Site uses cookies to provide basic functionality.

OK
Chapter 1
Job Bela 1:1  Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.
Job Bela 1:2  І нарадзіліся ў яго сем сыноў і тры дачкі.
Job Bela 1:3  Маёмасьці ў яго было: сем тысяч дробнага быдла, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў і пяцьсот асьліц і даволі многа прыслугі; і быў чалавек гэты знакаміты больш за ўсіх сыноў Усходу.
Job Bela 1:4  Сыны яго сыходзіліся, ладзілі гасьціны кожны ў сваім доме, у свой дзень, і пасылалі і запрашалі трох сясьцёр сваіх есьці і піць зь імі.
Job Bela 1:5  Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў усеспаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: можа быць, сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні.
Job Bela 1:6  І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць перад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана.
Job Bela 1:7  І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? і адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
Job Bela 1:8  І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла.
Job Bela 1:9  І адказаў сатана Госпаду і сказаў: хіба задарам богабаязны Ёў?
Job Bela 1:10  ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі;
Job Bela 1:11  але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго,— ці дабраславіць ён Цябе?
Job Bela 1:12  І сказаў Гасподзь сатане: вось, усё, што ў яго, у руцэ тваёй; толькі на самога не прасьцірай рукі тваёй. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга.
Job Bela 1:13  І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.
Job Bela 1:14  І вось , прыходзіць веснік да Ёва і кажа:
Job Bela 1:15  валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
Job Bela 1:16  Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
Job Bela 1:17  Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
Job Bela 1:18  Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;
Job Bela 1:19  і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
Job Bela 1:20  Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся
Job Bela 1:21  і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
Job Bela 1:22  Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.
Chapter 2
Job Bela 2:1  Быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць перад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана стаць перад Госпадам.
Job Bela 2:2  І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? І адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
Job Bela 2:3  І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу тваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла, і дагэтуль цьвёрды ў сваёй беззаганнасьці, а ты цьвяліў Мяне супроць яго, каб загубіць яго бязьвінна.
Job Bela 2:4  І адказаў сатана Госпаду і сказаў: скуру за скуру, а за жыццё сваё аддасьць чалавек усё, што ёсьць у яго;
Job Bela 2:5  але працягні руку Тваю і дакраніся да косткі ягонай і плоці ягонай,— ці дабраславіць ён Цябе?
Job Bela 2:6  І сказаў Гасподзь сатане: вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу ягоную ашчадзі.
Job Bela 2:7  І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга і пабіў Ёва праказаю лютаю ад падэшвы нагі ягонай па самае цемя ягонае.
Job Bela 2:8  І ўзяў ён сабе чарапічыну, каб скабліць сябе ёю, і сеў у попел.
Job Bela 2:9  І сказала яму жонка ягоная: ты ўсё яшчэ цьвёрды ў беззаганнасьці тваёй! згань Бога і памры.
Job Bela 2:10  Але ён сказаў ёй: ты гаворыш, як неразумная. Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць? Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў вуснамі сваімі.
Job Bela 2:11  І пачулі трое сяброў Ёва пра ўсе гэтыя нягоды, што спасьціглі яго, і пайшлі кожны з свайго месца: Эліфаз Фэманіцянін, Вілдад Савхэянін і Сафар Нааміцянін, і сышліся, каб ісьці разам бедаваць зь ім і суцяшаць яго.
Job Bela 2:12  І падняўшы вочы свае здалёку, яны не пазналі яго; і ўзвысілі голас свой і загаласілі; і падраў кожны вопратку на сабе, і кідалі пыл над галовамі сваімі пад неба.
Job Bela 2:13  І сядзелі зь ім на зямлі сем дзён і сем ночаў; і ніхто не казаў яму ні слова, бо бачылі, што пакута яго вельмі вялікая.
Chapter 3
Job Bela 3:1  Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.
Job Bela 3:3  хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!
Job Bela 3:4  Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!
Job Bela 3:5  Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!
Job Bela 3:6  Ноч тая, — хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!
Job Bela 3:7  О! ноч тая — хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!
Job Bela 3:8  Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!
Job Bela 3:9  Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц
Job Bela 3:10  за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!
Job Bela 3:11  Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?
Job Bela 3:12  Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?
Job Bela 3:13  Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна
Job Bela 3:14  з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,
Job Bela 3:15  ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;
Job Bela 3:16  ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.
Job Bela 3:17  Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.
Job Bela 3:18  Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.
Job Bela 3:19  Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.
Job Bela 3:20  Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыццё засмучаным душою,
Job Bela 3:21  якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.
Job Bela 3:22  Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?
Job Bela 3:23  Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?
Job Bela 3:24  Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,
Job Bela 3:25  бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.
Job Bela 3:26  Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.
Chapter 4
Job Bela 4:1  І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:
Job Bela 4:2  калі паспрабуем мы сказаць табе слова, — ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!
Job Bela 4:3  Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,
Job Bela 4:4  таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.
Job Bela 4:5  А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.
Job Bela 4:6  Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх — спадзяваньнем тваім?
Job Bela 4:7  Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?
Job Bela 4:8  Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;
Job Bela 4:9  ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.
Job Bela 4:10  Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне , і зубы львянят крышацца;
Job Bela 4:11  магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.
Job Bela 4:12  І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.
Job Bela 4:13  Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,
Job Bela 4:14  агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.
Job Bela 4:15  І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.
Job Bela 4:16  Ён стаў, — але я не пазнаў твару ягонага, — толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, — і я чую голас:
Job Bela 4:17  ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?
Job Bela 4:18  Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:
Job Bela 4:19  тым болей — у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.
Job Bela 4:20  З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.
Job Bela 4:21  Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.
Chapter 5
Job Bela 5:1  Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты?
Job Bela 5:2  Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць.
Job Bela 5:3  Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны.
Job Bela 5:4  Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка.
Job Bela 5:5  Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную.
Job Bela 5:6  Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда;
Job Bela 5:7  а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору.
Job Bela 5:8  Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу,
Job Bela 5:9  Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя,
Job Bela 5:10  дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў;
Job Bela 5:11  прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне.
Job Bela 5:12  Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага.
Job Bela 5:13  Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай:
Job Bela 5:14  удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы.
Job Bela 5:15  Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага.
Job Bela 5:16  І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае.
Job Bela 5:17  Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Усеўладнага не адхіляй,
Job Bela 5:18  бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б’е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць.
Job Bela 5:19  У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха.
Job Bela 5:20  У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне — ад рукі меча.
Job Bela 5:21  Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе.
Job Bela 5:22  Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся,
Job Bela 5:23  бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою.
Job Bela 5:24  І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш.
Job Bela 5:25  І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі.
Job Bela 5:26  Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам.
Job Bela 5:27  Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.
Chapter 6
Job Bela 6:2  о, калі б правільна былі ўзважаныя мае енкі, і разам зь імі паклалі на шалі пакуту маю!
Job Bela 6:3  Яна пэўна пераважыла б пясок марскі! Таму словы мае палкія.
Job Bela 6:4  Бо стрэлы Усемагутнага ўва мне; яд іх п’е дух мой; жудасьці Божыя паўсталі супроць мяне.
Job Bela 6:5  Ці раве дзікі асёл на траве? ці рыкае бык каля мяшанкі сваёй?
Job Bela 6:6  Ці нясмачнае ядуць без солі, і ці ёсьць смак у яечным бялку?
Job Bela 6:7  Да чаго не хацела дакрануцца душа мая, тое і ёсьць агідная ежа мая.
Job Bela 6:8  О, калі б збылося жаданьне маё, і спадзяваньне маё спраўдзіў Бог!
Job Bela 6:9  О, калі б узычыў Бог зламаць мяне, працягнуў руку і пабіў мяне!
Job Bela 6:10  Гэта было б яшчэ радасьцю мне, і я мацаваўся б у маёй бязьлітаснай хваробе, бо я ня зрокся словаў Сьвятога.
Job Bela 6:11  Якая сіла ў мяне, каб спадзявацца мне? і які канец, каб доўжыць мне жыццё маё?
Job Bela 6:12  Ці цвёрдасьць камянёў — цвёрдасьць мая? ці медзь — плоць мая?
Job Bela 6:13  Ці ёсьць ува мне дапамога мне, і ці ёсьць мне якая апора?
Job Bela 6:14  спрагненаму павінна быць спагада сябра ягонага, калі толькі ён не адкінуў страху прад Усеўладным.
Job Bela 6:15  Але браты мае няверныя, як паток, як хуткаплынныя ручаі,
Job Bela 6:16  якія чорныя ад лёду і ў якіх зьнікае снег.
Job Bela 6:17  Калі робіцца цёпла, яны ападаюць, а ў сьпёку зьнікаюць зь месцаў сваіх.
Job Bela 6:18  Ухіляюць яны кірунак шляхоў сваіх, заходзяць у пустыню і чэзнуць;
Job Bela 6:19  глядзяць на іх дарогі Тэмайскія, спадзяюцца на іх шляхі Савэйскія,
Job Bela 6:20  але застаюцца пасаромленыя ў сваёй надзеі: прыходзяць туды і ад сораму чырванеюць.
Job Bela 6:21  Так і вы цяпер нішто: убачылі страшнае і спалохаліся.
Job Bela 6:22  Ці не казаў я: дайце мне, і ад дастатку вашага заплаціце за мяне;
Job Bela 6:23  і выбаўце мяне ад рукі ворага, і ад рукі катаў выкупіце мяне?
Job Bela 6:24  Навучэце мяне, і я замоўкну; пакажэце, у чым я зграшыў.
Job Bela 6:25  Якія моцныя словы праўды! Але што даказваюць выкрываньні вашыя?
Job Bela 6:26  Вы прыдумваеце казані дзеля выкрыцьця? На вецер пускаеце словы вашыя.
Job Bela 6:27  Вы нападаеце на сірату і капаеце яму сябру вашаму.
Job Bela 6:28  Але прашу вас, зірнеце на мяне; ці ж буду я казаць няпраўду перад абліччам вашым?
Job Bela 6:29  Перагледзьце, ці ёсьць няпраўда? перагледзьце, — праўда мая.
Job Bela 6:30  Ці ёсьць на языку маім няпраўда? Няўжо горла маё ня можа адрозьніць горычы?
Chapter 7
Job Bela 7:1  Ці ня вызначаны чалавеку час на зямлі, і дні ягоныя ці ж ня тое самае, што дні найміта?
Job Bela 7:2  Як раб прагне ценю і як найміт чакае канца працы сваёй,
Job Bela 7:3  так я атрымаў на долю месяцы марныя, і ночы бядотныя адмераны мне.
Job Bela 7:4  Калі кладуся, дык кажу: калі гэта ўстану? а вечар доўжыцца, і я варочаюся ўдосыць да самае раніцы.
Job Bela 7:5  Цела маё ў чарвяках і запыленых струпах; скура мая лопаецца і гнаіцца.
Job Bela 7:6  Дні мае бягуць хутчэй за чалавека і канчаюцца без надзеі.
Job Bela 7:7  Згадай, што жыццё маё павеў, што вока маё ня вернецца бачыць добрае.
Job Bela 7:8  Ня ўбачыць мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, — і няма мяне.
Job Bela 7:9  Радзее воблака і сыходзіць; так той, хто сышоў у апраметную, ня выйдзе,
Job Bela 7:10  ня вернеецца болей у дом свой, і месца ягонае ўжо ня будзе ведаць яго.
Job Bela 7:11  Ня буду ж я стрымліваць вуснаў маіх; буду гаварыць у сьцісласьці духу майго; буду скардзіцца ў бядоце душы маёй.
Job Bela 7:12  Хіба я мора альбо марская пачвара, што Ты паставіў над мною варту?
Job Bela 7:13  Калі падумаю: "суцешыць мяне пасьцель мая, зьнясе гароту маю ложак мой",
Job Bela 7:14  Ты палохаеш мяне снамі і відзежамі страшыш мяне;
Job Bela 7:15  і душа мая жадае лепей, каб спынілася дыханьне, лепей сьмерці, чым, каб зьберагліся косьці мае.
Job Bela 7:16  Апрыкрала мне жыццё. Ня вечна мне жыць. Адступіся ад мяне, бо дні мае марныя.
Job Bela 7:17  Што такое чалавек, што Ты так цэніш яго і зьвяртаеш на яго ўвагу Тваю,
Job Bela 7:18  наведваеш яго кожнае раніцы, кожнае імгненьне выпрабоўваеш яго?
Job Bela 7:19  Дакуль жа Ты не пакінеш, дакуль не адыдзеш ад мяне, дакуль не дасі мне праглынуць сьліну маю?
Job Bela 7:20  Калі я зграшыў, дык што я зраблю Табе, вартавы людзей! Навошта Ты паставіў мяне супраціўцам Сабе, што аж я зрабіўся самому сабе лішні?
Job Bela 7:21  І чаму б не дараваць мне грэху і ня зьняць зь мяне беззаконьня майго? бо, вось, я лягу ў пыле; заўтра пашукаеш мяне, і няма мяне.
Chapter 8
Job Bela 8:1  І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:
Job Bela 8:2  ці доўга ты будзеш гаварыць так? — словы вуснаў тваіх бурны вецер!
Job Bela 8:3  Няўжо Бог скажае суд, і Усеўладны ператварае праўду!
Job Bela 8:4  Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга.
Job Bela 8:5  Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму,
Job Bela 8:6  і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй.
Job Bela 8:7  І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа.
Job Bela 8:8  Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх;
Job Bela 8:9  а мы — учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі — цень.
Job Bela 8:10  Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы:
Job Bela 8:11  ці падымаецца трыснёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады?
Job Bela 8:12  Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае.
Job Bela 8:13  Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне;
Job Bela 8:14  спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная — дом павука.
Job Bela 8:15  Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і ня ўтрымаецца.
Job Bela 8:16  Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае;
Job Bela 8:17  у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца.
Job Bela 8:18  Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе!
Job Bela 8:19  Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя.
Job Bela 8:20  Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў.
Job Bela 8:21  Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам.
Job Bela 8:22  Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане.
Chapter 9
Job Bela 9:2  праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
Job Bela 9:3  Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
Job Bela 9:4  Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
Job Bela 9:5  Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
Job Bela 9:6  зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
Job Bela 9:7  скажа сонцу, — і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
Job Bela 9:8  Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
Job Bela 9:9  стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
Job Bela 9:10  робіць вялікае, непаддосьледнае і цудоўнае бясконца!
Job Bela 9:11  Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
Job Bela 9:12  Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
Job Bela 9:13  Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
Job Bela 9:14  Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
Job Bela 9:15  Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
Job Bela 9:16  Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
Job Bela 9:17  Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
Job Bela 9:18  не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
Job Bela 9:19  Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
Job Bela 9:20  Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
Job Bela 9:21  Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
Job Bela 9:22  Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
Job Bela 9:23  Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
Job Bela 9:24  Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
Job Bela 9:25  Дні мае хутчэйшыя за ганца, — бягуць, ня бачаць дабра,
Job Bela 9:26  імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
Job Bela 9:27  Калі сказаць мне: "забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся",
Job Bela 9:28  дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
Job Bela 9:29  Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
Job Bela 9:30  Хоць бы я абмыўся і снежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
Job Bela 9:31  дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
Job Bela 9:32  Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
Job Bela 9:33  Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
Job Bela 9:34  Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне,
Job Bela 9:35  і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.
Chapter 10
Job Bela 10:1  Абрыдла душы маёй жыццё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.
Job Bela 10:2  Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?
Job Bela 10:3  Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?
Job Bela 10:4  Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
Job Bela 10:5  Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,
Job Bela 10:6  што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,
Job Bela 10:7  хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?
Job Bela 10:8  Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, — і Ты губіш мяне?
Job Bela 10:9  Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?
Job Bela 10:10  Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,
Job Bela 10:11  скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,
Job Bela 10:12  жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?
Job Bela 10:13  Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, — ведаю, што гэта было ў Цябе, —
Job Bela 10:14  што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.
Job Bela 10:15  Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:
Job Bela 10:16  яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным зьяўляешся мне.
Job Bela 10:17  Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.
Job Bela 10:18  І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;
Job Bela 10:19  хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!
Job Bela 10:20  Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,
Job Bela 10:21  перш чым адыду, — і ўжо не вярнуся, — у край цемры і ценю сьмяротнага,
Job Bela 10:22  у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.
Chapter 11
Job Bela 11:1  І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
Job Bela 11:2  хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю?
Job Bela 11:3  Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе?
Job Bela 11:4  Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх.
Job Bela 11:5  Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе
Job Bela 11:6  і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю.
Job Bela 11:7  Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага?
Job Bela 11:8  Ён вышэйшы за нябёсы, — што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, — што можаш даведацца?
Job Bela 11:9  Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора.
Job Bela 11:10  Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго?
Job Bela 11:11  Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі?
Job Bela 11:12  Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці.
Job Bela 11:13  Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае,
Job Bela 11:14  і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх,
Job Bela 11:15  дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цвёрды і ня будзеш баяцца.
Job Bela 11:16  Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго.
Job Bela 11:17  І ясней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца.
Job Bela 11:18  І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы.
Job Bela 11:19  Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе.
Job Bela 11:20  І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне.
Chapter 12
Job Bela 12:2  а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць!
Job Bela 12:3  І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага.
Job Bela 12:4  Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам — чалавек праведны , беспахібны.
Job Bela 12:5  Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца.
Job Bela 12:6  Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх.
Job Bela 12:7  А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, — у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе;
Job Bela 12:8  альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія.
Job Bela 12:9  Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта.
Job Bela 12:10  У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці.
Job Bela 12:11  Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы?
Job Bela 12:12  У старцах — мудрасьць, і ў даўгавечных — розум.
Job Bela 12:13  У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум.
Job Bela 12:14  Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца.
Job Bela 12:15  Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю.
Job Bela 12:16  У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду.
Job Bela 12:17  Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі.
Job Bela 12:18  Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім;
Job Bela 12:19  князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных;
Job Bela 12:20  адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду;
Job Bela 12:21  пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе;
Job Bela 12:22  адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны;
Job Bela 12:23  памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх;
Job Bela 12:24  адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі;
Job Bela 12:25  вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п’яныя.
Chapter 13
Job Bela 13:1  Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе.
Job Bela 13:2  Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас.
Job Bela 13:3  Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам.
Job Bela 13:4  А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары.
Job Bela 13:5  О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць.
Job Bela 13:6  Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх.
Job Bela 13:7  Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману?
Job Bela 13:8  Ці трэба было вам быць заўгоднымі Яму і за Бога так спрачацца?
Job Bela 13:9  Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека?
Job Bela 13:10  Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце.
Job Bela 13:11  Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас?
Job Bela 13:12  Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя — апоры гліняныя.
Job Bela 13:13  Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне.
Job Bela 13:14  Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю?
Job Bela 13:15  Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным!
Job Bela 13:16  І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае!
Job Bela 13:17  Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі.
Job Bela 13:18  Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая.
Job Bela 13:19  Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух.
Job Bela 13:20  Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго:
Job Bela 13:21  адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне.
Job Bela 13:22  Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне.
Job Bela 13:23  Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой.
Job Bela 13:24  Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім?
Job Bela 13:25  Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш?
Job Bela 13:26  Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй,
Job Bela 13:27  і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, — гонішся па сьлядах ног маіх.
Job Bela 13:28  А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.
Chapter 14
Job Bela 14:1  Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі:
Job Bela 14:2  нібы кветка, ён выходзіць і ападае; уцякае, як цень, і ня спыняецца.
Job Bela 14:3  І якраз на яго ты падымаеш вочы Твае, і мяне вядзеш на суд з Табою?
Job Bela 14:4  Хто родзіцца чыстым ад нячыстага? Ніхто.
Job Bela 14:5  Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных у Цябе, калі Ты паклаў яму крэс, якога ён не пяройдзе,
Job Bela 14:6  дык ухіліся ад яго: няхай ён адпачне, пакуль не закончыць, як найміт, дня свайго.
Job Bela 14:7  У дрэва ёсьць надзея, што яно, калі і будзе сьсечана, зноў ажыве, і парасткі ад яго выходзіць не перастануць:
Job Bela 14:8  калі і састарэў у зямлі корань ягоны, і пень ягоны замёр у пыле,
Job Bela 14:9  але, як толькі пачула ваду, яно дае парасткі і пускае вецьце, як бы нанава пасаджанае.
Job Bela 14:10  А чалавек памірае і распадаецца; адышоў, і дзе ён?
Job Bela 14:11  Сыходзяць воды з возера, і рака выцякае і высыхае:
Job Bela 14:12  так чалавек ляжа і ня ўстане; да сканчэньня неба ён не прачнецца і не паўстане са сну свайго.
Job Bela 14:13  О, калі б Ты ў апраметнай схаваў мяне і хаваў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой, паклаў мне тэрмін і потым згадаў пра мяне!
Job Bela 14:14  Калі памрэ чалавек, дык ці будзе ён зноў жыць? Ва ўсе дні вызначанага мне часу я чакаў бы, пакуль прыйдзе мне зьмена.
Job Bela 14:15  Паклікаў бы Ты, і я даў бы Табе адказ, і Ты выказаў бы ўпадабаньне да твору рук Тваіх;
Job Bela 14:16  бо тады Ты пералічыў бы крокі мае і не сачыў бы за грэхам маім;
Job Bela 14:17  у зьвітку было б пазначана беззаконьне маё, і Ты закрыў бы віну маю.
Job Bela 14:18  Але гара, падаючы, разбураецца, і скала сыходзіць зь месца свайго;
Job Bela 14:19  вада сьцірае камяні; разліў яе змывае зямны пыл: так і надзею чалавека Ты зьнішчаеш.
Job Bela 14:20  Адціскаеш яго да канца, і ён сыходзіць; мяняеш яму твар і адсылаеш яго.
Job Bela 14:21  Ці ў гонары дзеці ягоныя — ён ня ведае, ці прыніжаныя — ён не заўважае;
Job Bela 14:22  але плоць ягоная на ім баліць, і душа ягоная ў ім пакутуе.
Chapter 15
Job Bela 15:1  І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў:
Job Bela 15:2  ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым,
Job Bela 15:3  апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы?
Job Bela 15:4  Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога.
Job Bela 15:5  Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных.
Job Bela 15:6  Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе.
Job Bela 15:7  Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны?
Job Bela 15:8  Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць?
Job Bela 15:9  Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас?
Job Bela 15:10  І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго.
Job Bela 15:11  Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе?
Job Bela 15:12  Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш?
Job Bela 15:13  Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы?
Job Bela 15:14  Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны?
Job Bela 15:15  Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго:
Job Bela 15:16  тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п’е беззаконьне, як ваду.
Job Bela 15:17  Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў,
Job Bela 15:18  што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх,
Job Bela 15:19  якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў.
Job Bela 15:20  Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка:
Job Bela 15:21  гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік,
Job Bela 15:22  Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч.
Job Bela 15:23  Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры.
Job Bela 15:24  Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы,
Job Bela 15:25  за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся Ўсеўладнаму,
Job Bela 15:26  памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі;
Job Bela 15:27  бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае.
Job Bela 15:28  І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне.
Job Bela 15:29  Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны.
Job Bela 15:30  Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго.
Job Bela 15:31  Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму.
Job Bela 15:32  Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець.
Job Bela 15:33  Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой.
Job Bela 15:34  Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства.
Job Bela 15:35  Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.
Chapter 16
Job Bela 16:2  Чуў я шмат такога; нікчэмныя суцешнікі ўсе вы!
Job Bela 16:3  Ці будзе канец ветраным словам? і што схіліла цябе так адказваць?
Job Bela 16:4  І я мог бы гэтак сама сказаць, як вы, калі б душа вашая была на месцы маёй; узбурваўся б на вас словамі і ківаў бы на вас галавою маёю;
Job Bela 16:5  мацаваў бы вас языком маім і рухам губоў суцяшаў бы.
Job Bela 16:6  Ці кажу я, не спатольваецца скруха мая; ці перастаю, што адыходзіць ад мяне?
Job Bela 16:7  Але сёньня Ён стаміў мяне. Ты разбурыў усю сям’ю маю,
Job Bela 16:8  Ты пакрыў мяне маршчынамі ў сьведчаньне супроць мяне; паўстае на мяне зморанасьць мая, у твар дакарае мяне.
Job Bela 16:9  Гнеў Ягоны турзае і варагуе супроць мяне, скрыгоча на мяне зубамі сваімі; непрыяцель мой вострыць на мяне вочы свае.
Job Bela 16:10  Разьзявілі на мяне пашчу сваю; лаючыся б’юць мяне па шчоках; усе змовіліся супроць мяне.
Job Bela 16:11  Аддаў мяне Бог беззаконьніку і ў рукі бязбожных кінуў мяне.
Job Bela 16:12  Я быў спакойны, але Ён патрэс мяне; узяў мяне за шыю і пабіў мяне і паставіў мяне конам Сабе.
Job Bela 16:13  Абступілі мяне стралкі Ягоныя; Ён расьсякае вантробы мае і ня літуе, выліў на зямлю жоўць маю,
Job Bela 16:14  прабівае ўва мне праломіну за праломінай, бяжыць на мяне, як воін.
Job Bela 16:15  Вярэту пашыў я на скуру маю і ў пыл паклаў галаву маю.
Job Bela 16:16  Твар мой пачырванеў ад плачу, і на павеках маіх цень сьмерці,
Job Bela 16:17  пры ўсім тым, што няма рабунку на руках маіх, і малітва мая чыстая.
Job Bela 16:18  Зямля! не закрый маёй крыві, і хай ня будзе месца енку майму.
Job Bela 16:19  І сёньня вось на нябёсах Сьведка мой, і Заступнік мой у вышынях!
Job Bela 16:20  Красамоўныя сябры мае! Да Бога сьлёзіцца вока маё.
Job Bela 16:21  О, калі б чалавек мог спаборнічаць з Богам, як сын чалавечы з блізкім сваім!
Job Bela 16:22  Бо гадам маім прыходзіць канец, і я адыходжу ў дарогу незваротную.
Chapter 17
Job Bela 17:1  Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною.
Job Bela 17:2  Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае.
Job Bela 17:3  Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне?
Job Bela 17:4  Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім.
Job Bela 17:5  Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць.
Job Bela 17:6  Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народе і пасьмешышчам у яго.
Job Bela 17:7  Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень.
Job Bela 17:8  Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка.
Job Bela 17:9  Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца.
Job Bela 17:10  Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас.
Job Bela 17:11  Дні мае прайшлі; думы мае — здабытак сэрца майго — разьбітыя.
Job Bela 17:12  А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры.
Job Bela 17:13  Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю;
Job Bela 17:14  магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая.
Job Bela 17:15  Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць?
Job Bela 17:16  У апраметную сыдзе яна і будзе спачываць са мною ў пыле.
Chapter 18
Job Bela 18:1  І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:
Job Bela 18:2  калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць.
Job Bela 18:3  Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых?
Job Bela 18:4  О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго?
Job Bela 18:5  Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага.
Job Bela 18:6  Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім.
Job Bela 18:7  Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны,
Job Bela 18:8  бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе.
Job Bela 18:9  Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго.
Job Bela 18:10  Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе.
Job Bela 18:11  З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды.
Job Bela 18:12  Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго.
Job Bela 18:13  Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці.
Job Bela 18:14  Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў.
Job Bela 18:15  Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю.
Job Bela 18:16  Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя.
Job Bela 18:17  Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы.
Job Bela 18:18  Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі.
Job Bela 18:19  Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных.
Job Bela 18:20  Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем.
Job Bela 18:21  Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.
Chapter 19
Job Bela 19:2  дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі?
Job Bela 19:3  Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне.
Job Bela 19:4  Калі я і сапраўды зграшыў, дык грэх мой пры мне застаецца.
Job Bela 19:5  Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца над мною і ўпікнуць мяне ганьбаю маёю,
Job Bela 19:6  дык ведайце, што Бог скінуў мяне і абклаў мяне Сваёю сеткаю.
Job Bela 19:7  Вось, я крычу: крыўда! і ніхто ня слухае; енчу, і няма суду.
Job Bela 19:8  Ён заступіў мне дарогу, і не магу прайсьці, і сьцежкі мае зацемрыў.
Job Bela 19:9  Зьняў зь мяне славу маю і зьняў вянок з галавы маёй.
Job Bela 19:10  Зусім спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, Ён вырваў надзею маю.
Job Bela 19:11  Запалаў на мяне гневам Сваім і лічыць мяне сярод ворагаў Сваіх.
Job Bela 19:12  Палкі Ягоныя прыйшлі разам і скіравалі дарогу сваю да мяне і разьмясьціліся вакол намёта майго.
Job Bela 19:13  Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне.
Job Bela 19:14  Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне.
Job Bela 19:15  Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх.
Job Bela 19:16  Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго.
Job Bela 19:17  Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго.
Job Bela 19:18  Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне.
Job Bela 19:19  Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне.
Job Bela 19:20  Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх.
Job Bela 19:21  Умілажальцеся зь мяне вы, сябры мае, — бо рука Божая кранулася мяне.
Job Bela 19:22  Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца?
Job Bela 19:23  О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе
Job Bela 19:24  разцом жалезным з волавам, — на вечныя часы на камені выразаны былі!
Job Bela 19:25  Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана,
Job Bela 19:26  і з плоці маёй я ўбачу Бога.
Job Bela 19:27  Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго. Растае сэрца маё ў грудзях маіх!
Job Bela 19:28  Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне.
Job Bela 19:29  Збойцеся меча, бо меч ёсьць помсьнік няпраўды, і ведайце, што ёсьць суд.
Chapter 20
Job Bela 20:1  І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
Job Bela 20:2  развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.
Job Bela 20:3  Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.
Job Bela 20:4  Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, — з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,
Job Bela 20:5  весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?
Job Bela 20:6  Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў,
Job Bela 20:7  як памёт ягоны, навекі прапа-дае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?
Job Bela 20:8  Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.
Job Bela 20:9  Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.
Job Bela 20:10  Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.
Job Bela 20:11  Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.
Job Bela 20:12  Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,
Job Bela 20:13  беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах,
Job Bela 20:14  дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго.
Job Bela 20:15  Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.
Job Bela 20:16  Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.
Job Bela 20:17  Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!
Job Bela 20:18  Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.
Job Bela 20:19  Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;
Job Bela 20:20  ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.
Job Bela 20:21  Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.
Job Bela 20:22  У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.
Job Bela 20:23  Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.
Job Bela 20:24  Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, — пратне яго лук медны;
Job Bela 20:25  пачне вымаць стралу , — і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!
Job Bela 20:26  Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.
Job Bela 20:27  Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.
Job Bela 20:28  Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.
Job Bela 20:29  Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным! Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную,
Chapter 21
Job Bela 21:2  выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас.
Job Bela 21:3  Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасля таго, як пагавару, насьміхайцеся.
Job Bela 21:4  Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць?
Job Bela 21:5  Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны.
Job Bela 21:6  Як толькі я згадаю, — уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё.
Job Bela 21:7  Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя?
Job Bela 21:8  Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх.
Job Bela 21:9  Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх.
Job Bela 21:10  Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае.
Job Bela 21:11  Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць.
Job Bela 21:12  Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку;
Job Bela 21:13  бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную.
Job Bela 21:14  А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх!
Job Bela 21:15  што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго?
Job Bela 21:16  Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. — Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне!
Job Bela 21:17  Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім?
Job Bela 21:18  Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура.
Job Bela 21:19  Скажаш : Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. — Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў.
Job Bela 21:20  Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п’е ад гневу Ўсеўладнага.
Job Bela 21:21  Бо які яму клопат да дому свайго пасля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца?
Job Bela 21:22  Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх?
Job Bela 21:23  Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны;
Job Bela 21:24  нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам.
Job Bela 21:25  А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра.
Job Bela 21:26  І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх.
Job Bela 21:27  Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце.
Job Bela 21:28  Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя?
Job Bela 21:29  Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі,
Job Bela 21:30  што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок?
Job Bela 21:31  Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў?
Job Bela 21:32  Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту.
Job Bela 21:33  Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма.
Job Bela 21:34  Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.
Chapter 22
Job Bela 22:1  І адказваў Таманіцянін і сказаў:
Job Bela 22:2  хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому.
Job Bela 22:3  Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці?
Job Bela 22:4  Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою?
Job Bela 22:5  Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю.
Job Bela 22:6  Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку.
Job Bela 22:7  Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба;
Job Bela 22:8  а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй.
Job Bela 22:9  Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі.
Job Bela 22:10  За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах,
Job Bela 22:11  альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе.
Job Bela 22:12  Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока!
Job Bela 22:13  І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру?
Job Bela 22:14  Хмары — заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле.
Job Bela 22:15  Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя,
Job Bela 22:16  якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю?
Job Bela 22:17  Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны?
Job Bela 22:18  А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне!
Job Bela 22:19  Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго:
Job Bela 22:20  вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасля іх, тое пажэр агонь.
Job Bela 22:21  Зблізіся ж зь Ім — і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро.
Job Bela 22:22  Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё.
Job Bela 22:23  Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго
Job Bela 22:24  і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў — золата Афірскае.
Job Bela 22:25  І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе,
Job Bela 22:26  бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё.
Job Bela 22:27  Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае.
Job Bela 22:28  Замысліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло.
Job Bela 22:29  Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам,
Job Bela 22:30  выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх.
Chapter 23
Job Bela 23:2  яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае.
Job Bela 23:3  О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага!
Job Bela 23:4  Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі;
Job Bela 23:5  уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне.
Job Bela 23:6  Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне.
Job Bela 23:7  Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, — і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго.
Job Bela 23:8  Але вось, я іду наперад — і няма Яго, назад — і не знаходжу Яго;
Job Bela 23:9  ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу.
Job Bela 23:10  Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, — выйду, як золата.
Job Bela 23:11  Нага мая цвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх.
Job Bela 23:12  Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы.
Job Bela 23:13  Але Ён цвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная.
Job Bela 23:14  Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго.
Job Bela 23:15  Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю — і баюся Яго.
Job Bela 23:16  Бог расслабіў сэрца маё, і Ўсеўладны напалохаў мяне.
Job Bela 23:17  Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго!
Chapter 24
Job Bela 24:1  Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
Job Bela 24:2  Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе ;
Job Bela 24:3  у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
Job Bela 24:4  бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
Job Bela 24:5  Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
Job Bela 24:6  жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
Job Bela 24:7  голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
Job Bela 24:8  мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
Job Bela 24:9  адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
Job Bela 24:10  прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
Job Bela 24:11  паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
Job Bela 24:12  У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
Job Bela 24:13  Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
Job Bela 24:14  На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
Job Bela 24:15  І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, — і захінае твар.
Job Bela 24:16  У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
Job Bela 24:17  Бо ім раніца — сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
Job Bela 24:18  Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
Job Bela 24:19  Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная — грэшнікаў.
Job Bela 24:20  Няхай забудзе яго нутроба матчыная ; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
Job Bela 24:21  які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
Job Bela 24:22  Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
Job Bela 24:23  А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
Job Bela 24:24  Падняліся высока, — і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
Job Bela 24:25  Калі гэта ня так, — хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?
Chapter 25
Job Bela 25:1  І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў:
Job Bela 25:2  улада і страх у Яго; Ён творыць сьвет на вышынях Сваіх!
Job Bela 25:3  Ці ёсьць лік войску Ягонаму? і над кім ня ўзыходзіць сьвятло Ягонае?
Job Bela 25:4  І як апраўдаецца чалавек прад Богам, і як быць чыстым народжанаму жанчынай?
Job Bela 25:5  Вось нават месяц, і той нясьветлы, і зоркі нячыстыя прад вачыма Ягонымі.
Job Bela 25:6  Тым меней чалавек, які ёсьць чарвяк, і сын чалавечы, які ёсьць моль.
Chapter 26
Job Bela 26:2  як ты дапамог бясьсіламу, падтрымаў мышцу нямоглага!
Job Bela 26:3  Як раду ты даў ня мудраму і як ва ўсёй поўніцы растлумачыў!
Job Bela 26:4  Каму ты казаў гэтыя словы, і чый дух выходзіў зь цябе?
Job Bela 26:5  Рэфаімы трымцяць пад водамі, і тыя, што жывуць у іх.
Job Bela 26:6  Апраметная аголена прад Ім, і няма покрыва Авадону.
Job Bela 26:7  Ён расхінуў поўнач над пустатою, павесіў зямлю ні на чым.
Job Bela 26:8  Ён заключае воды ў аблоках Сваіх, і воблака не расьсядаецца пад імі.
Job Bela 26:9  Ён паставіў трон Свой, расхінуў над ім воблака Сваё.
Job Bela 26:10  Рысу правёў над паверхняю вады, да межаў сьвятла зь цемраю.
Job Bela 26:11  Слупы нябёсаў дрыжаць і жахаюцца ад грозьбы Ягонай.
Job Bela 26:12  Сілаю Сваёю хвалюе мора і розумам Сваім змагае ягоную дзёрзкасьць.
Job Bela 26:13  Ад духу Ягонага — цудоўнасьць неба; рука Ягоная ўтварыла борздага скарпіёна.
Job Bela 26:14  Вось, гэта частка шляхоў Ягоных; і як мала мы чулі пра Яго! А гром магутнасьці Ягонай хто можа зразумець?
Chapter 27
Job Bela 27:1  І гаварыў далей Ёў сваё ўзьнёслае слова і сказаў:
Job Bela 27:2  жывы Бог, Які пазбавіў мяне суду, і Ўсемагутны, Які засмуціў душу маю,
Job Bela 27:3  што, пакуль яшчэ дыханьне маё ўва мне і дух Божы ў ноздрах маіх,
Job Bela 27:4  ня скажуць вусны мае няпраўды, і язык мой ня вымавіць ілжы!
Job Bela 27:5  Я далёкі ад таго, каб прызнаць вас справядлівымі; пакуль не памру, не саступлю беззаганнасьці маёй.
Job Bela 27:6  Моцна трымаў я праўду маю і ня ўпушчу яе; не папракне мяне сэрца маё праз усе дні мае.
Job Bela 27:7  Вораг мой будзе, як бязбожнік, і паўсталы супроць мяне, як беззаконьнік.
Job Bela 27:8  Бо якая надзея крывадушніку, калі возьме, калі вырве Бог душу ягоную?
Job Bela 27:9  Ці пачуе Бог лямант ягоны, калі прыйдзе на яго бяда?
Job Bela 27:10  Ці будзе ён суцяшацца Ўсемагутным і заклікаць Бога ў любы час?
Job Bela 27:11  Абвяшчу вам, што ў руцэ Божай; што ва Ўсемагутнага, ня ўтою.
Job Bela 27:12  Вось, усе вы і самыя бачылі; і навошта вы столькі пустасловіце?
Job Bela 27:13  Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі.
Job Bela 27:14  Калі памнажаюцца сыны ягоныя, дык пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам.
Job Bela 27:15  Тых, што засталіся пасля яго, сьмерць зьвядзе ў магілу, і ўдовы іхнія ня будуць плакаць.
Job Bela 27:16  Калі ён набярэ кучы срэбра, як пылу, і нарыхтуе вопраткі, як гразі,
Job Bela 27:17  дык ён нарыхтуе, а апранацца будзе праведнік, і срэбра атрымае сабе ў долю беспахібнік.
Job Bela 27:18  Ён будуе, як моль, дом свой і, як вартаўнік, робіць сабе будан;
Job Bela 27:19  кладзецца спаць багатым і такім не ўстае; расплюшчвае вочы свае, і ён ужо ня той.
Job Bela 27:20  Як воды, спасьцігнуць яго жахі; уначы падхопіць яго бура.
Job Bela 27:21  Падыме яго ўсходні вецер і панясе, і ён порстка пабяжыць ад яго.
Job Bela 27:22  Памкнецца на яго і не пашкадуе, як бы ён ні высільваўся, каб уцячы ад рукі ягонай.
Job Bela 27:23  Пляснуць па ім рукамі і пасьвішчуць над ім зь месца ягонага!
Chapter 28
Job Bela 28:1  Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
Job Bela 28:2  Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
Job Bela 28:3  Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
Job Bela 28:4  Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
Job Bela 28:5  Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
Job Bela 28:6  Камяні яе — месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
Job Bela 28:7  Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
Job Bela 28:8  не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
Job Bela 28:9  На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
Job Bela 28:10  у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
Job Bela 28:11  спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
Job Bela 28:12  Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
Job Bela 28:13  Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
Job Bela 28:14  Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
Job Bela 28:15  Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
Job Bela 28:16  Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
Job Bela 28:17  не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
Job Bela 28:18  А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
Job Bela 28:19  Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
Job Bela 28:20  Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
Job Bela 28:21  Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
Job Bela 28:22  Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
Job Bela 28:23  Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
Job Bela 28:24  Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
Job Bela 28:25  Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
Job Bela 28:26  калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
Job Bela 28:27  тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
Job Bela 28:28  і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха — розум.
Chapter 29
Job Bela 29:1  І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:
Job Bela 29:2  о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,
Job Bela 29:3  калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;
Job Bela 29:4  як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,
Job Bela 29:5  калі яшчэ Ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,
Job Bela 29:6  калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!
Job Bela 29:7  Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,
Job Bela 29:8  хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;
Job Bela 29:9  князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;
Job Bela 29:10  голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньня іхняга.
Job Bela 29:11  Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,
Job Bela 29:12  бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.
Job Bela 29:13  Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.
Job Bela 29:14  Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.
Job Bela 29:15  Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;
Job Bela 29:16  бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.
Job Bela 29:17  Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.
Job Bela 29:18  І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;
Job Bela 29:19  корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;
Job Bela 29:20  слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.
Job Bela 29:21  Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.
Job Bela 29:22  Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.
Job Bela 29:23  Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.
Job Bela 29:24  Бывала, усьміхнуся ім, — яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.
Job Bela 29:25  Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.
Chapter 30
Job Bela 30:1  А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.
Job Bela 30:2  І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.
Job Bela 30:3  Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;
Job Bela 30:4  скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя — хлеб іхні.
Job Bela 30:5  З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,
Job Bela 30:6  каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.
Job Bela 30:7  Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.
Job Bela 30:8  Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!
Job Bela 30:9  Я і зрабіўся цяпер іхняй песьняю і ежаю іхняй гутаркі.
Job Bela 30:10  Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.
Job Bela 30:11  Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.
Job Bela 30:12  З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.
Job Bela 30:13  А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпелі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.
Job Bela 30:14  Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.
Job Bela 30:15  Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.
Job Bela 30:16  І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.
Job Bela 30:17  Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.
Job Bela 30:18  Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.
Job Bela 30:19  Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.
Job Bela 30:20  Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, — стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.
Job Bela 30:21  Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.
Job Bela 30:22  Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.
Job Bela 30:23  Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.
Job Bela 30:24  Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?
Job Bela 30:25  Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?
Job Bela 30:26  Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.
Job Bela 30:27  Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.
Job Bela 30:28  Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.
Job Bela 30:29  Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.
Job Bela 30:30  Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.
Job Bela 30:31  І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая — голасам сьлёзным.
Chapter 31
Job Bela 31:1  Запавет паклаў я з вачамі маімі, каб ня думаць пра дзяўчыну.
Job Bela 31:2  Якая ж доля мне ад Бога згары? І якая спадчына ад Усемагутнага зь нябёсаў?
Job Bela 31:3  Ці не для бязбожніка пагібель, і напасьце ці ж не для таго, хто ўчыняе ліха?
Job Bela 31:4  Ці ж ня бачыў Ён шляхоў маіх і ці ня лічыў усіх маіх крокаў?
Job Bela 31:5  Калі я хадзіў у марнасьці, і калі нага мая сьпяшалася на хітрыкі,
Job Bela 31:6  няхай узважаць мяне на вагах праўды, і Бог даведаецца пра маю беззаганнасьць.
Job Bela 31:7  Калі ступакі мае ўхіляліся ад дарогі і сэрца маё ішло следам за вачамі маімі, і калі што-небудзь нячыстае прыстала да рук маіх,
Job Bela 31:8  дык няхай я сею, а іншы есьць, і хай парасткі мае выкараненыя будуць.
Job Bela 31:9  Калі сэрца маё спакушалася жанчынаю і я ставіў пасткі каля дзьвярэй майго блізкага,
Job Bela 31:10  хай мая жонка меле на іншага, і хай іншыя зьдзекуюцца зь яго,
Job Bela 31:11  бо гэта — злачынства, гэта — беззаконьне, якое падпадае суду;
Job Bela 31:12  гэта — агонь, які зьядае да зьнішчэньня, які зьнішчыў бы ўсё дабро маё.
Job Bela 31:13  Калі я меў у занядбаньні правы слугі і служанкі маёй, калі яны спрачаліся са мною,
Job Bela 31:14  дык што я пачаў бы рабіць, калі б Бог паўстаў? І калі б Ён паглядзеў на мяне, што мог бы я адказваць Яму?
Job Bela 31:15  Ці ня Ён, Які стварыў мяне ў чэраве, стварыў і яго і гэтак сама нас у нутробе?
Job Bela 31:16  Ці ж бы адмаўляў я ў просьбе тым, што мелі патрэбу, ці ж таміў бы вочы ўдавы?
Job Bela 31:17  Ці ж адзін я зьядаў кавалак мой, і ці ж ня еў ад яго і сірата?
Job Bela 31:18  Бо змалку ён рос са мною, як з бацькам, і ад чэрава маці маёй я кіраваў удаву .
Job Bela 31:19  Калі я бачыў каго, хто гінуў бяз вопраткі, і беднага бяз покрыва,
Job Bela 31:20  ці ж не дабраслаўлялі мяне сьцёгны ягоныя, і ці ня быў ён сагрэты воўнаю авечак маіх?
Job Bela 31:21  Калі я падымаў руку маю на сірату, калі бачыў дапамогу сабе каля брамы,
Job Bela 31:22  дык няхай плячук мой адпадзе ад спіны, і рука мая хай адломіцца ад локця,
Job Bela 31:23  бо страшная мне кара ад Бога: перад веліччу Яго ня ўстояў бы я.
Job Bela 31:24  Ці закладваў я ў золаце апору маю і ці казаў скарбу: ты — надзея мая?
Job Bela 31:25  Ці радаваўся я, што багацьце маё было вялікае, і што рука мая набыла многа?
Job Bela 31:26  Гледзячы на сонца, як яно зьзяе, і на месяц, як ён велічна крочыць,
Job Bela 31:27  ці паквапіўся я ў таямніцы сэрца майго, і ці цалавалі вусны мае руку маю?
Job Bela 31:28  Гэта таксама было б злачынства, якое падлягае суду, бо я адрокся б тады ад Бога Усявышняга.
Job Bela 31:29  Ці радаваўся я пагібелі ворага майго і ці трыумфаваў, калі няшчасьце напаткала яго?
Job Bela 31:30  Не дазваляў я вуснам маім грашыць праклёнам душы ягонай.
Job Bela 31:31  Ці ж не казалі людзі намёта майго: о, калі б мы ад мяса ягонага не насыціліся?
Job Bela 31:32  Дарожнік не начаваў на вуліцы; дзьверы мае праходжаму я адчыняў.
Job Bela 31:33  Калі б я ўтойваў правіны мае, як чалавек, утойваючы ў грудзях маіх заганы мае,
Job Bela 31:34  дык я баяўся б вялікай грамады, і пагарда аднапляменцаў палохала б мяне, і я маўчаў бы і ня выходзіў бы за дзьверы.
Job Bela 31:35  О, калі б хто выслухаў мяне! Вось маё жаданьне, каб Усеўладны адказваў мне, і каб абаронца мой склаў запіс.
Job Bela 31:36  Я насіў бы яго на плячах маіх і ўскладваў бы яго, як вянок;
Job Bela 31:37  абвясьціў бы яму колькасьць крокаў маіх, зблізіўся б зь ім, як з князем.
Job Bela 31:38  Калі б лямантавала на мяне зямля мая і скардзіліся на мяне барозны яе,
Job Bela 31:39  калі я еў плады яе без платы і абцяжваў жыцьцё земляробаў,
Job Bela 31:40  дык хай замест пшаніцы вырастуць ваўчкі і замест ячменю куколь. Слова Ёва скончылася.
Chapter 32
Job Bela 32:1  Калі тыя трое мужоў перасталі адказваць Ёву, бо ён быў слушны ў вачах сваіх,
Job Bela 32:2  тады загарэўся гнеў Эліуя, сына Варахіілавага, Вузіцяніна з племя Рамавага: загарэўся гнеў ягоны на Ёва за тое, што ён апраўдваў сябе больш, чым Бога,
Job Bela 32:3  а на трох сяброў ягоных загарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі што адказаць, а тым часам вінавацілі Ёва.
Job Bela 32:4  Эліуй чакаў, пакуль Ёў гаварыў, бо яны гадамі былі старэйшыя за яго.
Job Bela 32:5  Калі ж Эліуй убачыў, што няма адказу ў вуснах тых трох мужоў, тады загарэўся гнеў ягоны.
Job Bela 32:6  І адказваў Эліуй, сын Варахіілаў, Вузіцянін, і сказаў: я малады гадамі, а вы — старцы; таму я нясьмеліўся і баяўся казаць вам, што думаю.
Job Bela 32:7  Я гаварыў сам сабе: няхай гавораць дні, і мнагалецьце навучае мудрасьці.
Job Bela 32:8  Але дух у чалавеку і дыханьне Ўсеўладнага дае яму разуменьне.
Job Bela 32:9  Не шматгадовыя толькі мудрыя, і не старыя разумеюць праўду.
Job Bela 32:10  Таму я кажу: выслухайце мяне, абвяшчу вам сваю думку і я.
Job Bela 32:11  Вось, я чакаў слоў вашых, услухоўваўся ў меркаваньні вашыя, пакуль вы прыдумлялі, што сказаць.
Job Bela 32:12  Я пільна глядзеў на вас, ніхто з вас не выкрывае Ёва і не адказвае на словы яго.
Job Bela 32:13  скажэце: мы знайшлі мудрасьць: Бог абвергне яго, а не чалавек.
Job Bela 32:14  Калі б ён зьвяртаў словы да мяне, дык я ня вашымі словамі адказваў бы яму.
Job Bela 32:15  Спалохаліся, не адказваюць болей: перасталі гаварыць.
Job Bela 32:16  І як я чакаў, а яны ня кажуць, спыніліся і не адказваюць болей,
Job Bela 32:17  дык і я адкажу ад сябе, абвяшчу сваю думку і я.
Job Bela 32:18  Бо я поўны словамі, і дух ува мне цісьне мяне.
Job Bela 32:19  Вось, нутрына мая, як віно неадчыненае: яна гатовая прарвацца, нібы новыя мяхі.
Job Bela 32:20  Пагавару, і палегчае мне; адкрыю вусны мае і адкажу.
Job Bela 32:21  На твар чалавека глядзець ня буду і ніякаму чалавеку лісьлівіць ня буду,
Job Bela 32:22  бо я ня ўмею ліслівіць: цяпер забі мяне, Творца мой.
Chapter 33
Job Bela 33:1  Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.
Job Bela 33:2  Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.
Job Bela 33:3  Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.
Job Bela 33:4  Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё.
Job Bela 33:5  Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.
Job Bela 33:6  Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;
Job Bela 33:7  таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.
Job Bela 33:8  Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:
Job Bela 33:9  "чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;
Job Bela 33:10  а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;
Job Bela 33:11  закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі".
Job Bela 33:12  Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.
Job Bela 33:13  Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.
Job Bela 33:14  Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:
Job Bela 33:15  у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.
Job Bela 33:16  Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,
Job Bela 33:17  каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,
Job Bela 33:18  каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.
Job Bela 33:19  Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх,
Job Bela 33:20  і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.
Job Bela 33:21  Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.
Job Bela 33:22  І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае — да сьмерці.
Job Bela 33:23  Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную,
Job Bela 33:24  Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.
Job Bela 33:25  Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.
Job Bela 33:26  Будзе маліцца Богу, і Ён — літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.
Job Bela 33:27  Ён будзе глядзець на людзей і казаць: "грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;
Job Bela 33:28  Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло".
Job Bela 33:29  Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,
Job Bela 33:30  каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
Job Bela 33:31  Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.
Job Bela 33:32  Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо я хацеў бы твайго апраўданьня;
Job Bela 33:33  а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.
Chapter 34
Job Bela 34:1  І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
Job Bela 34:2  выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!
Job Bela 34:3  Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.
Job Bela 34:4  Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.
Job Bela 34:5  Вось, Ёў сказаў: "праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.
Job Bela 34:6  Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны".
Job Bela 34:7  Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е глум, як ваду,
Job Bela 34:8  уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?
Job Bela 34:9  Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.
Job Bela 34:10  Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва Ўсеўладнага неправасуддзя,
Job Bela 34:11  бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.
Job Bela 34:12  Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і Ўсеўладны не перакручвае суд.
Job Bela 34:13  Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?
Job Bela 34:14  Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, —
Job Bela 34:15  раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.
Job Bela 34:16  Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.
Job Bela 34:17  Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?
Job Bela 34:18  Ці можна сказаць цару: ты — бязбожнік, і князям: вы — беззаконьнікі?
Job Bela 34:19  Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.
Job Bela 34:20  Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.
Job Bela 34:21  Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.
Job Bela 34:22  Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.
Job Bela 34:23  Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.
Job Bela 34:24  Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,
Job Bela 34:25  бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.
Job Bela 34:26  Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,
Job Bela 34:27  за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,
Job Bela 34:28  так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.
Job Bela 34:29  Ці даруе Ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,
Job Bela 34:30  каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.
Job Bela 34:31  Богу трэба гаварыць: "я пацярпеў, больш ня буду грашыць.
Job Bela 34:32  А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду".
Job Bela 34:33  Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.
Job Bela 34:34  Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:
Job Bela 34:35  Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.
Job Bela 34:36  Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.
Job Bela 34:37  Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.
Chapter 35
Job Bela 35:1  І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
Job Bela 35:2  ці лічыш ты справядлівым, што сказаў: "я праўдзівейшы за Бога"?
Job Bela 35:3  Ты сказаў: "якая карысьць мне? і які прыбытак я меў бы перад тым, як калі б я і грашыў?"
Job Bela 35:4  Я адкажу табе і тваім сябрам з табою:
Job Bela 35:5  зірні на неба і глядзі; падзівіся на воблакі, яны вышэй за цябе.
Job Bela 35:6  Калі ты грэшыш, што робіш ты Яму? і калі злачынствы твае памнажаюцца, што прычыняеш ты Яму?
Job Bela 35:7  Калі ты справядлівы, што робіш Яму? альбо што атрымлівае Ён з рукі тваёй?
Job Bela 35:8  Бязбожнасьць твая ў чалавеку, як ты, і справядлівасьць твая ў сыне чалавечым.
Job Bela 35:9  Ад мноства прыгнятальнікаў стогнуць прыгнечаныя і ад рукі моцных лямантуюць;
Job Bela 35:10  але ніхто ня кажа: дзе Бог, творца мой, Які дае песьні ўначы,
Job Bela 35:11  Які вучыць нас больш, чым жывёл зямных, і настаўляе на розум нас болей, чым птушак нябесных?
Job Bela 35:12  Там яны лямантуюць, і Ён не адказвае ім, з прычыны гонару ліхіх людзей.
Job Bela 35:13  Але няпраўда, што Бог ня чуе і Ўсеўладны не глядзіць на гэта.
Job Bela 35:14  Хоць ты сказаў, што ты ня бачыш Яго, але суд прад Ім, — чакай яго.
Job Bela 35:15  А сёньня, таму што гнеў Ягоны не наведаў яго і ён не спазнаў яго ва ўсёй строгасьці,
Job Bela 35:16  Ёў і адкрыў лёгкадумна вусны свае і безразважна раскідае словы.
Chapter 36
Job Bela 36:1  І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
Job Bela 36:2  пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога.
Job Bela 36:3  Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму,
Job Bela 36:4  бо словы мае сапраўды не мана: перад табою — дасканалы ў пазнаньні.
Job Bela 36:5  Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца;
Job Bela 36:6  Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным;
Job Bela 36:7  Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца.
Job Bela 36:8  Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты,
Job Bela 36:9  дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся,
Job Bela 36:10  і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці.
Job Bela 36:11  Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці;
Job Bela 36:12  калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве.
Job Bela 36:13  А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы;
Job Bela 36:14  таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі.
Job Bela 36:15  Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму.
Job Bela 36:16  І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам;
Job Bela 36:17  але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда — блізкія.
Job Bela 36:18  Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе.
Job Bela 36:19  Ці дасьць Ён якую цану твайму багаццю? Не, — ні золату і ніякаму скарбу.
Job Bela 36:20  Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім.
Job Bela 36:21  Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю.
Job Bela 36:22  Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік?
Job Bela 36:23  Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва?
Job Bela 36:24  Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць.
Job Bela 36:25  Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк.
Job Bela 36:26  Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны.
Job Bela 36:27  Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом:
Job Bela 36:28  з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей.
Job Bela 36:29  Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага?
Job Bela 36:30  Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора.
Job Bela 36:31  Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы.
Job Bela 36:32  Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць.
Job Bela 36:33  Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца.
Chapter 37
Job Bela 37:1  І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.
Job Bela 37:2  Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.
Job Bela 37:3  Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны — да краёў.
Job Bela 37:4  За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.
Job Bela 37:5  Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.
Job Bela 37:6  Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.
Job Bela 37:7  Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.
Job Bela 37:8  Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.
Job Bela 37:9  З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — сьцюжа.
Job Bela 37:10  Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.
Job Bela 37:11  Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,
Job Bela 37:12  і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.
Job Bela 37:13  Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.
Job Bela 37:14  Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.
Job Bela 37:15  Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?
Job Bela 37:16  Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?
Job Bela 37:17  Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?
Job Bela 37:18  Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?
Job Bela 37:19  Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.
Job Bela 37:20  Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?
Job Bela 37:21  Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.
Job Bela 37:22  Сьветлае надвор’е прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.
Job Bela 37:23  Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.
Job Bela 37:24  Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!
Chapter 38
Job Bela 38:1  Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:
Job Bela 38:2  хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?
Job Bela 38:3  Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:
Job Bela 38:4  дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.
Job Bela 38:5  Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?
Job Bela 38:6  На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,
Job Bela 38:7  пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?
Job Bela 38:8  Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,
Job Bela 38:9  калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,
Job Bela 38:10  і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,
Job Bela 38:11  і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?
Job Bela 38:12  Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,
Job Bela 38:13  каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,
Job Bela 38:14  каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,
Job Bela 38:15  і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?
Job Bela 38:16  Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?
Job Bela 38:17  Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?
Job Bela 38:18  Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?
Job Bela 38:19  Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?
Job Bela 38:20  Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.
Job Bela 38:21  Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.
Job Bela 38:22  Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,
Job Bela 38:23  якія сьцерагу Я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?
Job Bela 38:24  Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі?
Job Bela 38:25  Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы,
Job Bela 38:26  каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека,
Job Bela 38:27  каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту?
Job Bela 38:28  Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы?
Job Bela 38:29  З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, — хто родзіць яго?
Job Bela 38:30  Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае.
Job Bela 38:31  Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль?
Job Bela 38:32  Ці можаш ты выводзіць сузор’і ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі?
Job Bela 38:33  Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі?
Job Bela 38:34  Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе?
Job Bela 38:35  Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы?
Job Bela 38:36  Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму?
Job Bela 38:37  Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба,
Job Bela 38:38  калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца?
Job Bela 38:39  Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят,
Job Bela 38:40  калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе?
Job Bela 38:41  Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся бязь ежы?
Chapter 39
Job Bela 39:1  Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль?
Job Bela 39:2  Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх?
Job Bela 39:3  Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы;
Job Bela 39:4  дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх.
Job Bela 39:5  Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану,
Job Bela 39:6  якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі — жытлішчам?
Job Bela 39:7  Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага,
Job Bela 39:8  па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю.
Job Bela 39:9  Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх?
Job Bela 39:10  Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле?
Job Bela 39:11  Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю?
Job Bela 39:12  Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё?
Job Bela 39:13  Ці ты даў прыгожыя крылы паве і пер’е і пух страўсу?
Job Bela 39:14  Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх,
Job Bela 39:15  і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх;
Job Bela 39:16  ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная,
Job Bela 39:17  таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду;
Job Bela 39:18  а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага.
Job Bela 39:19  Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву?
Job Bela 39:20  Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных — жудасьць;
Job Bela 39:21  капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі;
Job Bela 39:22  ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча;
Job Bela 39:23  калчан гучыць над ім, бліскае кап’ё і дзіда;
Job Bela 39:24  у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы;
Job Bela 39:25  пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык.
Job Bela 39:26  Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень?
Job Bela 39:27  Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё?
Job Bela 39:28  Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных;
Job Bela 39:29  адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка;
Job Bela 39:30  птушаняты ягоныя п’юць кроў, і дзе труп, там і ён.
Job Bela 39:31  І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву:
Job Bela 39:32  ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму.
Job Bela 39:33  І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў:
Job Bela 39:34  вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае.
Job Bela 39:35  Аднойчы я казаў, — цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду.
Chapter 40
Job Bela 40:1  І адказваў Гасподзь Ёву з буры і сказаў:
Job Bela 40:2  аперажы, як мужчына, сьцёгны свае: Я буду пытацца ў цябе, а ты адказвай Мне.
Job Bela 40:3  Ты хочаш скінуць суд Мой, зьвінаваціць Мяне, каб апраўдацца?
Job Bela 40:4  Ці такая ў цябе сіла, як у Бога? І ці можаш загрымець голасам, як Ён?
Job Bela 40:5  Упрыгож сябе велічнасьцю і славаю, апраніся ў бляск і велікапышнасьць;
Job Bela 40:6  вылі лютасьць гневу твайго, паглядзі на ўсё ганарлівае і ўпакоры яго;
Job Bela 40:7  зірні на ўсіх напышлівых і прынізі іх, і зьнішчы бязбожных на месцах іхніх;
Job Bela 40:8  закапай іх усіх у зямлю і твары іхнія накрый цемраю.
Job Bela 40:9  Тады і Я прызнаю, што пра-віца твая можа цябе ратаваць.
Job Bela 40:10  Вось бегемот, якога Я стварыў, як і цябе; ён есьць траву, як вол;
Job Bela 40:11  вось, яго сіла ў сьцёгнах ягоных і моц ягоная ў мускулах чэрава ягонага;
Job Bela 40:12  паварочвае хвастом сваім, як кедрам; а жылы на клубах яго пераплеценыя;
Job Bela 40:13  ногі ў яго, як медныя трубы; косткі ў яго, як жалезныя пруткі;
Job Bela 40:14  гэта — верх шляхоў Божых: толькі Творца яго можа наблізіць да яго меч Свой;
Job Bela 40:15  горы прыносяць яму ежу, і там усе зьвяры польныя гуляюць;
Job Bela 40:16  ён кладзецца пад зацішнымі дрэвамі, пад дахам трыснягу і ў балотах;
Job Bela 40:17  зацішныя дрэвы пакрываюць яго сваім ценем; вербы каля ручаёў абступаюць яго;
Job Bela 40:18  вось, ён п’е з рукі і не сьпяшаецца; застаецца спакойны, хоць бы Ярдан памкнуўся да вуснаў ягоных.
Job Bela 40:19  Ці возьме хто яго ў вачах ягоных і ці праколе яму нос бусаком?
Job Bela 40:20  Ці можаш ты вудаю выцягнуць левіятана і вяроўкаю схапіць за язык ягоны?
Job Bela 40:21  ці ўкладзеш колца ў ноздры яго? ці праколеш іголкаю сківіцу ягоную?
Job Bela 40:22  ці будзе ён доўга ўпрошваць цябе і ці будзе гаварыць з табою коратка?
Job Bela 40:23  ці зробіць ён дагавор з табою, і ці возьмеш яго сабе назаўсёды ў рабы?
Job Bela 40:24  ці будзеш бавіцца ім, як птушкаю, і ці зьвяжаш яго як дзяўчатак тваіх?
Job Bela 40:25  ці будуць прадаваць яго таварышы па лоўлі, ці падзеляць яго паміж Хананэйскімі купцамі?
Job Bela 40:26  ці можаш прапароць скуру яго дзідаю і галаву ягоную рыбацкаю астрогаю?
Job Bela 40:27  Кладзі на яго руку тваю і памятай пра барацьбу; больш ня будзеш.
Chapter 41
Job Bela 41:1  Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага?
Job Bela 41:2  Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам?
Job Bela 41:3  Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё.
Job Bela 41:4  Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх.
Job Bela 41:5  Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?
Job Bela 41:6  Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных — жудасьць;
Job Bela 41:7  моцныя шчыты яго — цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю;
Job Bela 41:8  адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі;
Job Bela 41:9  адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца.
Job Bela 41:10  Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары;
Job Bela 41:11  з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры;
Job Bela 41:12  з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла.
Job Bela 41:13  Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя.
Job Bela 41:14  На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах.
Job Bela 41:15  Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца.
Job Bela 41:16  Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон.
Job Bela 41:17  Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху.
Job Bela 41:18  Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні кап’ё, ні дзіда, ні латы.
Job Bela 41:19  Жалеза ён мае за салому, медзь — за гнілое дрэва.
Job Bela 41:20  Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі.
Job Bela 41:21  Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца.
Job Bela 41:22  Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі.
Job Bela 41:23  Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь;
Job Bela 41:24  пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай.
Job Bela 41:25  Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным;
Job Bela 41:26  на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.
Chapter 42
Job Bela 42:1  Адказваў Ёў Госпаду і сказаў:
Job Bela 42:2  ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.
Job Bela 42:3  Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? — Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў.
Job Bela 42:4  Выслухай, усклікаў я , і я буду гаварыць, і пра што буду пытацца ў Цябе, растлумач мне.
Job Bela 42:5  Я чуў пра Цябе слыхам вуха; а цяпер мае вочы бачаць Цябе;
Job Bela 42:6  таму я выракаюся і каюся ў пыле і ў попеле.
Job Bela 42:7  І было пасьля таго, як Гасподзь сказаў словы тыя Ёву, сказаў Гасподзь Эліфазу Тэманіцяніну: гарыць гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх за тое, што вы гаварылі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.
Job Bela 42:8  Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру; і раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў.
Job Bela 42:9  І пайшлі Эліфаз Тэманіцянін і Вілдад Саўхэянін і Сатар Нааміцянін, і зрабілі так, як Гасподзь загадаў ім, — і Гасподзь прыняў аблічча Ёва.
Job Bela 42:10  І вярнуў Гасподзь страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх; і даў Гасподзь Ёву ўдвая больш за тое, што ён меў раней.
Job Bela 42:11  Тады прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя і ўсе сёстры ягоныя і ўсе ранейшыя знаёмыя ягоныя, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і смуткавалі зь ім, і суцяшалі яго за ўсё ліха, якое Гасподзь навёў на яго і далі яму кожны па кесіце і па залатым пярсьцёнку.
Job Bela 42:12  І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц.
Job Bela 42:13  І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.
Job Bela 42:14  І даў ён першай імя Эміма, імя другой — Касія, а імя трэцяй — Керэнгапух.
Job Bela 42:15  І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі.
Job Bela 42:16  Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацвёртага роду.
Job Bela 42:17  І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі.