю: "я — Гасподні", і назавецца імем Ізраіля.
Isai Bela 44:6  Так кажа Гасподзь, Цар Ізраіля, і Адкупнік ягоны, Гасподзь Саваоф: Я — першы, і Я — апошні; і акрамя Мяне няма Бога,
Isai Bela 44:7  бо хто — як Я? Хай ён раскажа, абвесьціць і ў парадку паставіць перад Мною ўсё з таго часу, як Я зладзіў народ старажытны, альбо хай абвесьціць наступнае і будучае.
Isai Bela 44:8  Ня бойцеся і не палохайцеся: ці не здавён Я абвясьціў табе і прадказаў?І вы — Мае сьведкі. Ці ёсьць Бог апрача Мяне? няма, іншай цьвярдыні ніякай ня ведаю.
Isai Bela 44:9  Тыя, што робяць ідалаў, — усе нікчэмныя, і самыя прагавітыя зь іх ня прыносяць ніякай карысьці, і яны самі сабе ў тым сьведкі. Яны ня бачаць і не разумеюць, і таму будуць пасаромленыя.
Isai Bela 44:10  Хто зрабіў бога і выліў ідала, што ня прыносіць ніякай карысьці?
Isai Bela 44:11  Усе ўдзельныя ў гэтым будуць пасаромленыя, бо і майстры самі — таксама зь людзей; яны ўбаяцца, і ўсе будуць пасаромленыя.
Isai Bela 44:12  Каваль робіць з жалеза сякеру і працуе на вугольлі, малаткамі абрабляе яе і працуе над ёю моцнаю рукою сваёю да таго, што аж робіцца галодны і бясьсілы, ня п’е вады і зьнемагае.
Isai Bela 44:13  Цясьляр, сьсекшы дрэва , праводзіць па ім лінію, вострым канцом прылады робіць на ім абрыс, потым абрабляе яго разцом і акругляе яго, і вырабляе зь яго вобраз чалавека прыгожага выгляду, каб паставіць яго ў доме.
Isai Bela 44:14  Ён і сячэ сабе кедры, бярэ сасну і дуб, якія выбера з-паміж дрэваў у лесе, садзіць ясень, а дождж росьціць яго.
Isai Bela 44:15  І гэта служыць чалавеку палівам, і частку гэтага ўжывае ён на тое, каб яму было цёпла, і разводзіць агонь, і пячэ хлеб. І з таго ж самага робіць бога, і пакланяецца яму, робіць ідала і падае перад ім.
Isai Bela 44:16  Частку дрэва паліць у агні, другою часткаю гатуе мяса на ежу, смажыць і есьць удосыць, а таксама грэецца і кажа: "добра, я сагрэўся; адчуў агонь".
Isai Bela 44:17  А з рэшты таго робіць бога, ідала свайго, пакланяецца яму, падае перад ім і моліцца яму, і кажа: "выратуй мяне, бо ты бог мой".
Isai Bela 44:18  Ня ведаюць і не разумеюць яны: Ён заплюшчыў вочы іх, каб ня бачылі, і сэрцы іх, каб не разумелі.
Isai Bela 44:19  І ня возьме ён гэтага да свайго сэрца, і няма ў яго столькі веданьня і розуму, каб сказаць: "палавіну яго я спаліў у агні і на вугольлі яго сьпёк хлеб, засмажыў мяса і зьеў: а з рэшты яго ці ж зраблю мярзоту? ці буду пакланяцца кавалку дрэва"?
Isai Bela 44:20  Ён ганяецца за пылам; ашуканае сэрца ўвяло яго ў аблуду, і ён ня можа вызваліць душы сваёй і сказаць: ці не падман у правай руцэ маёй?
Isai Bela 44:21  Памятай гэта, Якаве і Ізраіле, бо ты — раб Мой; Я ўзгадаваў цябе: раб Мой — ты, Ізраіле, не забывай Мяне.
Isai Bela 44:22  Разьвяду беззаконьні твае, як туман, і грахі твае, як воблака; зьвярніся да Мяне, бо я адкупіў цябе.
Isai Bela 44:23  Радуйцеся, нябёсы, бо Гасподзь зрабіў гэта. Усклікайце, глыбіні зямлі; гудзеце ад радасьці, горы; лес і ўсе дрэвы ў ім; бо адкупіў Гасподзь Якава і праславіцца ў Ізраілі.
Isai Bela 44:24  Так кажа Гасподзь, Які адкупіў цябе і ўзгадаваў цябе ад нутра мацерынага: Я — Гасподзь, Які стварыў усё, адзін раскінуў нябёсы і Сваёю сілаю разаслаў зямлю,
Isai Bela 44:25  Які робіць нікчэмнымі азнакі ілжэпрарокаў і выкрывае вар’яцтва чарадзеяў, мудрацоў праганяе назад, і веды іх робіць глупствам,
Isai Bela 44:26  Які сьцявярджае слова раба Свайго і дае выкананьне выслоўю Сваіх пасланцаў, Які кажа Ерусаліму: "ты будзеш населены" і гарадам Юдавым: "вы будзеце пабудаваныя, і руіны яго Я аднаўлю,
Isai Bela 44:27  Які бездані кажа: "ссохні!" і рэкі твае Я высушу,
Isai Bela 44:28  Які кажа пра Кіра: "пастыр Мой", і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: "ты будзеш пабудаваны!" і храму: "ты будзеш заснаваны!"
Chapter 45
Isai Bela 45:1  Так кажа Гасподзь памазанцу Свайму Кіру: Я трымаю цябе за правую руку, каб упакорыць табе народы, і здыму паясы з паясьніц цароў, каб адчыніліся табе дзьверы і брама не зачынялася:
Isai Bela 45:2  Я пайду перад табою і горы зраўняю, медныя дзьверы патрушчу і завалы жалезныя паламаю;
Isai Bela 45:3  і аддам табе хаваныя ў цемры скарбы і схаваныя багацьці, каб ты ўведаў, што Я Гасподзь, Які называе цябе імем,— Бог Ізраілеў.
Isai Bela 45:4  Дзеля Якава, раба Майго, і Ізраіля, выбранага Майго, я назваў цябе імем, ушанаваў цябе, хоць ты ня ведаў Мяне.
Isai Bela 45:5  Я — Гасподзь, і няма іншага; няма Бога, апрача Мяне; Я аперазаў цябе, хоць ты і ня ведаў Мяне,
Isai Bela 45:6  каб спазналі ад усходу сонца і ад захаду, што няма апрача Мяне; Я — Гасподзь, і няма іншага.
Isai Bela 45:7  Я ўтвараю сьвятло і ствараю цемру, раблю мір і чыню беды; Я, Гасподзь, раблю ўсё гэта.
Isai Bela 45:8  Крапеце, нябёсы, згары, і воблакі хай праліваюць праўду; хай разамкнецца зямля і прыносіць выратаваньне, і хай расьце разам праўда. Я, Гасподзь, твару гэта.
Isai Bela 45:9  Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок з чарапкоў зямных! Ці скажа гліна ганчару: "што ты робіш?" і твая дзея ці скажа пра цябе: "у яго няма рук"?
Isai Bela 45:10  Гора таму, хто кажа бацьку: навошта ты спарадзіў мяне на сьвет, а маці: навошта ты нарадзіла мяне ?
Isai Bela 45:11  Так кажа Гасподзь, Сьвяты Ізраіля і Творца яго: вы пытаецеся ў Мяне пра будучыню сыноў Маіх і хочаце Мне ўказваць у дзеях рук Маіх?
Isai Bela 45:12  Я зрабіў зямлю і стварыў на ёй чалавека; Я — Мае рукі і распасцёрлі нябёсы, і ўсяму воінству іхняму даў закон Я.
Isai Bela 45:13  Я ўзьвёў яго ў праўдзе і спрастую ўсе дарогія яго. Ён збудуе горад Мой і адпусьціць палонных Маіх, не за выкуп і не за дары, кажа Гасподзь Саваоф.
Isai Bela 45:14  Так кажа Гасподзь: працы Егіпцян і гандаль Эфіоплянаў, і Савэйцы, людзі рослыя, да цябе пяройдуць і будуць твае; яны пойдуць сьледам за табою, у ланцугах прыйдуць і ўпадуць перад табою, і будуць маліць цябе, кажучы : у цябе толькі Бог, і няма іншага Бога.
Isai Bela 45:15  Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраілеў, Збаўца.
Isai Bela 45:16  Усе яны будуць паганьбаваныя і пасаромленыя; разам зь імі ў сораме пойдуць і ўсе, хто робіць ідалаў.
Isai Bela 45:17  А Ізраіль будзе выратаваны ратункам вечным у Госпадзе; вы ня будзеце паганьбаваныя вавекі вякоў.
Isai Bela 45:18  Бо так кажа Гасподзь, Які стварыў нябёсы, Ён — Бог, даў вобраз зямлі і зрабіў яе; Ён уцьвердзіў; не дарма стварыў яе, Ён зладзіў яе на жыхарства; Я — Гасподзь, і няма іншага.
Isai Bela 45:19  Не таемнае Я гаварыў, ня ў цёмным месцы зямлі; не казаў Я племю Якава: дарма шукаеце Мяне. Я — Гасподзь, Які прамаўляе праўду, адкрывае ісьціну.
Isai Bela 45:20  Зьбярэцеся і прыйдзеце, наблізьцеся ўсе, хто ацалеў з народаў. Невукі тыя, якія носяць драўлянага свайго ідала і моляцца богу, які не ратуе.
Isai Bela 45:21  Абвясьцеце і скажэце, параіўшыся паміж сабою: хто абвясьціў гэта са старадаўніх часоў, наперад сказаў гэта? Ці ня Я, Гасподзь? і няма іншага Бога акрамя Мяне,— Бога праведнага і ратавальнага няма, акрамя Мяне.
Isai Bela 45:22  Да Мяне зьвярнецеся і будзеце выратаваныя, усе канцы зямлі; бо Я — Бог, і няма іншага.
Isai Bela 45:23  Мною прысягаю: з вуснаў Маіх сыходзіць праўда, слова нязьменнае, што перад Мною схіліцца кожнае племя, Мною будзе прысягаць кожны род.
Isai Bela 45:24  Толькі ў Госпада, будуць казаць пра Мяне, праўда і сіла; да Яго прыйдуць і пасаромяцца ўсе, што варагавалі супроць Яго.
Isai Bela 45:25  Госпадам будзе апраўдана і праслаўлена ўсё племя Ізраілева.
Chapter 46
Isai Bela 46:1  Упаў Віл, паваліўся Нэво; балваны іхнія — на быдле і ўючных жывёлах; вашая ноша сталася цяжкаю стомленым жывёлам.
Isai Bela 46:2  Паваліліся, упалі разам; не маглі абараніць тых, што несьлі, і самі пайшлі ў палон.
Isai Bela 46:3  Паслухайце мяне, доме Якава і ўся рэшта дома Ізраілевага, прынятыя Мною ад улоньня, каго Я насіў ад утробы матчынай :
Isai Bela 46:4  і да старасьці вашай Я той самы буду, і да сівізны вашай Я ж буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас.
Isai Bela 46:5  Да каго прыпадобніце Мяне і з кім параўнаеце, і з кім зьверыце, каб мы былі падобныя?
Isai Bela 46:6  Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срабрака, каб ён зрабіў зь яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім,
Isai Bela 46:7  падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, зь месца свайго не кранецца; крычаць яму — ён не адказвае, не ратуе ад бяды.
Isai Bela 46:8  Успомніце гэта і пакажэце сябе мужамі; прымеце гэта, адступнікі, да сэрца;
Isai Bela 46:9  успомніце былое раней, ад пачатку веку, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, і няма падобнага да Мяне.
Isai Bela 46:10  Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю.
Isai Bela 46:11  Я паклікаў арла з усходу, з далёкай краіны, спраўцу вызначэньня Майго. Я сказаў — і спраўджу гэта; прадпісаў — і зраблю.
Isai Bela 46:12  Паслухайце Мяне, жорсткія сэрцам, далёкія ад праўды:
Isai Bela 46:13  Я наблізіў праўду Маю, — яна не далёка, і ратунак Мой не замарудзіць; і дам Сіёну выратаваньне, Ізраілю — славу Маю.
Chapter 47
Isai Bela 47:1  Сыдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Вавілона; сядзі на зямлі: трона няма, дачка Халдэяў, і больш не называцьмуць цябе пяшчотнаю і раскошнаю.
Isai Bela 47:2  Вазьмі жорны і мялі муку; здымі покрыва тваё, падбяры прыпол, адкрый галені, пераходзь цераз рэкі:
Isai Bela 47:3  адкрыецца галізна твая, і нават відаць будзе сорам твой. Зьдзейсьню помсту і не пашкадую нікога.
Isai Bela 47:4  Адкупнік наш — Гасподзь Саваоф імя Яму, Сьвяты Ізраілеў.
Isai Bela 47:5  Сядзі моўчкі і сыдзі ў цемру, дачка Халдэя: бо болей ня будуць называць цябе гаспадыняю царстваў.
Isai Bela 47:6  Я ўгневаўся на народ Мой, зьнішчыў спадчыну Маю і аддаў іх у рукі твае; а ты не ўмілажалілася зь іх, — на старца ўскладала занадта цяжкае ярмо тваё.
Isai Bela 47:7  І ты казала: "вечна буду гаспадыняю", а не ўяўляла таго ў розуме тваім, ня думала, што будзе пасьля.
Isai Bela 47:8  Але сёньня выслухай мяне, сьпешчаная, што жывеш бястурботна, што гаворыш у сэрцы сваім: "я, — і другое падобнае да мяне няма: ня буду сядзець удавіцаю і не зазнаю страты дзяцей".
Isai Bela 47:9  Але зьнянацку, у адзін дзень, прыйдзе да цябе тое і другое — страта дзяцей і ўдоўства; поўнаю мераю сыдуць яны на цябе, нягледзячы на мноства чарадзействаў тваіх і на вялікую сілу варажбіцтва твайго.
Isai Bela 47:10  Бо ты спадзявалася на зладзейства тваё, казала: "ніхто ня бачыць мяне". Мудрасьць твая і веды твае — яны зьбілі цябе з дарогі, і ты казала ў сэрцы тваім: "я, і ніхто апрача мяне".
Isai Bela 47:11  І прыйдзе на цябе нягода: ты не даведаешся, адкуль яна падымецца, і наваліцца на цябе бяда, якое ты ня мецьмеш сілы ўхіліць, і раптоўна прыйдзе на цябе загуба, пра якую ты ня думаеш.
Isai Bela 47:12  Заставайся ж з тваімі варажбіцтвамі і з мноствам чарадзействаў тваіх, якімі ты займалася з маладосьці тваёй: можа стацца — пасобіш сабе, можа стацца — выстаіш.
Isai Bela 47:13  Ты стомленая мноствам парадаў тваіх: хай жа выступяць назіральнікі нябёсаў і зьвездары і прадказальнікі па маладзіках, і ўратуюць цябе ад таго, што мае прыпасьці табе.
Isai Bela 47:14  Вось яны, як салома: агонь спаліў іх, — ня збавілі душы сваёй ад полымя; не засталося вугалю, каб пагрэцца, ні агню, каб пасядзець каля яго.
Isai Bela 47:15  Такімі зрабіліся табе тыя, з кім ты працавала, з кім вяла гандаль з маладосьці тваёй. Кожны пайшоў у свой бок; ніхто не ратуе цябе.
Chapter 48
Isai Bela 48:1  Слухайце гэта, доме Якава, які называецца імем Ізраіля, і паходжанцы ад крыніцы Юдавай, што прысягаюць імем Госпада і вызнаюць Бога Ізраілевага, хоць не паводле ісьціны і не паводле праўды.
Isai Bela 48:2  Бо яны называюць сябе паходжанцамі ад сьвятога горада і апіраюцца на Бога Ізраілевага; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
Isai Bela 48:3  Ранейшае Я загадзя абвяшчаў; з Маіх вуснаў выходзіць яно, і Я абвяшчаў гэта і зьнянацку рабіў, — і ўсё збывалася.
Isai Bela 48:4  Я ведаў, што ты ўпарты, і што ў шыі тваёй жылы жалезныя, і лоб твой — медны;
Isai Bela 48:5  таму і абвяшчаў табе загадзя, раней чым гэта здарылася, і перадаваў табе, каб ты не сказаў: "ідал мой зрабіў гэта, і балван мой і выліты мой загадаў гэтаму быць".
Isai Bela 48:6  Ты чуў — паглядзі на ўсё гэта! І няўжо вы не прызнаеце гэтага? А сёньня Я абвяшчаю табе новае, і ты ня ведаў гэтага.
Isai Bela 48:7  Яно сталася сёньня, а не даўно і не за дзень, і ты ня чуў пра тое, каб ты не сказаў: "вось! я ведаў гэта".
Isai Bela 48:8  Ты і ня чуў, і ня ведаў пра гэта, і вуха тваё ня было раней адкрытае; бо Я ведаў, што ты ўчыніш вераломна, і ад самага ўлоньня матчынага ты празваны адступнікам.
Isai Bela 48:9  Дзеля імя Майго адкладваў гнеў Мой, і дзеля славы Маёй стрымліваў Сябе ад зьнішчэньня цябе.
Isai Bela 48:10  Вось, Я растапіў цябе, але не як срэбра; выпрабаваў цябе ў гарніле пакуты.
Isai Bela 48:11  Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога раблю гэта, — бо якое было б нараканьне на імя Маё ! славы Маёй ня дам іншаму.
Isai Bela 48:12  Паслухай Мяне, Якаве і Ізраіле, пакліканы Мой: Я той самы, Я першы і Я апошні.
Isai Bela 48:13  Мая рука паклала зямлю, і Мая правіца расхінула нябёсы; паклічу іх, — і яны стануць разам.
Isai Bela 48:14  Зьбярэцеся ўсе, і слухайце: хто спаміж іх прадказаў гэта? Гасподзь палюбіў яго, і ён выканае волю Яго над Вавілонам і пакажа сілу Яго над Халдэямі.
Isai Bela 48:15  Я, Я сказаў, і паклікаў яго; Я прывёў яго, і шлях ягоны будзе пасьпяховы.
Isai Bela 48:16  Падыдзеце да Мяне, слухайце гэта: Я і спачатку гаварыў не таемна; з таго часу, як гэта адбываецца, Я быў там; і сёньня паслаў Мяне Гасподзь Бог і Дух Ягоны.
Isai Bela 48:17  Так кажа Гасподзь, Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў: Я Гасподзь Бог твой, вучу цябе карыснаму, вяду цябе па той дарозе, па якой табе трэба ісьці.
Isai Bela 48:18  О, калі б ты слухаў запаведзі Мае! Тады мір твой быў бы, як рака, і праўда твая — як хвалі марскія.
Isai Bela 48:19  І насеньне тваё было б, як пясок, і паходжанцы ад нутра твайго — як пясчынкі: ня згладзілася б імя ягонае перад Мною.
Isai Bela 48:20  Выходзьце з Вавілона, бяжэце ад Халдэяў, з голасам радасьці абвяшчайце і прапаведуйце гэта, пашырайце гэтую вестку да краю зямлі; кажэце: Гасподзь адкупіў раба Свайго Якава".
Isai Bela 48:21  І ня сьмягнуць яны ў пустынях, празь якія Ён вядзе іх: Ён крынічыць ім ваду з каменя; расьсякае скалу, — і ліюцца воды.
Isai Bela 48:22  А бязбожным няма спакою, кажа Гасподзь.
Chapter 49
Isai Bela 49:1  Слухайце Мяне, выспы, і ўважайце, народы далёкія: Гасподзь паклікаў Мяне ад улоньня, ад нутробы маці Маёй назваў імя Маё;
Isai Bela 49:2  і зрабіў вусны Мае, як востры меч; ценем рукі Сваёй накрываў Мяне, і зрабіў Мяне стралою завостранаю: у калчане Сваім—захоўваў Мяне;
Isai Bela 49:3  і сказаў Мне: ты раб Мой, Ізраіле, — у табе Я праслаўлюся.
Isai Bela 49:4  А Я сказаў: дарма Я працаваў, на нішто і марна нікчэмніў сілу Сваю. Але Маё права — у Госпада, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго.
Isai Bela 49:5  І сёньня кажа Гасподзь, Які выгадаваў Мяне ад улоньня рабом Сабе, каб павярнуць да Яго Якава, і каб Ізраіль сабраўся ў Яго; Я ўшанаваны ў вачах Госпада, і Бог мой — сіла Мая.
Isai Bela 49:6  І Ён сказаў: мала таго, што ты будзеш рабом Маім на ўзнаўленьне каленаў Ізраілевых і дзеля вяртаньня рэшты Ізраіля, але Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі.
Isai Bela 49:7  Так кажа Гасподзь, Адкупнік Ізраіля, Сьвяты Яго, пагарджанаму ўсімі, клятаму народам, рабу ўладароў: цары ўбачаць — і ўстануць; князі паклоняцца дзеля Госпада, Які верны, дзеля Сьвятога Ізраілевага, Які выбраў Цябе.
Isai Bela 49:8  Так кажа Гасподзь: у час спрыяльны Я пачуў Цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог Табе; і Я буду ахоўваць Цябе і зраблю Цябе запаветам народу, каб узнавіць зямлю, каб вярнуць спадчыньнікам спадчыну спусташэньня,
Isai Bela 49:9  сказаў вязьням: "выходзьце", і тым, якія ў цемры: "пакажэцеся". Яны пры дарогах будуць пасьвіць, і на ўсіх пагорках будуць пашы іхнія;
Isai Bela 49:10  ня будуць цярпець голаду і смагі, і не дастане іх сьпёка і сонца; бо Той, Хто мілуе іх, будзе весьці іх і прывядзе іх да крыніцы водаў.
Isai Bela 49:11  І ўсе горы Мае зраблю шляхам, і дарогі Мае будуць паднятыя.
Isai Bela 49:12  Вось, яны прыйдуць здалёку; і вось, — адны з поўначы і мора, а другія — зь зямлі Сінім.
Isai Bela 49:13  Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх.
Isai Bela 49:14  А Сіён казаў: "пакінуў мяне Гасподзь, і Бог мой забыў мяне!"
Isai Bela 49:15  Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе.
Isai Bela 49:16  Вось, Я накрэсьліў цябе на далонях Маіх ; сцены твае заўсёды перада Мною.
Isai Bela 49:17  Сыны твае пасьпяшаюцца да цябе, а руйнавальнікі і спусташальнікі твае пойдуць ад цябе.
Isai Bela 49:18  Узьвядзі вочы твае і паглядзі навокал, — усе яны зьбіраюцца, ідуць да цябе. Жыву Я! кажа Гасподзь, ва ўсе іх ты апранешся, як ва ўбранства, і ўбярэшся ў іх, як нявеста.
Isai Bela 49:19  Бо руіны твае і пустыні твае і спустошаная зямля твая — будуць цяпер занадта цесныя жыхарам, і тыя, што глыталі цябе, адыдуць ад цябе.
Isai Bela 49:20  Дзеці, якія будуць у цябе пасьля страты ранейшых, скажуць уголас табе: "цеснае мне месца; саступі мне, каб я мог жыць".
Isai Bela 49:21  І ты скажаш у сэрцы тваім: "хто мне нарадзіў іх? я была бязьдзетная і бясплодная, адведзена ў палон і выгнана; хто ж выгадаваў іх? — вось, я заставалася адзінокая; дзе ж яны былі?"
Isai Bela 49:22  Так кажа Гасподзь Бог: вось, Я падыму руку Маю да народаў, і выстаўлю сьцяг Мой плямёнам, — і прынясуць сыноў тваіх на руках і дачок тваіх на плячах.
Isai Bela 49:23  І будуць цары карміцелямі тваімі, і царыцы іх — карміцелькамі тваімі; тварам да зямлі будуць кланяцца табе і лізаць пыл ног тваіх, і ўведаеш, што Я — Гасподзь, што тыя, хто спадзяецца на Мяне, ганьбы ня мецьмуць.
Isai Bela 49:24  Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя?
Isai Bela 49:25  Так! так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую;
Isai Bela 49:26  і ўціскальнікаў тваіх накармлю іхняю плоцьцю, і яны будуць упітыя крывёю сваёю, як маладым віном; і ўсякая плоць даведаецца, што Я — Гасподзь, Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Якаваў.
Chapter 50
Isai Bela 50:1  Так кажа Гасподзь: дзе разводны ліст вашай маці, зь якім Я адпусьціў яе? альбо якому з маіх пазыкоўцаў Я прадаў вас? Вось, вы прададзены за грахі вашыя, і за злачынствы вашыя адпушчана маці вашая.
Isai Bela 50:2  Чаму, калі Я прыходзіў, нікога ня было, і калі Я клікаў, ніхто не азываўся? Хіба рука Мая кароткая стала, каб выбаўляць, альбо няма сілы ўва Мне, каб ратаваць? Вось, грозьбаю Маёю Я высушваю мора, ператвараю рэкі ў пустыню; рыбы ў іх гніюць ад нястачы вады і паміраюць ад смагі.
Isai Bela 50:3  Я апранаю нябёсы ў морак, і вярэту раблю покрывам іхнім.
Isai Bela 50:4  Гасподзь Бог даў Мне язык мудрых, каб Я мог словам мацаваць зьнямоглага: кожнае раніцы Ён будзіць, будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань.
Isai Bela 50:5  Гасподзь Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад.
Isai Bela 50:6  Я аддаў хрыбет Мой тым, што б’юць, і шчокі Мае — пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня.
Isai Bela 50:7  І Гасподзь Бог дапамагае Мне: таму Я не саромеюся, таму Я трымаю твар Мой, як крэмень, і ведаю, што не застануся ў ганьбе.
Isai Bela 50:8  Блізкі Апраўдальнік Мой; хто хоча спаборнічаць са Мною? станем разам. Хто хоча судзіцца са Мною? хто падыдзе да Мяне.
Isai Bela 50:9  Вось, Гасподзь Бог дапамагае Мне: хто асудзіць Мяне? Вось, усе яны як вопратка зьлядашчацца; моль зьесьць іх.
Isai Bela 50:10  Хто з вас баіцца Госпада, слухаецца голасу Раба Ягонага? Хто ходзіць у мораку, безь сьвятла, хай спадзяецца на імя Госпада і хай мацуецца ў Богу сваім.
Isai Bela 50:11  Вось, усе вы, што разводзіце агонь, запасеныя запальнымі стрэламі, ідзеце ў полымя агню вашага і стрэлаў, распаленых вамі! Гэта будзе вам ад рукі Маёй: у пакутах сканаеце.
Chapter 51
Isai Bela 51:1  Паслухайце Мяне, хто імкнецца да праўды, хто шукае Госпада! Зірнеце на скалу, зь якой вы высечаны, і ў глыбіню рова, зь якога вас дасталі.
Isai Bela 51:2  Паглядзеце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас; бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго і памножыў яго.
Isai Bela 51:3  Так, Гасподзь суцешыць Сіён, суцешыць усе руіны яго і зробіць пустыні яго, як рай, і стэп яго, як сад Госпада: радасьць і весялосьць будуць у ім, славаслоўе і песнапеньне.
Isai Bela 51:4  Паслухайце Мяне, народзе Мой, і племя Маё, прыхілеце вуха да Мяне! бо ад Мяне пойдзе закон, і суд Мой пастаўлю за сьвятло народам.
Isai Bela 51:5  Праўда Мая блізкая; выратаваньне Маё ўзыходзіць, і сіла Мая будзе судзіць народы; выспы спадзявацьмуцца на Мяне і будуць класьці надзею на сілу Маю.
Isai Bela 51:6  Узьвядзеце вочы вашыя да нябёсаў, і паглядзеце на зямлю ўніз: бо нябёсы зьнікнуць, як дым, і зямля зьлядашчыцца, як вопратка, і жыхары яе таксама вымруць; а Маё выратаваньне будзе вечнае, і праўда Мая ня спыніцца.
Isai Bela 51:7  Паслухайце Мяне, знаўцы праўды, народзе, у якога ў сэрцы закон Мой! Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей, і ліхаслоўя іхняга не палохайцеся.
Isai Bela 51:8  Бо, як вопратку, зьесьць іх моль і, як воўну, зьесьць іх чарвяк; а праўда Мая жыцьме вечна, і выратаваньне Маё — род у род.
Isai Bela 51:9  Паўстань, паўстань, апраніся ў моц, сіла Гасподняя! Паўстань, як у дні старадаўнія, у роды старажытныя! Ці ж ня ты зваліла Раава, пабіла кракадзіла?
Isai Bela 51:10  Ці ня ты высушыла мора, воды вялікае бездані, ператварыла глыбіні мора ў дарогу, каб прыйшлі адкупленыя?
Isai Bela 51:11  І вернуцца выбаўленыя Госпадам і прыйдуць на Сіён са сьпевамі, і радасьць вечная — над галавою іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць: смутак і ўздыханьні адыдуць.
Isai Bela 51:12  Я, Я Сам — Суцешнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які тое самае, што трава,
Isai Bela 51:13  і забываеш Госпада Творцу свайго, Які раскінуў нябёсы і ўтварыў зямлю; і бесьперастанку, кожны дзень баішся лютасьці прыгнятальніка, як бы ён гатовы быў зьнішчыць? Але дзе лютасьць прыгнятальніка?
Isai Bela 51:14  Хутка вызвалены будзе палонны, і не памрэ ў яміне, і ня мецьме патрэбы ў хлебе.
Isai Bela 51:15  Я — Гасподзь Бог твой, Які ўзбурвае мора, так што хвалі яго равуць: Гасподзь Саваоф — імя Яго.
Isai Bela 51:16  І Я ўкладу словы Мае ў вусны твае, і ценем рукі Маёй пакрыю цябе, каб зладзіць нябёсы і ўцьвердзіць зямлю і сказаць Сіёну: "ты Мой народ".
Isai Bela 51:17  Акрыяй, акрыяй, паўстань, Ерусаліме, ты, які з рукі Госпада выпіў келіх лютасьці Ягонай, выпіў да дна келіх ап’яненьня, асушыў.
Isai Bela 51:18  Ня было каму весьці яго з усіх сыноў, народжаных ім, і ня было каму падтрымаць яго за руку з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў.
Isai Bela 51:19  Цябе спасьціглі два бедствы, хто пашкадуе цябе? — спусташэньне і зьнішчэньне, голад і меч: кім Я суцешу цябе?
Isai Bela 51:20  Сыны твае зьнемаглі, ляжаць па закутках усіх вуліц, як сарна ў цянётах, поўныя гневу Госпада, грозьбы Бога твайго.
Isai Bela 51:21  Дык вось, выслухай гэта, пакутнік і ап’янелы, але не ад віна.
Isai Bela 51:22  Так кажа Гасподзь твой, Гасподзь і Бог твой, што помсьціць за Свой народ: вось, Я бяру з рукі тваёй келіх ап’яненьня, дрожджы з келіха лютасьці Маёй: ты ўжо ня будзеш піць зь іх,
Isai Bela 51:23  і падам яго ў рукі катам тваім, якія казалі табе: "упадзі ніцма, каб нам прайсьці па табе"; і ты хрыбет твой рабіў як бы зямлёю і вуліцаю праходжым.
Chapter 52
Isai Bela 52:1  Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты.
Isai Bela 52:2  Абтрасі зь сябе пыл; устань, палонны Ерусаліме! здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна!
Isai Bela 52:3  Бо так кажа Гасподзь: за нішто былі вы прададзены, і бяз срэбра адкуплены будзеце;
Isai Bela 52:4  бо так кажа Гасподзь: народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта.
Isai Bela 52:5  І цяпер што ў Мяне тут? кажа Гасподзь,— народ Мой узяты дарам, уладары іхнія шалеюць, кажа Гасподзь, і ўвесь час, кожны дзень імя Маё няславіцца.
Isai Bela 52:6  Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!
Isai Bela 52:7  Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: "зацараваў Бог твой!"
Isai Bela 52:8  Голас вартаўнікоў тваіх — яны ўзвысілі голас, і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён.
Isai Bela 52:9  Радуйцеся, сьпявайце разам, руіны Ерусаліма, бо суцешыў Гасподзь народ Свой — адкупіў Ерусалім.
Isai Bela 52:10  Агаліў Гасподзь сьвятую сілу Сваю на вачах усіх народаў,— і ўсе канцы зямлі ўбачаць збавеньне Бога нашага.
Isai Bela 52:11  Ідзеце, ідзеце, выходзьце адтуль: не дакранайцеся да нячыстага; выходзьце з асяродзьдзя ягонага, ачысьціце сябе, носьбіты сасудаў Гасподніх!
Isai Bela 52:12  бо вы выйдзеце не пасьпешліва, і не пабяжыце; бо паперадзе ў вас пойдзе Гасподзь, і Бог Ізраілеў будзе вартаю за вамі.
Isai Bela 52:13  Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.
Isai Bela 52:14  Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе,— так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!
Isai Bela 52:15  Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.
Chapter 53
Isai Bela 53:1  Госпадзе ! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Гасподняя?
Isai Bela 53:2  Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.
Isai Bela 53:3  Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго.
Isai Bela 53:4  Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам.
Isai Bela 53:5  Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся.
Isai Bela 53:6  Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, — і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас.
Isai Bela 53:7  Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх.
Isai Bela 53:8  Зь вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? бо Ён адарваны ад зямлі жывых; за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць.
Isai Bela 53:9  Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных.
Isai Bela 53:10  Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты; калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Гасподняя пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай.
Isai Bela 53:11  На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе.
Isai Bela 53:12  Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам.
Chapter 54
Isai Bela 54:1  Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.
Isai Bela 54:2  Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;
Isai Bela 54:3  бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.
Isai Bela 54:4  Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.
Isai Bela 54:5  Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф — імя Яго, і Адкупнік твой — Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.
Isai Bela 54:6  Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.
Isai Bela 54:7  На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.
Isai Bela 54:8  У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.
Isai Bela 54:9  Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.
Isai Bela 54:10  Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.
Isai Bela 54:11  Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін і зраблю аснову тваю з сапфіраў;
Isai Bela 54:12  і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю — з жамчужын, і ўсю агароджу тваю — з каштоўных камянёў.
Isai Bela 54:13  І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.
Isai Bela 54:14  Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.
Isai Bela 54:15  Вось, будуць узбройвацца супроць цябе , але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, — загіне.
Isai Bela 54:16  Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, — і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.
Isai Bela 54:17  Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.
Chapter 55
Isai Bela 55:1  Спрагненыя! ідзеце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра, ідзеце, купляйце і ежце; ідзеце, купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако.
Isai Bela 55:2  Навошта вам наважваць срэбра за тое, што ня хлеб, і заробак свой за тое, што не насычае? Паслухайце ўважліва і ежце дабро, і душа вашая хай раскашуецца тлушчам.
Isai Bela 55:3  Прыхілеце вуха ваша і прыйдзеце да Мяне; паслухайце, і жывая будзе душа вашая, і дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду.
Isai Bela 55:4  Вось, Я даў Яго ў сьведкі народам, у правадыры і настаўнікі народам.
Isai Bela 55:5  Вось,ты заклічаш народ, якога ты ня ведаў, і народы, якія цябе ня ведалі, пасьпяшаюцца да цябе дзеля Госпада Бога твайго і дзеля Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіў цябе.
Isai Bela 55:6  Шукайце Госпада, калі можна знайсьці Яго; клічце Яго, калі Ён блізка.
Isai Bela 55:7  Хай пакіне бязбожнік дарогу сваю і беззаконьнік — намыслы свае, і хай зьвернецца да Госпада, — і Ён памілуе яго, і да Бога нашага, — бо Ён мілажальны.
Isai Bela 55:8  Мае думкі — ня вашыя думкі, ні вашыя шляхі — не Мае шляхі, кажа Гасподзь.
Isai Bela 55:9  Але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя.
Isai Bela 55:10  Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
Isai Bela 55:11  так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, — яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго.
Isai Bela 55:12  Дык вось, вы выйдзеце зь весялосьцю і вас правядуць зь мірам; горы і пагоркі будуць сьпяваць перад вамі песьню, і ўсе дрэвы ў полі — папляскаюць вам.
Isai Bela 55:13  Замест цярноўніку вырасьце кіпарыс; замест крапівы вырасьце мірт; і гэта будзе на славу Госпаду, на знак вечны, непарушны.
Chapter 56
Isai Bela 56:1  Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.
Isai Bela 56:2  Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.
Isai Bela 56:3  Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: "Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народу", і хай ня кажа еўнух: "вось, я сухое дрэва".
Isai Bela 56:4  Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,
Isai Bela 56:5  тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.
Isai Bela 56:6  І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, — усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,
Isai Bela 56:7  Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.
Isai Bela 56:8  Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.
Isai Bela 56:9  Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!
Isai Bela 56:10  Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.
Isai Bela 56:11  І гэта — сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта — пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;
Isai Bela 56:12  прыходзьце, кажуць , я дастану віна, і мы нап’емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.
Chapter 57
Isai Bela 57:1  Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі , і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.
Isai Bela 57:2  Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.
Isai Bela 57:3  Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.
Isai Bela 57:4  З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?
Isai Bela 57:5  распаляныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?
Isai Bela 57:6  У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны — доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?
Isai Bela 57:7  На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды узыходзіш прыносіць ахвяру.
Isai Bela 57:8  За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, вышукваеш месца.
Isai Bela 57:9  Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.
Isai Bela 57:10  Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала "надзея страчана!", усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.
Isai Bela 57:11  Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?
Isai Bela 57:12  Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, і яны будуць не на карысьць табе.
Isai Bela 57:13  Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? — усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.
Isai Bela 57:14  І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народу Майго.
Isai Bela 57:15  Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.
Isai Bela 57:16  Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.
Isai Bela 57:17  За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.
Isai Bela 57:18  Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.
Isai Bela 57:19  Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.
Isai Bela 57:20  А бязбожныя — як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.
Isai Bela 57:21  Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.
Chapter 58
Isai Bela 58:1  Заклікай голасна, ня стрымлівайся; узвысь голас твой, каб быў, як труба, і пакажы народу Майму на беззаконьне яго, і дому Якаваму — на грахі ягоныя.
Isai Bela 58:2  Яны кожнага дня шукаюць Мяне і хочуць ведаць шляхі Мае, як народ, што робіць справядліва і не адступаецца ад законаў Бога свайго; яны пытаюцца ў Мяне пра суды праўды, хочуць наблізіцца да Бога:
Isai Bela 58:3  "чаму мы посьцім, а Ты ня бачыш? упакорваем душы свае, а Ты ня ведаеш?" — Вось, у дзень посту вашага вы выконваеце волю вашу і патрабуеце цяжкае працы ад іншых.
Isai Bela 58:4  Вось вы посьціце дзеля свараў і разладаў, і дзеля таго, каб дзёрзкаю рукою біць іншых; вы ня посьціце ў гэты час так, каб голас ваш быў пачуты на вышыні.
Isai Bela 58:5  Ці такі той пост, які Я выбраў, — дзень, у які томіць чалавек душу сваю, калі нурыць галаву сваю, як трысьнёг, і падсьцілае пад сябе зрэб’е і попел? Ці гэта называеш постам і днём, заўгодным Госпаду?
Isai Bela 58:6  Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, разьвяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусьці на волю і разарві кожнае ярмо:
Isai Bela 58:7  падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго, і ад адзінакроўнага твайго не хавайся.
Isai Bela 58:8  Тады адкрыецца, як зара, сьвятло тваё, і ацаленьне тваё хутка вырасьце, і праўда твая пойдзе перад табою, і слава Гасподняя будзе з табою.
Isai Bela 58:9  Тады ты паклічаш — і Гасподзь пачуе, залямантуеш — і Ён скажа: Вось Я! Калі ты адвядзеш з асяродзьдзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец і гаварыць зьняважлівае
Isai Bela 58:10  і аддасі галоднаму душу тваю і накорміш душу пакутніка,— тады сьвятло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як полудзень;
Isai Bela 58:11  і будзе Гасподзь правадыром тваім заўсёды, і ў час засухі будзе насычаць душу тваю і мацаваць косьці твае, і ты будзеш як напоены вадою сад і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.
Isai Bela 58:12  І забудуюцца нашчадкамі тваімі пустыні векавечныя: ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і называцьмуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву.
Isai Bela 58:13  Калі ты ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Гасподнім, шанавальным, і ўшануеш яе тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прыхамаці і пустасловіць,
Isai Bela 58:14  дык мецьмеш радасьць у Госпадзе, і Я ўзьвяду цябе на вышыні зямныя і дам скаштаваць табе спадчыну Якава, бацькі твайго: вусны Гасподнія прамовілі гэта.
Chapter 59
Isai Bela 59:1  Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць.
Isai Bela 59:2  А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць.
Isai Bela 59:3  Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя — беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду.
Isai Bela 59:4  Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства;
Isai Bela 59:5  выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, — памрэ, а калі раздушыць, — выпаўзе яхідна.
Isai Bela 59:6  Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія — учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх.
Isai Bela 59:7  Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія — думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх.
Isai Bela 59:8  Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою.
Isai Bela 59:9  Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, чакаем азарэньня, і ходзім у змроку.
Isai Bela 59:10  Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых — як мёртвыя.
Isai Bela 59:11  Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго , — ратунку, але ён далёкі ад нас.
Isai Bela 59:12  Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем.
Isai Bela 59:13  Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы.
Isai Bela 59:14  І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці.
Isai Bela 59:15  І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду,
Isai Bela 59:16  і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго.
Isai Bela 59:17  І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку — галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом.
Isai Bela 59:18  Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім — лютасьць, ворагам Сваім — помстаю, выспам аддасьць мусовую плату.
Isai Bela 59:19  І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго — на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака,— подых Госпада прагоніць яго.
Isai Bela 59:20  І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь.
Isai Bela 59:21  І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку.
Chapter 60
Isai Bela 60:1  Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме ; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.
Isai Bela 60:2  Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.
Isai Bela 60:3  І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары — да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.
Isai Bela 60:4  Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.
Isai Bela 60:5  Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.
Isai Bela 60:6  Мноства вярблюдаў пакрые цябе — драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.
Isai Bela 60:7  Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.
Isai Bela 60:8  Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы — да галубятняў сваіх?
Isai Bela 60:9  Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх — караблі Тарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.
Isai Bela 60:10  Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія — будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.
Isai Bela 60:11  І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.
Isai Bela 60:12  Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе,— загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.
Isai Bela 60:13  Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго,— і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.
Isai Bela 60:14  І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.
Isai Bela 60:15  Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе ,— Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.
Isai Bela 60:16  Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь — Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.
Isai Bela 60:17  Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза — срэбра, і замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі — праўду.
Isai Bela 60:18  Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня — у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае — славаю.
Isai Bela 60:19  Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца — сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой — славаю тваёю.
Isai Bela 60:20  Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.
Isai Bela 60:21  І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, — парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.
Isai Bela 60:22  Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога — моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.
Chapter 61
Isai Bela 61:1  Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням — адкрыцьцё цямніцы,
Isai Bela 61:2  прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,
Isai Bela 61:3  абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу — алей радасьці, замест заняпалага духу — слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.
Isai Bela 61:4  І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.
Isai Bela 61:5  І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.
Isai Bela 61:6  А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, — службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.
Isai Bela 61:7  За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.
Isai Bela 61:8  Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;
Isai Bela 61:9  і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны — насеньне, дабраславёнае Госпадам.
Isai Bela 61:10  Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха усклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.
Isai Bela 61:11  Бо — як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, — так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.
Chapter 62
Isai Bela 62:1  Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго — як запаленая сьвяцільня.
Isai Bela 62:2  І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары — славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
Isai Bela 62:3  І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю — на далоні Бога твайго.
Isai Bela 62:4  Ня будуць ужо называць цябе "пакінутым", і зямлю тваю ня будуць называць "пустыняю", а будуць называць цябе: "Маё ўпадабаньне да яго", а зямлю тваю — "замужняю", бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
Isai Bela 62:5  Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за цябе Бог твой.
Isai Bela 62:6  На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! — не змаўкайце,
Isai Bela 62:7  не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
Isai Bela 62:8  Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
Isai Bela 62:9  але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
Isai Bela 62:10  Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
Isai Bela 62:11  Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае — перад Ім.
Isai Bela 62:12  І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.
Chapter 63
Isai Bela 63:1  Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? — "Я — Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць".
Isai Bela 63:2  Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе — як у таптальніка ў чавільні?
Isai Bela 63:3  "Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё;
Isai Bela 63:4  бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў.
Isai Bela 63:5  Я глядзеў, — і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая — яна падтрымала Мяне:
Isai Bela 63:6  і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю".
Isai Bela 63:7  Узгадаю міласьці Гасподнія і славу Гасподнюю за ўсё, што Гасподзь дараваў нам, і вялікую даброць Ягоную дому Ізраілеваму, якую ўзычыў Ён яму зь міласэрнасьці Сваёй і ад мноства шчадротаў Сваіх.
Isai Bela 63:8  Ён сказаў: "сапраўды яны — народ Мой, дзеці, якія ня зманяць", — і Ён ім Збаўца.
Isai Bela 63:9  У любым смутку іхнім Ён не пакідаў іх, і анёл аблічча Ягонага ратаваў іх; зь любові Сваёй і добрасардэчнасьці Сваёй Ён адкупіў іх, узяў і насіў іх усе дні старадаўнія.
Isai Bela 63:10  Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.
Isai Bela 63:11  Тады народ Ягоны ўспомніў даўнія дні Майсеевыя: дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? дзе Той, Які ўклаў у сэрца ягонае Сьвятога Духа Свайго,
Isai Bela 63:12  Які вёў Майсея за правую руку велічнаю мышцаю Сваёю, разьдзяліў перад ім воды, каб зрабіць сабе вечнае імя;
Isai Bela 63:13  Які вёў іх церазь бездані, як каня па стэпе, і яны не спатыкаліся?
Isai Bela 63:14  Як статак сыходзіць у даліну, — Дух Гасподні вёў іх да спакою. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе славутае імя.
Isai Bela 63:15  Прыгледзься зь нябёсаў і паглядзі з жытлішча сьвятыні Тваёй і славы Тваёй: дзе руплівасьць Твая і магутнасьць Твая? — узрушэньне нутробы Тваёй і міласьці Твае да мяне затрыманы.
Isai Bela 63:16  Толькі Ты — Айцец наш; бо Абрагам не пазнае нас, і Ізраіль не прызнае нас за сваіх; Ты, Госпадзе,— Айцец наш, ад веку імя Тваё: "Адкупнік наш".
Isai Bela 63:17  Навошта, Госпадзе, Ты дапусьціў нам зьбіцца з дарог Тваіх, зжарсьцьвець сэрцу нашаму, каб не баяцца Цябе? Зьвярніся дзеля рабоў Тваіх, дзеля родаў спадчыны Тваёй.
Isai Bela 63:18  Нядоўгі час валодаў ім народ сьвятыні Тваёй: ворагі нашыя патапталі сьвяцілішча Тваё.
Isai Bela 63:19  Мы зрабіліся такімі, над якімі Ты як бы ніколі не валадарыў, і над якімі не называлася імя Тваё.
Chapter 64
Isai Bela 64:1  О, калі б Ты разадраў нябёсы і сышоў! горы расталі б ад аблічча Твайго,
Isai Bela 64:2  як ад палючага агню, як ад таго, што кіпяціць ваду, каб імя Тваё зрабіць вядомым ворагам Тваім; ад аблічча Твайго здрыгануліся б народы.
Isai Bela 64:3  Калі Ты ўчыняў страшэнныя дзеі, якіх мы не чакалі, і сыходзіў,— горы ратавалі ад аблічча Твайго.
Isai Bela 64:4  Бо адвеку ня чулі, ня слухалі вухам, і ніякае вока ня бачыла іншага бога, акрамя Цябе, каб столькі зрабіў тым, што спадзяюцца на яго.
Isai Bela 64:5  Ты літасьціва сустракаў таго, хто радуецца і робіць праўду, спамінае Цябе на шляхах Тваіх. Але вось, Ты згневаўся, бо мы здавён грашылі; і як жа мы будзем выратаваны?
Isai Bela 64:6  Усе мы зрабіліся — як нячысты, і ўся праведнасьць наша — як запэцканая вопратка; і ўсе мы пабляклі, як ліст, і беззаконьні нашыя, як вецер, нясуць нас.
Isai Bela 64:7  І няма каму заклікаць імя Тваё, хто пастанавіў бы моцна трымацца за Цябе: таму Ты схаваў ад нас аблічча Тваё і пакінуў нас гінуць ад беззаконьняў нашых.
Isai Bela 64:8  Але сёньня, Госпадзе, Ты — Айцец наш; мы — гліна, а Ты — стваральнік наш, і ўсе мы — творы рукі Тваёй.
Isai Bela 64:9  Ня гневайся, Госпадзе, бязь меры, і ня вечна памятай беззаконьне. Паглядзі ж: мы ўсе народ Твой.
Isai Bela 64:10  Гарады сьвятыні Тваёй зрабіліся пусткаю; пусткаю стаўся Сіён, Ерусалім спустошаны.
Isai Bela 64:11  Дом асьвячэньня нашага і славы нашай, дзе бацькі нашы праслаўлялі Цябе, спалены агнём, і ўсе каштоўнасьці нашыя зрабаваныя.
Isai Bela 64:12  Пасьля гэтага ці ж будзеш яшчэ стрымлівацца, Госпадзе, ці будзеш маўчаць і караць нас бязь меры?
Chapter 65
Isai Bela 65:1  Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: "вось Я! вось Я!" казаў Я народу, які не называўся імем Маім.
Isai Bela 65:2  Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,
Isai Bela 65:3  народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,
Isai Bela 65:4  сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;
Isai Bela 65:5  які кажа: "спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе". Яны — дым у нос Мой,— агонь, што гарыць кожны дзень.
Isai Bela 65:6  Вось, што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,
Isai Bela 65:7  беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.
Isai Bela 65:8  Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.
Isai Bela 65:9  Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды — спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.
Isai Bela 65:10  І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор — месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.
Isai Bela 65:11  А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,
Isai Bela 65:12  вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў — і вы не адказвалі, казаў — і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.
Isai Bela 65:13  Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;
Isai Bela 65:14  рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.
Isai Bela 65:15  І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб’е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,
Isai Bela 65:16  якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны,— бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.
Isai Bela 65:17  Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.
Isai Bela 65:18  А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.
Isai Bela 65:19  І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.
Isai Bela 65:20  Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.
Isai Bela 65:21  І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.
Isai Bela 65:22  Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народу Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.
Isai Bela 65:23  Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.
Isai Bela 65:24  І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.
Isai Bela 65:25  Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.
Chapter 66
Isai Bela 66:1  Так кажа Гасподзь: неба — трон Мой, а зямля — падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?
Isai Bela 66:2  Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.
Isai Bela 66:3  А хто коле вала — тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнікі ягняці — тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы — тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму — тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,
Isai Bela 66:4  так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў — і ня было адказьніка, казаў — і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.
Isai Bela 66:5  Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: "няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу". Але яны будуць пасаромленыя.
Isai Bela 66:6  Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.
Isai Bela 66:7  Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.
Isai Bela 66:8  Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца — нарадзіў сыноў сваіх.
Isai Bela 66:9  Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу ? кажа Бог твой.
Isai Bela 66:10  Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,
Isai Bela 66:11  каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.
Isai Bela 66:12  Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў — як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.
Isai Bela 66:13  Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.
Isai Bela 66:14  І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.
Isai Bela 66:15  Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго — як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.
Isai Bela 66:16  Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.
Isai Bela 66:17  Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, — усе загінуць, кажа Гасподзь.
Isai Bela 66:18  Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.
Isai Bela 66:19  І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю
Isai Bela 66:20  і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, — на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, — падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.
Isai Bela 66:21  Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.
Isai Bela 66:22  Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.
Isai Bela 66:23  Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.
Isai Bela 66:24  І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.